Дзень у гісторыі: 15 жніўня. Нарадзіўся Ігар Варашкевіч. Заснаванне БДСГА. Дзень памяці Язэпа Драздовіча і Лявона Баразны

1382 год. Забіты беларуска-літоўскі вяльможа Кейстут.

Сярод ягоных тытулаў згадваецца і князь Вялікалітоўскі. Гаспадарыў ён у Вялікім Княстве Літоўскім толькі год.

Кейстут быў адным з сыноў вялікага князя Гедзіміна. Ад бацькі ў спадчыну атрымаў Старыя Трокі, Горадню, Коўна, Упіту і Ліду.

За сваё жыццё Кейстут удзельнічаў у шматлікіх звадах, каб займець вышэйшую пасаду ў дзяржаве, хадзіў у рабаўніцкія паходы на суседнія землі.

Яго апісваюць, як «высокага, статнага чалавека», «кожнае слова якога шмат значыла», а калі ён каму пагражаў, то на ілбе набухалі вены і ўвесь выгляд яго будзіў страх.

Гістарычныя крыніцы падаюць, што яго задушыў пляменнік Ягайла Альгердавіч у Крэўскім замку.

князь Кейстут

1840 год. Пачала працаваць Горы-Горацкая земляробчая школа.
Пасля пащстання 1831 года, у 1832-ім быў зачынены адзіны ўніверсітэт на землях былога ВКЛ, Віленскі. Створаная ў Горы-Горках (гэта два розныя населеныя пункты, размешчаныя побач) земляробчая школа ў 1848 годзе ператварылася ва ўніверсітэт –першы на тэрыторыі Беларусі. З-за масавага ўдзелу горацкіх студэнтаў у паўстанні 1863 года, быў зачынены і ён. Зноўку адкрыты толькі ў 1919 годзе.

сельскагаспадарчая
1903 год. Нарадзіўся Пётр Ракіцкі.

Біёлаг-генэтык.

Займаўся даследаваннямі ў галіне генэтыкі і матэматычнай біялогіі. Вывучаў узаемадзеянне паміж спадчыннасцю і адборам. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце пра поле дзеяння гена.

У 1974 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР за цыкл прац «Распрацоўка пытанняў статыстычнай генэтыкі і ўкараненне матэматыка-статыстычных метадаў у біялогію», апублікаваных у 1964–1974 гадах.

1927 год. Нарадзіўся Аляксандр Крывіцкі.

Мовазнаўца.

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага інстытуту.

Даследаваў лексіку беларускіх народных гаворак. Вывучаў беларускую моўную культуру.

Аўтар «Тураўскага слоўніка», даведнікаў дыялектнай лексікі «Жывёльны свет. Тэматычны слоўнік», «Раслінны свет. Тэматычны слоўнік», «Чалавек. Тэматычны слоўнік».

1954 год. Памёр Язэп Драздовіч.

Мастак, скульптар, этнограф, краязнавец, астраном, археолаг, педагог, паэт, пісьменнік.

Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Аўтар прац з апісаннем падзей VI – XX стагоддзяў. Яго графічнымі малюнкамі ўпрыгожаны першы беларускі падручнік геаграфіі Аркадзя Смоліча.

У гонар мастака названы вуліцы ў Мінску і яшчэ 6 гарадах, Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі. Яму стаяць помнікі ў Мінску і Глыбокім.

1960 год. Нарадзіўся Ігар Варашкевіч.

Рок-музыка, мастак. Лідар гурта «Крама».

Калектыў трымаецца класічнага року, узорам якога выступаюць англійскія гурты Rolling Stones, Deep Purple, The Beatles.

У сваім рэпертуары мае багата хітоў, адзін з іх – «Будзь разам з намі». Запісаную ў 1993 годзе песню музыкі граюць амаль на ўсіх сваіх выступах.

Варашкевіч – удзельнік маладзёвага аб’яднання «Беларуская Майстроўня», выставаў мастацкіх працаў.

За сваю музычную кар’еру пабываў у лідарах гуртоў «Бонда», «Рокіс».

1963 год. Нарадзіўся Валеры Леванеўскі.

Палітык, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, палітычны зняволены.

