мілітарызм

Клімавічы: мілітарызм замест аграрнай адукацыі

Аграрныя СНУ Клімавічаў і Суража выхоўваюць не столькі земляробаў, колькі мілітарыстаў.

У межах так званага творчага абмену сустрэліся навучэнцы Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа і Суражскага прамыслова-аграрнага тэхнікума.

Праўда, абменьваліся яны не ведамі і не навуковым досведам, а выключна патрыятызмам.

Паводле слоў арганізатараў клуба “За Радзіму”, “вырашана дадаць практыкі ў працэс навучання” і “паспяхова рыхтаваць не толькі запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў, але і сапраўдных патрыётаў”.

Мяркуючы па тым, што кадраў на беларускіх сельгаспрадпрыемствах катастрафічна не хапае, а патрыётаў – хоць адбаўляй, атрымліваецца, што апошніх вырошчваюць значна лацвей, чым вучыць кампетэнтных аграрыяў.

Незразумела, як такі “творчы абмен” спалучаецца з нядаўнімі словамі Лукашэнкі пра тое, што “лепш працаваць на зямлі, чым ваяваць”.

Падаецца, што ідэя стварэння ваенна-патрыятычнага клуба належыць расіянам. Бо ў суседняй краіне даўно забыліся, як араць.

Фота раённай газеты.