Ферма слімакоў у Горацкім раёне

У вёсцы Шавароўка Горацкага раёна з’явілася слімаковая ферма

Слімаковая гаспадарка ўвайшла ў новы маршрут гастранамічнага і экалагічнага турызму Горацкага раёна.

Унікальным бізнесам занялася жыхарка горада Горкі. Яна была беспрацоўнай, падчас падарожжа па Беларусі наведала слімакавую ферму і вырашыла займацца вырошчваннем слімакоў сама.

Спачатку спрабавала рабіць гэта ў кватэры і выкарыстоўвала ванну, аднак ферму хутка перанеслі ў вёску Шавароўка – слімакам быў патрэбны і прастор, і асаблівы догляд.

Цяпер на вясковым участку абсталяваны сартавальныя і прамывальныя сталы, поле для выпасу і іншыя, даволі дарагія прыстасаванні для вырошчвання слімакоў.

Аб’ёмы продажу дэлікатэсу пакуль невялікія. Беларусам яшчэ трэба зразумець, што гэта за прадукт і якую ён мае карысць. Напрыклад, уладальніцы фермы трэба пераканаць пакупнікоў, што мяса слімакоў лёгка засвойваецца.

Аднак пачатак ужо ёсць. Як распавяла прадпрымальніца, у многіх тэлефонах яна ўжо запісаная як «Наталля слімак».

Цікавы факт: у райвыканкаме, дзе Наталля атрымала субсідыю ў 4 тысячы рублёў, ёй паведамілі, што слімак у Беларусі лічыцца сельскагаспадарчай жывёлай нароўні з каровамі і курамі.

Фота: «СБ».