Калі сцены гніюць хутчэй, чым справаздачы ў чыноўнікаў: выпадак у Старой Радчы

У Круглянскім раёне вецер зрабіў тое, да чаго чыноўнікі і іх «рэформы» давялі ўжо даўно – разваліў цялятнік у вёсцы Старая Радча. Ад моцных парываў даху і сцен проста не стала. Пад абломкамі апынуліся жывёлы, але, на шчасце, усе 75 цялят выжылі. МНС, працаўнікі фермы і суседзі аператыўна прыбеглі на дапамогу – і вось ужо на відэа ўсё выглядае амаль як геройскі рэпартаж. Але за кадрам застаецца галоўнае пытанне: чаму ў нас ад ветру абвальваюцца будынкі, якія павінны стаяць дзесяцігоддзямі?

На Магілёўшчыне людзі не здзіўляюцца. Бо ведаюць: калі ў дзяржаве ўсё гніе, то пачынаецца не з палітыкі – з фермы. Гніюць дошкі, цвілее цэгла, ржавеюць кроквы, а потым прыходзіць шквал – і ад «моцнага савецкага фундаменту» застаецца стос дошак. І ўсе робяць выгляд, што гэта «стыхія».

Калі паглядзець уважліва, «стыхія» тут жыве даўно – у справаздачах, дзе рамонт адрамантаванага будынка праходзіць пяць разоў запар; у подпісах, дзе кіраўнік раёна зацвярджае «гатоўнасць» да восеньскіх дажджоў; у дакументах, дзе ўсё пад кантролем, толькі каровы пасвяцца паміж руін.

Пасля абвалу чыноўнікі абяцалі «правесці ацэнку наступстваў і пачаць аднаўленне». Гэта гучыць ужо як традыцыйная мантра: спачатку разваліцца, потым ацэнім, потым паабяцаем, потым забудзем. І, можа быць, калі праз год прыедзе праверка, цялятнік ужо будзе «на стадыі ўзнаўлення». На паперы – ў любым выпадку.

Тым часам, людзі з суседніх гаспадарак кажуць проста: «Вецер быў, ды не такі ўжо і страшны. А вось дошкі трухлявыя – дык яны і не вытрымалі». Гэта і ёсць уся формула краіны. Бо калі ў нас кожны аб’ект будуецца, як тэлеграм-канал – хутка, танна і для справаздачы – то чаго чакаць ад ураганаў?

Вецер толькі паказаў тое, што даўно прагніло. Не толькі сцены – сістэму, у якой уся адказнасць заканчваецца на слове «стыхія». Бо так зручна: не трэба шукаць вінаватых, не трэба глядзець у смету, не трэба ўспамінаць, хто падпісаў акт прыёмкі. Проста сказаць: «прырода вінаватая».

Можа, гэты шквал – не пра надвор’е, а пра сімвал. Бо, калі дзяржава будуе ўсё на гнілых падпорках, то першы ж моцны парыў – і абваліцца не толькі цялятнік. І тады не застанецца ні герояў, ні цялят, толькі голае поле і чарговая справаздача, што ўсё «ў межах нормы».

Якуб Ясінскі

З’явілася петыцыя за азеляненне Магілёва – горад задыхаецца без дрэваў

У Магілёве шмат асфальта, бетона, тратуарнай пліткі, будынкаў, якія назапашваюць цеплыню днём і аддаюць яе ноччу. У выніку ўвечары замест палёгкі і прахалоды жыхары горада адчуваюць душнае гарачае паветра, якое замінае сну і аднаўленню сіл. Працяглыя хвалі спякоты ў такіх умовах могуць прывесці да перагрэву арганізма, абязводжванню ці абвастрэнню сардэчна-сасудзістых захворванняў. 

Гэта радкі са зварота, які размясціў у сваім Тэлеграм-канале “Блог гарадскога актывіста з Магілёва” яго аўтар, жыхар абласнога цэнтра, якога завуць Мікіта. Мікіта падрыхтаваў петыцыю ў праектную ўстанову “Магілёўграмадзянпраект”. За прыклад ён прапанаваў узяць вопыт еўрапейскіх гарадоў, якія ўлічваюць змены клімата ў апошнія гады і перайшлі на новы падыход да арганізацыі магістральных шляхоў. Калі раней яны праектаваліся ў першую чаргу так, каб забяспечыць вялікі транспартны трафік, то цяпер усё больш увагі надаецца наяўнасці на вуліцах зялёных пасадак. Вось некаторыя прыклады з Варшавы, якія прыводзіць аўтар блога.

Варшава азеляненне

Варшава озеленение

А вось як выглядаў Магілёў яшчэ зусім нядаўна – у сярэдзіне ХХ стагоддзя. Як жа ён выглядае цяпер – вы і самі бачыце, сумна іранізуе аўтар.

Могилев зелень

Запыт Мікіты, аўтара “Блога гарадскога актывіста з Магілёва” ў “Магілёўграмадзянпраект” канцэнтруецца на агульных праблемах прекціроўкі будучых гарадскіх вуліц, таму што тое, што назіраецца ў горадзе зараз, відавочна ігнаруе як сусветныя тэндэнцыі, так і змену клімату. Застаецца спадзявацца, што адказ магілёўскаму актывісту не акажацца чарговай адпіскай.

