Паўгода фальшывых пуцявых лістоў: у Чэрыкаўскім раёне трактарыст вынес 5,3 тоны саляркі

Трыццаціаднагадовы трактарыст-машыніст сельгаспрадпрыемства ў Чэрыкаўскім раёне з лютага па жнівень 2025 года зліваў шлангам у палімерныя каністры дызельнае паліва з бака замацаванага за ім «Беларус-3522». Набралася больш за 5,3 тоны, шкода гаспадарцы перавысіла 12,7 тысячы рублёў. Суд Чэрыкаўскага раёна вынес абвінаваўчы прысуд паводле часткі 3 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса – прысваенне маёмасці ў буйным памеры.
У пракурорскім паведамленні ёсць шланг і каністры, але няма галоўнага механізму. Ён быў апісаны годам раней, калі міліцыя абвясціла пра распачынанне справы: механізатар паўгода сістэматычна ўносіў у пуцявыя лісты ілжывыя звесткі, а афарбаванае паліва з бака зліваў, частку выкарыстоўваў сам, частку прадаваў знаёмым.
То бок улік у гаспадарцы быў. Кожную змену трактарыст здаваў паперу з лічбамі расходу, і паўгода запар гэтыя лічбы ніхто не звяраў ні з запраўкамі, ні з рэшткамі ў баку.
Гаспадарку пракуратура не назвала. У Чэрыкаўскім раёне іх тры: КСУП «Езерский», ААТ «Чериков Агро» і КСУП «Агрокомплекс «Светлый».
Пакаранне суд прызначыў такое:

  • абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады 6 месяцаў;
  • штраф 100 базавых велічынь – 4,5 тысячы рублёў;
  • канфіскацыя ў даход дзяржавы трох каністраў як сродкаў здзяйснення злачынства.

Віну трактарыст прызнаў, шкоду кампенсаваў цалкам. Прысуд у законную сілу не ўступіў.
Пасяджэнне зрабілі выязным, проста ў сельгасарганізацыі, а пасля яго дзяржаўны абвінаваўца выступіла перад працоўным калектывам і расказала пра наступствы злачынстваў супраць інтарэсаў службы.
Паўгода гаспадарка падшывала ўласныя пуцявыя лісты і не чытала, што ў іх напісана. Цяпер работнікам растлумачылі, што красці нельга.
У беларускім кантэксце варта дадаць агаворку: калі ў цябе для гэтага няма паўнамоцтваў.

Фота скрыншот відэа МУС Беларусі.

У грамадскім транспарце Чэрыкава і Дрыбіна цалкам выкаранілі беларускую мову

Ні назваў прыпынкаў па-беларуску, ні раскладу руху на ёй – у Чэрыкаўскім і Дрыбінскім раёнах да нуля вынішчылі беларускую мову з грамадскага транспарта і яго інфраструктуры.

“Шыльды з назвамі прыпынкаў грамадскага транспарту на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёну, расклад руху грамадскага транспарту, тэкставая інфармацыя для пасажыраў у грамадскім транспарце выкананы на рускай мове. Інфармаванне пасажыраў у грамадскім транспарце ажыццяўляецца на рускай мове” – такі адказ на запыт “моўнага інспектара” Ігара Случака даў старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Аляксей Жэрнасекаў.

Пры гэтым чыноўнік спасылаецца на закон аб мовах, які дае права ўжываць або беларускую, або рускую мову на транспарце. Таму, як указвае раённы начальнік, ўсё вышэй пералічанае не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

На адсутнасць парушэння заканадаўства пры вынішчэнні беларускай мовы на транспарце спасылаецца і старшыня Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Чыгір. Акрамя таго, чыноўнік указвае яшчэ і на нейкую “моўную практыку ў рэгіёне”. Адпаведна з усім гэтым, “на тэрыторыі Дрыбінскага раёна інфармаванне пасажыраў, уключаючы шыльды з найменнямі прыпынкаў, расклад руху грамадскага транспарту, тэкставую інфармацыю для пасажыраў у салонах ажыццяўляецца на рускай мове”.

Пры гэтым вуснае інфармаванне пасажыраў, напрыклад, аб прыпынках хоць на якой мове таксама, відаць, не ўкладаецца ў тую ж самую “моўную практыку ў рэгіёне”. 