З 1996 года ўзначальваў страйкавы камітэт прадпрымальнікаў. Арганізатар масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў. Заснавальнік і галоўны рэдактар рэспубліканскага бюлетэню «Прадпрымальнік».

У 2001 году вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Быўшы зняволеным паводле крымінальнай справы, трымаў галадоўку пратэсту.

Быў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вызваліўся 15-га мая 2006 года.

1972 год. Забіты Лявон Баразна.

Мастак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.

Даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Разам з Зянонам Пазняком стварыў суполку «Аматары беларускага мастацтва», ладзіў экскурсіі па старым Мінску, этнаграфічныя экспедыцыі, выступаў у абарону вуліцы Няміга.

Блізкі сябар Уладзімера Караткевіча.

2002 год. Галіна Раковіч зрабіла 10000-ны скачок з парашутам.

Яна майстар спорту міжнароднага класа, двухразовая чэмпіёнка свету.

Для параўнання: украінка Валянціна Закарэцкая з 11500 скачкамі занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Пісьменнікаў Магілёўскай вобласці ўзначаліла драматург Вольга Бялова

У абласной бібліятэцы імя Леніна прайшоў выбарны сход Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Старшынёй выбралі Вольгу Бялову – драматурга і паэтэсу, выкладчыка Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і мастацкага кіраўніка тэатра «Атмосфера».
Дзесяць гадоў аддзяленнем кіраваў Алесь Казека – пісьменнік, краязнавец і перакладчык, аўтар паэмы «Марыйка» і дзевяці паэтычных зборнікаў. Ён памёр 27 чэрвеня гэтага года. Сход вёў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч – у мінулым міністр інфармацыі.
Само аддзяленне з’явілася ў снежні 2005 года – праз некалькі тыдняў пасля таго, як у лістападзе таго ж года частка літаратараў выйшла з Саюза беларускіх пісьменнікаў і стварыла лаяльны ўладам Саюз пісьменнікаў Беларусі. Незалежны саюз Вярхоўны суд ліквідаваў у 2021 годзе.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Дзень у гісторыі: 14 жніўня. Хрышчэнне радзімічаў. Прэм’ера фільма “Кастусь Каліноўскі”

Першы (Мядовы) Спас. Макаўё.

Свята маку і мёду. Традыцыйна ў гэты дзень праводзілі абрады з макам. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнікі. Елі пірагі з макам і моркваю, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць.

Пачатак Успенскага паста і канец лета.

988 год. Меркаванае хрышчэнне радзімічаў у Блакітнай крыніцы.

Радзімічы – старажытнабеларускае этнапалітычнае аб’яднанне. Насялялі абшар басейну ракі Сож: усходняя частка Гомельскай і Магілёўскай, захад Бранскай абласцей. Радзімічы разам з крывічамі і дрыгавічамі сталі асноваю для фармаваньня беларускага этнасу.

Блакітная крыніца – гідралагічны помнік рэспубліканскага значэння. Месціцца пад Слаўгарадам (да 1945 г. – Прапойск). Вада ў крыніцы лічыцца гаючай, багатай на мікраэлементы. У народзе шмат гавораць пра выпадкі цудоўнага ацалення дзякуючы ёй. Штогод у гэты дзень адбываецца паломніцтва, набажэнства і хрышчэнне ўсіх ахвотных.

1385 год. Падпісаная Крэўская Унія.

Дынастычны саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай, згодна з якім вялікі князь ВКЛ Ягайла ажаніўся з польскай каралевай Ядзвігай і стаў польскім каралём.

Падзея адбывалася ў мястэчку Крэва.

Унія ўзмацніла Вялікае Княства Літоўскае ў барацьбе з Тэўтонскім Ордэнам на захадзе, з крымскімі татарамі на поўдні, Масковіяй на ўсходзе.

1928 год. Прэм’ера фільму «Кастусь Каліноўскі».

Падзея адбылася ў Мінску.

Стужка знятая рэжысёрам Уладзімір Гардзіным на «Белдзяржкіно».

У апошняй сцэне, перад смерцю на эшафоце Кастусь Каліноўскі звяртаецца да беларусаў: «Чуеш, Беларусь! Веру – будзе вольная Беларусь працоўных, рабочых і сялян!» «Чуем!» – гучыць у адказ.

Фільм паказалі незадоўга да масавых рэпрэсіяў і згортвання савецкай беларусізацыі.

1959 год. Памёр Эдуард Будзька.

Грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік.

Аўтар і папулярызатар «Нашай нівы». Удзельнічаў у стварэнні беларускіх школ, Будслаўскай беларускай гімназіі. Удзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Літве, Латвіі, ЗША.

1971 год. Загінуў у аўтакатастрофе Канстанцін Юхневіч.

Грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст.

Руплівец беларушчыны ў Заходняй Беларусі, адзін з кіраўнікоў Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Рэпрэсаваны польскімі і савецкімі ўладамі. Два месяцы правёў у Лукішскай турме ў Вільні.

2015 год. Памёр Сяргей Журавель.

Актор тэатру і кіно.

Працаваў у тэатрах юнага гледача, моладзевым, Купалаўскім, мастацкім кіраўніком «Нікаля-тэатр», «Альфа радыё», вядоўцам дакументальнага серыялу «Лёс чалавека» на тэлеканале «Лад».

Дзень у гісторыі: 13 жніўня. Літургія за Напалеона. Створана магілёўскае гета. Дзень памяці Якуба Коласа

Міжнародны дзень леўшуноў

Адзначаецца ад 1992 году з ініцыятывы брытанскага Клуба леўшуноў, каб прыцягнуць увагу да неабходнасці ўлічваць інтарэсы леварукіх. Сцвярджаецца, што іх каля 10%.

У 1976 годзе ў ЗША правялі Міжнародную канфедэрацыю леўшуноў, якая ўклала «Біль аб леўшунах». Паводле яго:

– кожнаму чалавеку павінна быць забяспечана свабода выбару ў выкарыстанні зручнай для яго рукі;

– тавары для леўшуноў павіны быць у свабодным доступе і па канкурэнтаздольных коштах;

– ніхто не можа ўціскаць леўшуноў;

– свет павінен быць адаптаваны так, каб леўшунам не даводзілася прасіць прабачэння за тое, якая ў іх дзеючая рука.

– абвясціць 13 жніўня Міжнародным днём леўшуноў для адстойвання правоў і годнасці леўшуноў ува ўсім свеце.

 

1812 год. У Магілёўскім кафедральным саборы служылі ў гонар Напалеона і імператрыцы Марыі-Луізы Аўстрыйскай.
Падчас французскай акупацыі Магілёва праваслаўны архіепіскап Варлаам фактычна пайшоў на супрацоўніцтва з акупацыйнай адміністрацыяй. 13 жніўня па старым стылі ў Магілёўскім саборы і іншых цэрквах служылі літургіі з малітвамі за Напалеона і імператрыцу.

Напалеон
Вянчанне Напалеона і Марыі-Луізы Аўстрыйскай, 1810 год.

1913 год. Нарадзіўся Анатоль Багатыроў.

Кампазітар, педагог і грамадскі дзеяч.

Заснавальнік нацыянальнай беларускай оперы і беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы.

Выхаваў плойму беларускіх кампазітараў.

Аўтар опер, створаных паводле твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

1941 год. Акупацыйная ўлада гітлераўцаў у Магілёве загадала мясцовым габрэям пакінуць свае жытло і перасяліцца ў гета ў Падміколле.

У верасні гета было створана паміж Быхаўскім рынкам і вуліцай Віленскай.

Да лістападу 1941 году нацысты знішчылі габрэяў з гета.

Там, дзе была ўваходная брама у гета, цяпер на вуліцы Лазарэнкі стаіць памятны знак: камень з высечанымі на ім далонямі.

1950 год. Нарадзілася Ларыса Фінкельштэйн

Мастацтвазнаўца, арт-крытык.

Заснавальніца першай беларускай галерэі «Брама», упершыню ў Беларусі пачала цыкл выставаў, прысвечаных мастакам-габрэям Беларусі і габрэйскай тэматыцы ў творчасці беларускіх аўтараў.

Увяла ў лексікон мастацтвазнаўства паняцце «філасофская кераміка».

Аўтар шматлікіх арт-пректаў.

Фінкельштэйн

1956 год. Памёр Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч).

Найадметнейшая постаць у беларускай культуры. Празаік, паэт, педагог, навуковец, грамадскі дзеяч.

Яго творы ўключаныя ў школьную праграму і перакладзеныя на 50 моваў свету.

Кожны беларус ведае класічныя коласаўскія творы: «Новая зямля», «Сымон музыка». У іх увасобленыя спрадвечныя беларускія чаканні: мець сваю зямлю і права распараджацца сваім жыццём без прынукі.

Імем Якуба Коласа ўганараваныя многія ўстановы культуры, названыя вуліцы. У Магілёве такой вуліцы няма.

1959 год. Нарадзіўся Яўген Колчаў.

Скульптар і фатограф.

Стварае станкавыя скульптуры ў рэалістычным стылі, захапляецца анімалістычным жанрам.

Удзельнічаў у аднаўленні складаных архітэктурных і скульптурных элементаў помнікаў готыкі і барока ў Германіі і Польшчы.

Працы скульптара ўпрыгожваюць вуліцы і будынкі Мінска, знаходзяцца ў калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях.

Ён аўтар рэльефаў Чырвонага касцёлу ў Мінску, а таксама ў гонар Кастуся Каліноўскага.

Колчаў

Выданні з песнямі магілёўскага барда Аляксандра Баля прызналі экстрэмісцкімі

Кніжкі “Безжалостный Вальсок” і “Ночь. А ты…” з вершамі магілёўскага барда Аляксандра Баля цяпер лічацца экстрэмісцкімі ў Беларусі.

“Экстрэмізм” у книжках Баля знайшоў суд Кастрычніцкага раёна Мінску 31 ліпеня 2026 года. Пра гэта сведчыць Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. 

“Ваўкі пазорныя” – так адрэагаваў на рашэнне суда ў Мінску магілёўскі аўтар вершаў і песень. “Ужо не ведаю, радавацца гэтаму ці не. Так вось неяк нелагічна атрымліваецца. Сацсеткі мае – экстрэмісцкія, кніжкі мае – экстрэмісцкія, а песні – не”, здзіўляецца Аляксандр Баль у сваім Фэйсбуку, прыводзячы ў якасці прыкладаў песні з моцнымі словамі ў адрас памагатых беларускага дыктатара.

Выканаўца ўласных песень Аляксандр Баль з’ехаў з Магілёва ў эміграцыю летам 2023 года. “Я зрабіў гэта, і добра, што з’ехаў. З’ехаў з дзіўнай краіны і радуюся гэтаму з кожным днём усё больш. Да таго ж мне нярэдка так і пішуць адмарожаныя “лукашысцкія “Ябацькі”, маўляў, добра, што ад іх з’ехаў! Сапраўды, добра” – адзначае магілёўскі бард, які цяпер гастралюе са сваімі канцэртамі па Еўропе.

Скрыншот: Фэйсбук Аляксандра Баля

Дзень у гісторыі: 12 жніўня. Катастрофа на Ворскле. Радзівіл разбіў маскоўцаў пад Шкловам. Нарадзіўся Статкевіч

Міжнародны дзень моладзі.

Адзначаецца ад 2000 году Генеральнай Асамблеяй Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў для прыцягненне ўвагі да праблем маладых людзей.

1399 год. Бітва на Ворскле. Загінуў князь полацкі Андрэй Альгердавіч.

Адбылося гэта ў бітве на рацэ Ворскле. Тады войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Вітаўтам і ягоным саюзнікам ханам Тахтамышам было разбітае войскам Залатой Арды, узначаленае ханамі Цімур-Кутлукам і Эдзігеем.

Тая параза мела катастрафічныя наступствы для перспектываў Вялікага Княства. Яно дужэй падпала пад уплыў суседняй Польшчы, а Маскоўская дзяржава скарысталася са слабасці заходняй суседкі. У бітве на рацэ Ворскле палягло шмат знаці Вялікага княства.

У Полацку ў гонар князя Андрэя Альгердавіча стаіць помнік.

1581 год. Пабачыла свет Астрожская Біблія.

Гэта адзін з першых славянскіх перакладаў Бібліі і першае завершанае выданне Бібліі на царкоўнаславянскай мове ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Яго надрукаваў ураджэнец Беларусі Іван Фёдараў на сродкі князя Канстанціна-Васіля Астрожскага. Надрукавана Біблія была ў Астрогу, горадзе, які цяпер знаходзіцца ў Ровеньскай вобласці Ўкраіны.

Ва Ўкраіну Іван Фёдараў (Федаровіч) падаўся пасля ўцёкаў з Масковіі, дзе разам з яшчэ адным беларусам Пятром Мсціслаўцам друкаваў кнігі, за што абодва зазналі пераслед.

Астрожская біблія

1654 год. Войска Вялікага Княства Літоўскага, ачоленае Янушам Радзівілам разбіла маскоўцаў, якімі камандаваў Якаў Чаркаскі.

Бітва адбылася на рацэ Шклоўка – паміж Шкловам і Вялікім Старым Шкловам

Страты, стомленасць і нешматлікасць войска Вялікага Княства не дазволілі скарыстацца перамогай. Януш Радзівіл загадаў адыходзіць на захад да Галоўчына і Барысава.

1936 год. Загінуў Пятро Мятла.

Дэпутат польскага сейма ад беларускай нацыянальнай меншасці. Сустваральнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Прэзідыуме Беларускай акадэміі навук.

У Польшчы быў арыштаваны і ў выніку абмену зняволенымі апынуўся ў 1930 годзе ў Савецкімі Саюзе.

Жыў у Менску. У 1933-ім яго арыштавалі савецкія органы.

У 1934 годзе прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі 10 гадамі лагераў. Зняволенне адбываў на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Памёр у лагеры.

Рэабілітаваны 16 жніўня 1956.

1955 год. Нарадзіўся Віктар Жукоўскі.

Аршанскі краязнавец, велападарожнік, настаўнік-метадыст.

Аўтар навучальнага комплексу «Воршазнаўства» з 30 дапаможнікамі для школаў раёну, а таксама прац па гісторыі, тапаніміцы Падняпроўя.

1956 год. Нарадзіўся Мікалай Статкевіч.

Палітык, вайсковец, кандыдат тэхнічных навук.

Лідар партыі Народная Грамада. Сустваральнік «Беларускага згуртавання вайскоўцаў», падпалкоўнік.

Старшыня Усходнееўрапейскага сацыял-дэмакратычнага форуму. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года.

Палітвязень. 14 снежня 2021 быў асуджаны да 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Вырак прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным.

Мікола Статкевіч

1981 год. Амерыканская кампанія IBM Corporation прадставіла першую мадэль персанальнага камп’ютара – IBM 5150, з якога пачалася эпоха сучасных кампʼютараў.

Першы персанальны кампʼютар каштаваў 1565 долараў, быў просты ў выкарыстанні і займаў няшмат  месца.

2001 год. Памёр Арцём Баханькоў.

Мовазнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар.

Даследаваў лексіку, дыялекталогію, гісторыю беларускай мовы, лексіку мовы Францыска Скарыны.

Аўтар і суаўтар даследаванняў, сярод якіх «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуска-рускі слоўнік».

Дзень у гісторыі: 11 жніўня. Першая згадка пра Гародню. Трагедыя “Пахтакора”

11 жніўня. Сусветны дзень здаровага сэрца (World Heart Day).

Заснаваны ў 1999 годзе Сусветнай федэрацыяй сэрца і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Задуманы для інфармавання насельніцтва аб рызыках сардэчна-сасудзістых захворванняў і неабходнасці іх прафілактыкі.

1127 год. Першая згадка ў пісьмовых крыніцах пра Горадзен (Гародню, Горадню, Гродна).

Згадаў пра беларускі горад аўтар Лаўрэнцьеўскага летапісу.

Найбагацейшы ў Беларусі горад на архітэктурныя помнікі. У 2014 годзе Горадня была культурнай сталіцай Беларусі.

Горад на Нёмане – буйны прамысловы цэнтр з хімічнай, харчовай, тытунёвай, лёгкай, машынабудаўнічай і дрэваапрацоўчай вытворчасцю.

Яго насяляе 357,5 тысяч чалавек.

1856 год. Нарадзіўся Уладзімір Дабравольскі.

Этнограф, краязнавец, мовазнавец.

Выкладаў у Беларускім народным універсітэце ў Маскве, у Віцебскім педагагічным інстытуце. Саратнік знанага навукоўца і даследніка беларускай культуры Яўхіма Карскага.

Дабравольскі выдаў «Смаленскі этнаграфічны зборнік», «Смаленскі абласны слоўнік» з 16 560 артыкуламі з дыялектнымі словамі руска-беларускага пагранічча.

1884 год. Нарадзіўся Міхаіл Далецкі.

Каталіцкі святар, ганаровы канонік Пінскай кафедральнай капітулы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.

Прыхільнік беларускай мовы ў касцёле. Падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus». Расстраляны гітлераўцамі ў 1942 годзе ў Навагрудку разам з 60 вернікамі.

1954 год. Памёр Парфён Савіцкі.

Дзяржаўны дзеяч, гісторык, рэктар БДУ. Нарадзіўся 28 кастрычніка 1904 ў сям’і беззямельнага селяніна ў вёсцы Гайшын Магілёўскай губерні (цяпер у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці).

У сакавіку 1941 году на Вучоным Савеце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту прапанаваў перавесці выкладанне прадметаў на беларускую мову.

Узначальваў БДУ, калі яго эвакуявалі ў Падмаскоўе. Арганізатар аднаўлення працы па вяртанні БДУ ў беларускую сталіцу.

1965 год. Нарадзіўся Алесь Гуркоў.

Грамадска-культурны дзеяч, удзельнік незалежнага выдавецкага і маладзёжнага рухаў 1980-х гадоў, выдавец.

Арганізатар і кіраўнік нефармальнай суполкі «Світанак», адзін з заснавальнікаў і выдаўцоў у 1990 годзе газеты «Свабода», актывіст «Мартыралога Беларусі» і БНФ «Адраджэньне».

У адным з сваіх інтэрв’ю сказаў, што лепей бы на першых прэзідэнцкіх выбарах перамог Вячаслаў Кебіч і з ім трэба было дамаўляцца Зянону Пазняку.

Алесь Гуркоў

1979 год. У авіякатастрофе загінулі 178 чалавек, уключая 14 футбалістаў узбекскага «Пахтакора», якія ляцелі ў Беларусь на гульню з мінскім «Дынама».

У небе сутыкнуліся два самалёты. Новы склад гульцоў «Пахтакора» не змог гуляць як раней: у 1982 г. – 8 месца, у 1984 г. назаўсёды пакінуў вышэйшую лігу савецкага футболу.

Пахтакор

Гародніна і дзвесце матацыклаў – у Шклове адзначылі Дзень агурка

У Шклове прайшоў «Дзень агурка» – штогадовае свята вакол гародніны, якую горад выкарыстоўвае як уласны брэнд. Паводле апісання абласнога выдання, сёлета ўрачыстасць «пераўзышла ўсе чаканні па маштабе і напале страсцей». Гаворка, нагадаем, пра агуркі.
Адкрываючы свята, старшыня раённага савета “дэпутатаў” назваў зялёную гародніну брэндам, які аб’ядноўвае пакаленні.
У праграме дня было і ўскладанне кветак да мемарыяльнага комплексу «Памяць» – з удзелам кіраўніцтва раёна, абласной і раённай арганізацый ДТСААФ, працоўных калектываў і ўдзельнікаў мотапрабегу.
Матацыклетная частка аказалася самай масавай: па горадзе прайшлі больш за дзвесце машын, а на «Лысай гары» ўдзельнікі спаборнічалі ў эндура і ў хуткасці, гулялі ў мотабол.
Трукі матацыклістаў абласное выданне палічыла такімі, што ад іх захоплівае дух – фармулёўка, якую звычайна прыпасаюць для чэмпіянатаў свету.
Свята, мяркуючы па ўсім, сапраўды ўдалося. І тым больш крыўдна, што расказаць пра яго без “пераўзышло ўсе чаканні” і “напалу страсцей” у прапагандыстаў не атрымалася.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Дзень у гісторыі: 10 жніўня. У Магілёве першы раз паказалі кіно. Нарадзіўся Іеранім Філіповіч

1787 год. Нарадзіўся Ігнат Даніловіч.

