Ураджэнец Магілёва ідзе на выбары ў Сенат штата Нью-Йорк

На мясцовых выбарах у ЗША балатуецца былы магілёвец Руслан Шамаль, які не атаесамляе сябе беларусам.

3 лістапада ў Злучаных Штатах разам пройдуць прамежкавыя выбары ў Кангрэс (парламент) і мясцовыя выбары. 43-гадовы Шамаль балатуецца ў Сенат штата Нью-Йорк па 23-яй акрузе. Ён прыхільнік Дональда Трампа і прадстаўляе Рэспубліканскую партыю. Яму супрацьстаіць дэмакрат Джэсіка Скарсэла-Спэнтан. Яна прадстаўляе гэтую акругу ў мясцовым Сенаце ад 2023 года. 

Студэнцкі выбар

Амерыканская гісторыя былога магілёўца пачалася ў 2002 годзе, у яго 19-гадовым ўзросце. Тады ён, студэнт Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя Куляшова, паехаў у ЗША па праграме Work and Travel. Вяртацца не стаў, але пачаў шукаць сваю амерыканскую мару – працаваў у розных гарадах, у розных кампаніях і на розных пазіцыях. 

У рэшце рэшт жыццёвая дарога прывяла яго ў журналістыку – пачаў працаваць на рускамоўных радыёстанцыях. Сцвярджае, што зацікаўленне палітыкай прыйшло з чытання навін. Пры гэтым будучы адным з тых жыхароў Беларусі, якія цураліся палітыкі, зусім не цікавіўся ані выбарамі, ані ўвогуле палітычным жыццём. 

“Як ураджэнец Беларусі, я пра выбары і не марыў, бо ўсё маё жыццё гэта была нейкая прывідная з’ява”, – кажа Руслан. 

Раз з тым нешта да палітыкі былога магілёўскага студэнта падштурхнула. І пайшоў ён нават балатавацца як незалежны кандыдат у 2023 годзе. Прайграў і зноў палічыў, што палітыка – гэта нейкае абы што. “Я паглядзеў, як гэта ўсё працуе, колькі патрабуе сілаў фізічных, матэрыяльных. Пасля гэтага вярнуўся назад у бізнэс і больш не збіраўся займацца палітыкай. Грошай там асабліва няма, а адказнасці вельмі шмат”, – тлумачыць былы магілёвец. 

Рэспубліканскія перспектывы

Руслан сцвярджае, што зноў вярнуцца ў палітыку яго прымусіла абранне мэрам Нью-Йорка сацыяліста Захрана Мамдані. Будучы апантаным прыхільнікам капіталізму, ён вырашыў пайсці і даць бой Дэмакратычнай партыі, ад якой у яго, як ён кажа, даўно былі “свае пытанні”.

І вось цяпер былы магілёвец, кандыдатуру якога ўхваліў акружны камітэт рэспубліканцаў Стэйтэн-Айленда, ідзе на выбары з моцнай крытыкай левых ідэй і публічнай падтрымкай цяперашняга гаспадара Белага дома, дзеянні якога ён рашуча ўхваляе. 

Шамаль усведамляе, што выйграць на той тэрыторыі ў сваёй суперніцы будзе цяжка. Джэсіка Скарсэла-Спэнтан вырасла ў гэтай акрузе і прадстаўляе яе ў Сенаце штата ад 2023 года. На мінулых выбарах за яе прагаласавалі 55% выбаршчыкаў. Яе падтрымліваюць найбуйнейшыя прафсаюзы штата. Больш за тое, за дэмакратамі ў акрузе зарэгістраваныя амаль 58% выбаршчыкаў, рэспубліканцамі – каля 16%. 

Беларускае небыццё

Сцвярджаючы, што ніякіх сувязяў з Беларуссю не падтрымлівае і туды не ездзіць, Руслан Шамаль, тым не менш, прызнае, што ў яго там засталося многа сяброў. З-за гэтага не хоча каментаваць беларускую сітуацыю, якая склалася пасля 2020 года. 

“Я свой выбар па жыцці зрабіў за 18 гадоў да гэтых падзей, і мне здаецца, гэта мой адказ на ўсё, што адбываецца. Тым больш вялікіх зменаў у палітычным жыцці Беларусі за гэтыя гады я не бачу”, – кажа ён, пры гэтым, натуральна, падтрымліваючы перамовы прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа з беларускім дыктатарам.

Зусім не бачыў былы магілёвец беларускай дыяспары ў ЗША. Сцвярджае, што яе там не існавала. Гэта, відавочна, указвае на абмежаванасць кругагляда кандыдата ў Сенат штата Нью-Йорк, бо пасля Другой сусветнай вайны ў ЗША і Канадзе складался вялікая беларуская дыяспара, адным з найвядомейшых яе актывістаў быў, напрыклад, вучоны Барыс Кіт. 

Але і новых беларускіх эмігрантаў у ЗША Руслан Шамаль не бачыць, і верагодна, бачыць не хоча. “Я не магу сказаць, што быў блізка датычны да беларускага кам’юніці. Сёння, праз амаль 25 гадоў, нават не ведаю, куды паехаць, каб яго шукаць”, – прызнае ён.

Што тычыцца беларускай мовы, то яе ён памятае, яе разумее, але размаўляць не будзе, бо “не хоча падманваць і абражаць мову”. Сябе ён лічыць амерыканцам, народжаным у Беларусі.

Фотаздымак: facebook.com/ruslanshamalhere

У Магілёве намеснік галоўнага інжынера атрымаў два з паловай гады “хіміі” за хабары

Намеснік галоўнага інжынера аднаго з дзяржаўных прадпрыемстваў Магілёва асуджаны на два з паловай гады абмежавання волі за 5 тыс. рублёў хабараў.

Як устанавіў суд Ленінскага раёна Магілёва, з сакавіка 2023-га да студзеня 2026 года намеснік галоўнага інжынера выкарыстоўваў свае паўнамоцтвы, каб нейкая камерцыйная арганізацыя станавілася пастаўшчыком неабходнага прадпрыемству абсталявання. За такую дапамогу ён атрымліваў грошы і матэрыяльныя каштоўнасці.

Паводле матэрыялаў справы, з кастрычніка 2024 года да студзеня 2026-га агульная сума атрыманых ім хабараў перавысіла 4,9 тыс. рублёў. У выніку дзяржаўнае прадпрыемства закупляла абсталяванне, камерцыйная фірма атрымлівала заказы, а адказны за тэхнічныя пытанні кіраўнік – асабістую ўзнагароду.

Пасля распачынання крымінальнай справы абвінавачаны добраахвотна вярнуў атрыманы злачынным шляхам даход. У судзе сваю віну ён цалкам прызнаў.

Аднак вяртанне грошай ад крымінальнай адказнасці яго не вызваліла. Суд прызначыў мужчыне два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, на так званую «хімію». Акрамя таго, яму давядзецца заплаціць штраф у памеры 350 базавых велічынь (15 750 руб.).

Яшчэ на пяць гадоў яму забаронена займаць кіруючыя пасады. Прысуд пакуль не набыў законнай сілы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У калоніі №15 Магілёва абмежавалі пералік дазволеных тавараў для перадач

Цыгарэты, прамтавары, у тым ліку прадметы гігіены цяпер забаронены для передачы з працяглых спатканняў у калоніі №15 Магілёва.

Абмежаванні сталі дзейнічаць з мінулага тыдня для зняволеных, якія сустракаюцца са сваімі роднымі на працяглых спатканнях. Цяпер пасля такой сустрэчы асуджаны можа забраць з сабой толькі дазволеныя прадукты харчавання. Раней адміністрацыя калоніі не перашкаджала зняволеным атрымліваць пасля спаткання дадатковыя цыгарэты.

Паводле Крымінальна-выканаўчага кодэкса працяглыя спатканні могуць доўжыцца ад адных да трох сутак. Праходзяць яны ў спецыяльных памяшканнях на тэрыторыі калоніі, якія звычайна называюць «гасцініцамі».

Да асуджанага могуць прыехаць да трох сваякоў. На час сустрэчы яны маюць магчымасць прывезці прадукты і неабходныя рэчы для асабістага карыстання. Аднак тое, што дазволена прынесці на спатканне, не абавязкова дазволяць забраць з сабой пасля яго заканчэння. Пералік рэчаў, якія зняволены можа вынесці з «гасцініцы» ў атрад, вызначаецца адміністрацыяй калоніі. Для гэтага афармляецца асобная заява.

Цяпер у магілёўскай калоніі гэты пералік істотна скарацілі, пакінуўшы фактычна толькі харчовыя прадукты. Чаму ўзнікла неабходнасць забараніць перадачу цыгарэт, мыла ды іншых прадметаў гігіены, адміністрацыя ўстановы не патлумачыла.

Такім чынам, родныя па-ранейшаму могуць прывезці зняволенаму неабходныя рэчы, але карыстацца імі ён зможа толькі падчас спаткання. Пасля развітання давядзецца пакінуць іх у «гасцініцы». І калі прычыну забароны цыгарэт яшчэ можна спрабаваць шукаць у турэмнай дысцыпліне, то не зразумела, чым адміністрацыі не дагадзілі прадметы асабістай гігіены.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Адна таблетка на чацвярых – магілёўскі палітвязень расказаў пра здзекі ў турме

Нечалавечыя ўмовы, якія ствараюць у калоніях Беларусі для палітвязняў, наўпрост адбіваюцца на здароўі. Пра гэта сведчыць гісторыя былога палітзняволенага з Магілёва.

Магілёвец, які атрымаў чатыры гады калоніі за каментары ў інтэрнэце, выйшаў на волю з хваробай скуры, наступствы якой адчувае дагэтуль. Паводле яго, кантактны дэрматыт развіўся на фоне моцнага стрэсу, пагроз з боку следства і ўмоў утрымання за кратамі. Сваю гісторыю былы палітвязень, які цяпер знаходзіцца за мяжой, распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” на ўмовах ананімнасці.

Чатыры гады калоніі за каментары

Да падзей 2020 года мужчына працаваў у Расіі, дзе зарабляў значна больш, чым мог атрымаць у Беларусі. За так званымі прэзідэнцкімі выбарамі і пратэстамі на радзіме сачыў праз інтэрнэт.

Абураны затрыманнямі апанентаў Лукашэнкі і гвалтам пасля выбараў, ён пачаў пакідаць у сацыяльных сетках і тэлеграме рэзкія каментары. Пры гэтым не хаваў сваёй асобы і нават не выдаляў напісанага. «Верыў да апошняга, што гэта проста выказванне сваіх думак», – згадвае магілёвец.

Аднак у верасні 2023 года па яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. У крымінальнай справе аказаліся сотні інтэрнэт-каментароў. Паводле мужчыны, некалькі абвінавачанняў яму прад’явілі нават за цытаванне верша Дзяніса Дудзінскага «Чым пахне Беларусь».

У выніку пасля закрытых судовых пасяджэнняў магілёўцу прызначылі чатыры гады пазбаўлення волі і буйны штраф.

Халодны ізалятар і хвароба на фоне стрэсу

Першыя два тыдні пасля затрымання мужчына правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Паводле яго, палітычных вязняў прымушалі спаць на верхніх ярусах без матрацаў, на голым метале. У перапоўненых камерах было холадна, удзень забіралі курткі, а ежа была настолькі дрэннай, што даводзілася перабівацца хлебам і гарбатай. На праверкі людзей выводзілі ў кайданках, сагнутымі ў так званай позе «ластаўкі».

Пасля пераводу ў СІЗА бытавыя ўмовы крыху палепшыліся, але праблемы са здароўем толькі пачыналіся. «На фоне пачварнага стрэсу і пагроз ад следчага пра двухзначны тэрмін у мяне пачаўся кантактны дэрматыт», – расказвае былы палітвязень.

Асаблівай дапамогі ад турэмнай медыцыны ён не атрымаў. Мужчына згадвае выпадак, калі чацвярым вязням з высокай тэмпературай медык выдаў адну таблетку парацэтамолу на ўсіх.

Ад захворвання скуры яго ратавалі пераважна мазі і лекі, якія змаглі перадаць родныя. Аднак цалкам пазбавіцца наступстваў хваробы не ўдалося нават пасля вызвалення. Былы палітвязень кажа, што дагэтуль прымае антыгістамінныя прэпараты і наведвае псіхолага.

Даводзілася змагацца нават за душ

Пасля апеляцыі восенню 2024 года магілёўца этапавалі ў наваполацкую калонію №1. Там яго паставілі на прафілактычны ўлік як палітычнага вязня і выдалі жоўтую бірку. Паводле мужчыны, у калоніі палітвязні сутыкаліся з дадатковымі абмежаваннямі. Нават магчымасць памыцца пасля працы ператваралася ў выпрабаванне.

На прамысловай зоне душ быў, але першымі туды ішлі звычайныя зняволеныя. Палітычныя мусілі спачатку прайсці абавязковую праверку, а потым спрабаваць паспець памыцца ў брудных і цёмных душавых. «Але я са сваім дэрматытам хадзіў штодня», – адзначае былы вязень.

Працоўныя будні таксама мелі свае асаблівасці. Мужчына сартаваў уручную поліэтыленавыя гранулы, аддзяляючы чорныя, шэрыя і белыя. Калі працы не было, усё адно патрабавалася рабіць выгляд, што заняты. Дастаткова было трымаць у руках мятлу ці іншы інструмент, каб пазбегнуць прэтэнзій адміністрацыі.

Трыццаць сутак у халодным ШІЗА

Адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для магілёўца сталі 30 сутак у штрафным ізалятары. Паводле яго, у памяшканні з кафлянай падлогай і адчыненым акном было настолькі холадна, што ноччу ён прачынаўся ад сутаргаў. Каб сагрэцца, даводзілася прысядаць і адціскацца, пасля чаго зноў спрабаваць заснуць.

Удзень нары прышпільвалі да сцяны, таму адпачываць можна было толькі седзячы. «Памерці не дадуць, кожны дзень прыходзіць лекар, але толькі каб падтрымаць жыццё», – так апісвае мужчына медыцынскі нагляд у штрафным ізалятары. Не менш цяжкай за холад была поўная ізаляцыя ад родных. 

Менавіта пасля ШІЗА, кажа былы палітвязень, у яго засталася звычка пастаянна хадзіць з боку ў бок, калі нервуецца або чагосьці чакае.

Хоць цяпер магілёвец знаходзіцца на волі за межамі Беларусі, але турэмнае зняволенне для яго не скончылася ў дзень вызвалення. Засталіся хвароба скуры, неабходнасць лячэння і псіхалагічныя наступствы перажытага.

Фотаздымак: “Беларуская турма” “ВКонтакте”

Адміністрацыя бабруйскай калоніі здзекваецца з палітвязняў, абнадзейваючы вызваленнем

Надзею палітвязняў на вызваленне па амерыканскім трэку адміністрацыя бабруйскай калоніі №2 выкарыстоўвае для маніпуляцый і здзекаў.

Пра тое, як у калоніі абяцаюць хуткае вызваленне, якое потым не адбываецца, былы зняволены, прымусова вывезены з Беларусі ў 2025 годзе, ананімна расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна».

«Рыхтуйся з’язджаць». Але нікуды не выпусцілі

Адным з тых, каго, паводле суразмоўцы праваабаронцаў, неаднаразова абнадзейвалі вызваленнем, быў супрацоўнік паліклінікі Аляксей Мандзік, асуджаны на сем гадоў калоніі.

Мужчына цяжка пераносіў зняволенне, часта нерваваўся, трапляў у штрафны ізалятар і нават разважаў пра магчымасць пратэсту, у тым ліку адмовы ад ежы. Каб не дапусціць абвастрэння сітуацыі, супрацоўнікі калоніі, як сцвярджае былы палітвязень, пачалі абяцаць яму хуткі выезд за мяжу.

«Яму самі мянты, паводле яго слоў, казалі: “Усё, рыхтуйся з’язджаць, вывязуць цябе за мяжу”. Ён ужо маральна быў цалкам да гэтага гатовы, але кожны раз усё гэта праходзіла міма яго», – згадвае суразмоўца «Вясны».

Мандзіка рэгулярна выклікалі на размовы да аператыўнага супрацоўніка. Паводле сведкі, абяцанні вызвалення гучалі нават за пару тыдняў да таго, як групу палітвязняў сапраўды вывезлі з Беларусі. Але Мандзіка сярод вызваленых не аказалася.

Былы вязень мяркуе, што надзеяй на волю адміністрацыя проста спрабавала супакоіць чалавека, ад якога чакала праблем.

У калоніі нават прагназавалі вызваленні

Навіны пра магчымыя памілаванні і перамовы з амерыканцамі былі адной з галоўных тэм размоў палітвязняў. У інфармацыйнай ізаляцыі людзі лавілі кожнае паведамленне праўладнага тэлебачання, чыталі газеты і спрабавалі зразумець, калі можа наступіць іх чарга выйсці на волю.

«Размовы, размовы, размовы толькі пра гэта. Пастаяннае нервовае курэнне і чаканне, калі гэта здарыцца», – расказвае былы зняволены. Паводле яго, сярод вязняў шырока хадзілі прагнозы, што ўсіх палітычных адпусцяць да траўня 2026 года. Аднак гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся.

Часам турэмная «аналітыка» ўсё ж давала вынік. Былы палітвязень згадвае, як пасля паведамленняў па тэлебачанні пра кантакты беларускіх уладаў з прадстаўнікамі Ватыкана выказаў меркаванне, што хутка могуць вызваліць каталіцкага святара Генрыха Акаловіча.

«Айцец Генрых, а вас, мне здаецца, хутка выпусцяць», – сказаў ён святару.

«Дай Бог», – адказаў той.

Менш чым праз тыдзень Акаловіча сапраўды вызвалілі.

Але адзін удалы прагноз толькі падмацоўваў агульнае чаканне: калі адпусцілі аднаго, значыць, наступным магу быць я.

«Жыццё зняволенага – гэта сон і надзея»

Паводле былога палітвязня, кожны ў бабруйскай калоніі перажываў чаканне волі па-свойму.

Вадзім Васільеў, асуджаны на 12 гадоў, наадварот, імкнуўся не вылучацца, мала расказваў пра сябе і пазбягаў лішніх размоў. Іншы палітвязень, Мікалай Рой, які таксама атрымаў 12 гадоў зняволення, вельмі спадзяваўся на хуткае вызваленне. Яго падтрымлівалі родныя, але думкі пра магчымы выхад на волю не пакідалі мужчыну практычна ні на дзень.

«Жыццё зняволенага – гэта сон і надзея. У астатні час ты не жывеш, а існуеш», – так апісвае турэмныя будні суразмоўца праваабаронцаў.

Пра вызваленне марыў і Андрэй Бераставы. Яму асабліва цяжка давалася нявызначанасць: што будзе з сям’ёй, колькі яшчэ давядзецца сядзець і як пасля ўсяго вяртацца да звычайнага жыцця.

Падставы спадзявацца ў яго былі: брата Вячаслава памілавалі. Аднак замест вызвалення Андрэй атрымаў новую крымінальную справу, звязаную з «Беларускім Гаюном», якую распачалі непасрэдна падчас яго знаходжання ў калоніі.

Надзея як інструмент ціску

Сведчанні былога палітвязня паказваюць, наколькі моцна навіны пра магчымыя вызваленні ўплываюць на людзей, якія гадамі знаходзяцца за кратамі.

Для адных гэта магчымасць не страціць надзею, для іншых – крыніца пастаяннага нервовага напружання. Але найбольш цынічна выглядаюць апісаныя былым вязнем паводзіны супрацоўнікаў калоніі, калі чалавеку абяцаюць хуткую волю не таму, што прынята адпаведнае рашэнне, а каб ён паводзіў сябе цішэй і не ствараў праблем адміністрацыі.

У такім выпадку нават вызваленне, якога палітвязні чакаюць гадамі, ператвараецца ў яшчэ адзін інструмент турэмнага кантролю. І для гэтага, як вынікае з аповеду былога зняволенага, не патрэбныя ні штрафны ізалятар, ні дадатковы прысуд. Дастаткова сказаць чалавеку «рыхтуйся, хутка паедзеш», а потым пакінуць яго за кратамі.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Гендырэктар Беларускага цэментнага завода ў Касцюковічах папаўся на хабары

Былы генеральны дырэктар Беларускага цэментнага завода, сенатар Ігар Сяргееў асуджаны за карупцыю.