“Што датычыць вуснага інфармавання пасажыраў, у тым ліку аб’явы прыпынкаў і іншай неабходнай інфармацыі ў грамадскім транспарце, то паведамляем, што ў сувязі з асаблівасцямі арганізацыі перавозак на тэрыторыі раёна падобная форма інфармавання не прадугледжана тэхналагічнымі працэсамі перавозчыка, таму ў салонах транспартных сродкаў яна не ажыццяўляецца” – напісаў дрыбінскі вертыкальшчык.

Фотаздымак: cherikovnews.by

«Занадта аператыўна»: як у Чэрыкаве сыпалі гранулят проста ў лужыну

Двор дома №5 па вуліцы Ракасоўскага ў Чэрыкаве стаў новай кропкай на карце беларускага абсурду. Жыхар дома зняў чатыроххвіліннае відэа, як работнікі камунгаса засыпаюць ямы асфальтагранулятам проста ў лужыны пасля дажджу. Ролік разышоўся ў TikTok – і замест таго, каб прыбраць прычыну скандалу, мясцовыя прапагандысты выпусцілі ўласны апраўдальны сюжэт.

Спачатку – удар па аўтары зыходнага відэа: «хуліган», «хайпануў», «запіліў трэндавы кантэнт», «не разабраўшыся, што ды чаму».

Пра тое, што чалавек зняў відавочны абсурд: гранулят, які тоне ў бруднай вадзе – ні слова. Потым «правільная» жыхарка пацвярджае, што ўчора прыехалі трактары і ўсё зарабілі. І нарэшце – татуіраваная прадстаўніца камунгаса: «у гэтым месцы было прынята рашэнне выціснуць гэтую ваду асфальтагранулятам, у далейшым будуць выкананы работы па ўкладцы асфальтабетоннай сумесі».

Прапагандыст завяршае сюжэт дзіўнай формулай: «Магчыма, у мясцовым камунальніку спрацавалі занадта аператыўна. Але ў такое надвор’е адрэагаваць па-іншаму было немагчыма».

Занадта аператыўна – гэта калі кідаюць гранулят у ваду, ведаючы, што першы ж дождж яго вымые. Па-іншаму было магчыма: дачакацца сухога дня, адпампаваць лужыну, выраўняць аснову, засыпаць нармальную сумесь. Не зрабілі не таму, што «нельга», а таму, што ямам у двары – дзясяткі гадоў, а зварот жыхароў трапіў не ў папяровую скрыню выканкама, а ў TikTok.

Абяцанне «ў хуткім часе ўчастак прывядуць у парадак» гучыць як класічны беларускі вексель – без даты і без гарантый.

Фота: скрыншот відэа cherikovnews.

У Чэрыкаўскім раёне 72-гадовага пенсіянера асудзілі за незаконнае паляванне на казуль

Суд Чэрыкаўскага раёна вынес прысуд 72-гадоваму мясцоваму жыхару за незаконнае паляванне, якое нанесла буйную шкоду навакольнаму асяроддзю.

Паводле даных следства, на пачатку снежня 2025 года мужчына ўстанавіў у паляўнічых угоддзях раёна на ствалах дрэў драцяныя пятлі-пасткі. Здабыў дзвюх казуль – самца і самку, раздзелаў іх і на ўласным аўтамабілі вывез дадому. Шкода навакольнаму асяроддзю ацэнена ў 10,8 тысячы рублёў.

У судзе абвінавачаны часткова прызнаў віну і поўнасцю пакрыў нанесеную шкоду.

Пенсіянеру прызначылі абмежаванне волі на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама пазбавілі права займацца паляваннем на пяць гадоў.

Суд прымяніў спецыяльную канфіскацыю: канфіскаваны аўтамабіль, металічныя пятлі, сякера і нож.

Фота ілюстрацыйнага характару.

З Чэрыкава культработнікаў накіравалі на кароўнікі, а паштавікоў – дапамагаць сялу

Недахоп працоўнай сілы у Чэрыкаўскім раёне вырашаюць проста – на працу ў сельгаспрадпрыемствы накіроўваюць тых, каго прынята называць інтэлегенцыяй.

Шэфская дапамога – так называецца прымусовая праца для сельгаспрадпрыемстваў, на якую скіравалі работнікаў раённай бібліятэкі, кінавідэасеткі, райаддзела адукацыі,  Чэрыкаўскага ўчастка паштовай сувязі і лясгаса.

