Касцюковіцкая раёнка ўславіла белы верталёт, на якім лётае ўсёвідушчы старац

Касцюковіцкая раённая газета «Голас Касцюкоўшчыны» надрукавала ліслівую оду верталёту Лукашэнкі. Паводле версіі выдання, белая машына ўслед за белым буслом лётае над Белай Руссю і «прыкрывае нашу краіну ад усялякіх бед і напасцяў», а заадно і ад безгаспадарчасці. Маўляў, Лукашэнку зверху відаць усё, а пры патрэбе ён можа дастаць бінокль і папрасіць лётчыкаў спусціцца ніжэй. Доказам служыць палёт у Шклоўскі раён , дзе верталёт сеў на льняное поле «Гавяды-агра». Лён там аказаўся згнілым. Лукашэнка загаварыў пра турму і кайданкі, запатрабаваў перавесці вобласць на ваеннае становішча і прыгразіў звальненнем міністру сельскай гаспадаркі і старшыні аблвыканкама. Як аказалася, з верталёта не было відаць ні згнілага лёну, ні палёў, якія пуставалі, Усё гэта выявілася пасля прызямлення. На оды пацягнула вучняў і паслядоўнікаў «сенатара» Ірыны Петрусевіч. Цяперашняя член Савета Рэспублікі  прыйшла ў «Голас Касцюкоўшчыны» ў 2000 годзе і прайшла там шлях ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара, якім была з 2013 па 2018 год. У Касцюковіцкім райвыканкаме  яе называлі першай жанчынай-рэдактарам у гісторыі газеты і ўладальніцай звання «Журналіст-настаўнік» ад праўладнага саюза журналістаў. З рэдакцыі Петрусевіч сышла ў намеснікі старшыні райвыканкама, адтуль – у галоўныя рэдактары «Могилевских ведомостей», а затым у верхнюю палату. Вучні настаўніцы складаюць гэтак жа дрэнна, як сама Петрусевіч. Заканчваецца ода тым, што чыноўнікі засталіся на полі з гнілым ільном, разважаць пра турму, кайданкі і ваеннае становішча, а верталёт паляцеў далей.

Фота БелТА .

Падлеткам Касцюковічаў паказалі альтэрнатыву: форма, службовая машына і сабака

У Касцюковічах адкрылі абласную міжведамасную акцыю «Мой выбар! Мая альтэрнатыва!» – яе адрасаты падлеткі, а праводзяць яе суб’екты прафілактыкі: камісія па справах непаўналетніх, інспекцыя па справах непаўналетніх, урач-нарколаг, ратавальнікі, энергетыкі і газавікі.
Падлеткаў вадзілі па лакацыях, дзе кожнае ведамства паказвала сябе. З усяго, што прапаноўвалася на выбар, падрабязней за ўсё апісана адна альтэрнатыва – міліцэйская:

  • парадак праходжання службы ў органах унутраных спраў;
  • паступленне ў навучальныя ўстановы МУС;
  • магчымасць пабыць міліцыянерам або пажарным, пасядзець у службовым транспарце і патрымаць спецсродкі;
  • службовы сабака, якога дазволілі пагладзіць.

У назве акцыі стаіць «мой выбар», а паказалі падлеткам адзін – службу ў органах, з формай, машынай і сабакам.

У «Зеленом фургоне» гэта фармулявалі карацей: «Уголовный розыск – лучший друг трудящихся». Касцюковіцкая версія – для тых, хто яшчэ не працуе.

Фота раённай газеты.

Касцюковічы: свята пісьменства з кулямётам і гранатамётамі

Клімавіцкі аграрны каледж выставіў на Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах вайсковую амуніцыю.

Кулемет “Максім”, гранатамёты, дубінка АМАПа, форма спецназа – тое, чым пахваліўся Клімавіцкі аграрны коледж на Дні беларускага пісьменства. Зразумела, што ўсё гэтае “мілітары”, размешчанае ў клімавіцкім намёце, было аформлена не па-беларуску. 

У клімавіцкай экспазіцыі асаблівы акцэнт зроблены на прыкладах зброі розных гадоў і міліцэйскага рыштунку. Якое гэта ўсё мае дачыненне да свята пісьменства – пытанне рытарычнае. Аднак падаецца, што у клімавіцкім каледжы вельмі цьмяна ўяўляюць розніцу паміж літаратурным святам і выставай зброі.

Як нагадвае Mayday, з такім жа тэматычным намётам гэты ж коледж два месяцы таму быў выстаўлены на купальскім свяце “Александрыя збірае сяброў”. Гэта яскравы вынік мілітарызацыі адукацыі ў Беларусі.

