У Магілёве ідзе рэалізацыя аднаго з найбуйнейшых будаўнічых праектаў апошніх гадоў. У пойме Дняпра плануюць узвесці шматфункцыянальны спартыўны комплекс «Айсберг», у які ўвойдуць новая лядовая арэна і першы ў горадзе паўнавартасны аквапарк.
Тэлеканал “Магілёў-4” распавёў пра маштабную будоўлю, якая разгорнецца ў Ленінскім раёне – у прыватным сектары ўздоўж набярэжнай, у раёне вуліц Падгорнай, Бетховена і Ламаносава. Тут ужо пачаліся работы: будаўніцтва лядовай арэны стартавала ў снежні 2025 года.
Комплекс размесціцца на ўчастку плошчай больш за шэсць гектараў. Зараз гэта забалочаная тэрыторыя, якую перыядычна затапляе. Каб узвесці тут буйныя будынкі, праекціроўшчыкам давядзецца падняць узровень зямлі амаль на два метры і ўмацаваць адхоны.
Праект ацэньваецца больш чым у 335 мільёнаў рублёў. Асноўная частка сродкаў пойдзе на два аб’екты:
- каля 123 мільёнаў – на лядовую арэну;
- больш за 200 мільёнаў – на аквапарк.
Заказчыкам выступае Магілёўскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, а генеральным праекціроўшчыкам – інстытут «Магілёўграмадзянпраект».
Другая лядовая арэна
Новая арэна стане найбуйнейшай у горадзе. Яна разлічана прыкладна на 5300 гледачоў і пераўзыдзе дзеючы лядовы палац, адкрыты ў 2000 годзе, які ўмяшчае крыху больш за 3000 чалавек.
Будынак будзе трохпавярховым і шматфункцыянальным. Акрамя хакея, тут можна будзе праводзіць спаборніцтвы па фігурным катанні, шорт-трэку, кёрлінгу, а таксама масавыя катанні. Унутры прадугледжаны распранальні для каманд, трэніровачныя і харэаграфічныя залы, медыцынскія памяшканні і тэхнічныя службы.
Глядацкая зона размесціцца на другім узроўні, а трэці паверх аддадуць пад VIP-ложы, прэс-цэнтр і дадатковыя трыбуны.
Першы аквапарк у Магілёве
У складзе комплексу з’явіцца і першы ў Магілёве аквапарк. Ён зможа адначасова прымаць да 1100 наведвальнікаў.
Праект прадугледжвае басейны, водныя горкі, лазнева-тэрмальную зону, СПА, дзіцячыя гульнявыя прасторы і фуд-корт. Будзе аэрадынамічная труба і глыбакаводны басейн для апусканняў.
Лядовую арэну і аквапарк аб’яднае агульны ўваход праз вялікі шкляны атрыум.
Інфраструктура і транспарт
Для комплексу запраектаваны буйны наземны паркінг на 1350 машынамесцаў. Да аб’екта таксама падвядуць новую чатырохпалосную дарогу, якая злучыць яго з вуліцай Каралёва.
Тэрыторыю вакол добраўпарадкуюць: з’явяцца тратуары, веладарожкі, азеляненне і грамадскія прасторы.
Дзеля будоўлі змянілі ахоўныя зоны
Будаўніцтва запатрабавала карэкціроўкі горадабудаўнічых абмежаванняў. Новая магістраль павінна прайсці побач са Свята-Мікольскім манастыром XVII стагоддзя – помнікам архітэктуры, вакол якога раней дзейнічалі строгія ахоўныя зоны.
Каб рэалізаваць праект, у сакавіку 2026 года Міністэрства культуры змяніла рэгламенты. Цяпер у зоне аховы ландшафту дапускаецца пракладка транспартнай інфраструктуры – гэта зняло абмежаванні для будаўніцтва дарогі да комплексу.
Завяршыць будаўніцтва лядовай арэны плануюць да 2027 года, тэрміны ўводу аквапарка пакуль афіцыйна не абазначаны.
Фота: скрыншоты відэа тэлеканала “Могилев-4”.