Гісторык і правазнаўца.

Даследчык летапісных і заканадаўчых актаў Вялікага Княства Літоўскага. Апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры Статута ВКЛ. Падрыхтаваў яго першае навуковае выданне.

Даказаў самабытнасць права ВКЛ, апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 году.

Марыў пра адраджэнне літоўска-беларускай дзяржавы і мовы Статутаў ВКЛ.

Ігнат Даніловіч

1878 год. Нарадзіўся Еўсцігней Міровіч.

Драматург, тэатральны рэжысёр.

Мастацкі кіраўнік, рэжысёр Беларускага тэатру імя Янкі Купалы.

Аўтар п’ес на беларускай мове: «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», пастаноўшчык мюзікла «На Купалле», спектакля «Паўлінка».

1898 год. Нарадзіўся Тадэвуш Даленга-Мастовіч.

Польскі пісьменнік, журналіст.

Яго родныя мясціны ў Глыбоцкім раёне. Загінуў у верасні 1939 годзе, калі ў Польшчу ўварваліся з захаду Гітлераўская Германія, а з Усходу – Савецкі Саюз.

Да 1939 з 16 яго твораў было экранізавана 8. Найбольш папулярныя, напісаныя ім сцэнарыі для фільмаў: «Іх дзіця», «Тры сэрцы», «Прафесар Вільчур».

Беларускім гледачам найбольш вядомы фільм «Знахар» па яго кнізе.

У Глыбокім у яго гонар усталявана мемарыяльная дошка.

Даленга-Мастовіч

1903 год. У Магілёве першы раз паказалі кіно.

Кінасеанс адбыўся ў тэатры. Праз шэсць гадоў на Дняпроўскім праспекце (цяпер – Першамайская) узвялі кінатэатр «Чары», які ў 1932 годзе стане «Чырвонай Зоркай».

1912 год. Нарадзіўся Іеранім Філіповіч.

Магілёўскі краязнавец.

Адшукаў арыгінал Магілёўскай хронікі Сурты і Трубницких у падмаскоўнай Салтыкоўскай бібліятэцы. 8 месяцаў карпеў над аднаўленнем плану магілёўскага замка. Аднавіў у эскізах будынкі, плошчы і вуліцы гораду.

Аўтар кніг: «Калі ўзнік Магілёў», «Міфы і праўда аб Магілёве».

Іеранім Філіповіч

1919 год. Створаны Часовы беларускі нацыянальны камітэт.

Каардынацыйны орган беларускага нацыянальнага руху з мэтай «падняцця нацыянальнага самапачуцця, духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народу, а таксама абароны нацыянальных, культурных і рэлігійных яго інтарэсаў».

Старшыняваў у ім літаратар, дзеяч беларускага адраджэння пачатку 20 стагоддзя Аляксандр Прушынскі (Алесь Гарун).

У складзе Камітэту былі: Уселавад Ігнатоўскі, які пазней стане першым прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук; Антон Аўсянік, стане дэпутатам польскага сейму; Язэп Фарботка – паэт, літаратуразнавец; Ядвіга Луцэвіч-Іваноўская, выкладчыца Менскай беларускай гімназіі і журналістка. Ганаровым чальцом быў – пісьменнік Янка Купала.

1927 год. Завяршыўся з’езд праваслаўных святароў і вернікаў.

На ім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. (БАПЦ).

Ініцыяваў з’езд Бабруйскі епіскап Філарэт.

БАПЦ мела ў БССР 344 прыходы з 399 святарамі. Маскоўская патрыярхія аўтакефаліі не прызнала, падтрымка савецкага беларускага кіраўніцтва спынілася ў 1929 годзе разам з палітыкай беларусізацыі.

БАПЦ мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі. Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове. БАПЦ займаецца таксама культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну.

Таронта
Царква Святога Кірылы Тураўскага (Таронта)

2016 год. Памёр Алесь Рашчынскі.

Кампазітар, фалькларыст, дырыжор, педагог.

Музычны кіраўнік ансамбля «Харошкі», квартэта «Купалінка», групы–капэлы аўтэнтычнага фальклору «Агмень».