ХХХІІІ Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Касцюковічах 5-6 верасня.

Скрыншот: ТГ “Родная нива”

«Кроў на белым тле» ў Касцюковічах: Нацыянальную літаратурную прэмію атрымаў Марзалюк з Краснаполля

У Касцюковічах адкрыўся XXXIII Дзень беларускага пісьменства. На галоўнай сцэне паказалі праграму «Родная мова – мова шчаслівых людзей» з шасцю сотнямі артыстаў, легендай пра Касцюка і перадачай скрутка са славянскай азбукай дзецям. Віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч перадала старшыні аблвыканкама Анатолю Ісачанку прывітальны адрас Лукашэнкі, у якім Касцюкоўшчына названа радзімай Аркадзя Куляшова і Івана Чыгрынава. Раніцай на плошчы перад райвыканкамам адкрылі скульптуру «Алесь і Алеся» паводле матываў Куляшова і пагасілі памятную марку.
Цэнтральная падзея першага дня – уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі – была азмрочаная.
У намінацыі «Лепшы публіцыстычны твор» перамог Ігар Марзалюк з кнігай «Кроў на белым тле. Беларускія калабарацыяністы ў часы акупацыі БССР».
Для Касцюковічаў гэта прэмія земляку. Марзалюк нарадзіўся ў Краснаполлі.
Кніга выйшла ў 2025 годзе ў выдавецтве «Беларусь», 335 старонак.
На 335 старонках Марзалюк расказвае пра тое, што акупаваная Беларусь была полем злачыннай дзейнасці нацыяналістычных груповак з «паталагічнай нянавісцю да беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове».
Узнагароду ўручалі міністр інфармацыі Дзмітрый Жук і Аляксандр Карлюкевіч – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і з снежня 2024 года дырэктар выдавецтва «Беларусь».
Менавіта гэтае выдавецтва выпусціла кнігу лаўрэата і ў лютым правяло яе прэзентацыю ў Нацыянальнай бібліятэцы, а Саюз пісьменнікаў – суарганізатар прэміі разам з міністэрствамі інфармацыі, культуры і адукацыі.
Карлюкевіч у Касцюковічах апынуўся адразу ў дзвюх ролях – выдаўца кнігі і таго, хто ўручаў за яе ўзнагароду. Смешнае не толькі ўручэнне ўзнагароды сабе любімаму.
Дзяржаўнасць Беларусі на савецкай аснове настолькі спецыфічная, што новая кніга Марзалюка можа прэтэндаваць на перамогу яшчэ і ў гумарыстычнай намінацыі.

Фота “Могилевские ведомости”.

Не падарунак, а норма: чым насамрэч быў асфальт у школьным двары Касцюковічаў

«Падарунак да новага навучальнага года» – так 25 жніўня раённая газета Касцюковічаў апісала цалкам абноўленае асфальтавае пакрыццё ў двары сярэдняй школы № 1. Работы выканала ДРБУ № 130 – філіял КУП «Магілёўаблдарбуд». Больш за палову тэксту – падзякі: адміністрацыя, педагогі, навучэнцы і бацькі ўдзячныя прадпрыемству, кожнаму яго работніку і асобна начальніку філіяла, чыю неабыякавасць назвалі прыкладам гаспадарскага падыходу.

Насамрэч, цвёрдае пакрыццё ў школьным двары – не ўпрыгожванне і не жэст добрай волі. Санітарныя нормы і правілы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі патрабуюць, каб падыходы да будынка не менш чым за сто метраў, уезды і ўваходы на тэрыторыю, праезды і дарожкі мелі цвёрдае пакрыццё або пакрыццё з выкарыстаннем друзу. Гэта абавязак установы і яе заснавальніка – аддзела па адукацыі райвыканкама, і грошы на гэта закладваюцца ў бюджэт, а не выпрошваюцца.

Прычым да навучальнага года школу прынялі раней. З 29 па 31 ліпеня у раёне працавала міжведамасная камісія – аддзел па адукацыі, МНС, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, аддзел унутраных спраў. Правяралі якасць рамонту, выкананне санітарных нормаў і мер бяспекі, па выніках усе дванаццаць школ раёна павінны былі атрымаць пашпарты гатоўнасці.

Прылеглая тэрыторыя ўваходзіць у тое, што камісіі правяраюць. Значыць, адно з двух: альбо двор у ліпені нараканняў не выклікаў і асфальт клалі не дзеля бяспекі дзяцей, альбо заўвагі былі – і тады іх ліквідацыя тым больш не падарунак.

