Чыноўнікі Шклоўшчыны сур’ёзна ўзяліся за дарогі. У вобласці многае плануюць выканаць і нават перавыканаць.
Сёлета ў Шклоўскім раёне абноўлена 40 тысяч квадратных метраў дарожнага пакрыцця. Трыццаць працэнтаў з іх адрамантаваныя ў “гравійным выкананні”.
У планах мясцовых уладаў – удвая павялічыць гэты аб’ём у наступным годзе.
Намеснік старшыні райвыканкама Максім Лісоўскі сцвярджае, што:
- рамонт не праводзіцца па традыцыйнай для беларускіх дарожнікаў тэхналогіі «асфальт у лужу»;
- у наступным годзе ў раёне адрамантуюць у два разы больш дарог.
Дарэчы, выраз «павялічыць у разы» ўсё часцей гучыць ад магілёўскіх чыноўнікаў.
На нарадзе ў Мсціславе, якую праводзіў кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрый Круты, заявілі пра планы на трэць павялічыць надоі і заваліць Магілёўшчыну мясам. Што праўда, не заўтра, а да 2030 года.
У казкі пра добрыя дарогі і велізарныя надоі вельмі хочацца верыць. Шкада толькі, што планы чыноўнікаў Магілёўскай вобласці найчасцей не спраўджваюцца – і тады пачынаюцца апраўданні ў стылі «гранаты не той сістэмы».