“Працоўны дэсант, у склад якога ўвайшлі работнікі раённай бібліятэкі і кінавідэасеткі сектара культуры райвыканкама, высадзіўся на МТК «Латышчына» ААТ «Чэрыкаў Агра». Прадстаўнікі культурнай сферы змянілі звыклыя працоўныя месцы на будаўнічы інвентар і спецвопратку, каб унесці свой уклад у добраўпарадкаванне фермы”, – жвава рапартуе чэрыкаўская раёнка «Веснiк Чэрыкаўшчыны».

У сваю чаргу прадстаўнікоў працоўных калектываў Чэрыкаўскага лясгаса, раённага аддзела па адукацыі, Чэрыкаўскага ўчастка паштовай сувязі скіравалі на аб’екты КСУП “Язерскі”. «Веснiк Чэрыкаўшчыны» нават назваў гэтых паднявольных “шэфаў” хворай сельскай гаспадаркі – яе вернымі памочнікамі. І гэта адпавядае рэчаіснасці, бо “шэфскія арганізацыі аказваюць падтрымку аграрнаму сектару на пастаяннай аснове”. 

Фотаздымак: cherikovnews.by

Што не пішуць пра чэрыкаўскі агракомплекс «Светлы»?

У Чэрыкаўскім раёне стартавала ўборачная-2026. Першым у поле выйшаў КСУП «Агракомплекс „Светлы”». Старшыня райвыканкама Аляксей Жарнасекаў (на фота) і дырэктар гаспадаркі падняліся ў кабіны да камбайнераў, асабіста праехалі па полі з экіпажамі і «пракантралявалі, як першыя зярняты новага ўраджаю леглі ў бункеры».

А што такое «Светлы» на карце раёна? КСУП «Агракомплекс „Светлы”» – адна з усяго трох сельскагаспадарчых арганізацый Чэрыкаўскага раёна, плюс у раёне ёсць яшчэ 11 фермерскіх гаспадарак.

Спецыялізацыя – збожжавыя, свінагадоўля, БРЖ, малако і мяса. Гістарычная эвалюцыя гаворыць не на карысць гаспадаркі:

  • саўгас-камбінат «Светлы» (савецкі час);
  • ЧПТУП «Агракомплекс „Светлы”» пад кіраўніцтвам ААТ «Магілёўхлебапрадукт»;
  • цяперашні КСУП пад кіраваннем сельскагаспадарчага аддзела Чэрыкаўскага райвыканкама.

Кожная такая пераўпакоўка ў беларускім АПК звычайна азначае працу над назапашанымі абавязацельствамі і спробу санацыі праз змену арганізацыйнай формы.

Акрамя таго, варта памятаць, што Чэрыкаўскі раён – адзін з пяці найбольш пацярпелых ад Чарнобыля раёнаў Магілёўшчыны і адзін з 21 найбольш пацярпелага ў Беларусі ў цэлым (разам з Быхаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім і Слаўгарадскім).

Паводле даных Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС, адны з самых высокіх паказчыкаў у Беларусі па забруджванні глеб радыеактыўнымі рэчывамі зафіксаваны менавіта тут: утрыманне цэзію-137 у глебе дасягала 59 000 кБк/м² (1595 Кі/км²), стронцыю-90 – 29 кБк/м² (0,78 Кі/км²).

У раёне 25 вёсак адселены і сцёрты з твару зямлі. З сельскагаспадарчага абароту выведзена больш за 9 000 гектараў зямель. На частцы тэрыторыі лясгасаў дагэтуль дзейнічае кантрольна-прапускны рэжым.

Частка Чэрыкаўскага раёна трапляе ў «зону з правам на адсяленне» і «зону пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем». Гэта не запаведнік, гэта тэрыторыя з абмежаваным прававым рэжымам.

Выходзіць, што зямля, на якой стартавала гэтая ўборачная, тая самая, што ў даведках МНС праходзіць па раздзеле «тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання».

Заўважым, што гаспадарка «Светлы» існуе не ў вакууме. Паводле публікацыі 2023 года першага намесніка старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Сяргея Запрудскага, «як „чарнобыльскаму” раёну, пастаянна аказваецца падтрымка ў набыцці фосфарна-калійных угнаенняў пад поўны аб’ём, выдзяляліся сродкі на рамонт тэхнікі і закупку паліва пад пасяўную». Плюс закупка сеялак і трактароў за кошт бюджэтных сродкаў.

То бок «першыя бункеры» Чэрыкаўскага раёна збіраюцца ў гаспадарцы, якая:

  • сее атрыманым па льгоце насенным матэрыялам (пры гэтым для кукурузы – замежныя гібрыды «Пуморы» і „Тэрмік”, напляваўшы на імпартазамяшчэнне;
  • уносіць угнаенні, атрыманыя пад поўны аб’ём бясплатна;
  • працуе на тэхніцы, купленай аблвыканкамам;
  • сее і ўбірае на паліве, аплачаным часткова з бюджэту;
  • працуе на зямлі, юрыдычны статус якой – «тэрыторыя радыеактыўнага забруджвання».

Выходзіць, што не «Светлы» ўносіць «важкі ўклад у агульны каравай». Гаспадарка збірае тое, за што ўжо заплаціў бюджэт некалькімі спосабамі адразу. А тут яшчэ і радыяцыя. У такой сітуацыі крычаць пра пачатак уборачнай – тое самае, што рагатаць на пахаванні.

Фота раённай газеты.

Чатырнаццатая смяротная лабавая аварыя за тры гады – што адбываецца на трасах Магілёўшчыны

Днём 13 чэрвеня ў Чэрыкаўскім раёне каля аграгарадка Рэчыца адбылося смяротнае ДТЗ. Пад кіраваннем 52-гадовага гамяльчаніна мікрааўтобус Mercedes-Benz Sprinter выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з лесавозам. Кіроўца загінуў на месцы, а яго 22-гадовы сын, што ехаў на пасажырскім сядзенні, быў дастаўлены ў лякарню з траўмамі.
Лабавыя сутыкненні на гэтай двухпалоснай трасе сталі ўжо звычайнай справай. За апошнія тры гады на Р-43, што ідзе ад мяжы з РФ праз Крычаў на Бабруйск, адбылося шэсць аварый з ахвярамі, чатыры з якіх – гэта лабавыя сутыкненні пры абгоне. 

Усяго па Магілёўскай вобласці за перыяд з 2023 па 2026 год налічваецца чатырнаццаць лабавых аварый, пры якіх загінулі альбо моцна пацярпелі людзі.

Ажыўленыя двухпалосныя дарогі, загружаныя ціхаходнай цяжкай тэхнікай, штогод гуляюць у латэрэю з магілёўскімі кіроўцамі, цана якой – жыццё.

Фота: ДАІ

Мода на продаж старых сартыраў укараняецца на Магілёўшчыне

Яшчэ адзін туалет выставілі на продаж у Магілёўскай вобласці. На гэты раз прыбіральня была арыштавана і выстаўлена на продаж за даўгі МПМК-280 у Чэрыкаўскім раёне.

Відавочна, іншых актываў у прадпрыемства няма, таму прадаўцы ўчапіліся ў туалет мёртвай хваткай і патрабуюць за яго 3440 рублёў.

І гэта пры тым, што “збудаванне неўстаноўленага прызначэння”, а менавіта так называюць туалет у аб’яве, размешчана не ў цэнтры Чэрыкава, а на перыферыі –

у вёсцы Гронаў Вепрынскага сельсавета.

Фота e-auction.

У Чэрыкаўскім раёне адмянілі незаконныя дзяржаўныя закупкі на 430 тысяч рублёў

Пракуратура Чэрыкаўскага раёна выявіла парушэнні пры правядзенні дзяржаўных закупак у адной з устаноў.

Пасля ўмяшання пракуратуры ў Чэрыкаўскім раёне незаконныя працэдуры на 430 тысяч рублёў адмянілі, а ў адну з закупак унеслі змены.

