На Магілёўшчыне раскапаць вуліцу можна было бясплатна, а адказу на скаргу чакалі два месяцы

Абласны Камітэт дзяржкантролю праверыў, як райвыканкамы, раённыя адміністрацыі і арганізацыі Магілёўскай вобласці працуюць са зваротамі грамадзян. За парушэнні закона аб зваротах да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 14 службовых асоб.

Самы паказальны прыклад – Крычаў. Жыхары дамоў на вуліцы Сіроцініна (на здымку) калектыўна паскардзіліся, што на вуліцы няма асвятлення і пара рамантаваць дарогу. На адказ закон дае месяц, у Крычаўскім райвыканкаме зварот разглядалі больш за два.

У Слаўгарадскім райвыканкаме больш за месяц разбіраліся з прапановай індывідуальнага прадпрымальніка змяніць расклад міжгародніх аўтобусаў Слаўгарад – Магілёў.

Адначасова дзяржкантралёры выявілі выпадкі, калі мясцовыя ўлады ўвогуле не ўстанаўлівалі плату за дазволы раскопваць вуліцы, плошчы і двары – адпаведна, і не бралі яе.

Усяго за дзевяць месяцаў у абласны камітэт паступіла 538 зваротаў грамадзян і арганізацый, яшчэ 255 паведамленняў прынялі гарачыя лініі.

Сярод вырашаных пытанняў ведамства пералічвае тое, што ў нармальным горадзе робіцца без кантралёраў: у Магілёве адрамантавалі стыкі сценавых панэляў у доме на вуліцы Маўчанскага, зрабілі штучныя няроўнасці каля сярэдняй школы № 9, паправілі лесвіцу з праспекта Міру на вуліцу Катоўскага і ліквідавалі прычыну падтаплення падвала каналізацыйнымі сцёкамі на вуліцы Будаўнікоў.

Выходзіць, у адной і той жа вобласці жыхары месяцамі чакаюць адказу на просьбу адрамантаваць дарогу, а тым, хто гэтыя дарогі раскопвае, дазвол дастаецца бясплатна.

Фото крычаўскай раённай газеты.

У Крычаўскім раёне 50 вёсак абслугоўвае адзін перасоўны медпункт

У Крычаўскай ЦРБ з’явіўся перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт – абсталяваны аўтамабіль з зонай чакання, аглядным кабінетам і кабінетам прыёму. З пачатку кастрычніка ён ездзіць па маланаселеных і аддаленых вёсках раёна, на абслугоўванні каля 50 населеных пунктаў. 

Працуе на ім адзін чалавек – памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе. Графікі склалі разам з сельсаветамі: у большасць вёсак медпункт будзе заязджаць ад двух да чатырох разоў на месяц. Жывуць там пераважна пажылыя людзі, да маламабільных доктар заходзіць дадому. 

Дапамогу ўрачоў-спецыялістаў паабяцалі наладзіць пазней. У аўтамабілі прадаюць лекі, і, попыт на іх ужо ёсць. 

У бальніцы запэўніваюць, што перасоўны ФАП не замяняе стацыянарныя медпункты і яны працягнуць працу. Але аўтамабіль едзе менавіта туды, дзе свайго медпункта няма, – інакш ён быў бы не патрэбны. Для жыхароў гэтых 50 вёсак медыцына цяпер – візіт памочніка ўрача два-чатыры разы на месяц. 

Такія машыны і служаць заменай закрытым медпунктам. Калі ФАП закрылі ў вёсцы Расна Сенненскага раёна, афіцыйнае тлумачэнне гучала так: ФАП «не закрывалі, а перавялі на перасоўную форму абслугоўвання». 

Такая форма не ноу-хау, а вымушаная мера, калі сродкаў на ўтрыманне стацыянарнага ФАПа ў «сацыяльна арыентаванай эканомікі» папросту няма. Перасоўны ФАП на шасі «МАЗ-Купава», закуплены Міністэрствам аховы здароўя, на днях атрымала і суседняя Чэрыкаўская ЦРБ.

