Замкнёнае кола: што ў Магілёўскім гарвыканкаме прапанавалі маці з Быхава, чый сын на гемадыялізе

Сын жыхаркі Быхава – інвалід першай групы, тры гады ён рэгулярна праходзіць гемадыяліз у Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, а цяпер амаль не можа перасоўвацца самастойна.

Ездзіць да яго з Быхава маці больш не ў сілах і таму прыйшла на прыём да намесніцы старшыні Магілёўскага гарвыканкама Веры Багайчук (на фота) з адной просьбай – жыць побач з сынам.

Адказ Багайчук проагучаў у стылі «Што наша жыццё? Гульня!». Арэндную кватэру ў абласным цэнтры чыноўніца назвала «ў пэўнай ступені фартунай».

Фартуна ўладкаваная так. Асобнай чаргі для такіх сем’яў няма. На адну запатрабаваную кватэру ў Магілёве бывае да 35 заяў. Першымі жыллё атрымліваюць тыя, хто стаіць на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Жыхарка Быхава на магілёўскім уліку не стаіць. Калі ж сярод заяўнікаў не акажацца тых, хто стаіць на ўліку, кватэра дастаецца таму, хто першым прынёс дакументы. Парада маці зводзіцца да таго, каб рэгулярна правяраць раздзел на сайце гарвыканкама і паспець у «Адно акно» раней за іншых.

Другая парада – уладкавацца на працу ў Магілёве: тады наймальнік абавязаны паставіць работніка на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Багайчук дала адказ жанчыне, якая атрымлівае дапамогу па доглядзе за інвалідам першай групы – цяпер гэта 530 рублёў на месяц, – і просіць жыллё менавіта для таго, каб даглядаць сына, які амаль не ходзіць.

Астатнія варыянты закрытыя законам. У Дом суправаджальнага пражывання членаў сям’і не засяляюць: паводле слоў Багайчук, правілы зрабілі больш жорсткімі, калі ўстанова пачала ператварацца ў падабенства маласемейкі.

Сыну ён не падыходзіць і паводле медыцынскіх паказанняў, а калі змяніць яму функцыянальны клас, маці страціць дапамогу або яна прыкметна зменшыцца. Сацыяльны пансіянат, дзе гемадыяліз робяць на месцы, азначае жыць паасобку, і ад яго сям’я адмовілася.

Выплата дапамогі, пакуль сын у бальніцы, прыпыненая. Багайчук растлумачыла, што атрымаць яе за гэты перыяд можна па даведцы ўстаноўленай формы: у ёй павінна быць пазначана, што маці ўвесь час знаходзілася побач з сынам у стацыянары і даглядала яго.

Такое права з’явілася з 29 ліпеня 2026 года – дапамога захоўваецца на час лячэння, калі догляд працягваецца. Толькі ўмова ўпіраецца ў тое самае, з чаго пачаўся прыём: быць побач з сынам у магілёўскай бальніцы маці з Быхава не можа, таму і прыйшла.

У выніку кожнае выйсце ўпіраецца ў іншую ўмову. У Дом суправаджальнага пражывання нельга з маці, у пансіянат – толькі паасобку. Кватэра – латарэя, дзе наперад прапускаюць тых, хто стаіць на ўліку, а на ўлік ставяць па месцы працы.

Праца забірае час, які патрэбны на догляд сына, а дапамогу за дні ў бальніцы выплачваюць, толькі калі маці была побач з ім у Магілёве, – гэта значыць, калі ў яе ўжо ёсць тое, пра што яна прыйшла прасіць. Ні кватэры, ні месца ў сацыяльнай установе жанчыне на прыёме не прапанавалі. Усе адказы Веры Багайчук можна звесці да прыказкі – чакаць з мора пагоды.

А цяпер пра саму дарадчыцу.

Сацыяльнай сферай Магілёва Багайчук кіруе менш за год. Намесніцай старшыні гарвыканкама яе прызначылі 11 лістапада 2025 года, а да гэтага яна была намесніцай генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце булачна-кандытарскай кампаніі «Домочай».

Паводле адукацыі Багайчук – гісторык, акрамя таго, уваходзіць у вышэйшую палітраду «Белай Русі». Прадстаўляючы яе, мэр Сяргей Чарткоў згадаў «вопыт дзяржаўнай службы», але які менавіта, не ўдакладніў.

Працы ў сацыяльнай абароне ў яе адкрытай біяграфіі няма.

Вера Уладзіміраўна не адзіная Багайчук у кіраўніцтве горада. Адміністрацыю Ленінскага раёна Магілёва з 2019 па 2024 год года ўзначальваў Аляксей Сяргеевіч Багайчук, былы дарадца старшыні аблвыканкама.

Фота сайта Магілёўскага гарвыканкама.

Быхаўскі племзавод «Вараніно» жыве на дзяржпадтрымку і рэкламуе сябе з дапамогай нейрасеткі – трыццаць гадоў таму ўсё было інакш

Быхаўскае ААТ «Вараніно» выклала ў TikTok рэкламны плакат, які сама платформа пазначыла як кантэнт, створаны ШІ. На плакаце гаспадарка пералічвае, чым жыве: малако, мяса, зерне і рапс. Племянной жывёлы ў гэтым спісе няма, хоць трыццаць гадоў таму «Вараніно» было дзяржаўным племзаводам.

У 1993 годзе Мінсельгасхарч уключыў «Вараніно» у пералік рэспубліканскіх племянных заводаў, з якіх стваралася «Белплемживобъединение».

Слава ў гаспадаркі была савецкая: у раённым партрэце дырэктара Сяргея Бічукава згадвалі, што племсаўгас грымеў на ўвесь Саюз і ездзіў на ВДНГ за рэкордныя надоі, прывагі і намалоты.

Жывёлагадоўчы комплекс у Вараніно пабудавалі ў 1972 годзе – з даільнай залай і радзільным аддзяленнем. Што было далей, відаць з рэгістрацыйнай карткі. Паводле даных АДР, назва гаспадаркі мянялася тройчы:

  • з 1995 года – дзяржаўны племянны завод «Вараніно»;
  • з 1996 года – племянны завод «Вараніно», ужо без слова «дзяржаўны»;
  • з 2001 года – УКСП «Саўгас «Вараніно»;
  • з 2014 года – ААТ «Вараніно».

Слова «племянны» знікла з назвы ў 2001 годзе. У 2015-м гаспадарка змяніла і адрас: з вёскі Вараніно кантора пераехала на вуліцу Калгасную ў аграгарадку Смоліца, прыкладна за дванаццаць кіламетраў. Імя ў прадпрыемства засталося ранейшым.

Сёння «Вараніно» працуе ў плюс, але толькі на паперы.

Паводле гадавай справаздачы за 2025 год пры выручцы 5,6 мільёна рублёў чысты прыбытак склаў 51 тысячу. Але ў заўвазе да справаздачнасці галоўны бухгалтар указвае, што дзяржаўная падтрымка гаспадарцы склала 4,8 мільёна рублёў – амаль столькі ж, колькі яна атрымала ад продажу ўсёй сваёй прадукцыі.

Годам раней «Вараніно» прадавала малако, мяса і зерне сабе ў страту – мінус 124 тысячы рублёў, а выніковы прыбытак у 46 тысяч забяспечылі іншыя даходы ад інвестыцыйнай дзейнасці.

На канец 2025 года на рахунках гаспадаркі ляжала тры тысячы рублёў, пастаўшчыкам яна была вінная 5,6 мільёна. Усе сто працэнтаў акцый належаць дзяржаве.

Кіраўнікоў гаспадарка за гэтыя гады змяніла нямала.

Бічукаў прыйшоў увосень 2011 года і марыў адрадзіць славу комплексу ўзору 1972 года, Анатоль Тумакоў кіраваў «Вараніно» то як дырэктар, то як выканаўца абавязкаў.

У красавіку 2025 года гаспадарку аддалі Андрэю Нікіціну – эканамісту ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец», былога саўгаса Лукашэнкі ў Шклоўскім раёне. Цяпер на сайце райвыканкама дырэктарам «Вараніно» пазначаны ўжо Іван Барнік.

