Дэпутат нямецкага парламента ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Парса Марві стаў “хросным” палітвязня Аляксандра Шабаліна, які знаходзіцца ў шклоўскай калоніі №17.
“Аляксандр Шабалін знаходзіцца ў турме, бо ён мужна адстойваў дэмакратыю ў Беларусі. Ён працаваў у перадвыбарчым штабе Святланы Ціханоўскай і збіраў подпісы, за што быў арыштаваны і асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі нібыта за “арганізацыю масавых беспарадкаў” і “захоп будынкаў”.
Аляксандр – бацька чацвярых дзяцей, якім цяпер даводзіцца спраўляцца без яго. Падтрымліваючы Аляксандра, я хачу паказаць, што ён не застаўся адзін. Яго мужнасць заслугоўвае прызнання, а яго турэмнае зняволенне несправядлівае.
Мы не мусім адводзіць позірк, калі людзей караюць за іх прыхільнасць свабодзе і дэмакратыі. Я заклікаю да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, асабліва Аляксандра Шабаліна, і заклікаю міжнародную супольнасць не кідаць яго і ягоную сям’ю” – патлумачыў нямецкі дэпутат сваё далучэнне да акцыі #WeStandBYyou ў якасці сімвалічнага хроснага палітвязня.
Да свайго зняволення Аляксандр Шабалін працаваў таксістам і падтрымліваў кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую ў Гомелі вясной 2020 года ў складзе яе ініцыятыўнай групы. Пасля, 7 чэрвеня 2020 года, ён быў арыштаваны, абвінавачаны ў “арганізацыі масавых беспарадкаў” і “захопе будынкаў”.
4 траўня 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомеля асудзіў палітвязня на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Фотаздымак: ПЦ “Вясна”