Экс-палітвязень: у шклоўскай калоніі №17 пануе абсалютнае беззаконне

Калонія №17 у Шклове – гэта ўзорна-паказальная дыктатарская ўстанова, сцвярджае былы палітвязень, які спазнаў там здзекі, катаванні і беспадстаўныя пакаранні.

Амаль тры гады ў зняволенні, пяць траплянняў у штрафны ізалятар, холад, недаяданне, правакацыі і пастаянная пагроза атрымаць новы тэрмін ужо за кратамі. Так былы палітвязень апісвае жыццё ў шклоўскай калоніі №17, куды яго адправілі за каментары пра лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Сваёй гісторыяй ён падзяліўся з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, які ў мэтах яспекі не называе яго імя, адзначаючы, што экс-палітвязень – жыхар раённага цэнтра.

Тры гады за каментары

Прысуд мужчыне вынеслі напрыканцы жніўня 2022 года. Тры гады калоніі ён атрымаў за каментары ў дачыненні да беларускага дыктатара, кіраўніка КДБ Івана Церцеля, былой старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, міністраў замежных спраў і па надзвычайных сітуацыях, а таксама работніка пракуратуры.

На допытах і ў судзе мужчына прызнаў віну. Цяпер ён тлумачыць, што зрабіў гэта пад ціскам. Паводле былога палітвязня, сілавікі пагражалі яго сям’і, і ён баяўся наступстваў адмовы ад прызнання. 

Адбываць пакаранне мужчыну адправілі ў шклоўскую калонію №17, дзе ў траўні 2021 года загінуў Вітольд Ашурак. “Гэта ўзорна-паказальная дыктатарская ўстанова. Там абсалютнае беззаконне, дзе робіцца ўсё, што ім загадаюць. У гэтую калонію адпраўляюць тых людзей, на якіх трэба ціснуць. У гэтым месцы звычайныя зняволеныя ладзяць правакацыі супраць палітычных. Усё наладжана на працу ўладаў”, – кажа ён.

Паводле яго, адміністрацыя выкарыстоўвала супраць палітвязняў не толькі фармальныя спагнанні і абмежаванні. Да ціску далучалі і іншых зняволеных, якія ладзілі правакацыі. Мужчына кажа, што ва ўсіх месцах пазбаўлення волі, праз якія яму давялося прайсці, стаўленне да палітычных было заведама горшым. Для іх стваралі максімальна цяжкія ўмовы, выкарыстоўваючы як прадугледжаныя правіламі абмежаванні, так і, паводле яго сцвярджэння, адкрыта незаконныя метады.

Жорсткасць пры гэтым прымянялася хвалямі. Былы палітвязень заўважыў, што новыя кампаніі ціску часта супадалі з нейкімі падзеямі за межамі калоніі, хаця самі вязні не заўсёды маглі зразумець, што менавіта адбылося: доступу да незалежных навін у іх не было.

Пакаранні за проста так

Адну з такіх хваляў мужчына запомніў асабліва добра. Вясной 2024 года, паводле яго сведчання, у шклоўскай калоніі каля 40 чалавек адправілі ў штрафны ізалятар, хаця перад гэтым яны нічога не парушалі. Ніякіх зразумелых прычын вязням не паведамілі. Былы палітвязень называе гэта спланаванай рэпрэсіўнай акцыяй.

Яшчэ адным інструментам ціску была адпраўка палітычных вязняў у ПКТ (памяшканне камернага тыпу). За дысцыплінарнымі пакараннямі магла з’явіцца ўжо новая крымінальная справа паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Паводле мужчыны, асабліва цынічным было тое, што супрацоўнікі разумелі незаконнасць часткі сваіх дзеянняў, але не баяліся наступстваў. Найбольшую адказнасць за сістэму ціску ён ускладае на тагачаснае кіраўніцтва калоніі, астатніх супрацоўнікаў называючы выканаўцамі.

Былы палітвязень спадзяецца, што калісьці зможа ўбачыць гэтых людзей ужо не ў кабінеце адміністрацыі калоніі, а на лаве падсудных.

За амаль тры гады зняволення мужчына пяць разоў трапляў у ШІЗА. Тэрміны былі адносна кароткія – ад трох да сямі сутак, але прычын сваіх пакаранняў ён, паводле яго слоў, часам нават не разумеў.

ШІЗА як катавальня

Перад змяшчэннем у ізалятар забіралі споднюю бялізну і пакідалі ў халоднай форме. Мужчына сцвярджае, што ў памяшканні наўмысна рабілі скразняк, а ежы давалі менш, таму арганізму было яшчэ цяжэй сагрэцца.

Здзекі, паводле яго, маглі складацца і з дробязяў, якія разам ператваралі знаходжанне ў ізалятары ў выпрабаванне. Напрыклад, уключалі радыё, але слухаць яго даводзілася, стоячы на расцяжцы. За яе парушэнне маглі ўдарыць па нагах. Сам былы вязень называе ўсё гэта спецыяльна прыдуманай сістэмай, каб зрабіць жыццё палітычных як мага больш невыносным.

Магчымасці абараніць свае правы ўнутры калоніі мужчына для сябе не бачыў. Таму асноўным спосабам вытрымаць тэрмін стала прыняцце таго, што хутка змяніць сітуацыю немагчыма.

Трымацца дапамагалі думкі пра сям’ю. Ён стараўся не марнаваць сілы на тое, на што ў той момант не мог паўплываць, і проста чакаў заканчэння тэрміну. На датэрміновае вызваленне мужчына не разлічваў.

Памілаванне пад прымусам

Паводле яго назіранняў, спісы тых, каго збіраліся памілаваць, вызначаліся «зверху», а наяўнасць самой просьбы аб памілаванні не заўсёды мела вырашальнае значэнне. Некаторых вязняў, якіх планавалі вызваліць, паводле яго, прымушалі напісаць такую заяву праз ШІЗА, ПКТ і пагрозы.

Яму таксама прапаноўвалі звярнуцца з просьбай аб памілаванні. Мужчына адмовіўся, бо не лічыў сябе вінаватым. У выніку ніякага памілавання не было. На волю мужчына выйшаў у траўні 2025 года, цалкам адбыўшы прызначаны тэрмін. Пазней ён пакінуў Беларусь.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Вынік прызначаны на 2027 год: як у Шклоўскім раёне адсправаздачыліся аб мадэрнізацыі цэха

ААТ «Александрыйскае» пры падтрымцы Банка развіцця абнавіла цэх забою і перапрацоўкі птушкі: ранейшае абсталяванне замянілі на лінію магутнасцю тры тысячы бройлераў за гадзіну, гадавую прадукцыйнасць ацэньваюць у 12,7 тысячы тон мяса пры працы ў адну змену.
У прэс-службе банка праект называюць прыкладам таго, што рост эканомікі залежыць не ад аб’ёму, а ад глыбіні перапрацоўкі.
Амаль усе лічбы ў справаздачы аб завершаным праекце адносяцца да светлай будучыні:

  • доля раздзелкі, якая ў 2024 годзе складала 11 працэнтаў забойнай вагі, «дасягне 56 працэнтаў да 2027 года»;
  • выпуск раздзеленай прадукцыі вырасце з 712 тон да чатырох тысяч;
  • доля экспарту раздзелкі падымецца да 45 працэнтаў.

Адзіны паказчык, які ўжо адбыўся, – тыя самыя 11 працэнтаў 2024 года. Колькі грошай банк уклаў у цэх і на якіх умовах, у паведамленні няма.
«Састарэлае абсталяванне», якое замянілі, адпрацавала нядоўга: цэх забою і перапрацоўкі птушкі ўвялі ў эксплуатацыю ў 2014 годзе.
Александрыя – малая радзіма Лукашэнкі, і ў ліпені 2026 года, прызначаючы новае кіраўніцтва раёна, ён паабяцаў зрабіць Шклоўскі раён узорным для капіравання па ўсёй краіне і дадаў, што ўвага да гэтых тэрыторый будзе асаблівая: «Там нічога не заржавее. Колькі я буду працаваць, столькі я ўвагу буду надаваць».
Мадэрнізацыя цэха ўзростам 12 гадоў за кошт дзяржаўнага банка – адна з праяў гэтай увагі.

Фота сайта Банка развіцця.

Не эканомікай, а загадам: як Шклоў выводзяць ва ўзорныя раёны

Шклоўскі раён па прамым даручэнні Лукашэнкі робяць прыкладам для ўсёй краіны – па вытворчых паказчыках і па сацыяльных стандартах. Ніхто гэтага не хавае: фармулёўка пра даручэнне стаіць ва ўсіх справаздачах з прэс-тура 26 жніўня, які для гэтага і зладзілі.
Паказвалі вынік. Таварная ферма «Навасёлкі» ААТ «Новагарадзішчанскае» пасля рэканструкцыі ўтрымлівае шэсць тысяч галоў маладняку. На МТК «Стараселле» ААТ «Любінічы-Агра» пабудавалі склады для кармоў і прафілакторый для цялят.
У вёсцы Акунёўка два будынкі перарабляюць пад інтэрнаты на 50 месцаў: першы абяцаюць здаць да 1 кастрычніка, другі да 1 лістапада. У РУП «Шклоўскі райаграсэрвіс» увялі цэнтральную рамонтную майстэрню і плануюць СТА для легкавых машын і цэх па вытворчасці зуб’яў для барон і палявых дошак.
Плаціць за гэта ўпраўленне справамі Лукашэнкі. Дырэктар «Новагарадзішчанскага» сказаў наўпрост: ферма атрымала другое жыццё «дзякуючы дапамозе ўпраўлення справамі». Першае жыццё – закінутыя старыя будынкі і струхлелыя навесы.
Падрадчык на аб’ектах – ТАА «Дрыбінская СПМК № 1» з суседняга раёна. Яго дырэктар Сяргей Кокіц таксама хваліўся цесным супрацоўніцтвам з кіраўніцтвам упраўлення справамі.
Упраўленне справамі звычайна калгаснымі цялятнікамі не займаецца і спецыялізуецца на больш смачных аб’ектах. Тут яно займаецца імі таму, што раён выбраны паказальным, а не таму, што паказчыкі раёна гэтага запатрабавалі.
Да таго ж сёлета Шклоў прымае абласныя «Дажынкі», да якіх раёну па традыцыі будуюць аб’екты «ў падарунак».
Усё, чым раён выводзяць у перадавыя – адміністрацыйныя інструменты. Даручэнне дзеда замест эканамічнага разліку. Рыначнага механізму ў гэтым наборы няма ніводнага, і паўтарыць яго суседнія раёны не змогуць.
Сама па сабе прыхільнасць Лукашэнкі да Шклова – не таямніца.
Таямніцай застаюцца грошы. У што абыходзіцца краіне адзін, штучна створаны, узорны раён?

 Фота раённай газеты.

Амаль 9 тысяч рублёў спагнана з вінаватых у гібенні жывёлы на Шклоўшчыне

Аператар жывёлагадоўчага комплекса, ветурачы, намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства – сярод пакараных шклоўскай пракуратурай за падзёж буйной рагатай жывёлы.

За бягучы год па патрабаванні пракуратуры ў дасудовым парадку з работнікаў ужо спагналі больш за 6 тыс. рублёў. Яшчэ больш за 2,4 тыс. рублёў давялося вяртаць праз суд.

Адзін з такіх выпадкаў адбыўся на малочнатаварным комплексе аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Там загінулі восем галоў маладняку. Праверка паказала, што прычынай сталі парушэнні заагігіенічных і ветэрынарных патрабаванняў пры ўтрыманні і кармленні жывёлы.

Адказваць за гэта давялося шасці работнікам – аператару жывёлагадоўчага комплексу, ветурачам, начальніку і памочніку начальніка комплексу, а таксама намесніку дырэктара прадпрыемства па вытворчасці. Усе яны мелі дамовы аб поўнай індывідуальнай матэрыяльнай адказнасці і, адпаведна, абавязаліся беражліва ставіцца да маёмасці прадпрыемства і не дапускаць яе страты.

Падзёж васьмі галоў нанёс гаспадарцы шкоду больш чым на 2,2 тыс. рублёў. Добраахвотна кампенсаваць яе работнікі не захацелі. Таму пракуратура Шклоўскага раёна звярнулася ў суд з патрабаваннем спагнаць страты з шасці вінаватых у долевым парадку.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Пад Шкловам другі раз за пяць месяцаў гарэла птушкаферма каля Борак-1

Днём 26 жніўня ратавальнікам паведамілі пра ўзгаранне каля вёскі Боркі-1 у Шклоўскім раёне.

Калі падраздзяленні МНС прыехалі, будынак птушніка гарэў адкрытым полымем. Людзей і птушак унутры не было, ніхто не пацярпеў. Тушыць агонь прыехалі сем адзінак тэхнікі, прычыны і абставіны высвятляюцца.

Гэта другі пажар на той жа пляцоўцы за пяць месяцаў. Уначы 16 сакавіка з птушніка каля Борак-1 ішоў дым, персанал быў на вуліцы, эвакуацыя 64 тысяч куранят не спатрэбілася – птушка не пацярпела.

Тады абышліся чатырма машынамі, і абласное ўпраўленне МНС асобна адзначыла, што тэхналагічны працэс аб’екта не парушаны.

Гаспадарку ведамства не называе ні ў сакавіку, ні ў жніўні.

Боркі-1 уваходзяць у Александрыйскі сельсавет, за два кіламетры ад вёскі – аграгарадок Стараселле, дзе працуе птушкафабрыка ААТ «Александрыйскае»: цэх вырошчвання і адкорму на мільён куранят аднаразовай пасадкі, інкубаторый, цэх бацькоўскага статка і ўласны забойны цэх, які працуе з 2014 года. Верагодней за ўсё, гарэла менавіта там.

Сельсавет той жа, што і вёска Александрыя, дзе вырас Лукашэнка, і само «Александрыйскае» шмат гадоў паказваюць як узорную гаспадарку: малочны комплекс з шаснаццаццю рабатызаванымі даільнымі ўстаноўкамі, сад з кропельным арашэннем, свінакомплекс на 50 тысяч галоў, уласны камбікорм.

У сакавіку ратавальнікі прыехалі на дым і назвалі лічбу – 64 тысячы куранят, якіх не давялося эвакуіраваць. У жніўні называць не было чаго: у птушніку не аказалася ні людзей, ні птушкі, затое машын спатрэбілася амаль удвая больш.

Фота скрыншот відэа МНС.

