У Горках міліцыя са стралянінай лавіла п’янага вадзіцеля

У Горках звычайная спроба супрацоўнікаў ДАІ спыніць аўтамабіль Citroen перарасла ў пагоню са стралянінай.

На сігнал аб спыненні мужчына не адрэагаваў, а замест гэтага націснуў на газ. Інспектары кінуліся наўздагон. Паводле паведамлення міліцыі, уцякач ствараў рэальную небяспеку для іншых удзельнікаў дарожнага руху. Неаднаразовыя папярэджанні аб магчымым ужыванні зброі таксама не дапамаглі.

Тады адзін з супрацоўнікаў ДАІ адкрыў прыцэльны агонь па колах пераследуемага аўтамабіля. Пасля стрэлаў тойнарэшце спыніўся. За рулём аказаўся 36-гадовы жыхар вёскі Сялец Горацкага раёна. Прычым мужчына меў відавочныя прыкметы алкагольнага ап’янення. Медыцынскі агляд паказаў 1,57 праміле алкаголю.

Як высветлілася, гэта была далёка не першая сустрэча мужчыны з адказнасцю за п’янае кіраванне. Раней яго ўжо пазбавілі вадзіцельскага пасведчання за язду ў нецвярозым стане.

У выніку на мужчыну склалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы. Самога парушальніка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а яго Citroen адправілі на ахоўную стаянку. Падчас пагоні, паводле апублікаванай інфармацыі, ніхто не пацярпеў. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Горацкая папраўчая калонія рэкламуе чатыры вну

Атрымаць вышэйшую адукацыю ў чатырох вну Беларусі, а потым пайсці на працу ў сістэму МУС, прапануе калонія №9 у Горках.

У праўладных сацсетках распаўсюджваецца рэкламная ўлётка ад горацкай калоніі з пералікам чатырох вну: Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт, Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і БДУІР. Менавіта туды запрашае пайскі на вучобу гэтая пенітэнцыярная ўстанова. 

Згодна інфармацыі ва ўлёцы, абітурыенты атрымаюць бясплатнае вышэйшае адукаванне, медынскае забеспячэнне, поўнае дзяржаўнае ўтрыманне падчас вучобы, гарантаванае працаўладкаванне і перспектывы службовага росту. 

Праўда, калі нехта думае, што такое бязбеднае жыццё наступіць, калі проста паступіць у вышэйзгаданыя універсітэты, то ён памыляецца. Першы крок за такім шчасцем мусіць быць у напрамку горацкай калоніі, дзе ён атрымае ўсю інфармацыю, што менавіта трэба рабіць і якія паперы падпісваць.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

«Ветэраны» без ветэранаў: хто з Польшчы прыехаў у Леніно дзякаваць Лукашэнку

На 83-ю гадавіну бою пад Леніно ў Горацкі раён прыехала польская дэлегацыя прыкладна з дваццаці чалавек, і агенцтва БелТА назвала яе ўдзельнікаў «польскімі ветэранамі». Кіраўнік дэлегацыі Роланд Дубоўскі падзякаваў Лукашэнку за стабільнасць, паскардзіўся на Польшчу, якая старэе і бяднее, і расказаў пра разбурэнне традыцыйных каштоўнасцей у Еўропе. Ветэранаў у дэлегацыі няма і быць не можа: 1-я польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі прыняла першы бой 12 кастрычніка 1943 года, наймалодшым яе салдатам цяпер за сто гадоў. Дубоўскі ўзначальвае Stowarzyszenie Spadkobierców Polskich Kombatantów II Wojny Światowej – таварыства спадкаемцаў польскіх ветэранаў. Уласны дзед старшыні пад Леніно не ваяваў: у 1939 годзе салдат арміі Другой Рэчы Паспалітай спрабаваў прабіцца да Варшавы і трапіў у акружэнне. Сам Дубоўскі, паводле яго ж слоў, родам з Беластоцкага ваяводства. Як выглядаюць сапраўдныя ветэранскія дэлегацыі, у Леніно памятаюць. На 65-ю гадавіну бою ў 2008 годзе прыехалі каля двухсот палякаў, сярод іх удзельнікі вайны, а на ўрачыстасці прыбылі начальнікі генеральных штабоў Беларусі і Польшчы. Цяпер польскі бок на мітынгу прадстаўляе таварыства Дубоўскага. Хто гэтыя спадкаемцы, польскае выданне OKO.press разабрала яшчэ ў 2023 годзе. Дубоўскі ўваходзіць у фэйсбук-групы «Так польска-расійскаму сяброўству» і «Не русафобіі і пуцінафобіі ў Польшчы». У студзені 2023 года разам з паплечнікамі ён пабываў у пасла Расіі і сам пахваліўся гэтым візітам у фэйсбуку. У Леніно ў 2023 годзе з Дубоўскім ездзілі Пётр Панасюк з Польскага антываеннага руху, заснаванага прарасійскім актывістам Лешэкам Сыкульскім, былы супрацоўнік Sputnik Polska Яраслаў Аўгустыняк і старшыня Таварыства польска-беларускага сяброўства Генрык Мікетын. Мікетына ў маі таго ж года асудзілі ў Польшчы за публічнае ўхваленне агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Партнёрамі паездкі Дубоўскі сам назваў дзевяць арганізацый, сярод іх:

  • «Братэрства славян»;
  • Польскі левы рух;
  • газета «Мысль Польска»;
  • Патрыятычна-працоўнае аб’яднанне «Грунвальд»;
  • Расійскае культурна-асветніцкае таварыства ў Беластоку. 

Большасць з іх польская прэса і раней апісвала як прарасійскія. У справаздачы «Мыслі Польскай» пра тую паездку сярод тых, хто выступаў на мітынгу, названыя Дубоўскі і наш Валерый Малашка. Палітыку сёлета старшыня таварыства выкладаў асцярожна: ворагі, паводле яго слоў, рвуць сувязі паміж людзьмі і разбураюць дыпламатыю, але хто яны, ён не ўдакладніў. У 2023 годзе ў эфіры «Радыё Беларусь» Дубоўскі быў больш прамалінейным: «Нашы ворагі – Злучаныя Штаты – спрабуюць нас пасварыць», і заклікаў да польска-беларуска-расійскага супрацоўніцтва. 

Фота БелТА.

У Горках пракуратура адмяніла дзяржзакупку на 117 тысяч рублёў

Аблегчаныя патрабаванні заказчыка да выбару будаўнічай арганізацыі сталі прычынай адмены дзяржзакупкі Горацкай пракуратурай.

Адна з устаноў Горацкага раёна збіралася знайсці падрадчыка пад будаўніцтва аб’екта для патрэб лясной гаспадаркі. На гэтыя мэты планавалася патраціць больш за 117 тыс. рублёў бюджэтных грошай. Патэнцыйнага выканаўцу вырашылі выбраць праз запыт цэнавых прапаноў. Аднак падчас маніторынгу электроннай гандлёвай пляцоўкі пракуратура заўважыла, што патрабаванні да будучага будаўніка аказаліся прасцейшымі, чым прадугледжвае заканадаўства.

У дакументах закупкі заказчык не прапiсаў шэраг абавязковых дадатковых умоў для ўдзельнікаў. У прыватнасці, ад прэтэндэнтаў не патрабавалася пацвярджаць, што яны здольныя ўласнымі сіламі выканаць работы як мінімум на палову іх кошту. Не было і патрабавання мець больш як трохгадовы досвед выканання супастаўных па кошце работ.

Такім чынам, на будаўніцтва за бюджэтныя 117 тыс. рублёў тэарэтычна магла прэтэндаваць арганізацыя, ад якой заказчык нават не патрабаваў пацвердзіць неабходны досвед і здольнасць самастойна выканаць значную частку замовы.

Пракуратура палічыла, што такія ўмовы маглі парушыць правы ўдзельнікаў закупкі і прывесці да неабгрунтаванага расходавання бюджэтных сродкаў, і намеснік пракурора Горацкага раёна запатрабаваў ад кіраўніка ўстановы спыніць працэдуру закупкі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Мсціслаўскім раёне вяскоўцы самі затрымалі дачнага вора

Жыхар Горацкага раёна папаўся на крадзяжы, калі чарговы раз ускрыў пустуючую хату ў мясцовай вёсцы.

62-гадовы жыхар Горацкага раёна хадзіў па вёсцы ў пошуках таго, чым можна было б пажывіцца. Урэшце яго ўвагу прыцягнула дача, гаспадары якой нейкі час там не з’яўляліся. Мужчына выставіў аконную раму і залез у дом. Багатай здабычы там не аказалася, але, падобна, ён і не разлічваў на сямейныя каштоўнасці. З хаты зніклі алкаголь, закуска і цыгарэты. З гэтым няхітрым наборам злодзей і сышоў адзначаць удалы, як яму тады здавалася, паход. 

На адной дачы мужчына, паводле міліцыі, не спыніўся. Неўзабаве ён ужо прыглядаў сабе новую здабычу ў адным з населеных пунктаў суседняга Мсціслаўскага раёна. Але там схема дала збой. Мясцовыя жыхары заўважылі незнаёмца, які хадзіў па ўчастку дачнікаў, што нядаўна з’ехалі. Чакаць, пакуль госць выставіць чарговую аконную раму і праверыць запасы гаспадароў, вяскоўцы не сталі. Яны самі затрымалі мужчыну і перадалі яго міліцыі.

Адмаўляцца затрыманы не стаў. Паводле праваахоўнікаў, ён прызнаўся не толькі ў крадзяжы ў Горацкім раёне, але і яшчэ ў некалькіх падобных эпізодах. Узбуджаны крымінальныя справы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц.

У Горках дацэнта “адной з сельгасакадэмій” асудзілі на два з паловай гады “хіміі” за хабар

У Горках выкладчык атрымаў два гады абмежавання волі за хабар у 140 рублёў ад дзвюх студэнтак.

Студэнткі-завочніцы, 140 рублёў і экзамен, які нават не давялося здаваць, сталі падставай для крымінальнай справы супраць 45-гадовага дацэнта. Ён, як піша ў мясцовай раёнцы старшы памочнік пракурора Горацкага раёна Анастасія Фаставец, выкладаў у адной з сельскагаспадарчых ВНУ. Цяжка знайсці ў наваколлях Горак іншае такое ВНУ, акрамя Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Аднак мясцовыя пракуроры, пэўна, лічаць тых, для каго яны пішуць, людзьмі недалёкімі і не здольнымі зразумець, што гэта за “адна з сельскагаспадарчых ВНУ”.

Выкладчык меў права прымаць у студэнтаў залікі і экзамены. Гэтым правам, як устанавіў суд, ён і вырашыў скарыстацца для дадатковага заробку. Дзвюм завочніцам дацэнт прапанаваў просты спосаб атрымаць станоўчую адзнаку па сваёй дысцыпліне – па 70 рублёў з кожнай.

У дзень экзамену дзяўчаты перадалі выкладчыку заліковыя кніжкі, у якіх ляжалі грошы. Сам экзамен пры гэтым студэнткі не здавалі.

У судзе выкладчык цалкам прызнаў віну і раскаяўся. У выніку Горацкі раённы суд прысудзіў яму два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, так званую «хімію». Акрамя таго, яму прызначылі штраф у 300 базавых велічынь, або 13 500 рублёў. Яшчэ пяць гадоў экс-дацэнт не зможа займаць пасады, звязаныя з выкладчыцкай дзейнасцю і выкананнем юрыдычна значных дзеянняў. Прысуд пакуль не набыў законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Тры тонны скрадзенага мяса затрымалі ў Горацкім раёне

У Горацкім раёне міліцыя не дала вывезці тры тоны мяса ў Расію, не ўзгадваючы назву гэтай краіны.

Пра партыю туш буйной рагатай жывёлы, агульнай вагой каля трох тон, якую затрымалі ў Горацкім раёне напісаў тэлеграм-канал “Міліцыя Магілёўшчыны”. Паводле яго, суправаджальныя дакументы на груз адсутнічалі. Аператыўнікі ўстанавілі, што работнікі ўчастка па забою аднаго з нарыхтоўчых прадпрыемстваў вобласці кралі прадукцыю, якую затым рэалізавалі прыватным асобам.

Скрадзеныя тры тоны планавалася вывезці за мяжу, піша міліцыя, не ўказваючы, што адзіная міждзяржаўная мяжа, якая тычыцца Горацкага раёна і праз якую можна вось так проста вывезці тры тоны мяса – гэта мяжа з Расіяй. Аднак слова “Расія” лукашэнкаўскія сілавікі практычна ніколі не ўзгадваюць у сваіх паведамленнях пра злачынствы. Гэта зразумела, бо прарасійская і антыбеларуская арыентацыя сілавікоў вядома даўно. Таму яны і лічаць за неабходнае не падаваць у паведамленнях назву гэтай краіны, каб у чытачоў не ўзнікала з ёй негатыўных асацыяцый.

Ну а фігуратам узбуджанай за крадзеж крыміналнай справы пагражае да 10 гадоў зняволення.

Фотаздымак: ТГ “Міліцыя Магілёўшчыны”

Горацкія футбалісты аскандаліліся на ўсю краіну

У камандзе футбольнага клуба “Горкі” гуляў футбаліст, які выдаваў сябе за іншага чалавека.

Скандал здарыўся ў другой лізе чэмпіянату Беларусі па футболе, дзе гуляюць горацкія футбалісты. Спачатку нічога незвычайнага нібыта не адбылося. «Горкі» згулялі з «Коласам» з Чэрвеня ўнічыю 1:1. Аднак ужо на наступны дзень вынік матчу змяніўся без выхаду футбалістаў на поле: горацкай камандзе залічылі тэхнічную паразу 0:3.

Прычына хутка высветлілася. Пад дзясятым нумарам у заяўцы «Горак» значыўся Антон Грамыка. Насамрэч жа пад яго імем на поле выйшаў Павел Купцоў.

Прычым матч з «Коласам» аказаўся не адзіным. Неўзабаве стала вядома, што тыднем раней Купцоў па такой жа схеме ўдзельнічаў у гульні супраць дубля «Віцебска». Праўда, тады хітрасць горацкай камандзе не дапамагла нават фармальна. «Віцебск» разграміў «Горкі» з лікам 6:1.

Такім чынам, у адным матчы падмена футбаліста прынесла камандзе разгром, а ў другім – нічыю, якая пасля ператварылася ў тэхнічную паразу. Значна больш сур’ёзнай стратай для «Горак» стала рэпутацыя: цяпер каманду ведаюць далёка за межамі раёна не толькі дзякуючы футболу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У вёску ў Горацкім раёне прыйшлі воўкі

У вёску Анікавічы Горацкага раёна днямі наведаліся воўкі. Паляўнічыя застрэлілі іх.

Падзея адбылася літаральна надоечы. З’яўленне ваўкоў у вёсцы Анікавічы зафіксаваў мясцовы жыхар. Для восені такія выпадкі не рэдкія, бо ў гэты час маладняк пачынае асвойваць тэрыторыю і праяўляць залішнюю цікаўнасць, кажа інжынер па паляўнічай гаспадарцы Дзяніс Елісееў.

Як паведамляе тэлеграм-канал “Лясныя навіны Магілёўшчыны”,  сітуацыю ў Анікавічах удалося ўзяць пад кантроль максімальна хутка. Дзякуючы ўзаемадзеянню мясцовых паляўнічых і егерскай службы Горацкага лясгаса, тры ваўкі былі адсочаныя і забітыя.

Спецыялісты раяць насельніцтву ў падобных выпадках як мага хутчэй паведамляць паляўнічым альбо егерам для аператыўнага рэагавання і змяншэння рызык для сельскай гаспадаркі і жыцця людзей. 

Фотаздымак: ТГ “Лясныя навіны Магілёўшчыны”

Нож, малаток і сякера для першакласнікаў: пра прадухілены напад у Горках расказалі ў сюжэце пра агляд заплечнікаў

Калі верыць рэпартажу АНТ, у Горках некалькі падлеткаў рыхтаваліся напасці на першакласнікаў – з нажом, малатком і сякерай; рыхтаваў іх 17-гадовы расіянін, затрыманы летам у Дагестане, а напад спынілі супрацоўнікі МУС.
Менавіта так, чатырма сказамі без адзінай падрабязнасці, гэта прагучала ў эфіры 3 верасня.
Паміж кадрамі, дзе ахоўнік зазірае школьніку ў заплечнік, і лічбай 18: столькі забароненых прадметаў Дэпартамент аховы канфіскаваў у вучняў за першыя тры дні навучальнага года. Прадстаўнік ГУБАЗіК у тым жа сюжэце гаварыў пра дэструктыўныя паблікі, якімі кіруюць з-за мяжы. Пра Горкі ён не сказаў ні слова, гэтая частка прагучала закадравым тэкстам.
Горкі – наша вобласць, але праверыць у гэтай гісторыі няма чаго. Няма даты, няма школы, няма колькасці падлеткаў, няма артыкула КК і няма нікога, хто гаварыў бы пра канфіскаваную зброю ад свайго імя. Ці быў нож, ці была сякера, ці быў малаток і ў каго менавіта вядома толькі са слоў тэлеканала, які спасылаецца на МУС увогуле.
Фатаграфія заточкі на белым аркушы, якая разышлася разам з навіной, хутчэй за ўсё ілюстрацыйная – скрыншот з таго ж сюжэта, дзе паказвалі канфіскаванае падчас аглядаў па ўсёй краіне, а не ў Горках.
Расійская частка сюжэта вядомая лепш. Следчы камітэт Расіі ў чэрвені паведаміў пра затрыманне ў Дагестане 17-гадовага адміністратара суполак з дзвюмастамі тысячамі падпісчыкаў, дзе, паводле версіі следства, падлеткаў рыхтавалі да нападаў на школы; сам ён на допыце пералічыў Падмаскоўе, Пецярбург, Арэнбург, Краснаярск, Ліпецк, Калугу, Стаўраполле і Бурацію.
Беларусь і Горкі да гэтага пераліку дадае АНТ – як і фармулёўку пра падкантрольнасць затрыманага ўкраінскім спецслужбам; у апублікаваных паведамленнях расійскага следства гаворка ідзе пра забароненыя суполкі і тэрарыстычную ідэалогію.
Атрымліваецца канструкцыя, знаёмая па ўсіх сілавых справаздачах апошняга часу: пагроза прыйшла з Расіі , але адказнасць за яе пераадрасавана Украіне, а мера прымаецца ў дачыненні да беларускіх дзяцей – правяраць кішэні.
Як гэтая праверка перашкодзіла б падлеткам з Горак, якіх, паводле версіі МУС, нехта вёў да нападу праз перапіску, у рэпартажы не тлумачыцца.
Логіка пры гэтым тая ж, што і ў суседняга сюжэта таго ж тыдня: у канцы жніўня супрацоўнікі КДБ прыходзілі з ператрусамі да магілёўцаў, якія вярнуліся з краін Еўрасаюза, пыталіся пра кантакты з дэмакратычным рухам і праглядалі смартфоны ў прысутнасці ўладальнікаў.
Пагроза абвяшчаецца знешняй – Украіна, Еўрасаюз, паблікі з-за мяжы, а шукаць яе ідуць або ў кішэнях школьнікаў, або ў тэлефонах дарослых.
Выснова з гэтага адна, і яна не пра Горкі. Гісторыя пра нож, малаток і сякеру спатрэбілася не для таго, каб паведаміць пра яе, а для таго, каб апраўдаць агляды: без яе ў сюжэце засталіся б вейпы і запальніцы, а на вейпах дазвол лезці ў дзіцячыя заплечнікі без бацькоў не пабудуеш. Таму ў нападу на першакласнікаў няма ні даты, ні школы, ні крымінальнай справы – яны яму не патрэбныя. Дастаткова, каб ён прагучаў. А эфект будзе. Як прыклад, успамінаем класічны ліёзненскі “трылер” – стральбу па машыне, якая стаяла. І пабудаваны на гэтым міф пра замах на вядомага дэпутата. Што было далей – ведае ўся краіна.

Фота скрыншот рэпартажу АНТ.