Нямецкія ўлады распачалі праверку ў дачыненні да экс-начальніка аператыўна-рэжымнай часткі папраўчай калоніі №2 у Бабруйску Дзмітрыя Шынвізэ.
Як паведамляе ініцыятыва BELPOL, яна атрымала адказ ад Федэральнага міністэрства юстыцыі Германіі. У ім паведамляецца, што атрыманыя раней ад BELPOL матэрыялы перададзеныя ў Федэральнае ведамства крымінальнай паліцыі. На гэты момант ведамства праводзіць праверку і расследуе магчымую датычнасць Шынвізэ да злачынстваў супраць чалавечнасці.
“Мы просім пацярпелых ад дзеянняў Дзмітрыя Шынвізэ, а таксама сведак звяртацца да нас у Telegram: @infobeLpoL або па электроннай пошце: [email protected]. Любая інфармацыя важная для аператыўнага дакументавання фактаў катаванняў і жорсткага абыходжання і будзе выкарыстана ў рамках далейшага расследавання” – гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, што ў звароце BELPOL да нямецкай юстыцыі ўтрымлівалася апісанне меркаванай датычнасці Шынвізэ да катаванняў і жорсткага абыходжання з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. BELPOL таксама перадаў нямецкаму боку ўсе дакументы, якімі валодае арганізацыя, а таксама кантакты людзей, што пацярпелі ад дзеянняў Дзмітрыя Шынвізэ.
Паводле звестак BELPOL, Дзмітрый «Рудольф» Шынвізэ займаў пасаду начальніка аператыўна-рэжымнай часткі папраўчай калоніі №2 у Бабруйску. Менавіта пры яго ўдзеле і пад яго кіраўніцтвам, як сцвярджаецца, у калоніі ствараліся невыносныя ўмовы ўтрымання, ужываліся метады ціску, прыніжэння і жорсткага абыходжання ў дачыненні да сотняў палітычных зняволеных.
Нягледзячы на гэта, Шынвізэ на працягу доўгага часу пражывае ў Германіі і дагэтуль не сутыкнуўся з прававымі наступствамі. Цяпер жа ягоная роля ў падзеях у Бабруйскай калоніі стала прадметам увагі нямецкіх праваахоўных органаў.
Калаж: тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”