У Быхаве прайшла дыялогавая пляцоўка маладых патрыётаў. Ганаровымі гасцямі сталі супрацоўнікі ваенкамату і армейскія афіцэры.
“Канструктыўны дыялог” з быхаўскай моладдзю на тэму суверэннай Беларусі правёў галоўны патрыёт Магілёўшчыны, старшыня абласной арганізацыі «Патрыёты Беларусі» Аляксандр Шкадаў.
Разам з ім прыехалі супрацоўнік ваенкамату, адказны за адбор на службу, і армейскія афіцэры.
«Для ўдзельнікаў, якіх, дарэчы, сабралася больш за 150 чалавек, была арганізаваная выстава ўзораў сучаснай зброі» – паведамляюць «Магілёўскія ведамасці».
І тут жа ўзнікае пытанне: быхаўскія патрыёты, даведаўшыся пра прыезд Шкадава, самі кінуліся ў Цэнтр культуры, каб узяць аўтограф у легендарнай асобы, ці школьнікаў усё ж прымусілі прысутнічаць на мерапрыемстве?
Хутчэй за ўсё – другое. Не сакрэт, што моладзь ставіцца да службы ў арміі даволі стрымана, і дэманстрацыяй зброі нікога з школьнікаў не пераканаеш, што пайсці служыць лепш, чым паступіць у ВНУ.
А вось дарослыя гуляюць у гульні, якія называюцца мілітарысцкімі.
Ура-патрыёты, кшталту Шкадава, настойліва лезуць у справы, што датычацца выключна ваенкамату, у якім і без таго хапае супрацоўнікаў, каб працаваць з прызыўнікамі.
А падрыхтоўка беларускай моладзі да барацьбы з выдуманымі ворагамі беларускай дыктатуры не мае нічога агульнага з сапраўдным патрыятызмам.
Фота: “Магілёскія ведамасці”.