Другое, пра што газета не піша: ДРБУ № 130 – не прыватная фірма і не дабрачынны фонд. Гэта філіял камунальнага прадпрыемства, якое належыць вобласці. Для дзяржаўных арганізацый бязвыплатная (спонсарская) дапамога – не парыў, а працэдура, распісаная ўказам № 300: патрэбны дагавор з указаннем мэты і разліку кошту работ, а арганізацыя, падпарадкаваная мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, мае права аказаць такую дапамогу толькі са згоды старшыні адпаведнага органа.

Сукупны памер дапамогі за год абмежаваны адным працэнтам выручкі за папярэдні год. І асобна: дзяржаўная арганізацыя наогул не мае права аказваць спонсарскую дапамогу, калі ў яе чыстая страта за справаздачны перыяд, пратэрмінаваная запазычанасць па плацяжах у бюджэт або па зарплаце работнікам.

Дапамога, аказаная з парушэннем гэтых правіл, падлягае вяртанню спонсару ў поўным аб’ёме.

Нічога з гэтага ў нататцы няма: ні кошту работ, ні плошчы двара, ні згадкі пра дагавор, ні таго, чыя згода атрыманая і з якіх сродкаў усё аплачана. Ёсць прозвішча начальніка філіяла і эпітэты.

Дарэчы, гэта ўжо другі раз за лета, калі школа атрымлівае патрэбнае ёй чужымі рукамі. 17 ліпеня на суботніку па добраўпарадкаванні бацькі і старэйшыя браты вучняў сваімі сіламі зманціравалі і ўсталявалі новую агароджу тэрыторыі. Пра гэта газета таксама пісала з падзякай.

Асфальт лёг за адзінаццаць дзён да 5 верасня, калі Касцюковічы прымуць XXXIII Дзень беларускага пісьменства. З вясны райцэнтр – адна вялікая будпляцоўка: вулічна-дарожная сетка, фасады шматпавярховікаў, плошча, сквер, раённы музей, Свята-Крыжаўзвіжанская царква.

Магчыма, што асфальт у школьным двары паклалі проста ў перадсвяточнай мітусні, калі грошы асабліва не лічаць, а законы становяцца лішнімі ўмоўнасцямі.

Фота газеты «Голас Касцюкоўшчыны».

Плюс сем у цэху: што Ісачанка ўзяў на кантроль у Касцюковічах

Дваццаць першага жніўня старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў асабісты прыём грамадзян у Касцюковічах.
Больш за ўсё зваротаў прыпала на жыллёва-камунальную сферу. Жыхарка Клімавіч паскардзілася на холад у кватэры: дом пабудаваны больш за пяцьдзясят гадоў таму, тэмпературны рэжым у ацяпляльны сезон не выконваецца, спецыялісты раяць прамыць сістэму ацяплення, але аплачваць работы павінны самі ўласнікі, а згодныя не ўсе. Ісачанка ўзяў пытанне на кантроль.
Прыём ішоў у Касцюковічах, і прыкладна за кіламетр ад райвыканкама стаіць будынак, дзе пытанне холаду гэтай зімой выглядала інакш. Трынаццатага студзеня ў касцюковіцкім філіяле ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай» датчык у працоўным памяшканні паказаў плюс шэсць і дзевяць дзясятых градуса. Гэта было яшчэ да вадохрышчанскіх маразоў.

градуснікДля параўнання, мінімальная тэмпература для работ групы IIб – умераныя фізічныя нагрузкі і перамяшчэнне цяжараў да дзесяці кілаграмаў – складае
Розніца паміж клімавіцкай кватэрай і касцюковіцкім цэхам невялікая: і там, і там зімой холадна, і ў абодвух выпадках вінаватая сістэма ацяплення, якую няма каму рамантаваць.
Розніца ў тым, што пра кватэру прыйшла і расказала гаспадыня, а пра цэх расказаць пад сваім імем нельга. Здымак датчыка прыйшоў ананімна, і інакш прыйсці ён не мог: у краіне судзяць за лайкі і рэпосты. Тэрмометр у цэху – гэта факт, а не меркаванне, але з ім да Ісачанкі не пойдзеш. “Губернатар” прыме і з’едзе, а працу можна страціць.
Фота “Магілёўскія ведамасці”, mogilev.media

Касцюковічы: паэт на прыпынку, вёска пад бульдозерам

У Касцюковічах да Дня беларускага пісьменства пераабсталявалі аўтобусныя павільёны: на тарцах з’явіліся партрэты пісьменнікаў, радкі з іх твораў і беларускія краявіды.
Свята пройдзе 5 і 6 верасня, і да гэтай даты ў райцэнтры перакладаюць плітку, рамантуюць мемарыяльны комплекс і Алею Герояў, а на плошчы перад райвыканкамам ставяць фантан і скульптуру «Алесь і Алеся» па матывах твораў Куляшова.
Сталіцай свята Касцюковічы выбралі таму, што раён даў беларускай літаратуры Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова.
З малой радзімай Куляшова выйшла так: дом, дзе ён нарадзіўся, згарэў. На яго месцы паставілі камень. Самога населенага пункта больш няма.
Увогуле да вёскі, дзе нарадзіўся Аркадзь Куляшоў, аўтобус ад прыпынку ў яго гонар, на жаль, не ідзе.

Фота раённай газеты.

Касцюковіцкая раёнка прадае артыкулы пра прадпрыемствы ў навіннай стужцы. Прайс вісіць на яе ж сайце

Раённая газета «Голас Касцюкоўшчыны» ў раздзеле «Рэклама і паслугі» прапануе размясціць артыкул, нататку або інтэрв’ю пра сваё прадпрыемства, тавар альбо паслугі – і не ў рэкламным блоку, а ў стужцы навін у рубрыцы «Грамадства».

Колькі гэта каштуе

Прайс уладкаваны паводле часу, які матэрыял правісіць на сайце. Для юрыдычных асоб: суткі – 22 рублі, тыдзень – 74,50, месяц – 148 рублёў. Асобная пазіцыя – «застанецца ў архіве», гэта значыць назаўсёды, за 169 рублёў. Фізічным асобам усё тое ж самае абыходзіцца роўна ўдвая танней: месяц – 74,80 рубля, вечнае захоўванне – 95,20. Аб’ём тэксту ў любым выпадку абмежаваны 3500 знакамі.
Для параўнання, звычайны банер на тым жа сайце каштуе юрыдычнай асобе 43 рублі ў месяц – утрая танней за артыкул. Розніцу чытач аплачвае даверам: банер ён распазнае як рэкламу, а тэкст у рубрыцы «Грамадства» – не.
Звярніце ўвагу і на саму логіку тарыфу. Цана залежыць не ад тэмы і не ад аб’ёму працы карэспандэнта, а ад таго, хто плаціць і як доўга матэрыял павінен вісець. Рэдакцыйныя тэксты знаходзяцца ў больш выгадным становішчы – іх не здымаюць праз суткі за нявыплату.

Як гэта выглядае на выхадзе

10 жніўня на сайце газеты выйшаў матэрыял пра тое, як выгадна сабраць дзіця ў школу ў краме «Марка»: тры акцыі, зніжка 20% на летні абутак, мінус 45% на дзве пары, зялёныя цэннікі са зніжкамі да 70%, сем фатаграфій і заклік зазірнуць у найбліжэйшыя дні, пакуль ёсць усе памеры. У гераінях – дзве сястры са шматдзетнай сям’і. Рубрыка – «У раёне» і «Грамадства». Пазнакі «рэклама» няма.
За тыдзень да гэтага той жа аўтар апублікаваў такі ж тэкст пра Mark Formelle. Фармат пастаўлены на паток.

Што тут парушана, а што не

Прадаваць месца пад рэкламу газеце ніхто не забараняе, і прайс яна не хавае – ён ляжыць у адкрытым раздзеле сайта. Парушэнне не ў продажы.
Парушэнне ў тым, што аплачаны матэрыял выйшаў без маркіроўкі і ў грамадскай рубрыцы.
Закон «Аб рэкламе» №225-З наўпрост адносіць схаваную рэкламу да неналежнай – нароўні з недакладнай і неэтычнай. Нагляд у гэтай сферы вядзе МАРГ.
Заснавальнікі газеты – касцюковіцкі раённы выканаўчы камітэт і раённы савет “дэпутатаў”. Бюджэтнае выданне, створанае органамі ўлады, прадае сваю навінную стужку пад неразмечаную рэкламу па 148 рублёў за месяц.
Чытач газеты, убачыўшы добразычлівы тэкст пра брэнд, не меў ні найменшай магчымасці зразумець, што перад ім аплачаная публікацыя, а не пазіцыя рэдакцыі. Роўна для гэтага маркіроўка і існуе.

