Культура

Дзень у гісторыі. 21 лістапада. У Магілёў перадалі Крыж Еўфрасінні Полацкай

Сусветны дзень прывітанняў (World Hello Day, з 1973 года). 

У 1973 годзе, у разгар халоднай вайны амерыканцы Браян і Майкл Маккорман з штата Небраска ў знак пратэсту супраць узмацнення міжнароднай напружанасці адправілі лісты з ветлівымі прывітаннямі ва ўсе канцы свету і папыталі адрасата проста павітаць каго-небудзь яшчэ.

Яны нікому не навязвалі сваіх ідэй барацьбы за мір ва ўсім свеце. Яны толькі прасілі адрасата павітаць яшчэ каго-небудзь, яшчэ ну хаця б чалавек з дзесяць.

Гэта ідэя была падтрымана ў больш як 180 краінах. З таго часу Сусветны дзень прывітанняў адзначаюць і грамадзяне ўсіх прафесій і ўзростаў, і буйныя палітычныя лідэры, і прамысловыя магнаты, і сусветна вядомыя асобы кіно і тэлебачання.

Сусветны дзень тэлебачання (World Television Day, з 1998 года).

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар даты правядзення першага Сусветнага тэлевізійнага форума 1996 года. 

Дзяржавам было прапанавана адзначаць гэты дзень, абменьваючыся тэлевізійнымі праграмамі, прысвечанымі такім праблемам, як мір, бяспека, эканамічнае і сацыяльнае развіццё і пашырэнне культурнага абмену.

У тэлебачання няма адзінага вынаходніка. Дзякуючы намаганням савецкіх навукоўцаў Б. Розінга, С. Катаева, А. Канстанцінава, П. Цімафеева, П. Шмакава, амерыканскіх У. Зварыкіна, Ф. Фарнсуорта, брытанскага А. Кэмпбэла-Суінтана і іншых тэлебачанне з’явілася на пачатку 1930-х гадоў.

У Еўропе масавае распаўсюджванне тэлевяшчанне атрымала толькі ў 1950-я, у астатнім свеце – на пачатку 1970-х гадоў.

Сёння ў свеце не засталося дзяржаў, якія не ахоплены тэлевяшчаннем. Да найбольш буйных тэлекампаній свету адносяцца: CBC, NBC, ABC – у ЗША; BBC, ATV – у Вялікабрытаніі; Раі – у Італіі; NHK – у Японіі і іншыя.

У 1933 годзе быў  створаны Камітэт па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры СНК БССР. У Беларусі тэлевяшчанне з Масквы пачалося ў 1939 годзе. 1 студзеня 1956 года на Беларусь пачаліся рэтрансляцыі праграм маскоўскага Цэнтральнага тэлебачання, з’явілася “Беларускае тэлебачанне”. У верасні 1991 года Дзяржтэлерадыё БССР было перайменавана ў Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

1368 год. Адбылася Тросненская бітва. Найбольш буйная перамога ВКЛ над Вялікім княствам Маскоўскім у XIV стагоддзі.

Цяжкаўзброеная літоўская конніца на чале з вялікім князем Альгердам на рацэ Тросне ўшчэнт разграміла лёгкую, дрэнна ўзброеную і тактычна недасведчаную маскоўскую, абодва ваяводы – Дзмітрый Мінін і Акінф Шуба – і амаль усе ратнікі былі забіты ці ўтапіліся ў рацэ. 

“Первая Литовщина” маскоўскіх летапісаў была распачата Альгердам у падтрымку саюзнага ВКЛ Вялікага княства Цвярскога. 

Раптоўнае з’яўленне Альгерда “в силе тяжце”, забяспечанае поўнай сакрэтнасцю руху войска, заспела вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя і яго саюзнікаў знянацку.  

Перамога адкрыла Альгерду шлях на Маскву, трохдзённая аблога якой была, аднак, безпаспяховай. За год да гэтага быў пабудаваны мураваны Маскоўскі крэмль. 

Альгерд хадзіў на Маскву яшчэ двойчы – у 1370 і 1372 гадах.

На фота: Помнік Альгерду ў Віцебску, planetabelarus.by

 

1783 год. Адбыўся першы ў гісторыі палёт чалавека на паветраным шары.

Французы Пілатр дэ Розье і маркіз д’Арланд здзейснілі палёт на паветраным шары братоў Мангольф’е (сферы, якія напаўняюцца цёплым паветрам, сталі называцца  мангальф’ерамі). 

Напоўнены гарачым паветрам шар вышынёй 22,7 м і дыяметрам 15 м падняўся з саду замка дэ ла Мюэт у заходнім прыгарадзе Парыжа. Паветраплавальнікі дасягнулі вышыні 915 м і за 25 хвілін пакрылі адлегласць 9 міль, а затым шчасліва прызямліліся ў полі каля дарогі на Фантэнбло.

Да гэтага, 27 жніўня 1783 года, француз Жак Шарль напоўніў сферу вадародам (такія шары сталі называцца шарльерамі) і запусціў яе з Марсава поля ў Парыжы, але яна была без пасажыраў.  

19 верасня 1783 года браты Мангальф’е ў Версалі адправілі ў палёт першых жывых істот: барана, пеўня і качку. Палёт заняў каля 8 хвілін, шар праляцеў 3 км. На вышыні 500 м сфера прарвалася, аднак спусцілася на зямлю настолькі плаўна, што ні адна жывёліна не пацярпела. Гэта натхніла на запуск у палёт людзей.


1790 год. Памёр Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”.

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай.

Ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі. “Пане Каханку” яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і караля.

Генеральны маршалак Радамскай і Барскай канфедэрацый. Праціўнік гарантыйнага трактату (1768), паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам.

Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, быў вымушаны з’ехаць у Прусію. Да 1777 года знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.

Найзаможны магнат Рэчы Паспалітай і Еўропы ІІ паловы XVIII стагоддзя. Яму належала 16 гарадоў і 683 вёскі. Здабыў сабе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў, з іншага боку, вядомы дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.

Доўгі час па смерці хадзілі анекдоты аб дзіўных выпадках з ягонага жыцця. Караль Радзівіл – герой паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», твораў Г. Жэвускага, В. Поля, І. Ходзькі, Ю. Крашэўскага.


1869 год. Нарадзіўся Казімір Стаброўскі.

Беларускі жывапісец, педагог.

Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнічаў у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі.

Падарожнік па Малай Азіі (Бейрут, Палесціна, Канстанцінопаль), Еўропе, Расіі, Егіпту.

Заснавальнік і кіраўнік (1904-1909) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, аб’яднання мастакоў «Sursum Corda».

Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн, у тым ліку С. Дамброўскага, Ф. Радашэўскага, Л. Рытлінскай, В. Семяшковай і іншых.

59 яго прац захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.

Памёр 8 чэрвеня 1929 года.

1910 год. У Мінску асвечаны касцёл Святога Сымона і Святой Алены, Чырвоны касцёл.

Каталіцкі парафіяльны касцёл у неараманскім стылі пабудаваны ў1905-1910 гадах на сродкі грамадска-палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча (1847-1928) у памяць аб яго заўчасна памерлых дзецях – Сымоне і Алене Вайніловічах. 

Касцёл знаходзіцца на плошчы Незалежнасці і з’яўляецца адным з сімвалаў Мінска. Помнік культуры і гісторыі. Пры касцёле пахаваны сам фундатар Э. Вайніловіч.

Чырвоны касцёл стаў адным з эпіцэнтраў жорсткіх рэпрэсій з боку беларускіх уладаў у дачыненні да народа ў 2020 годзе. Увечары 26 жніўня 2020 года, у час адной з мірных акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў, на плошчы Незалежнасці пачаліся масавыя затрыманні. АМАП зачыніў усе дзверы ў Чырвоны касцёл, заблакаваўшы на 40 хвілін некалькі дзясяткаў людзей, якія там схаваліся. Дзеянні праваахоўных органаў выклікалі абурэнне ў грамадскасці. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заявіў рашучы пратэст на дзеянні АМАПу. Яго падтрымаў біскупскі вікарый Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. 27 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў да раследвання неадэкватных і супрацьпраўных дзеянняў, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога: 

“Гэтыя і падобныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць зняццю напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве ў той час, калі Каталіцкі Касцёл заклікае да прымірэння і дыялогу з мэтаю вырашэння нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту”. 

У той жа дзень вакол касцёла жанчыны са звязанымі рукамі ўтварылі ланцуг салідарнасці. Падтрымаць жанчын выйшаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.


1929 год. З У Магілёў быў афіцыйна перададзены Крыж Еўфрасінні Полацкай

Акт перадачы быў падпісаны паміж Беларускім дзяржмузеем горада Менска і Беларускім музеем у Магілёве (цяпер – Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава).

2019 год. Памёр трэнер і Ганаровы грамадзянін Бабруйска Пётр Яноўскі.

Трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Нарадзіўся ў вёсцы Свіслач Асіповіцкага раёна ў 1933 годзе. З 1967 года працаваў у Бабруйску. Сярод яго выхаванцаў — беларускія весляры Аляксандр і Андрэй Багдановічы, Аляксандр Жукоўскі, Максім Пятроў. Заслужаны трэнер БССР, Ганаровы грамадзянін горада Бабруйска.


Апошнія навіны

Магілёўскія ліфты не “бачаць” малых дзяцей, прыходзіцца класці ў іх цэглу

Прадукцыя “Магілёўліфтмаша” можа не толькі перавозіць людзей з паверха на паверх, але і стымулюе развіццё…

22 лістапада, 2025

Адкрыліся чартарныя авіярэйсы Магілёў – Шарм-эль-Шэйх

З магілёўскага аэрапорта сёння выляцеў самалёт з турыстамі ў егіпетскі Шарм-эль-Шэйх. Як паведамляе тэлеграм-канал Minsk…

22 лістапада, 2025

У Бабруйску беларуска і італьянец узялі шлюб, не ведаючы мовы адзін аднаго

Незвычайнае вяселле адбылося 20 лістапада 2025 года ў Бабруйску. Там ажаніліся беларуска і італьянец, камунікуючы…

22 лістапада, 2025

Дзень у гісторыі. 22 лістапада. Перапахаванне Каліноўскага і першы Майдан

1605 год. Адбылося заручэнне прыгажуні Марыны Мнішак і Лжэдзмітрыя I.  Марына – дачка шляхетнага ваяводы…

22 лістапада, 2025

Суддзя Магілёўскага аблсуда распавяла студэнтам аб карысці прымусовай працы

Аб абавязку працаваць прымусова распавяла на сустрэчы з навучэнцамі Сацыяльна-гуманітарнага каледжа суддзя Магілёўскага аблсуда Алена…

21 лістапада, 2025

Клімавіцкі брыгадзір аддзелаўся “хатняй хіміяй” за гібель пастуха

Дапушчаны да працы пастух загінуў пры пераходзе жывёлы праз раку. Ён не толькі не меў…

21 лістапада, 2025