За спазненне з разлікам на 12 дзён, суд у Круглым суд пакараў працадаўцу на 1 200 рублёў

Дванаццаць дзён несвоечасовага разліку з працаўніком, які звольніўся, каштавалі круглянскаму прадпрыемству больш за 1200 рублёў.

Працаўнік больш за год працаваў на адным з прадпрыемстваў Круглянскага раёна, аднак потым звольніўся па асабістым жаданні. Пры звальненні, працадаўца адразу канчаткова не разлічыўся ў чалавекам – грошы прыйшлі на картку былога работніка толькі праз 12 дзён. Гэтага хапіла экс-працаўніку, каб звярнуцца ў суд, а потым і выйграць яго. 

У судовым пасяджэнні прадстаўнік адказчыка прызнаў факт парушэння тэрмінаў, спаслаўшыся на складанае фінансавае становішча прадпрыемства. Суд прызнаў абгрунтаванымі патрабаванні звольненага работніка. 

У выніку з прадпрыемства на карысць істца спагнаны сярэдні заробак за 12 дзён затрымкі ў памеры 1218,60 рублёў, а таксама дзяржаўная пошліна ў даход дзяржавы ў памеры 135 рублёў. Рашэнне пакуль не ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Круглым адкрылі заасад для дзяцей – і не абышлося без грамат для дарослых

У цэнтральным парку Круглага адкрылі міні-заасад. Дзецям абяцалі птушак, козачак, чарапах, гульні і салодкія пачастункі. Але паколькі проста парадаваць дзяцей, відаць, было недастаткова ўрачыста, свята дапоўнілі правераным атрыбутам афіцыйных мерапрыемстваў – уручэннем грамат і падзяк.

Як паведамляе раённы партал «Круглае NEWS», гасцей чакалі «прычудлівыя птушкі і звяркі», гульні, забавы, роставыя лялькі і пачастункі. У заасадзе цяпер жывуць цэсаркі, паўліны, фазаны, чарапахі, дэкаратыўныя куры і козачкі.

Але паміж дзіцячымі ўсмешкамі і знаёмствам з жывёламі знайшлося месца для сур’ёзнай дарослай часткі. Старшыня Круглянскага райвыканкама Іван Багель уручыў падзячныя лісты работнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна і Круглянскай ПМК №266. Пасля эстафету ўзнагароджання пераняў старшыня райсавета дэпутатаў Міраслаў Арсоба: пайшлі ганаровыя граматы і чарговая серыя падзяк кіраўнікам і работнікам мясцовых арганізацый.

грамата

Так што адкрыццё атрымалася на любы ўзрост. Дзецям – козачкі, паўліны і цукеркі. Дарослым – граматы. А тым, каму пашанцавала проста прыйсці паглядзець на жывёл, – яшчэ і цырымонія ўзнагароджання ў якасці культурнай праграмы, ад якой немагчыма адмовіцца.

Сам міні-заасад пасля ўрачыстасцяў пачаў працаваць штодня. І, мяркуючы па праграме адкрыцця, цяпер наведвальнікам застанецца самае складанае – атрымліваць асалоду ад жывёл ужо без абавязковай афіцыйнай часткі.

Фота: krugloe.by

Археолагі знайшлі калектыўную пахавальню на Кругляншчыне

Падчас археалагічных раскопак старадаўняга кургана ў Круглянскім раёне навукоўцы знайшлі парэшткі адразу пяці дзяцей, пахаваных у Х стагоддзі.

Раскопкі каля вёскі Азёры праводзяць археолагі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук разам са студэнтамі МДУ імя А.Куляшова. Менавіта там знаходзіцца самы вялікі вядомы курган Магілёўскай вобласці – каля шасці метраў вышынёй і амаль трыццаці метраў у дыяметры.

Падчас раскопак у адным з сектараў кургана археолагі выявілі чатыры крэмацыйныя пахаванні, а таксама пазнейшае пахаванне, у якім знаходзіліся парэшткі адразу пяці дзяцей.

