За два дні ў Магілёўскай вобласці адбыліся чатыры пажары. Адзін чалавек загінуў, знішчаны жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы і два аўтамабілі.
Першы месяц вясны заканчваецца для Магілёўшчыны не надта весела – з-за пастаянных пажараў.
Паводле дадзеных МНС у Мсціслаўскім раёне 25 сакавіка жыхар вёскі Шамоўшчына спальваў смецце на прыдамавой тэрыторыі. Агонь выйшаў з-пад кантролю і перакінуўся на суседні сарай.
Зразумеўшы, што самастойна справіцца не атрымаецца, мужчына выклікаў ратавальнікаў. Па прыбыцці пабудова ўжо гарэла адкрытым полымем. Узгаранне ліквідавалі, пацярпелых няма, але сарай знішчаны цалкам.
Незадоўга да поўначы ў МНС паступіла куды больш трагічнае паведамленне – на гэты раз з Магілёва. У двухкватэрным жылым доме на вуліцы Ангарскай успыхнуў пажар. Суседзі паведамілі ратавальнікам, што ў ахопленай агнём кватэры можа знаходзіцца 54-гадовы гаспадар.
Мужчыну знайшлі на падлозе, ужо без прыкмет жыцця. Жыхароў другой кватэры ў момант трагедыі дома не было, пацярпела іх жыллё: у абедзвюх кватэрах пашкоджана дах, у кватэры загінулага знішчаны маёмасць і перакрыцце.
У першай палове дня 26 сакавіка паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Пад’ясенка Бабруйскага раёна. Прыбыўшыя ратавальнікі засталі адкрытае гарэнне адразу двух дамоў і двух гаспадарчых пабудоў. Агонь удалося спыніць да таго, як ён перакінуўся на суседнія будынкі, аднак страты аказаліся значнымі: адзін дом і абедзве пабудовы выгарэлі цалкам, у другім доме сур’ёзна пацярпелі дах і перакрыцці. Пацярпелых няма. Паводле папярэдняй версіі, прычынай магло стаць парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры распальванні вогнішча.
Пазней, днём у Магілёве загарэўся гараж на вуліцы Архітэктурнай.
Калі падраздзяленні МНС прыбылі на месца, з будынка валіў густы чорны дым, дах ужо абваліўся. Гаспадар гаража знаходзіўся на вуліцы і не пацярпеў. Агонь знішчыў само збудаванне і абодва аўтамабілі, якія захоўваліся ўнутры. Папярэдняя прычына – кароткае замыканне электраправодкі аднаго з аўтамабіляў.
Фота ведамаснага сайта МНС.
