Культура

Дзень у гісторыі. 22 лістапада. Перапахаванне Каліноўскага і першы Майдан

1605 год. Адбылося заручэнне прыгажуні Марыны Мнішак і Лжэдзмітрыя I. 

Марына – дачка шляхетнага ваяводы Юрыя Мнішака, які ў 1611 годзе ўрачыста прадставіў польскаму каралю Жыгімонту III Вазе палоннага рускага цара Васіля Шуйскага. 

Быць жонкай невядомага і брыдкага былога халопа прыгажуня Марына пагадзілася з-за жадання стаць рускай царыцай.

Пры замовінах дзяўчыне былі абяцаны, акрамя грошай, гарады Ноўгарад і Пскоў, магчымасць выйсці замуж за іншага ў выпадку няўдачы Ілжэдзмітрыя. 

Вяселле з шлюбам і абвяшчэннем Марыны царыцай адбыліся ў маскоўскім Крамлі 18 траўня 1606 года. Марына Мнішак была каранавана як руская царыца – адзіная жанчына, каранаваная ў Расіі да Кацярыны I. 

А 27 траўня Лжэдзмітрый быў зрынуты. Роўна тыдзень панавала ў Маскве новая царыца. Выпадкова ацалела падчас выступлення супраць Лжэдзмітрыя. Пазней яна стала жонкай Лжэдзмітрыя ІІ, што паходзіў, па розных звестках, з Магілёва альбо Шклова.


1797 год. Француз Андрэ Жак Гарнерэн здзейсніў першы ў свеце ўдалы скачок з парашутам.

Ён скокнуў з вышыні 1000 м (па іншых дадзеных – 680 м) з паветранага шара над паркам Мансо непадалёк ад Парыжа.


1944 год. Памёр Кузьма Чорны (Мікалай Раманоўскі).

Беларускі пісьменнік. 

Аўтар шэрагу кніг апавяданняў, п’ес, раманаў, гумарыстычных твораў. 

У творах імкнуўся стварыць «тыпы, якія носяць беларускія імёны» і «павінны стаць абагульненымі вобразамі, зразумелымі ўсім нацыянальнасцям». 

Перакладчык асобных твораў А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага і інш. Пэўныя яго творы інсцэнізаваны і экранізаваны, у т.л. фільм «Ноч пры дарозе» (1992). У 1938-1939 гг. знаходзіўся ў турме НКУС.

1960 год. Выпушчана першая партыя аўтамабіляў ЗАЗ-965 “Запарожац” з канвеера Запарожскага завода “Камунар”.

Адным з узораў для “народнага аўтамабіля” паслужыў бюджэтны італьянскі “FIAT 600”. “Гарбаты” атрымаўся ў цэлым трывалым і эканамічным, валодаў добрай праходнасцю, невялікім па масе. 

Гандляваўся першы “Запарожац” за 1200 рублёў, і першая партыя машын у імгненне разышлася. У замежжа аўтамабіль прадававаўся пад брэндам “Yalta”. На гэтай жа базе завод стаў выпускаць і “інвалідкі” са змененымі механізмамі кіравання.

19 верасня 2008 года Запарожскі аўтазавод завяршыў выпуск аўтамабіля ЗАЗ-1103 “Славута” – апошняга нашчадка “гарбатага” ЗАЗ-965 з прычыны экалалагічных патрабаванняў Еўрасаюза.


1963 год. У Даласе падчас паездкі па краіне забіты прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі (1917-1963).

35-ы прэзідэнт ЗША (1961-1963), першы прэзідэнт ЗША-каталік, першы прэзідэнт, які нарадзіўся ў XX стагоддзі, самы малады прэзідэнт краіны. 

Пад час яго прэзідэнтства адбыліся шматлікія падзеі, сярод якіх: Карыбскі крызіс,  дагавор аб забароне ядзерных выпрабаванняў, пачатак касмічнай гонкі, будаўніцтва Берлінскай сцяны, рух за грамадзянскія правы, эканамічныя рэформы.

У забойстве падазраваўся 24-гадовы Лі Харві Освальд (1939-1963), былы марскі пяхотнік, які меў кантакты як з правымі, так і з левымі групоўкамі. 

Афіцыйная версія злачынства, нібыта здзейсненага Лі Харві Освальдам, забітым праз два дні, у цяперашні час прызнана сумнеўнай.

Лі Харві Освальд жыў у 1959-1962 гадах у Мінску, працаваў на радыётэхнічным заводзе «Гарызонт». Яго куратарам з’яўляўся С.С. Шушкевіч.


1988 год. У ЗША упершыню прадэманстраваны стратэгічны бамбавік B-2 “Стэлс” амаль нябачны для радараў.

Пабудаваны кампаніяй Northrop. Шматмэтавы бамбавік, здольны несці ядзерную і звычайную зброю. Зніжэнне яго радыёлакацыйнай прыкметнасці дасягаецца звышплаўным спалучэннем канструктыўных вузлоў пры мінімуме выступаючых элементаў.

Размах крыла – 52,4 м, даўжыня – 21, вышыня – 5,2, максімальная ўзлётная маса – 171 тона. Адлегласць палёту з дазапраўкай – 18 500 км.


1989 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Альгерд Малішэўскі.

Беларускі мастак -жывапісец, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Пісаў карціны ва ўсіх жанрах станковага жывапісу. 

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, настаўнік шматлікіх сучасных мастакоў. 

Бацька мастака Сяргея Малішэўскага.


2004 год. Пачалася “Аранжавая”, “Помаранчева» рэвалюцыя ва Украіне пад лозунгам “Разам нас багата, Нас не пераадолець!”.

Кампанія агульнанацыяльных пратэстаў, мітынгаў, пікетаў, страйкаў і іншых акцый грамадзянскага непадпарадкавання, арганізаваная і праведзеная прыхільнікамі Віктара Юшчанкі, асноўнага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе-снежні 2004 года, пасля абвяшчэння Цэнтральнай выбарчай камісіяй папярэдніх вынікаў, згодна якіх перамог яго супернік — Віктар Януковіч.

Юшчанку падтрымлівалі выбаршчкі заходніх і цэнтральных рэгіёнаў, Януковіча – усход і поўдзень Украіны.

У выніку рэвалюцыі было прызначэнне судом паўтора другога туру прэзідэнцкіх выбараў, праведзена Канстытуцыйная рэформа, якая зменшыла паўнамоцтвы прэзідэнта, знізіла ўзровень значнасці спрэчных прэзідэнцкіх выбараў.

Перамогу атрымаў Віктар Юшчанка.


2019 год. У Вільні адбылося перапахаванне ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў.

Рэшткі 21 паўстанца знайшлі падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні. Сярод ідэнтыфікаваных 20-ці – лідары Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі. 

Дзяржаўную камісію ў справе перапахавання ўзначаліў прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс. Афіцыйны беларускі бок асаблівай зацікаўленасці не праявіў. Беларуская грамадскасць дамаглася таго, каб на кожным надмагіллі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.

Цырымонія развітання праходзіла ў Кафедральным саборы Св. Станіслава і Св. Уладзіслава. На плошчы перад саборам сабраліся сотні людзей, сярод якіх пераважалі беларусы, якія трымалі бела-чырвона-белыя сцягі, партрэты Каліноўскага.

На цырымоніі прысутнічалі прэзідэнты Літвы, Польшчы, былыя літоўскія кіраўнікі, прадстаўнікі Украіны, Латвіі. Афіцыйную дэлегацыю Беларусі прадстаўляў віцэ-прэм’ер І. Петрышэнка. Міністэрства абароны Беларусі ідэю далучыцца да ўрачыстасці праігнаравала. Прысутнічалі таксама кіраўнікі Рады БНР на чале са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай, вядомыя беларускія літаратары, мастакі, спявакі, грамадскія дзеячы, палітыкі С. Шушкевіч, А. Бяляцкі і іншыя.

Пасля імшы, ускладання кветак, прамоў, працэсія рушыла да могілак Росы. Вайскоўцы Літвы і Польшчы ў парадных мундзірах выстраіліся ў ганаровы эскорт. Наперадзе рушылі барабаншчыкі і святары. За імі – вышэйшыя асобы, потым – калона пад нацыянальнымі сімваламі сваіх краін.

Пасля пахавання паўстанцаў, прагрымеў памятны салют з усіх відаў зброі.


Апошнія навіны

Магілёўскія ліфты не “бачаць” малых дзяцей, прыходзіцца класці ў іх цэглу

Прадукцыя “Магілёўліфтмаша” можа не толькі перавозіць людзей з паверха на паверх, але і стымулюе развіццё…

22 лістапада, 2025

Адкрыліся чартарныя авіярэйсы Магілёў – Шарм-эль-Шэйх

З магілёўскага аэрапорта сёння выляцеў самалёт з турыстамі ў егіпетскі Шарм-эль-Шэйх. Як паведамляе тэлеграм-канал Minsk…

22 лістапада, 2025

У Бабруйску беларуска і італьянец узялі шлюб, не ведаючы мовы адзін аднаго

Незвычайнае вяселле адбылося 20 лістапада 2025 года ў Бабруйску. Там ажаніліся беларуска і італьянец, камунікуючы…

22 лістапада, 2025

Суддзя Магілёўскага аблсуда распавяла студэнтам аб карысці прымусовай працы

Аб абавязку працаваць прымусова распавяла на сустрэчы з навучэнцамі Сацыяльна-гуманітарнага каледжа суддзя Магілёўскага аблсуда Алена…

21 лістапада, 2025

Клімавіцкі брыгадзір аддзелаўся “хатняй хіміяй” за гібель пастуха

Дапушчаны да працы пастух загінуў пры пераходзе жывёлы праз раку. Ён не толькі не меў…

21 лістапада, 2025

Кіраўніка рыцарскага клуба “Барысфен” не выпусцілі пасля сутак

Павел Пастухоў (Станкевіч) не выйшаў на волю пасля заканчэння пятнаццаці сутак адміністрацыйнага арышту – паведамляюць…

21 лістапада, 2025