Паводле загадчыка Цэнтра археалогіі НАН Беларусі Аляксея Аўласовіча, пакуль можна толькі меркаваць, чаму дзеці былі пахаваныя менавіта ў кургане. Адной з версій навукоўцы называюць эпідэмію або тое, што дзеці маглі быць нехрышчонымі.

Ужо цяпер даследчыкі датуюць могільнік сярэдзінай – другой паловай Х стагоддзя. Пра гэта сведчаць пахавальны абрад, кераміка і урнавыя пахаванні з прахам.

Падчас раскопак таксама знойдзены фрагменты шкляных і касцяных жаночых упрыгожанняў, керамічны посуд і наканечнікі стрэл. Такія рэчы, як адзначаюць археолагі, клалі ў магілы разам з памерлымі паводле тагачасных пахавальных традыцый.

Паводле асаблівасцяў пахавальнага абраду, навукоўцы мяркуюць, што могільнік належаў прадстаўнікам паўднёвых славян, якія пазней сталі вядомыя як радзімічы. Разам з тым галоўнае пахаванне пакуль не знойдзена. Археолагі не выключаюць, што ніжэй або ў іншай частцы кургана можа знаходзіцца магіла племяннога правадыра. Менавіта гэтай версіяй тлумачацца незвычайна вялікія памеры насыпу.

Сёлетнія даследаванні кургана працягнуцца і ў наступным годзе. 

Фотаздымак: БелТА

На дрэваапрацоўчай вытворчасці ў Круглым загінуў 32-гадовы рабочы

У Круглым на дрэваапрацоўчай вытворчасці загінуў рабочы. Паводле папярэдняй інфармацыі Следчага камітэта, падчас працы брусавальнага станка адбыўся раптоўны выкід піламатэрыялу. 32-гадовы мужчына атрымаў цяжкія траўмы і загінуў на месцы.

На вытворчасці працуе следча-аператыўная група: праводзіцца агляд, фіксуецца слядовая карціна, апытваюцца відавочцы.

Вынята дакументацыя па ахове працы і тэхніцы бяспекі, прызначана судова-медыцынская экспертыза.

Круглянскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку. Назва прадпрыемства не ўказана.

Фота БелТА.

Круглянская раёнка: 85 гадоў таму Германія вераломна напала на Беларусь

Круглянскія ідэёлагі ўзялі новую вышыню ў фальсіфікацыі гісторыі. Паводле іх, 85 гадоў таму Германія пачала вайну з Беларуссю.

22 чэрвеня 1941 года нацысцкая Германія са сваімі саюзнікамі, парушыўшы Дамову ад дружбе і ненападзенні з СССР, напала на свайго ўжо былога саюзніка, з якім разам распачала Другую Сусветную вайну. Мэтай нападзення быў, перш за ўсё, захоп тэрыторый. Нападзенне адбылося па ўсёй заходняй савецкай мяжы, частка якой, прычым зусім невялікая, тычылася БССР. 

Гэта ўсім вядомая гісторыя, ніхто не спрачаецца, што ва ўзгаданы дзень Германія без абвяшчэння вайны нападала на СССР, у які састаўной, абсалютна несамастойнай часткай уваходзіла Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Але ў Круглым гісторыя цяпер іншая. 

“Роўна 85 гадоў таму, у 4:15 раніцы, нацысцкая Германія вераломна напала на Беларусь”, – піша яе тэлеграм-канал “PRO Круглое”. З такім падыходам у вызначэнні ваенных дзеянняў можна меркаваць, што была нейкая нямецка-беларуская вайна.

З іншага боку, па той жа логіцы круглянскіх ідэёлагаў і прапагандыстаў, варта ставіць пытанне, а калі ж закончылася нямецка-беларуская вайна, якую распачала Германія нападзеннем на Беларусь. Калі лічыць заканчэннем поўны захоп тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкімі войскамі, то недзе напачатку верасня 1941 года, пэўна, у Германіі святкавалі перамогу над Беларуссю. Праўда, аб такім святкаванні сведчанняў мы не знойдзем, як не знойдзем нічога аб нападзенні Германіі на Беларусь.