Пра тое, што сёлета быў вынесены прысуд кіраўніку завода ў Касцюковічах распавёў 20 кастрычніка 2026 года старшы пракурор Генеральнай пракуратуры Беларусі Андрэй Федаровічаў. Ён не назваў імя і прозвішча кіраўніка, але іх удалося высвятліць журналістам.

З 2021 года на чале прадпрыемства быў Ігар Сяргееў. Ён жа ў 2024 годзе быў абраны членам Савета Рэспублікі ад Магілёўскай вобласці. У тэлеграм-канале касцюковіцкай раёнкі Сяргееў апошні раз узгадваецца 19 лістапада 2025 года, хоць да таго яго провішча рэгулярна з’яўлялася ў паведамленнях.

Новы дырэктар з’явіўся на Беларускім цэментным заводзе ў траўні 2026 года. Пасаду заняў Яўген Валошчык, які раней быў галоўным тэхнолагам у «Краснасельскбудматэрыялах», якія таксама займаюцца вырабам цэмента, праўда, у Ваўкавыскім раёне Гродненскай вобласці. 

За атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча (ч. 3. арт. 430 Крымінальнага кодэкса), прадугледжваецца ад 5 да 15 гадоў калоніі. Выглядае, што першасны суд ужо адбыўся. Але невядома, былы сенатар чакае апеляцыю ці ўжо адправіўся ў калонію.

На сайце Савета Рэспублікі Сяргееў ужо таксама адсутнічае. Пры гэтым 25 кастрычніка 2025 года ён прымаў удзел у суботніку ў Касцюковічах як сябр Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцву.

Фотаздымак: “Голас Касцюкоўшчыны”

Шклоўская калонія ўдакладніла: яны супраць замежных вітамінаў не з беларускіх аптэк

Адміністрацыя калоніі №17 Шклова ўдакладніла патрабаванні да лекаў замежнай вытворчасці, якая не прымуць у якасці перадачы для вязняў.

Раней паведамлялася, што у гэтай калоніі для вязняў цяпер дазволены толькі вітаміны і вітамінныя комплексы беларускай вытворчасці.

Паводле тлумачэння адміністрацыі, перадаваць дазволена вітаміны любых вытворцаў, але толькі тыя, што ўваходзяць у асартыментны пералік беларускіх аптэк. У якасці прыкладу прыводзіцца папулярны вітамінны комплекс «Супрадзін» нямецкага канцэрна Bayer.

Калі сваякі набудуць яго ў беларускай аптэцы, калонія павінна прыняць перадачу. А вось такі самы «Супрадзін», прывезены з Германіі, можа не прайсці турэмны кантроль. Асабліва калі на ўпакоўцы няма дублявання надпісаў па-руску.

Такім чынам, адзін і той жа вітамінны комплекс у залежнасці ад месца пакупкі можа аказацца для адміністрацыі калоніі прымальным або непрымальным. Таму сваякам зняволеных раяць захоўваць аптэчныя чэкі. Яны могуць спатрэбіцца, каб даказаць, што вітаміны былі набытыя менавіта ў Беларусі.

Мяркуецца, што такое патрабаванне можа дзейнічаць не толькі ў шклоўскай калоніі, але і ў іншых папраўчых установах. Аднак пацверджанняў з іншых калоній пакуль няма.

У выніку атрымліваецца своеасаблівая турэмная фармакалогія: нямецкія вітаміны з беларускай аптэкі падыходзяць, а тыя ж нямецкія вітаміны непасрэдна з Германіі могуць выклікаць пытанні. І галоўным доказам прыдатнасці прэпарата для перадачы становіцца не толькі яго склад, але і рускамоўны надпіс на ўпакоўцы ды беларускі касавы чэк.

Фотаздымак: belapan.com

Для вязняў шклоўскай калоніі перасталі прымаць імпартныя вітаміны

У калоніі №17 Шклова для вязняў цяпер дазволены толькі вітаміны і вітамінныя комплексы беларускай вытворчасці.

Адміністрацыя шклоўскай калоніі працягвае здзеквацца над вязнямі, забараняючы прымаць нават вітаміны, калі яны замежнай вытворчасці. Паводле яе распараджэння, лекар гэтай папраўчай установы больш не будзе падпісваць дазволы на атрыманне імпартных вітамінных прэпаратаў. 