Тры варыянты, і ўсе нязручныя

З прайса, як такога не вынікае, што менавіта гэтая публікацыя аплачана па ім. Магчымых тлумачэнняў тры:

  1. Матэрыял аплачаны па прайсе. Тады гэта схаваная рэклама. Закон «Аб рэкламе» адносіць яе да неналежнай нароўні з недакладнай і неэтычнай, а нагляд у гэтай сферы вядзе МАРГ.
  2. Матэрыял не аплачаны. Тады бюджэтнае выданне, заснаванае раённым выканаўчым камітэтам, бясплатна рэкламуе камерцыйную гандлёвую сетку – пры тым, што для астатніх тая ж паслуга каштуе грошай і ляжыць у прайсе.
  3. Матэрыял аплачаны, але не рэдакцыі. Такі варыянт самы дрэнны але, паколькі паслуга існуе і мае цану, пытанне пра тое, ці праз касу прайшлі грошы, узнікае само сабой.

 Давайце ж спытаем у рэдакцыі «Голас Касцюкоўшчыны» і райвыканкама:

  • ці аплачвалася публікацыя пра краму «Марка» ад 10 жніўня? Калі так, кім і па якім рахунку?
  • ці праходзіла аплата праз касу рэдакцыі і ці заключаўся дагавор?
  • чаму матэрыял выйшаў у рубрыцы «Грамадства» без пазнакі «рэклама», калі размяшчэнне артыкулаў пра прадпрыемствы ў навіннай стужцы з’яўляецца платнай паслугай рэдакцыі?
  • ці ведае заснавальнік, што навінная стужка выдання прадаецца пад матэрыялы пра камерцыйныя арганізацыі?

Адказы мы абавязкова апублікуем, бо гэта не дробязь. У рэдакцыі працуюць 14 чалавек, з іх сямёра творчых. Касцюковічы тут наўрад ці выключэнне: у Магілёўскай вобласці выходзіць 21 раённая газета, і ў кожнай публікуюцца рэкламныя матэрыялы з хітрым пралогам “карэспандэнт схадзіў і паглядзеў”.

Фота газеты “Голас Касцюкоўшчыны”.

Каля 7,5 га лесу пацярпела ад пажару ў Касцюковіцкім раёне

Пажарным на вечар 3 жніўня ўдалося лакалізаваць масштабны лясны пажар, які зараз працягвае буяць у Касцюковіцкім раёне.

Паводле Мінлясгаса, лакалізаваць, гэта значыць абмежаваць пажар удалося сіламі сямі адзінакі тэхнікі для падвоза і падачы вады, трыма трактарамі з плугамі, а таксама намаганнямі 70 чалавек.

“Тушэнне ляснога пажару ўскладнялася балоцістай мясцовасцю і адсутнасцю пад’язных шляхоў. У цяперашні час пажар лакалізаваны” – распавялі ў Магілёўскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні.

Па папярэдніх дадзеных, у выніку ўзгарання пацярпелі два ўчасткі ляснога фонду, адзін – 4,6 га, другі – 2,9 га. Прычына пажару высвятляецца.

Нагадаем, што пажар узнік яшчэ ўвечары 2 жніўня. На дапамогу пажарным з Касцюковіцкага раёна прыехалі брыгады з Краснапольскага, Клімавіцкага і Чэрыкаўскага лясгасаў.

Фотаздымак: БелаТА

У Касцюковіцкім раёне масштабны лясны пажар

З буйным лясным пажарам змагаюцца з раніцы 3 жніўня ў Касцюковіцкім лясгасе.

На дапамогу калегам з Касцюковіцкага раёна прыехалі лесапажарныя брыгады з Краснапольскага, Клімавіцкага і Чэрыкаўскага лясгасаў. Усяго агонь ліквідуюць больш за 70 работнікаў лясной гаспадаркі, а таксама спецыяльная тэхніка.

Паводле Міністэрства лясной гаспадаркі, агонь быў зафіксаваны яшчэ ў нядзелю, 2 жніўня. 

Варта адзначыць, што сёлета лясныя пажары ў Еўропе набылі катастрафічныя масштабы, а агульны эканамічны ўрон ад агню і анамальнай спякоты ўжо перавысіў 3 млрд еўра. Праз экстрэмальныя тэмпературы і моцны вецер у краінах Еўразвязу эвакуявалі больш за 330 тыс. чалавек, а сукупная плошча згарэлых лясоў у Еўропе перавысіла адзнаку ў 434 тыс. гектараў, што супастаўна з плошчай Люксембурга, перадае Радыё Свабода.

Фотаздымак: БелТА