«Калі білі, значыць, было за што»? Хто служыць у шклоўскай калоніі №17

Пад нашым відэа пра пажар у шклоўскай выпраўленчай калоніі №17 сабралося тры з паловай дзясяткі каментароў. Спрэчка ў іх атрымалася больш паказальнай за сам пажар.
Пачала яе карыстальніца, у якой у калоніі з 2012 года працуе сын, і паводле яе слоў, здзеквацца са зняволеных супрацоўнікам строга забаронена – могуць толькі голас павысіць, а харчаванне добрае і пасля працы людзі ходзяць не ў робах, а ў цывільным. Заканчваўся каментар словамі “гэта вам не пры СССР”.
Яе падтрымала другая каментатарка, у якой у ВК-17 сядзіць сын: супрацоўнікі нармальныя, рамонт добры, кормяць вельмі добра.
Запярэчыў ім мужчына, які адбываў пакаранне ў гэтай самай калоніі з 2017 года і вызваліўся ў 2022-м, што з 2019 па 2022 гады там білі ўсіх, што білі і яго, і што ён знаходзіўся ў суседняй камеры, калі ў штрафным ізалятары забівалі палітвязня.
Далей у спрэчцы адбылося галоўнае. Жанчына, якая пачынала з таго, што ніхто ні з каго не здзекуецца, напісала: “калі білі, значыць, было за што”. І дадала, што тыя, хто сядзеў тады за палітыку, не скардзіліся, а суразмоўцу параіла жыць далей па-за Беларуссю, таму што шкадаваць яго яна не збіраецца.
За адну спрэчку пазіцыя маці супрацоўніка зрушылася з «гэтага не бывае» на «бывае, але заслужана».
Спрачацца з гэтым бессэнсоўна, а вось назваць тых, пра каго ідзе гаворка, можна і трэба. Прозвішчы афіцэраў шклоўскай калоніі ўстаноўлены і апублікаваны некалькі гадоў таму – праваабарончым цэнтрам «Вясна», расследавальнікамі BelPol, «Альянсам расследвальнікаў Беларусі» і motolko.help. Гэта не ананімы з каментароў, а атэставаныя супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў, якія прымалі прысягу:

  1. Аляксандр Карніенка, 1978 года нараджэння, начальнік ВК-17 з 2019 года. Службу пачынаў у 2000 годзе у магілёўскім АМАПе, звольніўся, аднавіўся праз два гады. Паводле кадравых даных BelPol, мяняў месцы службы адно за адным: магілёўская калонія №15, намеснік начальніка ВК-19, начальнік ЛПП №7, намеснік начальніка СІЗА №1, намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці.
  2. Аляксей Маскалёў, намеснік начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай рабоце. Скончыў Акадэмію МУС, пачынаў начальнікам атрада ў магілёўскай ВК-15 і дарос там да начальніка рэжымнага аддзела. У чэрвені 2009 года атрымаў вымову за нізкую выканаўчую дысцыпліну і ўпушчэнні ў аператыўнай рабоце, у снежні 2017-га – папярэджанне за неналежнае выкананне абавязкаў. У Шклове служыць з 2017 года. Былыя зняволеныя кажуць, што загады на збіццё аддае менавіта ён.
  3. Сяргей Карчэўскі, начальнік рэжымнага аддзела. Пачынаў майстрам у бабруйскай калоніі №2, быў оперупаўнаважаным і інспектарам, у 2015 годзе ўзначаліў аддзел тылавога забеспячэння магілёўскай турмы №4, з 2017 года ў Шклове. Менавіта ён зняты на відэа з камеры, дзе ўтрымліваўся Вітольд Ашурак.
  4. Наталля Дабрадзеравец, жонка Карчэўскага, у 2021 годзе – начальніца медыцынскай часткі ВК-17 у званні маёра. Неўзабаве пасля смерці Ашурка пайшла на павышэнне: намеснік начальніка ЛПП №7 у Магілёве па лячэбна-прафілактычнай рабоце, падпалкоўнік.

Былы вязень калоніі назваў і іншых супрацоўнікаў, датычных, паводле яго слоў, да ціску на зняволеных:

  • Дзяніс Сазонаў;
  • Іван Галанаў;
  • Віталь Краўчанка;
  • Павел Прохараў;
  • Дзмітрый Удодаў.

Асобна расследавальнікі называлі ўрача-псіхіятра Ігара Кандраценкава і ўрача Таццяну Развянкову.
Вітольд Ашурак, актывіст з Бярозаўкі, памёр у ВК-17 21 мая 2021 года, правёўшы ў калоніі каля месяца. Афіцыйная версія – спыненне сэрца. Цела родным аддалі з забінтаванай галавой; у калоніі патлумачылі, што яго ўпусцілі пры выгрузцы з халадзільніка. Следчы камітэт крымінальны характар смерці адхіліў, крымінальная справа не распачыналася.
Парадак у шклоўскай калоніі апісаны дзясяткамі сведчанняў і даўно не з’яўляецца чыімсьці асабістым уражаннем: прыбылых палітзняволеных адразу адпраўляюць у штрафны ізалятар і афармляюць злоснымі парушальнікамі рэжыму, б’юць там, дзе няма камер, а двойчы на дзень зняволеных перад дзвярыма прымушаюць спяваць гімн Беларусі.
У калоніі ёсць і перадгісторыя. Яе ранейшы начальнік, палкоўнік Сяргей Ермаліцкі, кіраваў установай дваццаць два гады. У кастрычніку 2011 года яму забаранілі ўезд у краіны Еўрасаюза – за жорсткае абыходжанне са зняволенымі і пераслед Мікалая Статкевіча. У 2015 годзе Ермаліцкага павысілі да начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў у Гомелі.
Пасля смерці Ашурка ў калонію прыязджала пракуратура. Пра вынікі праверкі не паведамлялася, кіраўніцтва засталося на сваіх месцах, а начальніца медчасткі атрымала наступнае званне. Наконт СССР каментатарка мае рацыю: пры СССР за такое здымалі з пасады, а часам і судзілі.
Што да пераходу на асобы, то называць людзей, датычных да здзекаў, мы будзем пастаянна. Паўзводна і паротна. Да таго часу пакуль яны не зоймуць сваё месца на лаве падсудных.

Фота by.tribuna.com.

Гарэла шклоўская калонія. ДзяржСМІ паведамілі пра пажар у будынку бытавога прызначэння

12 жніўня ў Шклове гарэў будынак на вуліцы Першай Заводскай. У паведамленні МНС – адкрытае гарэнне, шчыльнае задымленне, тры адзінкі тэхнікі, людзей унутры не было, пацярпелых няма, разглядаецца версія аб кароткім замыканні электраправодкі. Аб’ект названы будынкам бытавога прызначэння, нумар дома не пазначаны. Але шыла ў мяшку не схаваеш.
Вуліца кароткая і прамысловая. Дом 7 – дзяржаўнае прадпрыемства «Сямнаццаць», дом 9 – завод газетнай паперы, дом 8 – выпраўленчая калонія №17. Гарэла калонія: гэта ўстанавіла «Люстэрка» па каардынатах на відэа, якое выклала МНС. Да таго ж на кадрах у кадры бачныя людзі ў форме турэмнай аховы..
ВК-17 карыстаецца благой славай.
У лютым 2020 года ў Шклове ўрачыста адзначылі саракагоддзе калоніі, і начальнік установы падпалкоўнік Аляксандр Карніенка сказаў тады, што ў падраздзяленні працуюць прафесіяналы і кожны супрацоўнік з’яўляецца ўзорам. З таго часу ўзорнасць у ВК-17 пастаўлена на паток.
Што тут з’явілася першым у краіне або амаль першым:

  • жоўтыя біркі на адзенні палітвязняў – пра іх напісаў у лісце сам Вітольд Ашурак, публікацыя выйшла 17 мая 2021 года, за чатыры дні да яго гібелі;
  • уласная інтэрнэт-крама з даменам ik17mag.by і поштай у зоне din.gov.by;
  • банкаўскі тэрмінал для аплаты паслуг і заказаў – паводле даных Mayday, першы і адзіны ў беларускіх калоніях;
  • кавамашына ў памяшканні для спатканняў, за каву сваякі плацяць у бухгалтэрыі асобна;
  • выязная агітацыя: намеснік начальніка па ідэалогіі другі год запар прыязджае ў горацкую сельгасакадэмію клікаць выпускнікоў на службу.