  • Падчас маніторынгу адной з устаноў чэрыкаўскія пракуроры ўстанавілі, што:
    адказны работнік няправільна выбраў працэдуру закупкі;
  • у двух выпадках замест электронных аўкцыёнаў кантрагентаў выбіралі праз запыт цэнавых прапаноў;
  • у конкурснай дакументацыі не былі пазначаны дадатковыя патрабаванні да ўдзельнікаў;
  • з-за гэтага да закупак маглі дапусціць пастаўшчыкоў, якія не адпавядаюць заканадаўству;
  • у дакументах не прапісалі парадак фарміравання цаны прапановы;
    не пазначылі валюту, у якой павінна быць выражана цана;
  • не былі адлюстраваны звесткі пра валюту і, пры неабходнасці, абменны курс для ацэнкі і параўнання прапаноў.

Па выніках праверкі пракурор Чэрыкаўскага раёна вынес кіраўніку ўстановы два прадпісанні. Яны выкананы ў поўным аб’ёме.

Акрамя таго, у дачыненні да работніка, які дапусціў парушэнні пры дзяржаўных закупках, распачаты адміністрацыйны працэс.

А цяпер падумаем пра тое, што гэта за «адказны» работнік, якому прадпрыемства даверыла расходаваць бюджэт? Сем парушэнняў працэсу закупкі наводзяць на думку пра тое, што гаворка ідзе або пра поўнага разгільдзяя, або пра персанажа з цалкам злачыннымі намерамі.

Фота з адкрытых крыніц.

Любіць Беларусь у Чэрыкаве дзяцей вучаць у прысутнасці пракурора

Прысутнасць пракурора ў дзіцячым садку №1 Чэрыкава стала неад’емнай часткай патрыятычнага выхавання.

У чэрыкаўскім дзіцячым садку №1 напярэдадні Дня Канстытуцыі прайшло мерапрыемства «Пісьмо пра Беларусь». На яго запрасілі памочніцу пракурора Чэрыкаўскага раёна Таццяну Аўчыннікаву. Менавіта перад ёй выхаванцы старэйшых груп дэманстравалі засвоеныя «ўрокі патрыятызму».

Малых дзяцей да сустрэчы загадзя падрыхтавалі выхавальнікі. Хлопчыкаў апранулі ў камуфляжныя штаны, і ўсім дзецям раздалі чырвона-зялёныя сцяжкі. У прысутнасці прадстаўніцы пракуратуры дзеці выконвалі дзяржаўны гімн і распавядалі пра значэнне дзяржаўных сімвалаў. Увесь сцэнар выглядаў як паказальнае выступленне перад гасцей у пагонах.

Такія сустрэчы праводзяцца ў межах праекта «Пісьмо пра Беларусь», які Генеральная пракуратура і Міністэрства адукацыі запусцілі ў 2022 годзе. Праект разлічаны на дзяцей 5–7 гадоў і прадугледжвае ўдзел пракурорскіх работнікаў у мерапрыемствах у дзіцячых садках. Падчас іх малым расказваюць пра дзяржаўныя сімвалы, «гераічнае мінулае» краіны і трагедыі Другой сусветнай вайны.

Арганізатары адкрыта заяўляюць, што мэта праекта – фарміраваць патрэбны светапогляд з ранняга ўзросту. Паводле прадстаўнікоў пракуратуры, менавіта ў дашкольныя гады закладваюцца асновы адносін да дзяржавы.

Насамрэч гаворка ідзе пра ідэалагічную апрацоўку дзяцей, якія яшчэ нават не пайшлі ў школу. Дашкольнікаў не проста знаёмяць з культурай або традыцыямі – ім у прысутнасці прадстаўнікоў сілавых структур убіваюць у галаву, як «правільна» любіць нават не краіну, а дзяржаву.

Яшчэ некалькі гадоў таму падобныя сцэнары былі немагчымымі. У дзіцячых садках праводзілі звычайныя святы і ранішнікі, але прадстаўнікі пракуратуры ці іншых сілавых ведамстваў у выхаваўчым працэсе не ўдзельнічалі. Сёння ж праект «Пісьмо пра Беларусь» зрабіў прысутнасць людзей у пагонах на дзіцячых мерапрыемствах нормай.

Такім чынам, патрыятычнае выхаванне ў садках усё часцей ператвараецца ў арганізаваную ідэалагічную кампанію, якая пачынаецца ўжо ў пяцігадовым узросце. Дзеці, якія яшчэ толькі вучацца чытаць і пісаць, ужо павінны дэманстраваць перад пракурорамі, як яны засвоілі любоў да дзяржавы.

Фотаздымак: cherikovnews.by