Бабруйская сям’я ўзяла на зіму бусла ў кватэру

Бусла, які не паляцеў у вырай, прытуліла на зіму ў сваёй гарадской кватэры бабруская сям’я.

Кароткае відэа з буслом, які стаіць на канапе ў пакоі, з’явілася ў шматлікіх сацсетках. Гэта ўсё выклікала спрэчкі ў карыстальнікаў. Адны лічаць, што птушку выратавалі, іншыя сумняваюцца, што ёй пагражала небяспека. «Калі ён не паляцеў, то ўжо адзін не паляціць… І што яго чакае зімой… Гібель. Дзякуй добрым людзям”, – напісалі ў каментарах прыхільнікі выратавання птушкі.

Іншыя запярэчылі, што на вуліцы яшчэ плюсавая тэмпература. Адзін з каментатараў назваў бусла “цеплакроўным дыназаўрам” і раскрытыкаваў рашэнне пасяліць яго ў цёплай кватэры. 

Карыстальнікі спрачаліся, ці могуць буслы прыстасавацца да халадоў і знайсці сабе ежу. Некаторыя запэўнівалі, што птушкі здольныя адаптавацца, іншыя асцерагаліся, што пакінуты без зімоўкі бусел загіне. Адна з удзельніц абмеркавання адзначыла, што ў Бабруйску няма заапарка, але ёсць школа юнага натураліста з дарослым паркам. Пры гэтым сама яна не стала б забіраць птушку дадому.

“А ці змогуць пракарміць???? Гэта не курыца, камбікорм ён ёсці не будзе. Мяса яму трэба”, – задаецца пытаннем адзін ў карыстальнікаў. “Рыбку паесць”, – адказвае яму другі.

Раней паведамлялася, што некаторыя буслы не паляцелі ў вырай, а засталіся ў Беларусі, у прыватнасці, у тым жа Бабруйску. Іх заўважалі на вуліцах горада і побач з пешаходнымі пераходамі.

Скрыншот: Інстаграм @by_za_mkadom

Магілёўскія суддзі кінулі саджаць людзей і пайшлі саджаць дрэвы

Ажно шэсць маладых елак пасадзілі надоечы каля будынка Магілёўскага аблсуда суддзі разам з азеляніцелямі.

У Магілёўскім абласным судзе суддзі знайшлі сабе іншы занятак, які не патрабуе грукання малатком па стале. Работнікі ўстановы разам са спецыялістамі «Магілёўзеленбуда» заняліся азеляненнем тэрыторыі перад будынкам суда.

Магілёўцы яшчэ доўга будуць памятаць ураган, які наляцеў на горад у ноч з 9 на 10 ліпеня 2025 года. Тады стыхія пашкодзіла старыя елкі каля ўвахода ў абласны суд. Дрэвы раслі там шмат гадоў і сталі своеасаблівай візітнай карткай магілёўскага, як адзначаецца ў паведамленні пра пасадку, «дома правасуддзя».

Аднаўляць зялёныя насаджэнні пачалі яшчэ летась. Тады з аднаго боку будынка высадзілі шэсць маладых елак. Цяпер да іх дадаліся яшчэ шэсць.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўскі абласны суд”

Хахуля на Магілёўшчыне – што вядома

Упершыню за 40 гадоў у пойменных вадаёмах Сожа ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях біёлагі знайшлі сляды хахулі.

Сляды жыццядзейнасці хахулі былі выяўлены падчас палявых работ пры зборы матэрыялу для вывучэння водных відаў насякомаедных. На абследаваных вадаёмах, упершыню за апошнія 40 гадоў вучоныя пабачылі норы і кармавыя столікі з рэшткамі ракавін прэснаводных малюскаў. 

“Разнастайнасць тыпаў сховішчаў у спалучэнні з устойлівай кармавой базай паказвае на захаванне невялікіх лакальных папуляцый гэтага віду ў абследаваных пойменных вадаёмах ракі Сож”, – робяць выснову ў Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па біярэсурсах.

Сёння хахуля знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення. У Расіі, дзе размешчаны асноўны арэал віду, яе колькасць працягвае скарачацца. Паводле ацэнак 2017 года там заставалася каля 8-10 тысяч асобін.

У Беларусі колькасць хахулі рэзка скарацілася да 1950-х гадоў. У 1981 годзе від уключылі ў нацыянальную Чырвоную кнігу, але ўжо ў выданні 1993 года яго выключылі, палічыўшы зніклым у краіне.

Галоўнымі прычынамі сталі меліярацыя і змяненне рачных поймаў: вадаёмы, дзе звярок жыў, мялелі і зарасталі. Дадатковую пагрозу ўяўляла завезеная амерыканская норка, якая палюе на хахулю. Небяспечныя для жывёлы і браканьерскія сеткі, у якіх яна можа загінуць ад удушша. 

Фотаздымак: Klaus Rudloff, CC BY 4.0 Wikimedia Commons

За 740 чырвонакніжных ракаў – адзін год зняволення з адтэрміноўкай

Жыхара Мсціслаўскага раёна асудзілі на адзін год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай за браканьерскі вылаў 740 шырокапалых ракаў, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

У ліпені гэтага года мужчына з дапамогай раколавак здабыў ракаў, вылаў якіх забаронены. Браканьера затрымалі супрацоўнікі Мсціслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету каля аўтамабіля, у які ён якраз пераносіў мяшкі са здабычай.

Дзякуючы своечасоваму ўмяшанню інспектараў 411 ракаў засталіся жывымі. Іх вярнулі ў натуральнае асяроддзе. А вось астатніх 329 ракаў выратаваць не ўдалося. Нанесеную прыродзе шкоду ацанілі ў 149 850 рублёў.

У судзе мужчына цалкам прызнаў віну, раскаяўся і добраахвотна кампенсаваў шкоду. Гэтыя абставіны суд улічыў як змякчальныя. Абцяжарвальных абставінаў не выявілі.

У выніку яго прызналі вінаватым у незаконнай здабычы водных жывёл, якая прычыніла шкоду ў асабліва буйным памеры. Пакаранне – адзін год пазбаўлення волі і штраф у 40 базавых велічынь, або 1800 рублёў.

Аднак адпраўляць браканьера за краты адразу не будуць. Суд пастанавіў не прыводзіць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў выкананне, калі на працягу аднаго года мужчына не здзейсніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго абавязкі.

Фотаздымак: redrak.dp.ua

У Быхаве фотапасткі дапамаглі знайсці забруджвальнікаў наваколля

У Быхаве мясцовыя жыхары спадзяваліся вывезці смецце на землі сельгаспрызначэння незаўважаннымі. Аднак не атрымалася.

Смецце быхаўчане вывозілі на асабістым аўтамабіле і кінулі на сельгасземлях ААТ “Валадарскі”. Сярод выкінутага: раслінныя адходы, розныя прадметы, мяшкі. 

Спадзяючыся, што зрабілі ўсё незаўважна ад людскіх вачэй, парушальнікі прыродаахоўнага заканадаўства з’ехалі. Аднак не ўлічылі таго, што іх дзеянні былі зафіксаваны фотапаскай, размешчанай непадалёк. Дзякуючы відэазапісам удалося выявіць забруджвальнікаў. Цяпер яны заплацяць штраф.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўпрырода”

У Буйнічах засталіся зімаваць некалькі буслоў. Заасад гатовы прыняць іх

На вуліцы Легендарнай у Буйнічах засталіся зімаваць чатыры буслы, а паводле слоў мясцовых жыхароў, птушак можа быць шэсць. Яны не паляцелі на поўдзень, падпускаюць людзей блізка і прымаюць пачастункі. 

Жыхары непакояцца, што з надыходам маразоў птушкам спатрэбіцца дапамога. Птушкі пераважна ходзяць па зямлі і перасоўваюцца скачкамі. Ці могуць яны лётаць, з назіранняў незразумела. Адна з мясцовых жыхарак расказала, што раней у аднаго бусла звісала крыло. Цяпер прыкметных прыкмет траўмы жыхары не назіраюць, але стан птушак спецыялістамі ў публікацыі не пацверджаны. 

У магілёўскім заасадзе паведамілі, што пры неабходнасці гатовыя прыняць буслоў на зімоўку: вальеры для іх прадугледжаны. Аднак загадчык заасада папярэдзіў, што злавіць птушак можа аказацца няпроста. 

Пакуль, паводле яго ацэнкі, умяшанне не патрабуецца: пры цяперашняй тэмпературы птушкі адчуваюць сябе добра, мясцовыя жыхары іх падкормліваюць. 

Чаму адразу некалькі буслоў засталіся ў Буйнічах, дакладна невядома. Дырэктар заасада выказаў здагадку, што гэта могуць быць маладыя птушкі з позняга вывадка. Сярод іншых магчымых прычын ён назваў траўмы, гібель бацькоў і падкормку людзьмі. Гэта здагадкі, а не ўстаноўленая прычына паводзін гэтай групы. 

Летась у Буйнічах ужо заставаўся на зімоўку бусел. Злавіць яго не ўдалося: птушка была палахлівай і магла лётаць. Яна ўладкавалася на даху мясцовага «Еўраопта», грэлася каля трубы і атрымлівала корм ад людзей. Той бусел перажыў зіму і з надыходам цяпла паляцеў. Цяпер жыхары назіраюць ужо за некалькімі птушкамі.

Фота МогилевОнлайн.

Сетка Глабальнай дамовы ААН дапамагла піяру магілёўскіх кампаній

У Магілёўскім раёне пад эгідай Мінлясгаса і Сеткі Глабальнай дамовы ААН прадстаўнікі кампаній і арганізацый высадзілі больш за 50 тыс. саджанцаў.

Як вядома, у ліпені 2025 года на Магілёў і наваколлі абрынуўся моцны ураган, які нарабіў шмат шкоды – паламаў і павырываў з карэннямі дрэвы, пазрываў дахі, параніў людзей. Дагэтуль не ўсе наступствы разгулу стыхіі ліквідаваныя. На месцы пустыроў было вырашана высаджваць маладыя саджанцы.

У суботу пад Магілёвам прайшла маштабная высадка дрэў у рамках акцыі “Дай лесу новае жыццё”. Ён быў арганізаваны дабрачынным праектам “Эра” пры падтрымцы Мінлясгаса і Сеткі Глабальнай дамовы ААН у Беларусі. 

На высадцы 17 кастрычніка сабраліся больш за 120 чалавек – валанцёры, прадстаўнікі кампаній «Рэмандзіс», «Актыўлізінг», «Альфа-Мані», «МУМТ Бі Уай», моладзевая каманда хакейнага клуба «Магілёў» і спецыялісты лясной гаспадаркі. У рамках праекта “Эра” вясной было высаджана 23 тыс. дрэўцаў.

“Мы маштабавалі нашы намаганні і аб’ядналіся з Сеткай Глабальнай дамовы, каб уцягнуць яшчэ больш людзей – ад дзяржаўных устаноў да бізнесу і спорту. Увесну мы пасадзілі 23 тысячы дрэў, а цяпер падвоілі вынік – гэта сапраўдная перамога!” – распавёў Міхаіл Герасімовіч, адзін з заснавальнікаў дабрачыннага праекта «Эра».

Тут варта адзначыць, што Сетка Глабальнай дамовы мае даволі не адназначную рэпутацыю, асабліва цяпер, калі аўтарытэт і рэпутацыя ААН сур’ёзна зменшыліся. Сетка з’яўляецца ініцыятывай ААН, накіраванай на заахвочванне сацыяльнай адказнасці бізнесу і прадастаўленні справаздач аб ажыццяўленні такой палітыкі. У прынцыпе гэта тое, што і адбылося ў кастрычніку пад Магілёвам. 

Пры гэтым сутнасцю Глабальнай дамовы з’яўляецца добраахвотнае абавязацельства прытрымлівацца шэрагу прынцыпаў, у аснове якіх, у прыватнасці, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Дэкларацыя асноватворных правоў і прынцыпаў у сферы працы Міжнароднай арганізацыі працы. А вось тут у Беларусі справы зусім дрэнныя. Правы чалавека пасля 2020 года гэта тое, пра што цяперашняя дыктатарская ўлада чуць нават не хоча і ўсяляк іх падаўляе. У сваю чаргу Міжнародная арганізацыя працы яшчэ ў 2023 годзе прыняла рэзалюцыю аб прымяненні ў дачыненні да Беларусі артыкула №33 Статута Арганізацыі. Арганізацыя заклікае сусветную супольнасць да перагляду адносін з уладамі Беларусі. Гэта адбылося пасля таго, як гэтыя ўлады праігнаравалі рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы па ліквідацыі рэпрэсій і парушэнняў правоў працоўных.

Аднак для Сеткі Глабальнай дамовы ААН у Беларусі такія акалічнасці ніяк не перашкодзілі супрацы з лукашэнкаўскімі ўладамі. Чагосьці асабліва дзіўнага тут няма. У свеце яе даволі часта крытыкуюць за непрытрымліванне дэклараваных прынцыпаў. І гэта дазваляе кампаніям і ўладам выкарыстоўваць Сетку для сваёй сацыяльнай рэкламы. 

Паказальным лічыцца ліст аднаго з плямёнаў індзейцаў у Парагваі, у якім яны «занепакоеныя і расчараваныя» з-за ўключэння ў Глабальную дамову скандальнай бразільскай жывёлагадоўчай кампані Yaguarete Porá, якая была абвінавачаная і аштрафаваная за незаконныя высечкі лясоў гэтага індзейскага племя і за ўтойванне доказаў. Індзейцы патрабавалі выключыць кампанію са спісу ўдзельнікаў Глабальнай дамовы. 

Фотаздымак: charity-era.by

Пад Магілёвам былы пастаўшчык IKEA будзе адводзіць дажджавую ваду з фармальдэгідам у грунт – ніхто не запярэчыў

Завод «Новус Індустры» ў Вейнянскім сельсавеце, рэзідэнт СЭЗ «Магілёў» і некалі найбуйнейшы пастаўшчык IKEA, будуе новыя ачышчальныя збудаванні для дажджавой і талай вады. 

Гарвыканкам падвёў вынікі абмеркавання праекта: за месяц ніводнай заўвагі. Цяпер гэтая вада з тэрыторыі завода сыходзіць у гарадскую каналізацыю. Пасля ачысткі яе будуць адводзіць у грунт – да 4,8 тысячы кубаметраў за суткі. Адтуль яна трапіць у грунтавыя воды, гэта прама напісана ў справаздачы аб АУНА. 

У вадзе ёсць фармальдэгід і фенолы – след вытворчасці драўняна-стружкавых пліт і мэблі. Новыя ачышчальныя збудаванні з дадатковымі фільтрамі павінны даводзіць іх да нормаў пітной вады. Але разлічаны яны на ваду, у якой фармальдэгіду ў пяць разоў менш, чым яго даходзіла ў сцёках завода паводле замераў водаканала у 2022–2025 гадах. 

Асобнага нарматыву для скіду ў грунт у Беларусі няма – гэта таксама прызнаюць аўтары праекта. Дакументы накіравалі на дзяржаўную экалагічную экспертызу і… Усё добра, цудоўная маркіза!

Фота з адкрытых крыніц

На Магілёўшчыне высадзяць 40 гектараў новага лесу – а ўсохлых ельнікаў на ўліку 2,8 тысячы гектараў

Лясгасы Магілёўскай вобласці далі старт акцыі «Дай лесу новае жыццё!», якая працягнецца да 24 кастрычніка. 

За тыдзень плануюць стварыць каля 40 гектараў новага лесу на месцы бураломаў і загінулых ельнікаў і яшчэ 200 гектараў дапаўненняў – падсадак ва ўжо існуючых лясных культурах. Усяго ў зямлю павінна пайсці больш за 317 тысяч сеянцаў і саджанцаў. 

Напярэдадні старту намесніца кіраўніка Магілёўскага ДВЛГА па ідэалагічнай рабоце Ірына Цысельская расказала БелТА, што толькі ўсохлых яловых насаджэнняў у вобласці пастаўлена на ўлік 2,8 тысячы гектараў, частку з іх ужо высеклі. Тады ж яна называла каля 100 гектараў новых лясных культур на час акцыі – у аб’яве пра старт засталося 40. 

Нават сотня гектараў – менш за чатыры працэнты плошчы загінулага ельніку, 40 гектараў – менш за паўтара. 

У першы дзень Чавускі лясгас адсправаздачыўся пра 2,9 гектара, закладзеныя «ў гонар Года беларускай жанчыны», і паводле традыцыі паставіў на месцы пасадкі памятную таблічку. 

У Хоцімскім раёне на пасадку выйшаў кіраўнік раёна Аляксандр Дзівакоў разам з намеснікамі старшыні райвыканкама, загадчыкамі аддзелаў, спецыялістамі і «дэпутацкім корпусам». 

Па выніках дня лясное аб’яднанне налічыла больш за 800 удзельнікаў па ўсёй вобласці і само пералічыла, хто яны: школьнікі, навучэнцы, студэнты, работнікі прадпрыемстваў, супрацоўнікі дзяржорганаў. На фотаздымках з месцаў падзей – пастраенні са сцягамі і банерамі арганізацый, дзеці з вёдрамі саджанцаў. 

Акцыя абвешчана добраахвотнай, але выходзяць на яе калектывамі – школамі, прадпрыемствамі, ведамствамі, а ў Хоцімску амаль усёй раённай вертыкаллю.

Фота Лесные новости Могилевщины.

Камеры ў лесе, дзірка ў бухгалтэрыі: на Магілёўшчыне лясгасы ловяць парушальнікаў

У Чавускім лясгасе працуюць 24 фотапасткі. Камеры схаваныя там, дзе часцей за ўсё выкідваюць смецце, спрацоўваюць на рух і на працягу хвіліны адпраўляюць здымак з датай і часам на пошту спецыялісту лясгаса. 

Апошняй трапілася жанчына, якая выносіла смецце ў 120-м квартале Сласцёнскага лясніцтва каля садовага таварыства «Мелиоратор». Яе асобу высвятляюць. 

Штраф за забруджванне лесу цяпер складае ад адной да трыццаці базавых велічынь, і абмяжоўвацца папярэджаннем лясгас больш не абавязаны. 

За дзевяць месяцаў 2026 года да адказнасці прыцягнулі ўдвая больш людзей, чым за той жа перыяд мінулага года. Для параўнання, за першае паўгоддзе 2025 года лясгас ліквідаваў 24 звалкі, выдаў сем прадпісанняў і вынес адно папярэджанне, а штраф тады не перавышаў дзесяці базавых велічынь. 

У суседнім Клічаўскім раёне грошы з лесу сыходзілі не праз узлесак, а праз кантору. 48-гадовая бухгалтарка аднаго з лясніцтваў з лістапада 2022 года па жнівень 2025 года ўносіла ў дакументы недакладныя звесткі пра тое, колькі лесаматэрыялаў адпушчана насельніцтву і колькі грошай за іх атрымана. Ва ўліку не быў адлюстраваны продаж больш як 809 кубаметраў драўніны, выручка заніжана больш чым на 17,8 тысячы рублёў. 

Выявілася гэта, калі галоўная бухгалтарка па просьбе ляснічага праверыла, як расходуюцца грошы, атрыманыя ад насельніцтва за дровы: звесткі ў АДІС уліку драўніны і ў бухгалтарскай праграме разышліся. У судзе жанчына віну прызнала і шкоду кампенсавала. Ёй прызначылі тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на тры гады, штраф 70 базавых велічынь, забарону на пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнымі каштоўнасцямі, і 60 гадзін грамадскіх работ. Для Клічаўскага раёна гэта другая лясная справа за год. У ліпені суд таго ж раёна прыгаварыў былога ляснічага да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму: паводле яго ўказанняў работнікі высеклі 288 дрэў за межамі адведзеных лесасек або ўвогуле без дакументаў, а паводле нарад-актаў з ілжывымі звесткамі ім налічылі больш за 9,9 тысячы рублёў заробку. 

Вось такое «Ну, пачакай!»: леснікі ловяць тых, хто забруджвае лес, а пракуратура – саміх леснікоў. 

Фота раённай газеты «Искра».