Крымінальная справа за ўгон стала вынікам 10 метраў п’янай язды і наступнага сна ва ўгнаным аўтамабіле.
Пошукі скрадзенай «Газелі» занялі ў магілёўскай міліцыі менш за гадзіну. Шукаць меркаванага ўгоншчыка ўвогуле не спатрэбілася, бо ён мірна спаў на заднім сядзенні таго самага аўтамабіля. Мужчына быў настолькі п’яны, што пасля затрымання так і не здолеў выразна аднавіць усю паслядоўнасць сваіх прыгод.
Паводле яго тлумачэнняў, яму падалося, што «Газель» належыць знаёмаму. Звычайнай адсутнасцю ключоў гэтая ўпэўненасць не пахіснулася: мужчына здолеў трапіць у салон, вырваў і замкнуў правады, пасля чаго запусціў рухавік.
Далёка з’ехаць не атрымалася. П’яная паездка скончылася праз дзясятак метраў, калі кола сустрэлася з бардзюрам і машына спынілася. Працягваць падарожжа мужчына ўжо не стаў. Замест гэтага перабраўся на задняе сядзенне і заснуў. Менавіта там яго і знайшлі міліцыянеры, калі аглядалі адшуканую «Газель». У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за ўгон.
Скрыншот: ТГ “ОС Exclusive”









