Цэлы арсенал зброі, боепрыпасаў і выбухоўкі знайшлі ў жыхара Слаўгарадчыны

Разнастайную зброю, 370 патронаў, тратыл і іншыя боепрыпасы выпадкова знайшлі прыродаахоўнікі ў доме браканьера ў Слаўгарадскім раёне.

Пачалася гісторыя з таго, што супрацоўнікі Магілёўскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету выявілі двух жыхароў Слаўгарада, якія незаконна лавілі рыбу сеткамі.

Падчас далейшай праверкі прыродаахоўнікіі агледзелі жыллё і гаспадарчыя пабудовы аднаго з браканьераў. І акрамя рыбалоўных прылад, знайшлі куды больш небяспечныя прадметы. У 50-гадовага мужчыны канфіскавалі каля 370 патронаў, зброю, іншыя боепрыпасы і рэчыва, якое, паводле папярэдніх звестак, можа быць тратылам.

Як высветлілі затым следчыя, гаспадар арсенала афіцыйна нідзе не працуе, час ад часу ездзіць на заробкі ў Расію. А вольны час прысвячае пошукам прадметаў часоў нямецка-савецкай вайны. На допыце ён расказаў, што набыў металашукальнік і больш за пятнаццаць гадоў збіраў знойдзеныя снарады, гранаты і патроны.

Прычым калекцыя папаўнялася не толькі дзякуючы ўласным знаходкам. Паводле затрыманага, знаёмыя, якія ведалі пра яго захапленне, таксама прыносілі яму стрэльбы і іншыя прадметы ўзбраення. Частка гэтай зброі, як папярэдне ўстаноўлена, не была зарэгістраваная належным чынам.

Цяпер мужчына падазраецца ў незаконным абароце боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

Фотаздымак: sk.gov.by

На Магілёўшчыне раскапаць вуліцу можна было бясплатна, а адказу на скаргу чакалі два месяцы

Абласны Камітэт дзяржкантролю праверыў, як райвыканкамы, раённыя адміністрацыі і арганізацыі Магілёўскай вобласці працуюць са зваротамі грамадзян. За парушэнні закона аб зваротах да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 14 службовых асоб.

Самы паказальны прыклад – Крычаў. Жыхары дамоў на вуліцы Сіроцініна (на здымку) калектыўна паскардзіліся, што на вуліцы няма асвятлення і пара рамантаваць дарогу. На адказ закон дае месяц, у Крычаўскім райвыканкаме зварот разглядалі больш за два.

У Слаўгарадскім райвыканкаме больш за месяц разбіраліся з прапановай індывідуальнага прадпрымальніка змяніць расклад міжгародніх аўтобусаў Слаўгарад – Магілёў.

Адначасова дзяржкантралёры выявілі выпадкі, калі мясцовыя ўлады ўвогуле не ўстанаўлівалі плату за дазволы раскопваць вуліцы, плошчы і двары – адпаведна, і не бралі яе.

Усяго за дзевяць месяцаў у абласны камітэт паступіла 538 зваротаў грамадзян і арганізацый, яшчэ 255 паведамленняў прынялі гарачыя лініі.

Сярод вырашаных пытанняў ведамства пералічвае тое, што ў нармальным горадзе робіцца без кантралёраў: у Магілёве адрамантавалі стыкі сценавых панэляў у доме на вуліцы Маўчанскага, зрабілі штучныя няроўнасці каля сярэдняй школы № 9, паправілі лесвіцу з праспекта Міру на вуліцу Катоўскага і ліквідавалі прычыну падтаплення падвала каналізацыйнымі сцёкамі на вуліцы Будаўнікоў.

Выходзіць, у адной і той жа вобласці жыхары месяцамі чакаюць адказу на просьбу адрамантаваць дарогу, а тым, хто гэтыя дарогі раскопвае, дазвол дастаецца бясплатна.

Фото крычаўскай раённай газеты.

Гаршчок з Проні выратавалі, курганы – не: у Слаўгарадскім раёне рака забрала сем старажытных пахаванняў з дваццаці аднаго

У Проні каля вёскі Бярозаўка Слаўгарадскага раёна знайшлі ляпны гаршчок, якому не менш за пяць тысяч гадоў, і тут жа высветлілася, што размешчаны побач курганны могільнік за няпоўныя тры дзесяцігоддзі страціў траціну насыпаў.
Пасудзіну дастаў з дна ўраджэнец гэтых мясцін, які даўно жыве ў Жлобіне. Кожнае лета ён прыязджае на радзіму купацца і рыбачыць. Паводле яго слоў, у дзяцінстве яны з сябрамі даставалі з ракі гільзы і аскепкі снарадаў, якія пераплаўлялі на блешні, а яшчэ дзіўныя бітыя гаршкі – іх называлі «чыгункамі». У ліпені трапіўся такі ж «чыгунок», толькі вельмі вялікі і амаль цэлы.
Што рабіць са знаходкай, падказаў жлобінскі краязнавец, у якога ёсць знаёмыя археолагі. Так пасудзіна апынулася ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства адносіць яе да канца неаліту – пачатку бронзавага веку. Ляпных гаршкоў такой захаванасці ў краіне адзінкі: звычайна падчас раскопак трапляюцца чарапкі, з якіх рэдка ўдаецца сабраць цэлую форму.
У канцы жніўня навукоўцы прыехалі на месца. Аднаму давялося ныраць: пасудзіна, як устанавіла экспедыцыя, ляжала ў яме глыбінёй да трох метраў, заваленай бярвёнамі.
Адначасова навукоўцы агледзелі левы бераг Проні – урочышча Белая Гара, дзе ў 1997 годзе быў адкрыты курганны могільнік. Тады насыпаў налічылі 21. Цяпер іх 14: астатнія сем абсыпаліся ў раку разам з высокім берагам, які яна падмывае. У абрыве сабралі некалькі фрагментаў ляпной керамікі апошняй чвэрці першага тысячагоддзя нашай эры.
Гаршчок праляжаў на дне пяць тысяч гадоў і дачакаўся чалавека, які не выкінуў яго і не паставіў на дачную паліцу. Курганам на Белай Гары хапіла 29 гадоў, каб кожны трэці сышоў у ваду. Пра тое, што з астатнімі чатырнаццаццю будуць рабіць што-небудзь, акрамя пераліку, не паведамляецца.

Фота жлобінскай раённай газеты.

Для многіх вёсак Слаўгарадскага раёна свой ФАП не прадугледжаны, але пульс б’ецца роўна

Пульс раёна б’ецца ў спакойным, рабочым рытме – так апісалі абстаноўку на планёрцы ў Слаўгарадскім райвыканкаме. Раённая бальніца працуе без збояў і экстранных сітуацый, дапамога аказваецца ў планавым парадку.
Як выглядае планавы парадак за межамі райцэнтра ў дваццаць першым стагоддзі, відаць з графіка работы перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта на верасень. Маршрут распісаны на 22 дні, прыём вядзе памочнік урача, адначасова прадаюцца лекі.
Умову, пры якой вёска мае права на ўласны пункт, устанавіў Міністэрства аховы здароўя: ФАП арганізуецца ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў ад 700 чалавек і адлегласцю 3-5 кіламетраў да найбліжэйшай лячэбна-прафілактычнай арганізацыі. Ва ўсім Слаўгарадскім раёне разам з райцэнтрам жывуць 11 635 чалавек.
Для тых, хто ў нарматыў не трапіў, прадугледжана выязная форма абслугоўвання – яна апісана як дапамога насельніцтву маланаселеных і аддаленых вёсак, якая адначасова зніжае колькасць выклікаў хуткай дапамогі.
Там жа названа, колькі для гэтага ёсць машын: у 2025 годзе ў краіне працавалі 129 перасоўных фельчарска-акушэрскіх пунктаў, з іх у Магілёўскай вобласці – сем, на дваццаць адзін раён.
Плануюцца такія выезды з улікам сезоннасці сельскагаспадарчых работ, то бок расклад падстройваюць пад уборачную.
Нарматыў пры гэтым выкананы цалкам. Вёска, дзе не набіраецца сямісот жыхароў, стацыянарнага пункта не атрымлівае, а перасоўны заязджае туды столькі разоў, на колькі хапае сямі машын на вобласць.
Даводзіцца пагадзіцца: раўней пульс можа быць толькі ў рэанімацыі.

Фота раённай газеты.

Грамадзянская супольнасць па загадзе зверху: на Магілеўшчыне ініцыятывы вылучаюць тыя ж, хто іх фінансуе

У Слаўгарадзе прайшоў масавы суботнік у гарадскім Гаі – на тэрыторыі былой танцпляцоўкі. Працавалі прадстаўнікі райвыканкама, «дэпутаты» і калектывы прадпрыемстваў і арганізацый. У справаздачы пра суботнік пералічана, што там ужо зроблена: пакладзена тратуарная плітка, устаноўлены новыя лаўкі, зманціравана сістэма падсветкі. Усё гэта пададзена як рэалізацыя моладзевай грамадзянскай ініцыятывы «Слаўныя імёны зямлі Слаўгарадскай».
Мяркуючы па назве, праект павінен быць пра імёны. У студзені аўтар ініцыятывы Ілля Сцяпанаў апісваў яе так: стварыць мемарыяльную зону на алеі ў парку на поўдзень ад Царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю, адрамантаваць дарожку, паставіць сучаснае асвятленне і зрабіць алею з інфармацыйнымі стэндамі пра знакамітых ураджэнцаў Слаўгарадчыны. На гэта выдзелена 70 тысяч рублёў.
У жнівеньскай справаздачы пра зробленае супадаюць асвятленне і дарожка. Месца таксама тое самае: на здымках з суботніка, апублікаваных раённай газетай, за спінамі працуючых відаць званіцу Царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Разыходзіцца змест – ні стэнды, ні імёны, ні мемарыяльная зона ў справаздачы не згадваюцца. Што менавіта з заяўленага будзе выканана і калі, з публікацыі не вынікае.

Хто тут ініцыятар

Другое пытанне цікавейшае за першае: наколькі гэтая ініцыятыва грамадзянская.
Конкурс, пераможцам якога стаў слаўгарадскі праект, праводзіць Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых «саветаў дэпутатаў», прыём заявак абвяшчаў абласны «савет дэпутатаў». У канцы 2025 года з 51 заяўкі адабралі 18 праектаў – па адным амаль на кожны раён вобласці, уключаючы Быхаўскі, Дрыбінскі, Чавускі, Касцюковіцкі, Крычаўскі і Клічаўскі.
Цяпер склад удзельнікаў са слаўгарадскага боку:

  • аўтар праекта Ілля Сцяпанаў – старшыня «моладзевага савета» пры Слаўгарадскім раённым «савеце дэпутатаў»;
  • пра перамогу абвясціла старшыня раённага «савета дэпутатаў» Святлана Язерская;
  • папярэднюю ініцыятыву «Сувязь часоў і пакаленняў» рыхтавалі «дэпутаты» «райсавета», «моладзевы парламент» пры «райсавеце» і спецыялісты УКП «Жылкамгас», а кіравала ініцыятыўнай групай загадчыца аддзялення раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва;
  • на суботнік выйшлі райвыканкам, «дэпутацкі корпус» і калектывы прадпрыемстваў;
  • збор фотаархіва для праекта вядзе рэдакцыя раённай газеты «Прысожскі край», якая пра гэты праект і піша.

Ні на адным этапе – ад вылучэння ідэі да асвятлення выніку – у гэтым ланцужку няма нікога, хто не быў бы альбо органам улады, альбо структурай пры органе ўлады, альбо дзяржаўнай установай. Ініцыятыва вылучаецца «саветам» пры «райсавеце», адбіраецца асацыяцыяй «саветаў», фінансуецца з абласнога бюджэту, выконваецца сіламі выканкама і прадпрыемстваў і асвятляецца дзяржаўнай раёнкай. Грамадзянскага ў ёй – толькі слова ў назве конкурсу.

Дзесяць працэнтаў з працоўных калектываў

Умова конкурсу: ініцыятар і іншыя зацікаўленыя суб’екты абавязаны ўнесці не менш за дзесяць працэнтаў кошту праекта. Як менавіта гэтыя грошы збіраюць, старшыня «райсавета» прагаварыла адкрыта – яна разлічвае на падтрымку працоўных калектываў і грамадскасці, якія, паводле яе слоў, заўсёды адгукаюцца на заклік аб суфінансаванні.
Механічна гэта ўладкавана так: ініцыятар адкрывае дабрачынны рахунак на сваё імя, туды пералічваюцца ўзносы, затым сабранае ў раёне сыходзіць на рахунак Магілёўскага абласнога фінансавага ўпраўлення і ўключаецца ў суму фінансавання ініцыятывы. Рэквізіты рахунку, аформленага на Сцяпанава як на фізічную асобу, апублікаваны ў раённай газеце.
Па той жа схеме ў Слаўгарадзе ўжо прайшоў праект «Сувязь часоў і пакаленняў» – рэканструкцыя лесвіцы да пляжа і добраўпарадкаванне памятнага знака «Якар». Там сума была 146 тысяч рублёў, і больш за дзесяць працэнтаў ад яе таксама сабралі з жыхароў.
У суме атрымліваецца канструкцыя, у якой вобласць аплачвае добраўпарадкаванне да 890-годдзя горада, дзясятую частку кошту ўносяць работнікі прадпрыемстваў, а рэшту работ закрываюць суботнікам, куды тыя ж работнікі выходзяць бясплатна. На здымках з гэтага суботніка людзі капаюць рыдлёўкамі і возяць грунт тачкай.

Грамадзянская супольнасць, якой не засталося

Прычына, па якой грамадзянскія ініцыятывы ў Беларусі цяпер вылучаюць «саветы» пры «райсаветах», вядомая. З восені 2020 года ў краіне ліквідавана больш за дзве тысячы некамерцыйных арганізацый – паводле падлікаў праваабарончай ініцыятывы Lawtrend, не менш за 1226 прымусова і не менш за 775 праз самаліквідацыю, якая нярэдка прымалася пад ціскам. Грамадскія аб’яднанні, фонды, прафсаюзы і недзяржаўныя ўстановы, то бок роўна тыя формы, праз якія грамадзянская ініцыятыва звычайна і ўзнікае, зніклі ў першую чаргу ў рэгіёнах.
Вызваленае месца занялі конкурсы, якія ўлада абвяшчае сама для сябе. Фармальна ўсё на месцы: заяўка, конкурсны адбор, суфінансаванне ад насельніцтва, справаздача аб грамадскай падтрымцы. Фактычна вобласць размяркоўвае ўласныя грошы паміж уласнымі структурамі, дабіраючы недастаючае з працоўных калектываў.
Слаўгарадскі Гай ад гэтага, верагодна, сапраўды стане лепш – плітка і ліхтары там з’явіліся сапраўдныя. Пытанне ў іншым: слова «грамадзянская» ў гэтай схеме апісвае не паходжанне ініцыятывы, а радок у абласным палажэнні аб конкурсе. 

Фота раённай газеты.

На слаўгарадскім прадпрыемстве прыдумалі штрафы, але іх адмяніла пракуратура

У якасці дысцыплінарнага пакарання на адным з прадпрыемстваў Слаўгарадчыны прыдумалі штрафаваць работнікаў, але гэта, аказалася, па-за законам.

У чэрвені кіраўнік арганізацыі падпісаў загад, паводле якога за парушэнні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны работнікаў можна было штрафаваць на суму да пяці базавых велічынь. У прыватнасці, грошы прапаноўвалася спаганяць з вадзіцеляў, што адхіліліся ад маршруту без паважнай прычыны. Пры гэтым кожны такі выпадак аўтаматычна прапаноўвалася лічыць прагулом.

Праўда, праблема заключалася ў тым, што такіх штрафаў беларускае працоўнае заканадаўства не прадугледжвае. Наймальнік самастойна прыдумваць новыя віды дысцыплінарных спагнанняў не можа.

Паводле Працоўнага кодэкса, за парушэнне працоўных абавязкаў прадугледжаныя заўвага, вымова, пазбаўленне цалкам або часткова стымулюючых выплат і звальненне. Штрафу ў гэтым спісе няма.

Пракуратура Слаўгарадскага раёна адрэагавала на самадзейнасць кіраўніцтва і ўнесла пратэст на незаконны загад. У выніку яго адмянілі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бясплатная дапамога суседкі па палаце абышлася слаўгарадскай пенсіянерцы занадта дорага

У чэрвені ў адным з аддзяленняў раённай бальніцы ў Слаўгарадскім раёне на суседніх ложках апынуліся пажылая жанчына і 26-гадовая мясцовая жыхарка. Яна прапанавала дапамогу: схадзіць па прадукты. Пенсіянерка аддала ёй сваю банкаўскую картку.
У краму гэтая картка, мяркуючы па матэрыялах справы, трапіла не адразу.
Суседка ўвяла яе рэквізіты ў сістэму дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання і пазначыла там жа абаненцкі нумар пенсіянеркі.
Такая рэгістрацыя пацвярджаецца кодам – код на гэты нумар і прыйшоў. Пасля гэтага рахунак уладальніцы карткі адкрыўся ў тэлефоне суседкі цалкам: з астаткам, гісторыяй і магчымасцю пераводзіць.
Далей пенсіянерку ўжо не пыталіся. Грошы з яе рахунку сыходзілі пераводамі на рахунак суседкі па палаце.
Заўважыла прапажу пацярпелая толькі дома, пасля выпіскі, калі паглядзела свае зберажэнні. Расказала сваякам, тыя звярнуліся ў міліцыю.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Улады Слаўгарада славяць студэнцкія атрады, а прадпрыемствы аблічваюць навучэнцаў

Пакуль улады Слаўгарада захапляюцца сваёй роляй у працаўладкаванні навучэнцаў, мясцовая пракуратура падводзіць сумныя вынікі гэтага працаўладкавання. 12 жніўня яны сталі вядомыя:

  1. У сельскагаспадарчай арганізацыі раёна непаўналетнім удзельнікам студэнцкага атрада налічылі заработную плату, напляваўшы на патрабаванні аб яе мінімальным памеры. Пяцёра недаатрымалі надбаўку на агульную суму звыш 300 рублёў.
  2. У іншай арганізацыі пецярым непаўналетнім не выдалі канчатковы разлік пры звальненні. Набегла больш за 1,3 тысячы рублёў.

Ніводную з арганізацый у пракуратуры не называюць. Мера ў абодвух выпадках аднолькавая: пракурор Слаўгарадскага раёна вынес кіраўнікам прадпісанні – даплаціць пяцярым да мінімальнай заработнай платы і неадкладна пагасіць доўг перад пецярымі іншымі.
Увесну раённая газета тлумачыла чытачам, як студэнцкія атрады дапамагаюць школьнікам і студэнтам зарабіць на канікулах,
Дзесяць падлеткаў з двух слаўгарадскіх атрадаў гэтым летам ўсё падлічылі. Выхаваўчы эфект у арыфметыкі атрымаўся такі: дарослыя іх папросту падманулі.

Фота раённай газеты.

Узбекі пакажуць беларусам на Слаўгарадчыне, як гадаваць бычкоў

У Слаўгарадскім раёне сумесна з узбекамі плануюць запусціць агромністы інвестыцыйны праект па гадоўлі буйной рагатай жывёлы.

Жывёлагадоўчыя комплексы на 10 тысяч галоў плануе размясціць каля вёскі Бязуевічы ТАА «СП АграМіт» на тэрыторыі 212 га. Потым інвестар з Узбекістана хоча дадаць да гэтай плошчы яшчэ тры гектары. 

Сумесны беларуска-ўзбекскі праект рэалізуецца ў рамках новай хвалі ўзаемнага супрацоўніцтва: інвестары з Узбекістана бяруць у доўгатэрміновую арэнду зямлі ў Беларусі для вырошчвання жывёлы і наступнага экспарту якаснай мясной прадукцыі, піша праўладная прэса. А старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Максім Патапенка кажа пра новыя працоўныя месцы і “сур’ёзныя ўліванні ў эканоміку”.

Нагадаем, што Слаўгарадскі раён адносіцца да паўднёва-ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці, якую ўжо больш за 10 гадоў эканамічны геній з Мінска ўсё развівае, але развіць не можа, нягледзячы на агромністыя капіталаўкладанні ў яе. Людзей у гэтым паўднёва-ўсходнім “раі” з кожным годам становіцца ўсё менш. 

А калі ўлічыць, што падзёж буйной рагатай жывёлы стаў ледзьве не нацыянальнай трагедыяй, якую спрабуюць ліквідаваць, дасылаючы на фермы пракурораў, то за лёс “СП АграМіт” становіцца вельмі трывожна.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Жыхар Слаўгарадчыны хаваўся ў Расіі ад ваенкамата

Менш за год не хапіла жыхару Слаўгарадскага раёна, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад прызыву ў беларускае войска.

Малады чалавек тройчы пазбягаў крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад выканання ганаровага абавязку, дзякуючы амністыям. Аднак чарговая спроба схавацца ад ваенкамата завяршылася прысудам.

Апошні раз яму пашанцавала 8 траўня 2025 года. Суд вызваліў яго ад адказнасці ў сувязі з амністыяй да 80-годдзя перамогі ў нямецка-савецкай вайне. Пад яе дзеянне хлопец трапіў як пацярпелы ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Але доўга карыстацца свабодай яму не давялося. Ужо праз тры тыдні пасля спынення справы прызыўніку ўручылі новую позву ў ваенкамат. Яго папярэдзілі пра магчымую адказнасць, аднак у прызначаны дзень ён не з’явіўся.

Як высветлілася пазней, хлопец вырашыў перачакаць у Маскве. У судзе ён прызнаў, што наўмысна выехаў у Расію, каб не праходзіць мерапрыемствы па прызыве. Разлік быў нескладаны: яму ўжо споўнілася 26 гадоў, а да заканчэння прызыўнога ўзросту заставалася менш за год. Аднак у Маскве яго затрымалі расійскія паліцыянты, паколькі беларус ужо знаходзіўся ў вышуку.

У судзе Слаўгарадскага раёна абвінавачаны цалкам прызнаў віну. На гэты раз чарговай амністыі не здарылася. Суд прызначыў яму адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, хлопец павінен кампенсаваць выдаткі на свой вышук – 1350 рублёў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фотаздымак: pinterest.com