Цяпер пра тое, што ў гэтую справаздачнасць не трапляе. Былы палітвязень ВК-17, які адбыў тэрмін цалкам, расказаў праваабаронцам «Вясны», што ціск на палітычных пачынаецца з каранціну: чалавека могуць адправіць у штрафны ізалятар адразу па прыбыцці. Ён назваў дзевятнаццаць прозвішчаў супрацоўнікаў, датычных, паводле яго слоў, да рэпрэсій, – ад начальніка калоніі да аператыўніка рэжымнай часткі, якога звязваюць са смерцю Ашурка.
Смерцяў у гэтай калоніі дзве. 21 мая 2021 года тут загінуў пяцідзесяцігадовы актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, асуджаны на пяць гадоў па пратэснай справе. Афіцыйнай прычынай назвалі спыненне сэрца, траўмы галавы Следчы камітэт патлумачыў падзеннем, а родныя і сябры, якія забіралі цела, убачылі галаву, забінтаваную ад цемені да носа.
У памяць пра Ашурка 21 мая абвешчана Днём палітвязня. У пачатку 2025 года ў ВК-17 памёр Валянцін Штэрмер, асуджаны на пяць гадоў за восем каментароў пра расійскую агрэсію: ён прыехаў у калонію пасля інсульту, ледзь хадзіў, і яго ўсё роўна кідалі ў ізалятар. Дакладная дата яго смерці невядомая дагэтуль, як і тое, памёр ён у калоніі ці ўжо ў бальніцы.
Пераемнасць ва ўстанове такая ж трывалая, як узорнасць. Папярэднік Карніенкі Сяргей Ермаліцкі кіраваў калоніяй дваццаць два гады і ў кастрычніку 2011 года атрымаў забарону на ўезд у Еўрасаюз за жорсткае абыходжанне са зняволенымі і пераслед Мікалая Статкевіча.
Карніенка, былы магілёўскі амонавец, узначаліў ВК-17 у 2018 годзе і трапіў у санкцыйны спіс ЕС 3 жніўня 2023 года разам з начальнікам рэжымнай часткі сваёй калоніі.
Ёсць у калоніі і біяграфічны цень. У афіцыйнай біяграфіі Лукашэнкі значыцца, што ў 1983–1985 гадах ён быў намеснікам дырэктара камбіната будаўнічых матэрыялаў горада Шклова.
Шклоўскія старажылы памятаюць гэты камбінат як вытворчасць пры калоніі, папярэдніка цяперашняга прадпрыемства «Сямнаццаць». Наступнай прыступкай для намесніка дырэктара быў саўгас «Гарадзец» у гэтым жа раёне.
Пажар патушылі, ніхто не пацярпеў, прычыну высвятляюць.
Установа, дзе кожны супрацоўнік узор, дзе першымі ў краіне паставілі плацежны тэрмінал і кавамашыну для сваякоў, у зводцы пра пажар называецца будынкам бытавога прызначэння на вуліцы Першай Заводскай.
Узорнасць у ВК-17 працуе роўна да таго часу, пакуль пра калонію расказваюць не пажарныя. І не будзем забываць пра тое, што пажар у такім месцы з’яўляецца НЗ удвая – зняволеныя не могуць пакінуць памяшканні самастойна.

Фота скрыншот відэа МНС.

