Былы «мэр» Магілёва, карупцыянер і прафсаюзны дзеяч Уладзімір Цумараў быў пазбаўлены перадпенсійнай сінекуры.
У Магілёве выбралі новага кіраўніка абласнога аб’яднання прафсаюзаў, лаяльнага да ўлады. Старога, Уладзіміра Цумарава, пасля пераліку заслуг у прафсаюзнай справе праводзілі – магчыма, на пенсію, а магчыма, на іншую «ветэранскую» пасаду.
Цумараў – яркая фігура для Магілёва.
За сваю працяглую чыноўніцкую кар’еру ён паспеў папрацаваць намеснікам кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, кіраўніком горада – і, нават, адсядзець чатыры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
18 мая 1999 года Уладзімір Цумараў быў затрыманы аператыўнай групай УКДБ на працоўным месцы па падазрэнні ў атрыманні хабару ад аднаго з прадпрымальнікаў.
Падчас агляду яго кабінета сярод дакументаў былі знойдзены раней памечаныя стодоларавыя купюры.
Патлумачыць, адкуль яны ўзяліся, Уладзімір Цумараў не змог. У райвыканкаме ён курыраваў выдачу ліцэнзій на гандаль.
У выніку следства было ўстаноўлена, што Цумараў на працягу доўгага часу атрымліваў хабары. Найбуйнейшы, які ўдалося даказаць у судзе, склаў 3400 долараў. Найменшым хабарам быў прас за 15 долараў.
Адразу пасля турмы галоўны спецыяліст Беларусі па кадрах 24 снежня 2003 года даў згоду на прызначэнне Цумарава кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, а 12 красавіка 2013 года зрабіў яго кіраўніком усяго горада.
Можна, канешне, казаць, што ўрок пайшоў на карысць і што Цумараў апраўдаў давер. Але…
Калі ў Лукашэнкі, з улікам асаблівасцяў яго характару, памяць на карупцыйныя злачынствы кароткая, то народ сваіх герояў памятае. З мянушкай «Прас», якую яму далі ўдзячныя магілёўцы, Цумараў так і падымаўся па кар’ернай лесвіцы.
Фота: “Магілёскія ведамасці”.