Фотакалаж: mogilev.media 

Кухонныя размовы і нацыянальная бяспека: калі Чамаданава залазіць у каструлю

Пакуль у вёсцы пад Быхавам спрачаюцца – саліць агуркі трэба з воцатам ці з гарчыцай, з Мінску паступае важны сігнал: абмяркоўваць на кухні 2020 год – катэгарычна нельга. Старшыня партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава адзначыла, што лепш «менш згадваць» тыя падзеі. Маўляў, у інтарэсах нацыянальнай згоды. 

Я разумею, што для Чамаданавай 2020 год – гэта, відаць, як для многіх з нас зубны боль: маўчаць пра яго лепш, чым зноў перажываць. Але калі дзяржаўныя службоўцы пачынаюць рэгламентаваць, пра што можна казаць на кухні, гэта ўжо нават не «1984», а беларускі спін-офф з мясцовымі спецыфікацыямі. Са сцэнамі, дзе бабуля кладзе ў банку лаўровы ліст, але ўжо без «гэтых размоваў».

У Магілёўскай вобласці кухні – гэта не толькі пра ежу, гэта сацыяльны інстытут. Тут абмяркоўваюць ураджай, курс даляра, як сын Пецюкевіча ледзь не ўехаў у слуп, і, вядома, навіны. Кухня – гэта беларускі парламент для простых людзей. І вось у гэты парламент прыходзіць Чамаданава і кажа: «Гаварыце, але акуратна. І толькі пра тое, што было да 2019-га». 

Яна, дарэчы, сказала, што трэба «працу па данясенні пазіцыі дзяржавы весці больш прафесійна». Што ж, цікава, як будзе выглядаць прафесійная праца з калектыўнай бабуляй, якая аперыруе тэрмінамі «гвалт», «выбары» і «яны зноў пад’язджалі на бусіку»? Можа, з’явяцца спецыяльныя кухонныя інструктары?

Усё гэта нагадвае старую беларускую традыцыю: калі дзяржава нешта не можа растлумачыць – яна забараняе. Калі не ведае, што адказаць – кажа: «Не гаварыце». І як вынік: мы не толькі баімся пісаць у каментарах, але і чакаем, калі ў гарадскіх кватэрах з’явяцца мікрафоны ў чайніках.

Самае трагікамічнае ў тым, што 2020 год – гэта не нейкі тэлефільм, які можна праматаць. Гэта рэальны досвед людзей, у тым ліку з Магілёўшчыны. Гэта цэлы пласт падзей, які ўжо стаў часткай сямейных успамінаў. І калі дзяржава кажа «маўчыце», то, баюся, яна толькі дадае да гэтага досведу новыя старонкі – з іншымі прозвішчамі і новымі камандзіроўкамі па душы.

Можа, калі-небудзь на ўроках гісторыі скажуць: «У гэты перыяд беларусы жылі, закатаўшы язык у рот. Але не таму, што не ведалі, а таму, што баяліся нават на кухні пра гэта гаварыць». Ці сапраўды мы хочам, каб гэта была нашая спадчына?

Ці не пара ўжо зразумець: калі народ абмяркоўвае палітыку на кухні – гэта не пагроза бяспецы. Гэта бяспека сама па сабе. Бо народ, які гаворыць – не страляе. А вось улада, якая ўсё менш слухае, часцей баіцца.

Так што, пані Чамаданава, калі наступны раз зазірнеце ў чужую кухню – не забудзьцеся спытаць, з чым у іх сёлета закатка. І памятаеце: нават самы востры чылі не такі небяспечны, як прыглушаны шэпт у ракавіне.

Якуб Ясінскі

Ідэалогія ў дзіцячым садку: гульні ў страх і недавер

У Беларусі прынялі новы закон аб правах дзіцяці, які прадугледжвае ідэалагічную праверку тых, хто працуе з дзецьмі.

Уявіце: раніца суботы, утульная кухня, пах кававага зерня і дзіцячыя пытанні, якія заўжды заганяюць у тупік. Мая пляменніца, не адрываючыся ад смартфона, раптам пытае: «Дзядзька, а ці прайшоў бы ты сёння ідэалагічную праверку, каб цябе дапусцілі працаваць з дзецьмі?» Пытанне, натуральна, было не выпадковым, а прадыктавана чарговай заканадаўчай навіной з жыцця нашай краіны.

Гэтае пытанне застала мяне знянацку, як той момант, калі ты ўспамінаеш пароль ад старой пошты: здаецца, ведаеш яго, але ці не змяніўся ён за гады? Я задумаўся. І не пра паролі, а пра тое, як наша грамадства пераўтвараецца ў вялікую прыёмную камісію, дзе кожны чалавек мусіць пацвердзіць, што ён думае менавіта так, як патрабуе ідэалогія, каб мець права працаваць з дзецьмі.