Кароў для рэкламы былому племзаводу намалявала нейрасетка. Утрымлівае іх, мяркуючы па справаздачнасці, дзяржава.

Шлях гаспадаркі сімвалічны і цалкам абвяргае сцвярджэнне Лукашэнкі пра тое, што ён атрымаў жабрацкую краіну і адрадзіў яе. З «Вараніно» ўсё было з дакладнасцю да наадварот.

Фота: скрыншот відэа ААТ «Вараніно» ў TikTok.

У Быхаве фотапасткі дапамаглі знайсці забруджвальнікаў наваколля

У Быхаве мясцовыя жыхары спадзяваліся вывезці смецце на землі сельгаспрызначэння незаўважаннымі. Аднак не атрымалася.

Смецце быхаўчане вывозілі на асабістым аўтамабіле і кінулі на сельгасземлях ААТ “Валадарскі”. Сярод выкінутага: раслінныя адходы, розныя прадметы, мяшкі. 

Спадзяючыся, што зрабілі ўсё незаўважна ад людскіх вачэй, парушальнікі прыродаахоўнага заканадаўства з’ехалі. Аднак не ўлічылі таго, што іх дзеянні былі зафіксаваны фотапаскай, размешчанай непадалёк. Дзякуючы відэазапісам удалося выявіць забруджвальнікаў. Цяпер яны заплацяць штраф.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўпрырода”

У Быхаўскім раёне ратавальнікі выцягнулі з вады мужчыну, які трымаўся за перакуленую лодку

На Чыгірынскім вадасховішчы каля вёскі Чачэвічы Быхаўскага раёна ратавальнікі МНС выцягнулі з вады мужчыну. Ён быў у выратавальнай камізэльцы і трымаўся за гумавую лодку прыкладна за 100 метраў ад берага, але не мог ні забрацца ў яе, ні даплысці да сушы самастойна. 

Мужчына катаўся на лодцы разам з трыма знаёмымі. Падчас дазапраўкі лодка перакулілася, і ўсе чацвёра апынуліся ў вадзе. Трое дабраліся да берага самастойна. Ратавальнікі даставілі пацярпелага на бераг на выратавальнай дошцы і перадалі медыкам. Мужчыну шпіталізавалі. 

Гэта другі такі выпадак каля Чачэвіч за тры месяцы. 22 ліпеня ратавальнікі на тым жа месцы выцягнулі з вады рыбака з Кіраўска: ён паслізнуўся, выпаў з гумовай вёсельнай лодкі і таксама трымаўся за яе ў выратавальнай камізэльцы прыкладна за 100 метраў ад берага.

Фота: Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС.

Быхаў пайменна, астатнія ананімна: як на Магілёўшчыне лічаць закінутыя дамы

Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці знайшоў у пяці раёнах больш за дзвесце закінутых дамоў, якіх няма ў рэестры пустуючых. Уладальнікаў ніхто не шукаў, зносіць або прадаваць гэтыя дамы не збіраліся, участкі зараслі хмызняком і дрэвамі. 

Якія гэта раёны, камітэт не паведаміў. 

Быхаву такая ананімнасць не прадугледжана. У ліпені раённая пракуратура абследавала адзін Ямніцкі сельсавет і налічыла 118 дамоў, якія адпавядалі крытэрыям пустуючых, але ў рэестр не трапілі. А ў 2025 годзе сам КДК, правяраючы Быхаўскі раён, знайшоў там больш за дзвесце пустуючых прыватных дамоў, з якімі не працавалі. Ды яшчэ 51 тысячу бюджэтных рублёў, заплачаных за знос, які да канца не давялі. 

У адным раёне тады знайшлі столькі ж, колькі цяпер у пяці. Іншыя раёны ў справаздачах кантралёраў застаюцца без назваў нават пры вялікіх сумах. 

У студзені КДК праверыў знос закінутых аб’ектаў сельгасарганізацый, і зноў у пяці безыменных раёнах. Там за знос 35 будынкаў з бюджэту заплацілі больш за 250 тысяч рублёў за работы, якіх не было. Заўважым, упяцёра больш за быхаўскія 51 тысячу. Прычына, хутчэй за ўсё, у словах Лукашэнкі. У жніўні 2024 года, узгадняючы Аляксандра Кісялёва старшынёй Быхаўскага райвыканкама, ён сказаў, што ў Быхаўскім раёне «непачаты край работы ўвогуле па навядзенні элементарнага парадку». 

З таго часу валіць усё на Быхаў бяспечна: любая праверка там пацвярджае сказанае дзедам. Назваць іншы раён – значыць прызнаць, што бардак не быхаўская асаблівасць, а агульная карціна вобласці. 

За два гады пасля слоў Лукашэнкі парадак у Быхаве так і вымяраюць закінутымі дамамі: больш за дзвесце на раён у 2025 годзе, 118 на адзін сельсавет у 2026-м. Ад астатніх раёнаў Быхаў адрозніваецца толькі тым, што яго дамы лічаць услых.

Фота БелТА.

Быхаў не збаўляе дарожную «інтэнсіўнасць»

Быхаўская раённая газета не збаўляе дарожную «інтэнсіўнасць». Шостага кастрычніка яна за дваццаць хвілін выпусціла дзве нататкі: пра асфальт на трасе Быхаў – Вараніно і пра тое, што інтэнсіўна абнаўляюцца сельскія дарогі раёна. Разам гэта каля чатырох з паловай кіламетраў на ўвесь раён, і гэты паток мы ўжо разбіралі.
Раніцай сёмага кастрычніка выйшла трэцяя нататка – пра капітальны рамонт вуліцы Савецкай у самім Быхаве, з падзагалоўкамі і «прамежкавымі вынікамі». Вынікі такія: рамонт ідзе з верасня 2025 года, першы ўчастак здалі, але святлафор каля «Еўраопта» на скрыжаванні з Касманаўтаў дагэтуль не працуе, на другім участку пакладзены толькі першы слой асфальту, а скончыць абяцаюць у трэцім квартале 2027 года.
Завяршаецца нататка не лічбамі, а зваротам: жыхарам раяць паставіцца да нязручнасцей з разуменнем і цвяроза ацаніць высокую якасць рамонту.
Дарогі ў Быхаве рамантуюць гадамі, а нататкі пра іх выходзяць па тры за два дні. Такімі тэмпамі «Маяк Прыдняпроўя» можна перайменаваць у «Дарожны веснік».
Па-сапраўднаму цалкам заасфальтаваная вуліца ў Быхаве – Смалячкова, і асфальт на ёй паклалі яшчэ да Лукашэнкі, пры старшыні райвыканкама Аляксандры Раманавічы Пазюмку. Пры Лукашэнку была ўжо толькі мышыная валтузня, якая працягваецца і па сённяшні дзень.

Фота bykhov.by.

Быхаўская «інтэнсіўнасць» вымяраецца колькасцю нататак за дзень

6 кастрычніка раённая газета Быхава за дваццаць хвілін выпусціла дзве навіны пра дарогі. Спачатку пра тое, што на трасе Быхаў – Вараніно пачалі класці асфальт на ўчастку 2,3 кіламетра. Следам – што на Быхаўшчыне інтэнсіўна абнаўляюцца дарогі ў сельскай мясцовасці: у Грудзінаўцы ўкладзена 2,2 кіламетра на дарозе Магілёў-Махава-Грудзінаўка-Гадылёва, а каля Прыбярэжжа робяць з’езд даўжынёй 110 метраў.
Сумарна гэта каля чатырох з паловай кіламетраў на раён плошчай больш за дзве тысячы квадратных кіламетраў са 183 вёскамі.
Прычым да раённай улады ні адзін з участкаў дачынення не мае: варанінскую дарогу рамантуе ДЭУ №76 РУП «Магілёўаўтадар» за грошы рэспубліканскага бюджэту, грудзінаўскую – ДРБУ №196 КУП «Магілёўаблдарбуд».
Планавую работу дзвюх розных дзяржаўных дарожных арганізацый раёнка склала ў адну хвалю інтэнсіўнасці.
Сам Быхаў у яе не трапіў. Як тут рамантуюць вуліцы, улетку паказаў з’едлівы сюжэт СТБ. На вуліцы Палявой асфальту не было ніколі, паўкіламетра паклалі ў красавіку – пасля таго як жыхары больш за дзесяць гадоў перапісваліся са службамі, а потым патэлефанавалі на гарачую лінію КДК.
Тады закаталі за два дні. З шасці вуліц квартала асфальт ёсць толькі на Палявой, суседняй Будаўнікоў дасталася асфальтавая крошка, а ямачны рамонт на Мінскай жыхары высмеялі ў сацсетках: асфальт паклалі проста ў ямы з пяском.
На рамонт вуліц у 2026 годзе, паводле слоў начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Ігара Марозава, выдзелілі 4,4 мільёна рублёў і адрамантавалі 80 тысяч квадратных метраў. Каля 55 тысяч з іх прыйшлося на два аграгарадкі – Следзюкі і Лудчыцы.
У Лудчыцах, дзе жыве амаль паўтысячы чалавек, закаталі ўсе пяць вуліц. У Быхаве, дзе жыхароў больш за шаснаццаць тысяч, – Сацыялістычную, Чырвонаармейскую і частку Касманаўтаў.
Абедзве ўкладкі на трасах пачатыя ў кастрычніку, у самым канцы дарожнага сезона. Інтэнсіўнасць у Быхаве, відаць, вымяраецца не кіламетрамі, а колькасцю нататак за дзень.

Фота СТБ.

Быхаўскі рэстаран «Днепр» трапіў у «топ» з чужой тысячай абедаў

Быхаўскі рэстаран «Днепр» увайшоў у топ рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю харчавання механізатараў – так навіну падалі абласныя прафсаюзы, а «Магілёўскія ведамасці» пераказалі яе па-свойму. Насамрэч першае месца ў Беларусі дасталося не яму.
Вынікі конкурсу падвёў прэзідыум Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва. Пераможцам стала закусачная «Піца Венецыя» Слонімскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.
У яе штаце сем чалавек, з іх чацвёра кухараў, і з сакавіка па жнівень яны штодня гатавалі гарачыя абеды для 1,3 тысячы ўдзельнікаў уборачнай. Больш за тысячу механізатараў елі двойчы на дзень, 629 механізатарам ежу вазілі ў тэрмасах проста на палявыя станы, а сярэдні абед абыходзіўся ў 12 рублёў.
Акрамя пераможцы, прэзідыум абвясціў падзякі яшчэ пяці калектывам:

  • кафэ «Ясельда» Пінскай міжраённай гандлёвай базы ў Лагішыне;
  • кафэ хуткага абслугоўвання Бешанковіцкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства ў Лёзне;
  • сталовай № 13 Светлагорскага філіяла Гомельскага аблспажыўтаварыства ў Рэчыцы;
  • рэстарану «Днепр» у Быхаве;
  • цэнтральнай сталовай Капыльскага райспажыўтаварыства.

Падзяка прэзідыума – гэта заахвочванне, а не прызавое месца, і дзеліць яе «Днепр» з чатырма іншымі ўстановамі.
У версіі «Магілёўскіх ведамасцяў» слонімскі пераможца знік, а словы старшыні галіновага прафсаюза Аксаны Канстанцінавіч пра тое, як цяжка кожны дзень карміць больш за тысячу чалавек, засталіся.
У інтэрпрэтацыі «МВ» яны чытаюцца як аповед пра Быхаў. У прафсаюзным жа паведамленні гэтая фраза стаіць адразу пасля лічбаў па Слоніме, а пра сам «Днепр» там сказана толькі адным радком у спісе.
Рэстаран «Днепр» лічыцца за Быхаўскім адасобленым структурным падраздзяленнем Магілёўскага раённага спажывецкага таварыства.
Для рэстарана гэтыя абеды – не падпрацоўка, а адзіны спосаб утрымацца на плаве. Самога Быхаўскага райспажыўтаварыства даўно няма: 1 сакавіка 2019 года яно спыніла дзейнасць у выніку рэарганізацыі і стала філіялам магілёўскага.
Большая частка яго аб’ектаў з таго часу распрададзена, здадзена ў арэнду або ўвогуле закрыта. Рэстаран застаўся апошнім фарпостам быхаўскага грамадскага харчавання, і кормяць яго цяпер механізатары. Вось і ўвесь «топ».

Фота з адкрытых крыніц.

«Бабушкіна крынка» пазнаёміла быхаўскіх прадаўцоў з быхаўскім малаком

У Быхаве працуе філіял «Быхаўскі» ААТ «Бабушкіна крынка», і яго прадукцыя і так кожны дзень стаіць на паліцах раённых крам.
Тым не менш у раённым цэнтры культуры прадстаўнікі холдынга правялі сустрэчу з работнікамі гандлю і прадпрымальнікамі раёна: абмеркавалі графікі дастаўкі, аб’ёмы заказаў і тэрміны прыдатнасці, а потым зладзілі дэгустацыю ёгуртаў, сыроў і масла. Раённая газета падала гэта як магчымасць бліжэй пазнаёміцца з прадукцыяй мясцовага прадпрыемства.
Навошта знаёміць тых, хто і так даўно знаёмы, патлумачылі месяцам раней у Бабруйску. Там з малочнікамі сустракаліся кіраўнікі гандлёвых сетак разам з начальніцай упраўлення гандлю і паслуг гарвыканкама Аленай Семянчук .
Галоўным пытаннем быў мэтавы паказчык – удзельная вага беларускіх тавараў у рознічным тавараабароце. Крамам ненадакучліва нагадалі пра абавязковы асартымент, прыярытэтную выкладку айчыннага і не менш за палову паліц у прыкасавай зоне пад беларускую прадукцыю.
Семянчук  запатрабавала не дапусціць зніжэння долі продажаў тавараў, вырабленых у Магілёўскай вобласці.
Там жа назвалі і спосаб: дэгустацыі, распродажы, зніжкі вытворцы і зніжэнне гандлёвай надбаўкі самімі крамамі. Частка цаны прасоўвання малочнай прадукцыі кладзецца на прадаўца.
Быхаўскім прадаўцам быхаўскае малако прадстаўляць не трэба. Вочы ад захаплення яны будуць акругляць толькі на камеру.  

Фота «Маяк Прыдняпроўя».

Захаваць адзінай, разабраўшы на часткі: дзіўны малюнак сустракае наведвальнікаў сайта Быхаўскага райвыканкама

Галоўная старонка сайта Быхаўскага райвыканкама  адкрываецца шапкай, дзе побач з гербамі краіны і горада круціцца карусель малюнкаў. Адзін з іх – дзіцячы малюнак з лозунгам «Разам зберажом нашу Беларусь адзінай!». 

Пад лозунгам Беларусь намалявана разрэзанай на шэсць абласцей. Кавалкі ляжаць паасобку, і кожны трымае асобная рука, працягнутая з краю аркуша. 

Задуманы, відавочна, пазл, які складаюць разам. Але малюнак – рэч статычная. Незразумела, ці то рукі зрушваюць вобласці да цэнтра, ці то краіну расцягваюць па частках. 

Па абласцях раскладзена і абрэвіятура БРСМ. «БР» дасталася Мінскай вобласці, «СМ» – Магілёўскай. Гродзенскай і Брэсцкай – па кавалку дрэўка. Поўнач і цэнтр краіны размаляваныя ў чырвона-зялёны, пад дзяржаўны сцяг, а поўдзень – Брэсцкая і Гомельская вобласці – пераважна ў сіне-зялёны, так што і па колеры Беларусь на малюнку атрымалася неаднароднай. Да дзіцяці, якое гэта малявала, пытанняў няма. Пытанне да дарослых ідэолагаў Быхава, якія выбіралі не самы ўдалы малюнак ці то ў патрыятычным, ці то ў п’яным угары.

Фота скрыншот ведамаснага сайта Быхаўскага райвыканкама.