прадукцыя

Амаль 90 кг пратэрміноўкі знайшлі ў магілёўскім “Белмаркеце”

Магазін “Белмаркет”, што па Першамайскай 91а ў Магілёве прыпыніў сваю дзейнасць з-за вялікай колькасці выяўленых пратэрмінаваных тавараў.

У Магілёве чарговая праверка Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выявіла сур’ёзныя парушэнні ў сферы гандлю і абароны правоў спажыўцоў. Падчас выбарачнага кантролю ў краме «Белмаркет», якая належыць ТАА «БелМаркетКомпані», правяраючыя зафіксавалі шэраг парушэнняў, у тым ліку продаж пратэрмінаванай прадукцыі.

Паводле вынікаў праверкі, у гандлёвым аб’екце прапаноўваліся да рэалізацыі 28 найменняў прадуктаў харчавання і вырабаў уласнай вытворчасці з мінулым тэрмінам прыдатнасці. Сярод іх – слойкі, каржыкі, сырнікі, курыная галёнка-грыль, лаваш з птушкай і салатай ды іншыя. Агульны кошт гэтай прадукцыі склаў больш за 780 рублёў.

Пры гэтым пакупнікоў запэўнівалі, што прадукцыя нібыта «з пылу з жару».

Парушэнні выявіліся і ў вытворчай частцы. У халадзільніку цэха захоўваліся гатовыя стравы, а менавіта галубцы «Дамашнія», рулька «Апетытная», адварная бульба для «бульбы па-вясковаму» ды іншыя, з пратэрмінаванай прыдатнасцю. Іх агульны кошт склаў каля 400 рублёў. Дакладна ўстанавіць час іх прыгатавання не ўдалося.

Як адзначаюць спецыялісты, ужыванне такой прадукцыі магло нанесці істотную шкоду здароўю спажыўцоў.

Акрамя таго, у краме былі выяўлены іншыя парушэнні: невыкананне санітарных норм, адсутнасць цэннікаў, а таксама недастатковая інфармацыя для пакупнікоў пра асобныя тавары.

У выніку дзейнасць магазіна і заготовачнага аб’екта была прыпыненая з 27 сакавіка 2026 года.

Фотаздымак з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва