Дабраахвотнік з Бабруйска Эмілій Лабейка, які ваюе ва Украіне, атрымаў магчымасць вырашыць пытанне з легалізацыяй, дзякуючы новаму закону, які збіраюцца прыняць украінскія ўлады.
Вярхоўная Рада Украіны падоўжыла на паўгода тэрмін, калі іншаземцы, якія служаць ва Узброеных сілах Украіны, могуць атрымаць пасведчанне на часовае жыхарства. Да 10 траўня 2027 года добраахвотнікі павінны падаць пакет дакументаў, каб легалізавацца ў краіне. Законапраект «Аб унясенні змен у некаторыя законы Украіны адносна падстаў знаходжання ва Украіне вайскоўцаў з ліку іншаземцаў і асоб без грамадзянства» апублікавалі 27 кастрычніка. Яго перадалі на подпіс прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму.
Папярэдні тэрмін заканчваўся 10 лістапада 2026 году. У тэксце новага законапраекту гаворыцца, што ня ўсе вайскоўцы паспелі падаць дакументы своечасова – «з шэрагу аб’ектыўных прычын – пераважна звязаных з праходжаннем вайсковай службы і выкананнем задач па абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».
«Працяг устаноўленага тэрміну – неабходны і неадкладны крок. Гэтая мера накіраваная на перадухіленне праўнай нявызначанасці знаходжання такіх асоб на тэрыторыі Украіны, страты імі законных падстаў для такога знаходжання, а таксама звязаных з гэтым негатыўных прававых наступстваў», – адзначаюць аўтары законапраекту.
Законапраект прадугледжвае права іншаземцаў і асоб без грамадзянства пацвердзіць, што яны законна знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, вайсковым білетам або даведкай вайскоўца да 10 траўня 2027 году.
«Атрымліваецца так, што вырашэння пакуль няма. І я працягваю вісець у паветры. Фактычна законапраект увёў новую дату, але праблема не вырашаная» – камэнтуе сітуацыю Эмілій Лабейка. У яго ёсць вайсковы білет. Але калі ва ўкраінскіх законах ня будзе іншых змен, ён не зможа легалізавацца ва Украіне і праз паўгода.
Эмілій Лабейка ўжо чацвёрты год ваюе на баку Украіны супраць расійскага ўварвання. За гэты час ён паспеў стаць фігурантам шасці крымінальных спраў на радзіме, атрымаць завочны прысуд ад акупацыйных улад Данбаса.
Сёлета ў лістападзе яго маглі прымусіць выехаць з краіны. Усё таму, што добраахвотнік не можа легалізавацца ва Украіне. Прычынай стаў закон, які павінен быў палегчыць легалізацыю іншаземных вайскоўцаў, каб яны не аказваліся ў прававой яме і ня трацілі легальнага статусу нават праз паўгода пасля заканчэння кантракта.
Гэты закон пачаў дзейнічаць 10 траўня 2026 году. Паводле яго, усе вайскоўцы, якія пачалі служыць ва Украіне раней за гэтую дату і яшчэ не атрымалі дазволу на жыхарства, былі абавязаныя падаць дакумэнты ў міграцыйную службу да 10 лістапада. У выніку яны маглі атрымаць дазвол на жыхарства.
Аднак для Эмілія Лабейкі гэты закон адыграў адваротную ролю. Ён ня можа падаць патрэбны пакет дакумэнтаў, бо ня мае пашпарта. Беларускі пашпарт Лабейкі згарэў пры абстрэле Краматорску ў траўні 2023 года. Зрабіць новы пашпарт ён ня можа, бо ў тым жа годзе беларускі дыктатар забараніў афармляць новыя пашпарты праз амбасады за мяжой.
Фотаздымак: Радыё Свабода










