Выдваранага з Беларусі палітзняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага везлі з калоніі ў Горках праз усю краіну з завязанымі вачыма.
Некалькі палітвязняў былі вывезены ў Літву з Беларусі ўвечары 13 снежня 2025 года. Сярод іх быў праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі. Пасля 1613 дзён ён выглядаў схуднелы і стомлены, але няскораны, і сустрэўся ў Вільні з беларускай грамадой і журналістамі.
Праваабаронца, які адбываў 10-гадовы тэрмін пакарання ў калоніі №9 у Горках, распавёў, што пра сваё вызваленне даведаўся літаральна ў ноч перад вывазам: а чацвёртай гадзіне раніцы яго разбудзіў дзяжурны па атрадзе і загадаў тэрмінова сабраць рэчы. Пашпарт, паводле словаў праваабаронцы, яму аддалі толькі пасля праходжання беларуска-літоўскай мяжы.
“Пасля таго, як у чэрвені быў вызвалены Сяргей Ціханоўскі, а ў верасні 51 палітзняволены, то было зразумела, што гэты працэс пайшоў. – зазначыў Бяляцкі – Заставалася толькі чакаць і спадзявацца, што ён не сарвецца. Бо мы разумеем, што ў любы момант сітуацыя можа змяніцца ў горшы бок”.
Таму вельмі важна і далей усім працягваць трымаць фокус на тых палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца ў беларускіх турмах, а таксама дабівацца поўнага вызвалення ўсіх.
Журналісты ўдакладнілі, ці быў у яго выбар – выехаць альбо не пакідаць Беларусь. “Насамрэч у той сітуацыі выбару вялікага не было: ці заставацца ў турме, ці быць такім чынам вывезеным, з завязанымі вачыма, з краіны. Я праехаў праз усю Беларусь з завязанымі вачыма” – распавёў ён, павеаміўшы, што не прасіў аб памілаванні.
Алесь Бяляцкі пажадаў усім беларусам вытрымкі і аптымізму, а таксама ніколі не здавацца і не апускаць рукі.
Скрыншот: Белсат