кенга

Кенгуру, эму, канадскі воўк – у Магілёўскім заасадзе з’явіліся новыя жывёлы

Новых экзатычных звяроў завезлі ў Магілёўскі заасад з Расіі на пачатку снежня, але паглядзець іх пакуль нельга.

Новыя жывёліны – карова шатландскай пароды хайленд, два эму, самец кенгуру Бенета і канадскі воўк, паведамляе тэлеграм-канал ZatestilMogilev. Наведвальнікі заасада яшчэ не могуць пабачыць гэтых звяроў на ўласныя вочы, бо ўсё яны дзіцяняты – узростам да аднаго года і пакуль знаходзяцца на каранціне.

Як піша “СБ”, карова, эму і кенгуру прыехалі з расійскага Ніжняга Ноўгарада, а воўк – з Пензы. Гэта ўжо не першае папаўненне з Ніжагародскага заапарка: толькі сёлета адтуль прыехала бенгальская тыгрыца. З Мінскага заапарка на ПМЖ у Магілёў нядаўна перабраліся сеткаватыя пітоны – цяпер яны дасягаюць усяго толькі 2,5 метра ў даўжыню, а вырастуць да васьмі. 

“У наступным годзе плануем прывезці малпачак – пачнем з маленькіх парод, такіх як ігрункі і чырвонарукія тамарыны. А калі атрымаем дастатковы вопыт у сыходзе за імі, будзем пашырацца” – кажа загадчык вучэбнай лабараторыі “Заасад” Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага Іван Ніжнікаў.

Зараз у Магілёўскім заасадзе больш за 50 відаў жывёл, а гэта звыш 400 галоў. З іх самыя шматлікія – плямістыя алені і зубры. Апошніх налічваецца 40 асобін.

Фотаздымак з адкрытых крыніц