Нядаўна прыняты закон «Аб правах дзіцяці» прапанаваў цікавы, але небяспечны элемент: супрацоўнікаў, якія маюць доступ да працы з дзецьмі, цяпер будуць правяраць на прадмет «правільнасці мыслення». Мэта нібыта высакародная: абараніць дзяцей ад дрэннага ўплыву. Але хто вызначае межы гэтага ўплыву? Ці не атрымаем мы замест абароны звычайны механізм кантролю за свядомасцю?

Здавалася б, няма нічога дрэннага ў тым, каб выхавацель быў годным прыкладам. Але вось тут і крыецца галоўная праблема. Праблема не ў тым, што дзяржава хоча клапаціцца пра дзяцей, а ў тым, што яна лічыць сябе адзіным правільным маральным арыенцірам. Мы ўжо бачылі падобнае ў савецкія часы, калі вучні «пільнавалі» настаўнікаў, а настаўнікі — вучняў. І добра, калі абмяжоўвалася гэта толькі размовамі на педсавеце, а не заканчвалася асабістымі трагедыямі.

Я не супраць, каб школы былі зонамі бяспекі і даверу. Але ці можа быць давер там, дзе праверка – гэта перадусім ідэалагічны экзамен, у якім галоўная ўмова – прадэманстраваць «правільныя» перакананні? На маю думку, гэта падобна да спробаў навучыцца плаваць у басейне, дзе вада заўжды мае адну і тую ж камфортную тэмпературу. Толькі жыццё не басейн, а неспадзяваны акіян, і «камфортная тэмпература» там рэдка сустракаецца.

Па сутнасці, гэты закон – яшчэ адна спроба дзяржаўнага ўмяшання ў прыватнасць чалавека пад выглядам дабрабыту дзіцяці. Я шчыра веру, што ў беларускіх школах дастаткова разумных людзей, здольных вызначыць, хто сапраўды небяспечны для дзяцей, а хто проста не ўпісваецца ў дзяржаўныя ідэалагічныя рамкі.

Ці трэба нам вяртацца ў эпоху ідэалагічных атэстацый і «правільных» анкет? Ці не лепш замест гэтага давяраць прафесіяналам і бацькам, а не чарговаму ідэалагічнаму кантралёру?

Магчыма, у маёй пляменніцы калісьці з’явіцца дзіця, і яна таксама сутыкнецца з гэтым дзіўным ідэалагічным выпрабаваннем. Я спадзяюся, што да таго часу мы знойдзем лепшы спосаб бараніць сваіх дзяцей, не ператвараючы школу ў месца пастаяннага падазрэння і страху.

Ці варта верыць у тое, што ідэалогія гарантуе нам будучыню лепшую за тую, якую мы можам стварыць самі – свабодна і адказна? Можа, лепш дазволіць сабе трохі больш сумневу, каб застацца людзьмі, а не правільнымі адказамі ў чыёйсьці анкеце?

Якуб Ясінскі

Фота ілюстрацыйнае, hrodna.life

Парад на экране, разгубленасць у жыцці: навошта нам памяць без герояў?

У Беларусі дагэтуль любяць казаць пра вайну, нібы гэта сямейная рэліквія, якую нельга дакранаць без белых пальчатак. Але апошнія лічбы з дзяржаўнага апытання паказалі нешта балючае: мы захапляемся бронзай помнікаў, але не памятаем тых, хто пад імі пахаваны.

У дзяцінстве мне заўсёды здавалася, што 9 траўня – гэта не проста дзень. Гэта быў нейкі чароўны рытуал з абавязковай тэлевізійнай казкай пра “дзядоў, што перамаглі вайну”, парадамі, вянкамі і кансерваванаю патрыятычнай эйфарыяй. Я шчыра верыў, што кожны дарослы ведае пра гэту вайну нешта асаблівае. А потым вырас. І зразумеў: не, яны проста добра засвоілі школьныя гімны і штампаваныя лозунгі. І вось апошняе апытанне толькі пацвердзіла маю дзіцячую інтуіцыю: амаль палова беларусаў – 49,2% – лічыць, што ведае “ключавыя падзеі вайны”, але назваць герояў можа толькі кожны трэці – 34,2%. Чым не паказальнік таго, як у нас шануюць гісторыю: прыгожа для тэлевізара, пуставата для сэрца.

Яшчэ больш трывожыць, што ў гэтым ідэалагічным лялечным тэатры роля гледача пераходзіць ад бабулі да ўнука – і з кожным пакаленнем сцэнарый робіцца карацейшым і менш сэнсоўным.

Калі я чытаў гэтыя лічбы, лавіў сябе на думцы: можа, гэта нават не віна людзей. Гэта вынік таго, як дзяржава ўпарта мяняе памяць на фальшывыя медалі. Дзе вайна – гэта ўсё менш трагедыя і ўсё больш відовішча.

Я асабіста памятаю, як яшчэ ў школьныя гады на лінейках нам любілі расказваць пра “беспрэцэдэнтны партызанскі рух”. Але ці часта хтосьці спрабаваў патлумачыць, чаму многія “героі” былі абраныя менавіта такімі? Не дзіўна, што самым папулярным імем сярод апытаных стаў Жукаў (21,2%), а потым Казей (15,7%), Касмадзям’янская (14,3%) і Ракасоўскі (12,1%). Але пры гэтым кожны трэці – 34,2% – не назваў ніводнага героя.

Вясковыя апытаныя часцей успамінаюць вайну як нацыянальную трагедыю (56,4%), а гарадскія – як перамогу (53%). Для адных гэта ўсё яшчэ балючы след, для другіх – частка дзяржаўнага рытуалу. Жанчынам часцей уласціва асацыяваць вайну з трагедыяй (52,6%), а мужчынам – з партызаншчынай (71,8%).

Асабліва выразны разрыў бачны паміж пакаленнямі: сярод моладзі толькі 4,7% заявілі, што маюць “усебаковае ўяўленне” пра вайну, у той час як сярод старэйшых людзей гэты паказчык дасягае 21,7%. Моладзь чапляецца за асобныя вобразы, напрыклад, абарону Брэсцкай крэпасці (77,4%), але ўсё радзей бачыць вайну як вялікую нацыянальную гісторыю.

Што да пачуццяў – больш за палову апытаных (59,5%) адчуваюць гонар за народ, але амаль столькі ж (53,1%) – смутак і горыч. Амаль палова – 47,8% – шчыра баіцца паўтарэння вайны. Гэтую непадробную трывогу не знішчаюць ні парады, ні гімны.

Дзень Перамогі гарадскія жыхары ўспрымаюць як “свята ветэранаў” (41,6%) або “народнае свята” (44,3%), у той час як моладзь бачыць яго хутчэй як “памяць пра ветэранаў” (54,5%), а старэйшае пакаленне – як “народнае свята” (52,1%). Гэта не пра перамогу – гэта пра тое, як кожны ўзроставы слой спрабуе не забыць сябе праз калектыўную памяць.

Калі я думаю пра гэтыя лічбы і пра свой уласны досвед, разумею адно: у Беларусі вайна засталася не перажытай, а толькі разыгранай. Мы бясцэнна страцілі шанс ператварыць памяць у жывы дыялог, замест гэтага зрабілі яе бясформеннай рыторыкай. І калі сёння моладзь не ведае герояў, можа, гэта не лянота, а інстынкт самаабароны ад пустых рытуалаў?

Можа, менавіта ў гэтым і ёсць сучаснае пакаленне – не “забыўчывае”, а шчыра стомленае ад фальшывых парадаў? І калі б я сёння спытаў свайго пляменніка пра вайну, ён бы, напэўна, спытаў: “Дзядзька, а гэта будзе са сцэнаром, ці нешта сапраўднае?”

Якуб Ясінскі

Фота: LookByMedia

Гогаль, Вій, Трамп і геапалітычная аналітыка з Краснаполля

Галоўны рэдактар краснапольскай раёнкі “Чырвоны сцяг” Наталля Козік паспрабавала разабрацца ў геапалітыцы з пазіцый гогалеўскага “Вія”. Спроба выклікала ўсмешку.

Навіны ад Гогаля

Артыкул Наталлі Козік пад назвай “Вайна і мір: урокі гісторыі ад Гогаля ў кантэксце сучасных канфліктаў”, які з’явіўся ў тэлеграм-канале “Новости Краснополья”, афіліяваным з раённай газетай “Чырвоны сцяг”, стаў спробай растлумачыць складаную міжнародную сітуацыю з дапамогай літаратурных вобразаў XIX стагоддзя. У выніку замест аналізу мы атрымалі дзіўную сумесь містыкі, наіўных палітычных ілюзій і амаль канспіралагічнага погляду на падзеі.

Козік сцвярджае, што “ў нашай шматвяковай гісторыі і культуры ёсць адказы на ўсе пытанні”. У якасці аргументу прыводзіцца аповесць “Вій”. Гэта тое самае, як разважаць аб міжнароднай палітыцы, абапіраючыся на “Калабка” або “Гары Потэра”. 

З мастацкага пункту гледжання вобраз Вія – выразны. Але наўрацці ён падыходзіць у якасці інструмента аналізу ваенных канфліктаў або міжнародных дамоваў. Вобраз “жалезнага пальца” Трампа, па аналогіі з Віем – гэта не метафара, а проста літаратурная карыкатура без фактычнага зместу.

Спроба падмены рэчаіснасці

Наталля Козік справядліва закідае Трампу яго невыкананае абяцанне скончыць вайну Расіі супраць Украіны за 24 гадзіны. Але гэта хіба адно, з чым можна пагадзіцца ў артыкуле. Усё астатняе – камічныя праявы неразумення ці наўмыснае прыхоўванне прычын вайны, а менавіта расійскага імперыялізму, які ніякім чынам не асуджае Козік. Больш таго, сваім артыкулам яна называе вайну супраць суверэннай дзяржавы – славянскай “драчкай” ва Украіне. Тым самым ніяк не асуджаюччы агрэсара і не спачуваючы ахвяры.

Больш за тое, аўтар наўмысна скажае рэальнасць, перакладваючы віну за ўварванне расійскіх войск ва Украіну на ЗША. Аўтар піша: “Амерыка спарадзіла гэта пекла”. І пры гэтым Козік спадзяецца, што Трамп, прадстаўнік той самай Амерыкі, пекла і пагасіць. 

Гэта значыць “яны дрэнныя, але калі прыйдзе іншы дрэнны, але харызматычны, то ўсё стане добра». Гэта называецца верай у казку, а не палітычны аналіз. Козік быццам бы папракае ЗША за ўмяшанне, але адначасова чакае ад іх ўмяшання ў «правільнай» форме.

Казка не стала быллю

Параўнанне палітыкаў з міфічнымі пачварамі – зручны спосаб пазбегнуць неабходнасці разбірацца ў фактах. Аўтару не трэба аналізаваць, як працуюць перамовы, якія інтарэсы ў бакоў канфлікту, які ўплыў, напрыклад, аказваюць санкцыі. Дастаткова проста сказаць: “Быў Байдэн – стала дрэнна. Прыйшоў Трамп – стаў Вій. Гогаль ведаў”. Гэта не аналітыка, а фальклорны стэндап.

Калі звесці артыкул да сутнасці, то пасыл просты: «Мне балюча глядзець на вайну, я не разумею, як уладкаваная сусветная палітыка, таму я перакладу ўсё на Гогаля і буду спадзявацца на цуд». 

Галоўны рэдактар краснапольскай раёнкі выкарыстоўвае культурныя коды, каб схавацца ад рэальнасці. Таму, замест таго, каб «уключаць мазгі і аналізаваць», як яна сама раіць – краснапольская прапагандыстка робіць цалкам супрацьлеглае. Рамантыка літаратурных вобразаў тут не дапамагае – яна толькі перашкаджае ўбачыць, што насамрэч адбываеццца ў міжнароднай палітыцы.

Фота: “Чырвоны сцяг”

Між «поспехамі» і «праваламі»: як беларусы навучыліся гаварыць пра сябе без інструкцый зверху

Калі беларусаў папрасілі назваць дасягненні і правалы краіны за апошнія пяць і трыццаць гадоў, вынікі апытання здзівілі нават сацыёлагаў. Даследаванне ў траўні правёў Цэнтр новых ідэй, і яго ўдзельнікамі сталі жыхары Беларусі. Упершыню грамадства загаварыла пра сябе не па сцэнары, а па сумленні і гэта, магчыма, галоўнае дасягненне.

На мінулым тыдні я спрабаваў патлумачыць пляменніцы, чаму ў нашай краіне так шмат «святаў працы», але так мала працы, якая радуе. Яна, не задумваючыся, спытала: «А што, у вас ёсць святы, дзе можна проста адпачыць?». Мы абодва засмяяліся – яна з наіўнасці, я з горкай іроніі. Бо ў гэтай краіне нават адпачынак – гэта працоўная норма.

Такія размовы, як і нядаўняе апытанне, паказваюць: беларусы пачынаюць гаварыць пра сябе і сваю краіну без аглядкі на афіцыйныя лозунгі. І гэта, магчыма, галоўны сімптом зменаў, якія адбываюцца не ў кабінетах, а ў сэрцах людзей.

Першая рэакцыя на вынікі апытання – здзіўленне. Не таму, што беларусы назвалі пэўныя дасягненні ці правалы, а таму, што большасць наогул нічога не назвала. Больш за 60% апытаных не змаглі прывесці ні поспехаў, ні няўдач краіны – ні за апошнія пяць гадоў, ні за апошнія трыццаць. Па словах сацыёлагаў, такія лічбы – рэдкасць. Гэта маўчанне – ці то ад страху, ці то ад безнадзейнасці.

61% не назваў поспехаў за апошнія пяць гадоў, 62% – за апошнія трыццаць. Што да няўдач – тут маўчанне яшчэ мацнейшае: 66% не назвалі іх у бліжэйшай перспектыве і 67% – у доўгатэрміновай. Калі ж улічыць і тых, хто канкрэтна напісаў «няма поспехаў» – такіх ужо каля 70%.

І ўсё ж частка беларусаў адказала. І вось што цікава: топ-5 поспехаў за апошнія пяць і трыццаць гадоў амаль супадае. Гэта – эканоміка і развіццё (наколькі гэта слова яшчэ што-небудзь значыць), мір і адсутнасць вайны, стабільнасць хоць бы на мінімуме, захаванне сацыяльнай дзяржавы і адчуванне бяспекі. За трыццаць гадоў яшчэ дадаюць – незалежнасць і суверэнітэт. Гэта як калі чалавек пасля шторму радуецца, што хата не развалілася. Не таму, што яна прыгожая – а таму, што яна проста стаіць.

Сацыёлаг Андрэй Коршуноў адзначыў, што людзі лічаць поспехам ужо тое, што краіна хоць неяк функцыянуе. Гэтая “нармальнасць” – ужо перамога. І тут цяжка не пагадзіцца: калі палова жыцця праходзіць у чаканні горшага, тое, што нічога не мяняецца – успрымаецца як дабро.

Што да няўдач – сярод адказаў часцей за ўсё гучалі страта свабоды, рост рэпрэсій, эміграцыя, раз’яднанасць грамадства, знішчэнне палітычнай канкурэнцыі. Праўда, гэта гаварылі тыя, хто яшчэ не згубіў здольнасць гаварыць.

Але самае цікавае – гэта тое, што людзі пачалі аналізаваць. Не проста прымаць або адмаўляць, а думаць. Сумнявацца. І гэта, магчыма, галоўны крок да сапраўдных зменаў.

Можа, сапраўдныя дасягненні не ў заводах і дарогах, а ў тым, што людзі пачалі задаваць пытанні? Што яны перасталі верыць у простыя адказы і пачалі шукаць свае? І калі гэта так, то, магчыма, мы ўсё ж рухаемся наперад. Ці хаця б пачынаем рухацца. І гэта ўжо нямала.

Якуб Ясінскі

Фота: LookByMedia

Дыпломы, слёзы і камізэлькі: чаму жанчыны не застаюцца ў “прыставах”?

У Магілёве вырашылі за тыдзень навучыць людзей працаваць у сістэме, адкуль усе ўцякаюць. Выпускнікі курсаў – пераважна жанчыны з рэгіёнаў. Што імі рухае? І чаму нават дыплом не можа ўратаваць дзяржаўную службу ад самой сябе?

Калі я глядзеў на фотаздымак з уручэння дыпломаў у Магілёве, адразу прыгадалася сцэна з савецкага фільма: шчыльныя шэрагі крэслаў, сцэна, сціплыя букеты, людзі, што хочуць верыць у сэнс таго, што адбываецца. У цэнтры – Ігар Шардыка, кіраўнік Інстытута павышэння кваліфікацыі, побач – дванаццаць слухачак, якія прайшлі курс па праграме “Забеспячэнне дзейнасці органаў прымусовага выканання”. Усё гэта выглядае так, быццам нехта сапраўды верыць, што сем дзён лекцый і напамін пра “ідэалогію беларускай дзяржавы” могуць змяніць сістэму, у якой ніхто не трымаецца.

Аддзелы прымусовага выканання (ОПИ  альбо АПВ) – гэта тая частка дзяржавы, пра якую ўспамінаюць, калі ўсё ўжо дрэнна: калі трэба спаганяць штрафы, вяртаць пазыкі, апісваць маёмасць у даўжнікоў. Службы, што фактычна займаюцца прымусам, заўсёды стаяць на мяжы – паміж законам і рэальнасцю. Але менавіта ў гэтай зоне дзяржава раптам заўважае, што людзі сыходзяць. І не проста сыходзяць – уцякаюць.

Загадка гэтая толькі для тых, хто ніколі не размаўляў з маладымі жанчынамі, што трапляюць у АПВ. Яны часта ідуць туды не па ўнутранаму закліку, а таму што «ў горадзе больш няма куды». Звычайна гэта выпускніцы юрфаку або каледжа, часта з невялікіх гарадоў – Шклова, Бабруйска, Краснаполля. З гатоўнасцю працаваць, але без ілюзій. Іх сустракае не прафесійнае развіццё, а план па штрафах, нервовыя выклікі і безабароннасць перад сістэмай. Праз пару месяцаў частка проста сыходзіць. Іншыя – згараюць ці станавяцца цынікамі.

У адказ дзяржава запускае “ўнікальны курс перападрыхтоўкі” – сем дзён, падчас якіх людзей вучаць працэсуальнаму заканадаўству, асновам дзелавога этыкету і “патрыятызму”. Як быццам маральная падтрымка ад рэктара і слова “грамадзянская пазіцыя” могуць замяніць элементарныя рэчы: матывацыю, годны заробак, павагу да прафесіі.

У гэтай гісторыі ёсць адчуванне глыбокай бюракратычнай іроніі. З аднаго боку, з сістэмы ўцякаюць тыя, каго яна ж і выхавала. З другога – яна спрабуе выправіць сітуацыю праз тыднёвую інструктажную гімнастыку. Так, нібыта судовы выканаўца – гэта функцыя, а не чалавек. І што галоўнае – не ўменне размаўляць з людзьмі, а гатоўнасць падпарадкоўвацца ідэалагічным догмам.

Усё гэта – не навіна для саміх выканаўцаў. Але выглядае, што з’яўляецца навіной для тых, хто стварае падобныя курсы. Магчыма, і для самога Шардыкі, які, уручаючы дыпломы, кажа словы пра “высокую грамадзянскую пазіцыю”, нібыта гэта здольна абараніць чалавека ад прафесійнага выгарання.

Я не быў у АПВ. Я не апісваў пыласос у кватэры, дзе старая жанчына трымае пенсію “на чорны дзень”. Але я бачыў дастаткова гісторый, каб разумець: гэтая работа не пра законы, а пра здольнасць дзяржавы паглядзець на сябе збоку. І калі яна гэтага не зробіць – ніякі дыплом не ўратуе.

Можа, усё ж варта спытаць не “дзе знайсці кадры”, а “чаму кадры не хочуць працаваць”? Або яшчэ прасцей: што б вы сказалі сваёй дачцэ, калі б яна з’явілася ў аддзеле прымусовага выканання – з гэтым самым дыпломам і патрыятызмам у кішэні?

Якуб Ясінскі

Золата шмат, а хлеба мала: як беларусы падлічваюць надзеі ў валюце

Пакуль афіцыйныя зводкі з гонарам паведамляюць пра рост золатавалютных рэзерваў, просты беларус зноў стаіць у чарзе – не за доларамі, а за прадуктамі. Ці не сталі гэтыя лічбы чарговай ілюзіяй стабільнасці, якая хавае сапраўдныя праблемы?

Учора, вяртаючыся з крамы, я заўважыў, як мая суседка, спадарыня Валянціна, зноў пералічвае свае зберажэнні – некалькі купюр у далярах. “На чорны дзень”, – кажа яна, хоць гэты дзень, здаецца, наступіў ужо даўно. У той жа час, дзяржава з гонарам паведамляе: золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі да 11,5 мільярдаў долараў. Але ці адчувае гэта спадарыня Валянціна?

У апошнія месяцы золатавалютныя рэзервы Беларусі сапраўды дэманструюць рост. Па даных Еўразійскага банку развіцця, толькі за чэрвень яны павялічыліся на 379,3 мільёна долараў. За гэтым стаіць некалькі фактараў: рост коштаў на золата, чысты продаж валюты насельніцтвам і прадпрыемствамі, а таксама іншыя эканамічныя механізмы.

Аднак за гэтымі лічбамі хаваецца іншая рэальнасць. Насельніцтва, сутыкаючыся з інфляцыяй і нестабільнасцю, актыўна прадае валюту, каб пакрыць паўсядзённыя выдаткі. Гэта не сведчыць пра давер да нацыянальнай эканомікі, а хутчэй пра вымушаную меру. Людзі прадаюць долары не таму, што вераць у стабільнасць рубля, а таму, што ім патрэбны грошы на жыццё.

Паралельна з гэтым, дзяржава працягвае дэманстраваць аптымізм. Афіцыйныя асобы адзначаюць, што рост рэзерваў перавышае прагнозы, і гэта, маўляў, сведчыць пра эфектыўнасць эканамічнай палітыкі. Але ці так гэта на самай справе? Ці не з’яўляецца гэты рост вынікам вымушаных дзеянняў насельніцтва, а не сапраўдных эканамічных поспехаў?

Больш за тое, варта звярнуць увагу на іншыя паказчыкі. Напрыклад, рост крэдытавання насельніцтва выклікае занепакоенасць у Нацбанка. Высокія тэмпы выдачы крэдытаў могуць стварыць пагрозу для фінансавай стабільнасці. Гэта сведчыць пра тое, што за фасадам росту рэзерваў хаваюцца сур’ёзныя рызыкі.

Гледзячы на гэтыя падзеі, я не магу не задацца пытаннем: ці не з’яўляецца рост золатавалютных рэзерваў чарговай ілюзіяй, якая хавае сапраўдныя праблемы? Спадарыня Валянціна працягвае захоўваць свае долары ў банцы, бо яна не верыць у стабільнасць. І, магчыма, яе скептыцызм больш рэалістычны, чым аптымізм афіцыйных зводак. У рэшце рэшт, сапраўдная стабільнасць вымяраецца не лічбамі ў рэзервах, а дабрабытам простых людзей.

Якуб Ясінскі

Фота: LookByMedia

Сусветны дзень савецкай швабры: чаму беларуская дзяржава зноў хоча нас “навучыць парадку”

Ідэя прымусіць кожнага беларуса, нават паспяховага дырэктара прыватнай ІТ-кампаніі, аднойчы ў год стаць на падлогу з анучай — выглядае як жарт з 1985-га. Але ў Беларусі, як вядома, “жарты скончыліся”, а пачаўся заканатворчы сезон. Цяпер і прыватны бізнес, і “вольныя людзі працы” могуць рыхтаваць зручныя гумовыя пальчаткі.

Памятаю, як у дзяцінстве, калі ў суботу мама брала з шафы пажоўклую “тряпку” і ўрачыста абвяшчала: “Сёння — генеральная! Не для гасцей, для жыцця!”. Цяпер жа дзяржава вырашыла, што “генеральная” мусіць быць у кожнага — і нават там, дзе і так чыста. Я гляджу на экраны з заклікамі “прывучыць да парадку” і не разумею: мы вяртаемся ў дзяцінства, ці гэта чарговы нацыянальны квэст па выпрацоўцы калектыўнага кантролю?