Аўтар больш за 400 апрацовак народных песень, 8 фальклорных зборнікаў.

У 2016 г. у Мінску створаны народны хор імя Рашчынскага.
Алесь Рашчынскі

Дзень у гісторыі: 9 жніўня. Пачатак беларускай рэвалюцыі 2020 года. Нарадзіліся Геніюш і Запруднік. Дзень памяці Суціна, Мележа

1910 год. Нарадзілася Ларыса Геніюш.

Паэтка, празаік, грамадскі дзеяч.

Друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх эмігранцкіх перыядычных выданнях. Жыла ў Заходняй Бларусі, якая была пад уладай Польшчы.

Выехала з сям’ёю ў Прагу ў 1937 годзе. Наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, удзельнічала ў рабоце ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. У сакавіку 1943-га стала Генеральным сакратаром ураду і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР.

5 сакавіка 1948 году чэхаславацкімі ўладамі была арыштавана, а 12 жніўня разам з мужам перададзеная савецкім уладам.

Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 году ў турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР.

Па вызваленні прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, частымі гасцямі ў Зэльве бывалі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

1926 год. Нарадзіўся Янка Запруднік (Сяргей Вільчыцкі).

Дзеяч беларускага руху, гісторык, журналіст, палітолаг.

Дзеяч беларускай дыяспары ў Германіі, Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі. Працаваў у беларускай секцыі радыёстанцыі «Вызваленне» у Мюнхене, Нью-Ёрку. Прафесар Калумбійскага ўніверсітэта. Удзельнік працы Рады БНР. Даследаваў гісторыю Беларусі.

1938 год. Нарадзіўся Валерый Аношка.

Географ, глебазнаўца, доктар геаграфічных навук, прафесар.

Адзін з заснавальнікаў меліяратыўна-інжынернай геаграфіі, распрацаваў канцэпцыю і склаў карту тэхнагеннай парушанасці прыродных комплексаў Беларусі.

Валерый Аношка

1943 год. Памёр Хаім Суцін.

Французскі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжання, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.

Яго творам, напісаным пераважна паміж 1920–1929 гадамі, уласцівыя глыбока індывідуальныя бачанне свету і тэхніка. Характэрныя наўмысныя скажэнні, ахвяраванне кампазіцыяй і вымалёўкай дэталяў дзеля раскрыцця ўнутранай сутнасці прадметаў і з’яваў. Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай.

На малой радзіме, у Смілавічах у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна».

Хаім Суцін

1976 год. Памёр Іван Мележ.

Народны пісьменнік Беларусі.

Аўтар культавых твораў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».

Творы Мележа вызначаліся вернасцю пісьменніка жыццёвай праўдзе, глыбокім псіхалагічным аналізам чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці.

2020 года. Адбыліся прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

9 жніўня 2020 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, афіцыйныя вынікі якіх выклікалі масавыя пратэсты па ўсёй краіне. Цэнтрвыбаркам абвясціў пра перамогу Аляксандра Лукашэнкі, тады як незалежнае назіранне зафіксавала перавагу Святланы Ціханоўскай больш чым у два разы. Гэта прывяло да масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў. Супраць пратэстоўцаў сілавікі ўжылі нечуваны раней гвалт. Толькі за 9-10 жніўня было затрымана больш за 5000 чалавек, з’явіліся першыя ахвяры.

Пратэсты перараслі ў найбуйнейшы грамадскі рух у найноўшай гісторыі Беларусі. Адказам уладаў сталі маштабныя палітычныя рэпрэсіі, ліквідацыя незалежных СМІ і грамадскіх арганізацый, тысячы крымінальных і дзясяткі тысяч адміністрацыйных пераследаў і эміграцыя каля паловы мільёна чалавек з краіны. Беларусь застаецца ў сітуацыі ўнутранага крызіса дагэтуль. Аналізуючы падзеі ў Беларусі 2020 годзе, гісторык, прафесар Павел Церашковіч назваў іх: Першая беларуская рэвалюцыя.

Пра падзеі вечара 9 жніўня 2020 года вялікі матэрыял апублікаваў на сваім Youtube-канале рэсурс 6tv.by.