Гародніна і дзвесце матацыклаў – у Шклове адзначылі Дзень агурка

У Шклове прайшоў «Дзень агурка» – штогадовае свята вакол гародніны, якую горад выкарыстоўвае як уласны брэнд. Паводле апісання абласнога выдання, сёлета ўрачыстасць «пераўзышла ўсе чаканні па маштабе і напале страсцей». Гаворка, нагадаем, пра агуркі.
Адкрываючы свята, старшыня раённага савета “дэпутатаў” назваў зялёную гародніну брэндам, які аб’ядноўвае пакаленні.
У праграме дня было і ўскладанне кветак да мемарыяльнага комплексу «Памяць» – з удзелам кіраўніцтва раёна, абласной і раённай арганізацый ДТСААФ, працоўных калектываў і ўдзельнікаў мотапрабегу.
Матацыклетная частка аказалася самай масавай: па горадзе прайшлі больш за дзвесце машын, а на «Лысай гары» ўдзельнікі спаборнічалі ў эндура і ў хуткасці, гулялі ў мотабол.
Трукі матацыклістаў абласное выданне палічыла такімі, што ад іх захоплівае дух – фармулёўка, якую звычайна прыпасаюць для чэмпіянатаў свету.
Свята, мяркуючы па ўсім, сапраўды ўдалося. І тым больш крыўдна, што расказаць пра яго без “пераўзышло ўсе чаканні” і “напалу страсцей” у прапагандыстаў не атрымалася.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Рэкорд на шасці працэнтах раллі паставілі ва ўзорнай гаспадарцы Шклоўшчыны

Шклоўская раённая газета расказала пра сакрэты небылага ўраджаю рапсу ў ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец»: 62 цэнтнеры з гектара, рэкорд для гаспадаркі і, паводле фармулёўкі газеты, для ўсёй вобласці.

Сакрэтаў аказалася ўсяго два – угнаенні ўносілі своечасова, пад поўную патрэбу.

Гэта не таемныя веды, а стандартная тэхналогія, надрукаваная на ўпакоўцы .

Другі сакрэт – памер поля. Паводле даных холдынга кіраўніцтва справамі Лукашэнкі у склад якога ўваходзіць гаспадарка, раллі ў «Гарадца» 3574 гектары. Рапсу сёлета – 220. 

Рэкорд пастаўлены на шасці працэнтах зямлі, гэта значыць на маленькай, эксперыментальнай дзялянцы, дзе выканаць тэхналогію прасцей простага.

Гаспадарка гэта не шараговая. Саўгасам «Гарадзец» з 1987 па 1994 год кіраваў Лукашэнка. Адсюль відавочна і ўменне цяперашніх кіраўнікоў рабіць з мухі слана і ставіць рэкорды паказухі.

Фота раённай газеты.

Ні з пушчы ні з поля : у Шклове з’явіўся помнік дэсантнікам

У Шклове раптам у дзень ПДВ 2 жніўня 2026 года у парку з’явіўся памятны знак у гонар дэсантнікаў.

Памятны знак адкрывалі з вялікай помпай – пры ўдзеле грамадскасці і, што найважней за ўсё, старшыні райвыканкама Міхаіла Крыцкага. Нагадаем, што ён падчас сваёй працай на розных пасадах нічым выбітным не адзначаўся

Аднак цяпер гэтая традыцыя зламана – пры старшыні Крыцкім у Шклове з’явіўся знак “У гонар заснавання Паветрана-дэсантных войскаў”. Прычым гэты род войскаў у райцентры як баявая адзінка ніколі не дыслакаваўся. З такім жа поспехам Крыцкі мог бы адкрыць у Шклове памятныя знакі, напрыклад, артылерыстам, пехацінцам, танкістам альбо памежнікам. Што тычыцца апошніх, то нейкі намёк на гэта ўжо ёсць – каля памятнага знаку дэсантнікам пастаўлены памежны слуп. Сэнс яго з’яўлення таксама не зразумелы, а раённая газета “Ударны фронт” ніякім чынам не звяртае на яго ўвагу чытача.

Паводле выдання Mayday, мастацкая вартасць помніка таксама выклікае пытанні. Пастамент – з таннай керамічнай пліткай, якая прызначаная для ўнутраных прац.

Фотаздымак: shklovinfo.by