У грамадстве, дзе паняцце “свабода выбару” і так даўно стала антыкварным, прыходзіць чарговы праект: абавязаць кожнага паўдзельнічаць у аднадзённай акцыі “добраўпарадкавання”. Маўляў, гэта патрэбна, каб “прывіць парадак”. Я саркастычна цікаўлюся: гэта насамрэч пра парадак, ці пра кантроль, якім так захапляецца дзяржава? І навошта такія тэатралізаваныя “навучанні” тым, хто штодня плаціць падаткі і сам усталёўвае парадак у сваёй справе?

Я заўсёды верыў, што парадак — не ў суботніках, а ў ясных правілах, асабістай адказнасці і свабодзе. Але тут, здаецца, мы маем класічны беларускі варыянт: выхаваць грамадзяніна праз валавую “ратацыю швабраў”.

Яшчэ год таму мой знаёмы, які кіруе фінтэх-кампаніяй, смяяўся, што такія ініцыятывы ніколі не закрануць прыватны сектар. А цяпер нават тыя, хто працуе ў офісе ці на “далёкай працы”, вымушаныя рыхтавацца да абавязковага ўдзелу ў дзяржаўных “парадках” пад наглядам чыноўнікаў.

Дзяржава звыкла маніпулюе рыторыкай “агульнага дабра”. Маўляў, усе, у тым ліку прыватнікі, павінны “адчуць сябе часткай вялікай супольнасці”. Але цікава: ці давярае гэтая супольнасць сваёй дзяржаве так, як дзяржава давярае швабры? І галоўнае — ці не з’яўляецца гэты абавязак сімвалам таго, што ўлады ніяк не могуць прызнаць за грамадзянінам права быць асобным, нават калі ён сам сабе плаціць зарплату?

Вось некалькі фактаў для асабліва недаверлівых. Паводле крыніц, новая ініцыятыва будзе распаўсюджвацца не толькі на бюджэтнікаў, але і на прыватнікаў — “усе роўныя перад законам”, асабліва калі мова ідзе пра дзяржаўную ініцыятыву. Адзіная розніца — раней вы маглі ігнараваць дзяржаўныя “малебны” на тэрыторыі свайго офіса, цяпер жа прыйдзецца раз у год выконваць рытуал з анучай. Нацыянальная традыцыя “чысціні ў адзін дзень” вяртаецца з папяровымі рэпартажамі аб упарадкаваных метрах і падазронай зніжкай на чалавечую годнасць.

У нашых шыротах “парадак” заўсёды быў не пра чыстае, а пра падпарадкаванне. Не сакрэт, што многія беларусы ўспрымаюць прымусовыя суботнікі як своеасаблівую дзяржаву ў мініяцюры — дзе ўсё нібыта добра, але толькі пакуль не пачынаеш разважаць, чаму ты мусіш рабіць тое, што табе не патрэбна. У любым офісе знойдзецца той, хто па-сапраўднаму атрымлівае задавальненне ад калектыўнага мыцця вокнаў, аднак для большасці гэта хутчэй абавязак, які выконваецца з безнадзейным выглядам — не з жадання зрабіць свет чысцейшым, а таму што так трэба “для справаздачы”.

На фоне эканамічнай нестабільнасці падобныя “выхаваўчыя дні” выглядаюць як спроба перакласці адказнасць з дзяржавы на грамадзян. Маўляў, няма грошай на ЖКГ? Ну дык самі змайструйце “прыгожы горад” за адзін дзень. Гэта такі арыгінальны спосаб мадэрнізацыі: замест рэформаў — суботнік, замест рэальнага развіцця інстытутаў — маральны шантаж праз “калектыўны абавязак”.

І тут узнікае старая праўда: добраахвотнасць у дзяржаўным выкананні заўсёды мае прымусовы смак. У прынцыпе, гэта нават сумна-камедыйна: беларуская дзяржава зноў спрабуе навесці парадак у душах праз мяцёлкі і шпаргалкі з мінулага.

Я не супраць парадку як такога. Я нават за чыстыя пад’езды і квітнеючыя газоны — але па жаданні, а не пад дамоклавым мячом закона. Бо сапраўдны парадак пачынаецца з павагі да прыватнага, да свабоды кожнага выбіраць: удзельнічаць у калектыўным марафоне з швабраю ці ўдзяляць час сям’і, адукацыі ці ўласнаму бізнесу.

Што вынес я з гэтай гісторыі? Пэўна, галоўнае: у Беларусі сапраўдны парадак ніколі не пачынаўся з прымусу. Ён заўсёды быў там, дзе была асабістая адказнасць і разуменне мяжы паміж сваім і дзяржаўным. Але можа быць, у гэтым і ёсць наш асаблівы “нацыянальны спорт”: рабіць парадак пад кантролем, а потым — аднаўляць асабісты хаос дома.

Ці здолее краіна, якая яшчэ нядаўна ганарылася “IT-краінай”, перамагчы рэтраградны страх перад свабодай выбару? Можа, аднойчы мы ўсё ж абярэм паміж швабраю і мараю — і гэта будзе наш маленькі крок да сапраўднага парадку.
А пакуль што, як кажа мая мама: “Самае чыстае месца — тое, дзе цябе няма”.

Якуб Ясінскі

Фота ілюстрацыйнае