Фота krichevlive.by.

Лукашэнка абяцае апалчэнцам кулямёты, а тэрытарыяльныя войскі ў Крычаве страляюць з ТТ 1930 года

У Крычаўскім раёне працягваецца вучэбны збор тэрытарыяльных войскаў: дваццаць ваеннаабавязаных вывезлі на стрэльбішча. Перад стрэльбамі ваенны камісар нагадаў ім пра меры бяспекі і дысцыпліну на агнявым рубяжы. 

Стралялі з аўтамата Калашнікава і пісталета ТТ. Пісталет Токарава прынялі на ўзбраенне Чырвонай арміі ў 1930 годзе, а ў 1950-х у савецкай арміі яго замяніў пісталет Макарава. Амаль праз сто гадоў пасля распрацоўкі ТТ па-ранейшаму выдаюць на вучэбных зборах крычаўскім тэрытарыяльным войскам. 

У той жа дзень, калі крычаўскіх ваеннаабавязаных вывезлі на стрэльбішча, Лукашэнка паабяцаў апалчэнцам аўтаматы, гранаты і кулямёты і запатрабаваў стварыць атрад народнага апалчэння ў кожным сельсавеце. Пры гэтым ён удакладніў, што зброя для іх нарыхтавана і гэта «справа ваенных», а на пытанне пра прыватнае апалчэнне адказаў, што ўсё, што датычыцца зброі, у краіне строга дзяржаўнае. 

Уступіць у апалчэнне можна толькі па заяве у мясцовую адміністрацыю і без судзімасці, а набіраць туды людзей даручана былому міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу.

Фота krichevlive.by.

У Крычаве пракурору цікава, ці не прапiваюць студэнты дзяржаўныя выплаты

На пасяджэнні райвыканкама, прысвечаным п’янству ў Крычаве, пракурор раёна Станіслаў Прахарэнка (на фото) асобна загаварыў пра навучэнцаў каледжа, якія атрымліваюць выплаты ў сувязі са стратай карміцеля. Паводле яго слоў, гэта дзяржаўная падтрымка, і трэба ведаць, на што маладыя людзі яе трацяць. Калі грошы ідуць на спіртное, а не на вучобу і асноўныя патрэбы, гэта сігнал адразу для каледжа, органаў апекі і міліцыі.

Аднак выплата ў сувязі са стратай карміцеля – не прэмія за поспехі і не дапамога на вучобу. Яе атрымліваюць тыя, у каго памёр бацька ці маці. Частка такіх навучэнцаў ужо паўналетнія, і гэта іх уласныя грошы.

На тым жа пасяджэнні раённы аддзел унутраных спраў адсправаздачыўся пра ўласную барацьбу з п’янствам. За восем месяцаў крычаўская міліцыя правяла 10 прафілактычных мерапрыемстваў і 32 адпрацоўкі адміністрацыйных участкаў, канфіскавала з незаконнага абароту 38 літраў спіртазмяшчальнай вадкасці.

У справаздачы гэта пададзена як поспех – больш, чым летась. Колькі канфіскавалі летась, не сказана.

На 42 выезды атрымліваецца менш за літр за раз. А на прафілактычным уліку ў РАУС стаяць 125 крычаўлян, якія злоўжываюць спіртным. На кожнага з іх прыпадае крыху больш за шклянку. Атрымліваецца, што п’юць у Крычаве вельмі цывілізавана і даволі ўмерана.

Фота «Кричевская жизнь».

У Крычаве водаканал выставіў за гадзіну працы рахунак як за пяць

Жыхарка Крычава падключыла дом да цэнтральнага водаправода, атрымала рахунак ад водаканала і плаціць не стала, а звярнулася ў Камітэт дзяржкантролю.
Кантралёры Магілёўскай вобласці пералічылі работу і высветлілі, што водаканал прымяніў нормы і расцэнкі, якія не адпавядалі выкананым работам.
У рахунак упісалі работы, на якія спатрэбілася б больш за пяць гадзін, тады як само падключэнне заняло крыху больш за гадзіну. Пасля пераразліку сума да аплаты зменшылася амаль у шэсць разоў.
Вінаватага работніка крычаўскага водаканала прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. 

Крычаўскі водаправод абслугоўвае ўчастак № 2 Касцюковіцкага філіяла «Магілёўаблводаканала». Улетку гэты ўчастак быў у раённага кіраўніцтва на добрым рахунку. У ліпені старшыня райвыканкама Аляксей Шарай і старшыня раённага савета «дэпутатаў» Ірына Пруднікава асабіста прыязджалі да калектыву ўручаць падзячныя лісты за добраўпарадкаванне пляжа «Песчаный берег» на возеры Маладзёжным.
Адзначылі трох рабочых і кіраўніка ўчастка Вадзіма Гурскага – за прафесійную арганізацыю работы на пляжы.
Пляж, як высветлілася, на ўчастку добраўпарадкоўваюць лепш, чым складаюць рахункі.
Крычаўскіх камунальнікаў ловяць за руку не ўпершыню. У чэрвені 2021 года калегія КДК Магілёўскай вобласці разбірала работу раённай ЖКГ.
Кантралёры ўстанавілі, што крычаўскае УКВП «Коммунальник» незаконна атрымала з раённага бюджэту больш за 190 тысяч рублёў. Знайшліся і неэфектыўнае выкарыстанне дзяржмаёмасці і паліва, і цеплавыя лічыльнікі без паверкі. Да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці тады прыцягнулі 18 работнікаў камунальных службаў раёна.
Пяць гадоў праз карціна мала змянілася. 

У верасні 2026 года КДК правёў у Крычаўскім раёне комплексную праверку і знайшоў:

  • захламленыя і зарослыя пустазеллем землі агульнага карыстання;
  • больш за 40 аварыйных, патэнцыйна небяспечных аб’ектаў, доступ да якіх ніхто не закрыў;
  • 90 гектараў невыкарыстоўваемых сельгасзямель;
  • пустуючыя дамы, якія не ўлічылі, не прадалі і не знеслі;
  • парушэнні пры расходаванні бюджэтных грошай і ў рабоце з жыллёвым фондам.

Пытанне аб адказнасці вінаватых, паводле слоў кантралёраў, пакуль толькі разглядаецца.
І галоўнае. Лішнія чатыры гадзіны ў рахунку і гэтым разам знайшла не бухгалтэрыя водаканала, не КДК, а гаспадыня дома.

Фота крычаўскай раённай газеты.

Жах у Крычаўскім раёне: госць адплаціў забойствам за пачастунак

Крычаўлянін стаў фігурантам крымінальнай справы пасля жорсткага забойства састарэлай жыхаркі вёскі Іванаўка.

Пра смерць пенсіянеркі міліцыя даведалася ад самога забойцы. Раніцай 23 верасня ён патэлефанаваў праваахоўнікам і паведаміў, што забіў жанчыну, якой дапамагаў па гаспадарцы.

Следчыя аднавілі папярэднюю карціну падзей. Напярэдадні 59-гадовы крычаўлянін прыехаў з райцэнтра ў Іванаўку ў пошуках заробку. Фермера, да якога ён накіроўваўся, на месцы не аказалася. Затое ў адным з двароў мужчына сустрэў састарэлую гаспадыню. Жанчына прапанавала незнаёмцу накалоць ёй дроў. Пасля працы яна запрасіла яго за стол разам выпіць і закусіць.

Што менавіта адбылося пасля застолля, Следчы камітэт пакуль падрабязна не паведамляе. Вядома, што жанчына была забітая. Паводле папярэдніх звестак, прычынай яе смерці сталі ўдушэнне і шматлікія ўдары па розных частках цела. 

Высветлілася таксама, што падазраваны ўжо неаднаразова меў судзімасці. Больш за тое, раней яго ўжо судзілі за забойства.