Гэта аб’ектыўна звузіць асартымент вітамінаў, якія даступны зняволеным, тым больш, што апошнім часам у іх былі папулярныя вырабы нямецкага канцэрна Bayer і амерыканскіх вытворцаў.

Але магчыма, вітамінамі справа не закончыцца, паводле Mayday, разглядаецца магчымасць распаўсюдзіць забарону на перадачу таксама імпартных лекавых сродкаў для асуджаных з хранічнымі хваробамі.

Фотаздымак: belapan.com

У Магілёве студэнтам патлумачылі, навошта, кім і як пішацца гісторыя Беларусі

У Магілёўскім універсітэце імя Куляшова прачытаў лекцыю Вячаслаў Даніловіч (на фота) – акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук Акадэміі навук і «дэпутат» Палаты прадстаўнікоў. Слухалі яго ўдзельнікі форуму Саюзнай дзяржавы «Памяць. Выбар. Адказнасць».

З прамовы Даніловіча высветлілася, што задачы гістарычнай навуцы ў нас ставіць Лукашэнка, а рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы ўзначальвае не гісторык, а кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі.

Менавіта паводле такой сумнеўнай схемы вызначаецца тое, што для нашых продкаў было станоўчым, а што адмоўным.

Першым сярод гістарычных скажэнняў Даніловіч назваў адмаўленне агульных каранёў рускіх, беларусаў і ўкраінцаў. Навуковец падкрэсліў, што ў адзіных каранях трох народаў сумненняў няма.

Падкрэслім, што тэзісам пра трыадзіны народ Масква апраўдвае вайну супраць Украіны.

Фота «Могилевские ведомости».

Ад журналіста-палітвязня магілёўскай калоніі сталі радзей прыходзіць лісты

З палітвязнем калоніі №15 Магілёва, гродзенскім журналістам Дзянісам Івашыным пагоршылася ліставанне.

«Лістоў даўно няма, і ідуць яны доўга. Папярэднія паштоўкі з лістамі больш чым 2 тыдні таму напісаныя. Падчас тэлефанаванняў, якія адбываюцца нават часцей за атрыманне новай карэспандэнцыі ад Дзяніса, ён кажа, што ўсё ў парадку, ніякіх навінаў ці зменаў з ім не адбываецца», – распавяла жонка палітзняволенага Вольга Івашына Радыё “Свабодзе”.

У сваім нядаўнім лісце, змест якога Вольга выклала ў Фэйсбуку, Дзяніс вырашыў апісаць свае бачанне сітуацыі ў свеце і рэгіёне.

“Час імчыць наперад, яго немажліва спыніць, пакінуць у статысе. Шмат каму хацелася б менавіта гэта. Аднак паступовае развіццё гісторыі немажліва спыніць. Яна насычаная падзеямі, якія сведчаць пра ўвесьчаснае змяненне, трансфармацыю грамадска-палітычнага жыцця, сацыяльна-эканамічных рэалій etc. Камусьці хацелася будаваць тысячагадовыя імпэрыі, ствараць “светлую будучыню”, аднак, у выніку дзеяння часу яны апынуліся на сметніку гісторыі. На нашых вачох адбываюцца фундамэнтальныя змены ў калісці ідэаляґічных бастыёнах, у розных рэгіёнах свету. З развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, з улікам татальнае глабалізацыі (у тым ліку і эканомікі), падвышэння дабрабыту, якасці жыцця, павялічэння патэнцыялу чалавечага жыцця гэтыя змены маюць экспанентны рост. І важліва заўжды памятаць: мінулае заўжды прайграе будучыні. Тутака – без варыянтаў”, – напісаў магілёўскі палітвязень.

Даведка: 

Дзяніс Івашын – журналіст, пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы Час». У 2021 годзе затрыманы КДБ РБ, яму прад’яўленыя абвінавачванні ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Калегі мяркуюць, што прычынай затрымання сталі яго расследавання аб прыёме былых супрацоўнікаў украінскага «Беркута» ў беларускія сілавыя структуры і іх наступны ўдзел у падаўленні масавых пратэстаў. У верасні 2022 года быў асуджаны да 13 гадоў калоніі.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”