Фотаздымак: ТГ “PRO Круглае”

Няўдалы начны ўгон у Круглянскім раёне

Жыхар Круглянскага раёна ўгнаў аўтамабіль аднавяскоўца, але ўехаў у слуп і спаліў машыну.

Для аднаго жыхара Круглянскага раёна раніца пачалася з непрыемнага сюрпрызу. Пакуль мужчына яшчэ спаў і не ведаў, што яго Peugeot 405 знік са двара, у суседняй вёсцы ратавальнікі ўжо тушылі гэты аўтамабіль, які пасля аварыі ператварыўся ў груду абгарэлага металу.

Як высветлілася пазней, начны «аўтапрабег» арганізаваў 38-гадовы аднавясковец гаспадара машыны. Паводле матэрыялаў следства, позна ўвечары мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, вырашыў наведаць знаёмага ў суседняй вёсцы. Ісці пешшу не хацелася. Тады ён успомніў пра суседскі Peugeot, які стаяў каля дома.

Аўтамабіль аказаўся незамкнутым, а ключ заставаўся ў замку запальвання. Такую спакусу вясковец праігнараваць не змог. Аднак паездка доўжылася нядоўга. Прыкладна за чатыры кіламетры ад месца ўгону кіроўца не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў апору лініі электраперадачы. Ад удару машына загарэлася, а слуп паваліўся на яе.

Пажарныя, якія прыбылі на месца, агонь патушылі, але выратаваць аўтамабіль ужо не змаглі. Peugeot аднаўленню не падлягае.

Цікава, што ўгоншчык не атрымаў сур’ёзных траўм. Пакінуўшы разбітую і ахопленую полымем машыну, ён проста пайшоў дадому пешшу. Аднак доўга шукаць яго не давялося. Гаспадар аўтамабіля адразу западозрыў свайго аднавяскоўца. Версію пацвердзілі і сабраныя доказы. На месцы ўгону эксперты выявілі сляды абутку. Экспертыза паказала, што яны супадаюць з падэшвай красовак падазраванага.

Міліцыя затрымала ўгоншчыка па месцы яго жыхарства. Дарэчы, раней ён ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за ўгон чужога транспарту. Узбуджана крымінальная справа.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

З нагоды адкрыцця пляжа ў Круглым зладзілі масавае гулянне

У Круглым закрылі грамадскую лазню, затое адкрылі пляж. Чыноўнікі рэкамендавалі карыстацца вадаёмамі – і забяспечылі жыхароў імі.

У Круглянскім раёне ўрачыста адкрылі пляж, але гэта – працяг гісторыі з мясцовай лазняй.

Аднойчы на выязны прыём да першага намесніка старшыні аблвыканкама прыйшоў усяго адзін чалавек. Ён паскардзіўся на адсутнасць грамадскай лазні.

Намеснік кіраўніка вобласці Сяргей Савіцкі выслухаў госця і даў вычарпальны адказ: карыстайцеся ваннамі і вадаёмамі.

Лазню ў Круглым сапраўды закрылі – хадзіла ў яе ад сілы пяць чалавек, стратна. Узамен пабудавалі новую, невялікую. Тая ж гісторыя. Закрылі і яе. Сацыяльны стандарт па памывачных месцах быў выключаны з дзяржаўных нарматываў яшчэ ў 2020 годзе, так што фармальна ўсё ў парадку.

Вадаём у раёне, дарэчы, цяпер маецца – Цяцерынскае вадасховішча, вёска Шупені. І ў мінулую суботу там урачыста адкрылі пляж «Водная жамчужына». Так што ўсё сыходзіцца: лазня закрыта, затое на прыродзе – мыйся, не хачу.

Цырымонія была больш чым урачыстай. Пяць раённых чыноўнікаў, чырвоная стужка, артысты Дома культуры.

Пляж на фотаздымках з цырымоніі ў кадр трапляў рэдка. У асноўным усе аб’ектывы былі нацэлены на масавае гулянне.

Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку на дарозе, якая вядзе да вадаёма, атрымалі адразу трое. Што-што, а святкаваць у Круглым умеюць.

Фота раённай газеты.

У Круглянскім раёне незаконна выкапалі 11 тыс. м3 пяску

Пракуратура Круглянскага раёна выявіла сумарна 11 315,48 м3 незаконна здабытага пяску.

Незаконную распрацоўку нетраў пракуроры знайшлі на чатырох аб’ектах на Кругляншчыне. Так, у адной з сельскагаспадарчых арганізацый раёна пры здабычы пяску для ўнутрыгаспадарчых мэтаў было дапушчана перавышэнне глыбіні яго выпрацоўкі больш чым у два разы, што пацягнула незаконную здабычу пяску аб’ёмам 8 796,74 м3.

Цяпер Круглянская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя павінна разлічыць шкоду, якая была нанесена ў выніку самавольнай здабычы карысных выкапняў, каб потым даць ацэнку дзеянням адпаведных службовых асобаў.

Акрамя таго, пракурорская праверка выявіла факты няякаснага правядзення рэкультывацыі ўчасткаў нетраў і неналежнай планіроўкі іх паверхняў. Было і непрыняццё мер па ахове нетраў і зямель ад засмечвання. 

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Замест вучобы ў Магілёве – збор камянёў на круглянскім полі

Студэнтаў Беларускага дзяржуніверсітэта тэхналогій адправілі збіраць камяні на полі занядбалай гаспадаркі ААТ “Круглянская іскра”.

Пра тое, як “дапамагалі ў навядзенні парадку” студэнты тэхналагічнага і механічнага факультэтаў БДУТ, распавёў сайт універсітэта, выклаўшы адпаведнае відэа.

Такім чынам, замест лабараторных і лекцый маладыя людзі збіралі камяні, фактычна выконваючы задачы, якія звычайна не маюць нічога агульнага з універсітэцкай адукацыяй.

Варта алзначыць, што “Круглянская іскра” – гэта гаспадарка, якая ўжо не першы год знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы. Яшчэ некалькі гадоў таму прадпрыемства было ўключана ў спіс тых, што патрабуюць фінансавага аздараўлення. Падтрыманне яго дзейнасці стала магчымым дзякуючы дзяржаўным рашэнням, у тым ліку пераносу тэрмінаў разлікаў па крэдытах.

На гэтым фоне прыцягненне студэнтаў да палявых работ выглядае як спосаб закрыць праблемы, паўстаўшыя ў выніку бязглуздага гаспадарання, за кошт іх дармовай працы.

Фотаздымак: БДУТ

У Круглым забойца-рэцыдывіст спрабаваў задушыць незнаёмую дзяўчыну

Магілёўскі аблсуд прысудзіў 20 гадоў мужчыне, які спрабаваў без прычыны задушыць 20-гадовую дзяўчыну на вуліцы.

Як устаноўлена на судзе, 44-гадовы жыхар Круглага ў верасні 2025 года ў грамадскім месцы каля скрыжавання вуліц Магілёўскай і Юбілейнай без усялякай прычыны напаў на незнаёмую яму 20-гадовую дзяўчыну. Мужчына схапіў яе, сцягнуў з тратуара ў яр, паваліў на зямлю і пачаў душыць.

Трагедыі ўдалося пазбегнуць дзякуючы выпадковым сведкам. Пара маладых людзей з немаўлём, якія праходзілі побач, пачулі крыкі аб дапамозе і ўбачылі напад. Яны ўмяшаліся, адцягнулі нападніка ад пацярпелай і выклікалі міліцыю.

Як высветлілася, гэта не першае цяжкае злачынства абвінавачанага. З 2006 па 2022 год ён адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за забойства жанчыны. У дзень нападу ён зноў паспрабаваў здзейсніць аналагічнае злачынства.

На судзе мужчына сваю віну не прызнаў і катэгарычна адмаўляў датычнасць да здарэння. Аднак прадстаўленыя дзяржаўным абвінаваўцам доказы суд прызнаў дастатковымі.

Судовая калегія аблсуда вынесла абвінаваўчы прысуд: паводле крымінальнага заканадаўства Беларусі мужчыну прызначана 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму.

Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў пацярпелай і прысудзіў ёй 30 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц