Выхад з дэградацыі: у Краснаполлі людзей абазвалі сарнякамі і працягнулі ім руку дапамогі

Раённая газета «Чырвоны сцяг» расказала пра пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку ў Краснаполлі. Туды запрасілі людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і знаходзяцца на розных відах уліку. У першым жа абзацы іх абазвалі сарнякамі.
На пасяджэнне запрасілі 13 жыхароў райцэнтра, прыйшлі пяцёра. У спісе запрошаных – утрыманцы, «ціхія» п’яніцы, абавязаныя асобы, людзі з хранічным алкагалізмам, якія сістэматычна парушаюць грамадскі парадак, працоўную дысцыпліну або правілы прэвентыўнага нагляду.
Кожнаму з тых, хто прыйшоў, далі слова і прапанавалі выхад «са стану дэградацыі» – садзейнічанне ў працаўладкаванні, псіхалагічную і медыцынскую дапамогу. Члены савета ўбачылі ў паводзінах некаторых, што асацыяльны лад жыцця іх цалкам задавальняе, і нагадалі сабе, што выводзіць людзей з «цемры» – справа няхуткая.
Вынік пасяджэння ў справаздачы – «канкрэтныя рашэнні», кансультацыі і рэкамендацыі ў дачыненні да кожнага. Якія рашэнні прынятыя, газета не піша. Няма ў тэксце і таго, ці пагадзіўся хто-небудзь з пяцярых на працу або лячэнне і што будзе з васьмю тымі, хто не з’явіўся.
Дапамогу ў працаўладкаванні і лячэнні тут прапануюць не сацыяльныя службы, а савет па ахове правапарадку, які працуе ў цеснай звязцы з міліцыяй.
А яе для такой працы ў краіне хапае: паводле неафіцыйных ацэнак, у Беларусі каля 1400 супрацоўнікаў МУС на 100 тысяч жыхароў пры сярэднесусветных 300. Афіцыйная лічба – 405, але ў яе ўваходзяць толькі тыя, хто заняты аховай парадку, раскрыццём злачынстваў і прафілактыкай.
Рост колькасці міліцыянераў ідзе паралельна з ростам колькасці асацыяльных асоб. 

У 2024 годзе у ЛПП накіравалі 10,9 тысячы чалавек – на 1,3 тысячы больш, чым годам раней, і ў два з паловай разы больш, чым у 2006-м.
Тлумачыцца гэта не толькі п’янствам, але і планам, даведзеным да міліцыі, і спрашчэннем працэдуры: раней для накіравання патрабавалася сем-восем прыводаў, цяпер хапае двух пратаколаў. 

А ў лютым 2026 года МУС прапанавала ставіць на прафілактычны ўлік яшчэ дзве катэгорыі грамадзян – тых, хто вярнуўся з ЛПП, і асуджаных да штрафу.
Яўка пяць з трынаццаці і ёсць галоўны вынік старанняў міліцыянераў – іх проста ігнаруюць. Мяркуючы па ўсім, у краіне вартавых правапарадку ўсё яшчэ недастаткова.

Фота краснапольскай газеты «Чырвоны сцяг».

Жыхар Краснаполля памёр, паабедаўшы грыбамі

Абед з грыбамі, сярод якіх апынуліся паганкі, стаў апошнім хатнім пачастункам для 39-гадовага жыхара Краснаполля.

Мужчына схадзіў у лес па грыбы, прыгатаваў іх і паеў удзень. Ужо да вечара звычайнае «ціхае паляванне» ператварылася ў барацьбу за жыццё. У краснапальчаніна рэзка пагоршыўся стан: пачаліся болі ў жываце, млоснасць, ваніты і дыярэя, з’явілася моцная слабасць. Хуткая дапамога даставіла яго ў раённую бальніцу, пазней пацыента перавялі ў Магілёўскую клінічную бальніцу.

Медыкі змагаліся за яго жыццё, аднак выратаваць мужчыну не ўдалося. На сёмы дзень пасля таго самага грыбнога абеду ён памёр. Дакладную прычыну смерці высвятлялі судовыя эксперты. Аказалася, што прычынай смерці сталі рэчывы, якія змяшчаюцца, у прыватнасці, у бледнай і белай паганках, галерыне аблямаванай і некаторых відах дробных грыбоў-парасонаў.

З улікам вынікаў аналізаў, сімптомаў, пашкоджанняў унутраных органаў і абставінаў атручвання эксперты прыйшлі да высновы: мужчына памёр ад вострага атручвання пасля ўжывання грыбоў. Яно прывяло да таго, што адзін за адным пераставалі нармальна працаваць жыццёва важныя органы.

Судовыя медыцынскія эксперты папярэджваюць, што атручванне грыбамі можа быць смяротна небяспечным. Паводле прыведзеных імі звестак, 80–90% выпадкаў ужывання бледнай паганкі заканчваюцца смерцю. Пры гэтым атруціцца можна не толькі ядавітымі грыбамі, але і сапсаванымі ядомымі. Таму пры першых прыкметах атручвання эксперты раяць не спрабаваць справіцца самастойна, а неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

У краснапольскім транспарце беларускую мову знішчылі, у асіповіцкім – не

Моўныя рэаліі ў грамадскім транспарце Краснаполля і Асіповічаў адрозніваюцца, аднак яскрава заўважна тэндэнцыя збліжэння. 

“Шыльды з назвамі прыпынкаў грамадскага транспарту на тэрыторыі Краснапольскага раёну, расклад руху грамадскага транспарту, тэкставая інфармацыя для пасажыраў у грамадскім транспарце выкананыя на рускай мове. Інфармаванне пасажыраў у грамадскім транспарце ажыццяўляецца на рускай мове”, – гаворыцца ў лісце дырэктара Краснапольскага філіяла Аўтапарк №11 Івана Галавача ў адказ на запыт “моўнага інспектара” Ігара Случака.

У Асіповіцкім раёне сітуацыя з беларускай мовай спачатку падаецца лепшай. Там, паводле сцвярджэння дырэктара філіяла Аўтапарк №19 Мікалая Кавалёва, расклад руху на прыпынках і назвы прыпынкаў напісаныя на беларускай мове. Таксама на беларускай мове нібыта выконваецца інфармаванне пасажыраў у грамадскім транспарце – як аб’яўленне прыпынкаў, так і падача тэкставай інфармацыі.

Аднак у наступным абзацы свайго ж ліста Кавалёў паведамляе нешта абсалютна іншае. “Паколькі кіроўцы аўтобусаў на 100% з’яўляюцца рускамоўнымі, найменні прыпыначных пунктаў у аўтобусах агучваюцца на рускай мове”, – піша дырэктар “моўнаму інспектару”.

“Пытанне для асобнага звароту – чаму ў Асіповічах бяруць на працу толькі кіроўцаў, які заяўляюць аб тым, што не ведаюць беларускую мову?” – задаецца пытаннем Ігар Случак.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Кадры вырашылі ўсё: падымаць Краснаполле прыехала 66-гадовая пенсіянерка з саўгаса «Гарадзец»

Краснапольскі раён прымаў важную госцю – памочніцу Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці, пенсіянерку Надзею Каткавец. Разам са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Яфімчыкавым яна аб’ехала тры пункты: фізкультурна-аздараўленчы комплекс, рыбгас «Палуж» і малочнатаварны комплекс «Леніна». У ФАКу «абмеркавалі сацыяльную сферу», у рыбгасе «дэталёва вывучыла эканоміку вытворчасці», на ферме «пагутарылі з самім калектывам».
У Краснапольскім раёне адно сельгаспрадпрыемства – ААТ «Краснапольскі», у якое злілі ўсе былыя калгасы. Райвыканкам сам трымае яго ў пераліку неплацежаздольных арганізацый, фінансавае аздараўленне якіх «мяркуецца ажыццяўляць з прыцягненнем інвестараў». Інвестараў няма. Малочны комплекс «Леніна», дзе інспектар «удзяліла ўвагу тэхналогіям утрымання жывёлы», – яго падраздзяленне.
Рыбгас «Палуж» Каткавец назвала «аб’ектам стратэгічнага значэння»: там выконваюць даручэнне па павелічэнні вырошчвання рыбы для ўнутранага рынку.
Даручэнне свежае – у красавіку Лукашэнка асабіста разбіраўся ў Краснаполлі з рыбай і ўгнаеннямі, запатрабаваў ад Камітэта дзяржкантролю «па ўсёй краіне разабрацца і пасадзіць» і адначасова абразіў балтыйскіх суседзяў.
І вось праз пяць месяцаў у рыбгас прыязджае яго былая галоўная эканамістка і «дэталёва вывучае эканоміку».
Вывучай не вывучай, а пра «дабрабыт кожнага жыхара» Краснапольшчыны расказвае, сама таго не жадаючы, мясцовая раёнка.
У райцэнтры гаспадараць бадзяжныя сабакі. За тры дні да візіту Каткавец гарэў інтэрнат на вуліцы Варашылава – трохпавярховік з аблезлым фасадам, які не бачыў рамонту не адзін год. Вуліца Піянерская заасфальтаваная напалову, і другую палову адрамантуюць не раней, чым яна стане непраезнай.
У канцы інспекцыі Каткавец выдала рэзюмэ, годнае галоўбуха саўгаса: «працуем далей, каб кожны сектар эканомікі прыносіў карысць».
Кадры вырашаюць усё. У Краснаполлі іх вырашае 66-гадовая пенсіянерка, якая трыццаць пяць гадоў таму лічыла грошы ў саўгасе ў свайго цяперашняга патрона. Куды ўжо далей?

Фота раённай газеты.

Не згарыць, дык згніе: што паказала відэа МНС з пажару інтэрната ў Краснаполлі

У інтэрнаце на вуліцы Варашылава ў Краснаполлі ўвечары 5 верасня загарэлася столь у адным з блокаў на першым паверсе. Сігнал перадала сістэма апавяшчэння аб НС «Маланка», работнікі МНС патушылі агонь вогнетушыцелем. Пацярпелых няма, эвакуацыя жыхароў не спатрэбілася.
Зводка ратавальнікаў займае чатыры радкі, васемнаццаць секунд відэа гавораць больш. Здымка з вуліцы: тры паверхі, суцэльны шэраг лоджый. Бетонныя агароджы лоджый у цёмных пацёках зверху данізу, фарба на сценах паміж імі аблезла плямамі, на балконных плітах – брудныя разводы.
Пры гэтым дом жылы: на вяроўках уздоўж лоджый вісіць бялізна, каля агароджаў складзены рэчы, на адной з лоджый прыадчынена акно. Гэта не расселены будынак, а абжыты інтэрнат, фасад якога яўна не бачыў рамонту не адзін год.
Каму належыць будынак, колькі ў ім жыве людзей і чаму гарэла столь – ні ў зводцы, ні ў перадруках няма.

Ёсць толькі кадры, пасля якіх уладам Краснаполля можна і без зводкі задаць пытанне: што здарыцца раней – рамонт ці наступны пажар.

Фота скрыншот відэа МНС.

«Кроў на белым тле» ў Касцюковічах: Нацыянальную літаратурную прэмію атрымаў Марзалюк з Краснаполля

У Касцюковічах адкрыўся XXXIII Дзень беларускага пісьменства. На галоўнай сцэне паказалі праграму «Родная мова – мова шчаслівых людзей» з шасцю сотнямі артыстаў, легендай пра Касцюка і перадачай скрутка са славянскай азбукай дзецям. Віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч перадала старшыні аблвыканкама Анатолю Ісачанку прывітальны адрас Лукашэнкі, у якім Касцюкоўшчына названа радзімай Аркадзя Куляшова і Івана Чыгрынава. Раніцай на плошчы перад райвыканкамам адкрылі скульптуру «Алесь і Алеся» паводле матываў Куляшова і пагасілі памятную марку.
Цэнтральная падзея першага дня – уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі – была азмрочаная.
У намінацыі «Лепшы публіцыстычны твор» перамог Ігар Марзалюк з кнігай «Кроў на белым тле. Беларускія калабарацыяністы ў часы акупацыі БССР».
Для Касцюковічаў гэта прэмія земляку. Марзалюк нарадзіўся ў Краснаполлі.
Кніга выйшла ў 2025 годзе ў выдавецтве «Беларусь», 335 старонак.
На 335 старонках Марзалюк расказвае пра тое, што акупаваная Беларусь была полем злачыннай дзейнасці нацыяналістычных груповак з «паталагічнай нянавісцю да беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове».
Узнагароду ўручалі міністр інфармацыі Дзмітрый Жук і Аляксандр Карлюкевіч – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і з снежня 2024 года дырэктар выдавецтва «Беларусь».
Менавіта гэтае выдавецтва выпусціла кнігу лаўрэата і ў лютым правяло яе прэзентацыю ў Нацыянальнай бібліятэцы, а Саюз пісьменнікаў – суарганізатар прэміі разам з міністэрствамі інфармацыі, культуры і адукацыі.
Карлюкевіч у Касцюковічах апынуўся адразу ў дзвюх ролях – выдаўца кнігі і таго, хто ўручаў за яе ўзнагароду. Смешнае не толькі ўручэнне ўзнагароды сабе любімаму.
Дзяржаўнасць Беларусі на савецкай аснове настолькі спецыфічная, што новая кніга Марзалюка можа прэтэндаваць на перамогу яшчэ і ў гумарыстычнай намінацыі.

Фота “Могилевские ведомости”.

Галоўны беларускі камуніст Сыранкоў прапіярыўся ў краснапольскай царкве

Кіраўнік праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў выкарыстаў царкву для ўласнага піяру.

Сыранкоў, як нядаўна прызначаны сенатар, прыехаў ва Успенскую царкву ў Краснаполлі, каб, як падае раённая газета “Чырвоны сцяг. Краснаполле”, абмеркаваць з пробашчам парафіі, іерэем Мікалаем Ляшкевічам, сацыяльнае служэнне і традыцыйную дабрачынную акцыю да новага навучальнага года. 

Паводле газеты, дапамогу да 1 верасня атрымаў 31 дзіцёнак. У яе ўваходзіць – ранцы, канцэлярскія праналежнасці, адзенне і абутак. Якім чынам былі вылучаны тыя, хто меў патрэбу ў такой дапамозе, газета не раскрывае. Аднак гэта, пэўна, не самае галоўнае. Бо найважнейшым з’яўляецца піяр кіраўніка КПБ, які тым больш родам з Краснаполля.

“Сяргей Сыранкоў, айцец Мікалай і прадстаўнікі мясцовай улады наведалі сем’і, пагутарылі з бацькамі і ўручылі падарункі”, – распавядае “Чырвоны сцяг. Краснаполле”.

Цяперашнія беларускія камуністы ў адрозненні ад сваіх папярэднікаў, якіх яны ўсхваляюць, не настроены на барацьбу з рэлігіяй. Зносіць цэрквы не імкнуцца, і не заяўляюць, што яна нібыта опіўм для народа. Пры гэтым дэкларуюць, што паважліва ставяцца да рэлігіі, і як бачна на прыкладзе Сыранкова, ахвотна выкарыстоўваюць яе для сваго піяру. Праўда, за палітычныя рэпрэсіі супраць усіх канфесій у ХХ стагоддзі каяцца перад Богам і людзьмі яны па-ранейшаму не збіраюцца.

Фотаздымак: “Чырвоны сцяг. Краснаполле”

Актывісты Краснаполля зладзілі сапраўдны дзвіж. Бачны толькі ім самім

Краснапольская раённая газета «Чырвоны сцяг» расказала, як мясцовыя валанцёры ўдзельнічаюць у рэспубліканскім марафоне «ДОБРО.БЕЛ». Замест лічбаў – ацэнкі. Марафон названы «сапраўдным дзвіжам», уборка тэрыторыі храма – «больш маштабнай місіяй», суботнік прайшоў «зусім нядаўна» і заняў «пару гадзін», пасля чаго «двары заззялі чысцінёй», а «зялёныя зоны ўздыхнулі вальней». Завяршаецца тэкст указаннем на «бляск у вачах нашых валанцёраў».
З матэрыялу нельга даведацца ні колькі чалавек выйшла на суботнік, ні колькі двароў прыбралі, ні якога чысла гэта было, ні колькі вывезлі смецця. Не названы ніводзін удзельнік, акрамя першага сакратара райкама БРСМ Надзеі Варанцовай, якая дае каментар.
Між тым сам праект пабудаваны менавіта на падліку. «У кожнага ўдзельніка ёсць мэта і бачны вынік. – тлумачыць Варанцова. – Прыбраў пляцоўку, пасадзіў кветкі, дапамог бабулі – і твой унёсак фіксуецца ў “Смарт-білеце”». 

То бок улік вядзецца па кожным удзельніку і па кожным дзеянні – але ніводная лічба з гэтага ўліку ў публікацыю не трапіла. Акрамя сямі чалавек на фота.

Фота раённай газеты.

Краснапольскі сталініст Сыранкоў прызначаны сенатарам

Беларускі дыктатар 20 жніўня 2026 года прызначыў свайго спарынг-партнёра на мінулагодніх “прэзідэнцкіх выбарах” Сяргея Сыранкова сябрам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ.

Інфармацыя аб новым прызначэнні Сыранкова з’явілася на сайце Лукашэнкі 20 жніўня. Згодна частцы 2 арт. 91 Канстытуцыі, Сыранкоў стаў адным з васьмі сенатараў, якіх прызначае сам дыктатар.

Сыранкоў узначальвае праўладную Камуністычную партыю Беларусі, займае ў ёй пасаду першага сакратара з 2024 года. Паводле інфармацыі на сайце партыі, ён працуе галоўным рэдактарам у рэдакцыі газеты “Камуніст Беларусі. Мы і час».

Сыранкоў паходзіць з Краснаполля. Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, пасля трапіў у Краснапольскі райвыканкам. У 2019-2023 быў прызначаны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Падчас так званых “прэзідэнцкіх выбараў”, Сыранкова паставілі на другое месца і напісалі яму 3,2% галасоў выбаршчыкаў.

Фотаздымак: БелТА

Назіральная камісія ў Краснаполлі паўгода працягвала руку дапамогі

Назіральная камісія пры Краснапольскім райвыканкаме падвяла вынікі першага паўгоддзя. Праца кіпела:

  • шэсць пасяджэнняў, адно з іх выязное – у аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама;
  • два пасяджэнні правялі сумесна з «Кірмашом вакансій», у іх прынялі ўдзел 11 грамадзян;
  • наведалі чатыры арганізацыі – тыя, дзе працуюць асуджаныя да грамадскіх і папраўчых работ а таксама да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Па выніках наведванняў устаноўлена, што ўмовы выканання пакаранняў адпавядаюць патрабаванням заканадаўства.
На пасяджэннях разглядалі садзейнічанне ў працаўладкаванні, заслухоўвалі інфармацыю аб зніжэнні ўзроўню рэцыдыўнай злачыннасці і аб рабоце з тымі, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі або вярнуўся з ЛПП.
Ніводнай лічбы па гэтых пунктах у выніках няма. Невядома, колькі чалавек працаўладкавана, якім стаў узровень рэцыдыву, колькім дапамаглі пасля вызвалення. Між тым назіральная камісія пры выканкаме – орган не зусім цырыманіяльны.
Закон замацоўвае за такімі камісіямі кантроль за выкананнем пакаранняў і ўдзел у пытаннях умоўна-датэрміновага вызвалення, гэта значыць у рашэннях, ад якіх залежыць, выйдзе чалавек раней тэрміну ці не.
Ацэнка дзейнасці “назіральнікаў” змясцілася ў адным сказе: рука дапамогі працягваецца ўсім, каму яна вельмі патрэбна.
Аматарам камп’ютарных гульняў вядомыя падобныя персанажы: у пост’ядзерным маскоўскім метро таксама ёсць нябачныя назіральнікі. Яны мала чым адрозніваюцца ад краснапольскіх калег – назіраюць і ні ў што не ўмешваюцца.

Фота раённай газеты.