У Клімавічах разглядаюць кандыдатуру на прысваенне звання «Ганаровы грамадзянін Клімавіцкага раёна». Кандыдат – толькі адзін.
У камісію па разглядзе кандыдатур на званне «Ганаровы грамадзянін Клімавіцкага раёна» клімавіцкага райвыканкама паступіла ўсяго адна заява – ад ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў».
Прадпрыемства не мудравала і прапанавала прысвоіць званне старшыні мясцовага савета прызначаных «дэпутатаў» – Васілю Захаранку.
Пералічаны шматлікія заслугі кандыдата, якому, як аказалася, на дадзены момант няма роўных.
Сістэма прызначэння ганаровых грамадзян у Беларусі працуе па безальтэрнатыўным прынцыпе, і званні ў асноўным прысвойваюцца чыноўнікам, радзей – медыкам.
Пра тое, каб прызнаць заслугі перад раёнам даярак або механізатараў, гаворка нават не ідзе – павагу яны заслугоўваюць толькі на словах.
У выпадку з Васілём Захаранкам можна толькі абмеркаваць яго кандыдатуру, даслаўшы свой водгук на электронную пошту. Як кажуць, напісаць ліст дробным почыркам.