Фотаздымак: Следчы камітэт РБ

Генерал СБУ: аэрадром у Крычаве стаў беларуска-расійскім вучэбна-баявым цэнтрам

Аэрадром у Крычаве вызначаны як сумесны беларуска-расійскі вучэбна-баявы цэнтр, сцвярджае, са спасылкай на ўкраінскую разведку, генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

Паводле вайскоўца, за апошнія месяцы ўсё больш выразна вымалёўваецца мадэль, калі Беларусь можа фармальна не ўдзельнічаць у расійска-ўкраінскай вайне сваімі сухапутнымі войскамі, у той жа час усё глыбей інтэгруючыся ў расійскую вайсковую інфраструктуру.

Украінскі бок ужо паведаміў пра аднаўленне працы на тэрыторыі Беларусі рэтранслятараў, якія дазваляюць расійскім Shahed і Gerbera падтрымліваць сувязь і пранікаць глыбей у Валынскую, Ровенскую і Львоўскую вобласці. Паводле звестак украінскай разведкі, у паўднёвай частцы Беларусі выяўлена як мінімум шэсць такіх аб’ектаў. Менавіта з выкарыстаннем гэтай інфраструктуры ГПСУ звязвала, у прыватнасці, расійскі ўдар па раёне пункта пропуску “Ягодзін” на ўкраінска-польскай мяжы.

Таксама, як указвае Ягун, украінская разведка паведамляла аб прысутнасці ў Беларусі падраздзяленняў расейскай 101-й ракетнай брыгады з комплексамі “Арэшнік”. Раней, у траўні, Расія і Беларусь ужо праводзілі сумесныя вучэнні з адпрацоўкай прымянення ядзерных сіл.

Украінскі генерал лічыць, што для Расіі цяпер значна больш выгадна выкарыстоўваць Беларусь у якасці аператыўнага тылу: для разведкі, сувязі, кіравання БПЛА, радыёэлектроннай барацьбы, падрыхтоўкі войскаў, рамонту, размяшчэння складоў, авіяцыйнай і ракетнай інфраструктуры. А яшчэ – як пастаянны фактар нявызначанасці, які змушае Украіну ўтрымліваць абарончыя сілы ўздоўж больш чым тысячы кіламетраў паўночнай мяжы.

Нагадаем, што здымак кампаніі Planet Labs ад 9 лютага 2026 года, атрыманы «Радыё Свабода», сведчыў пра працяг работ на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома «Крычаў-6». За папярэднія месяцы аб’ект прыкметна змяніўся: з’явіліся новыя будынкі і тэхніка. Упершыню на спадарожнікавай фатаграфіі можна разгледзець машыны, якія, меркавана, маюць дачыненне да ракетнага комплексу «Арэшнік».

Фотаздымак: ТikTok zhekapobeda

«Чалавек года», «Залаты фонд», цяпер ганаровая грамадзянка: крычаўская «дэпутат» папоўніла калекцыю ўзнагарод

На святкаванні 890-годдзя Крычава званне «Ганаровы грамадзянін Крычаўскага раёна» прысвоілі Ірыне Пруднікавай – старшыні раённага «савета дэпутатаў» і лідару раённай арганізацыі «Белай Русі».
Ганаровы грамадзянін сёлета адзін, і гэта яна. Раённая газета назвала ўзнагароду прызнаннем беззапаветнай любові Пруднікавай да роднай зямлі, яе працавітасці і актыўнасці.
Званне легла ў доўгі шэраг узнагарод. У 2019 годзе Пруднікава стала «Чалавекам года Крычаўскага раёна», у 2020-м атрымала дыплом «Чалавек года Магілёўшчыны», а ў студзені 2026 года – памятны знак «Залаты фонд», які ў Магілёве ўручалі самым актыўным членам «Белай Русі».
Год таму ганаровымі грамадзянамі раёна сталі старшыня СВК «Калгас імя Суворава» і заслужаны трэнер са школы алімпійскага рэзерву. Тады ж на вуліцы Савецкай адкрылі плошчу Гонару, дзе цэнтральнае месца адведзена імёнам ганаровых грамадзян.
Парадак прысваення такіх званняў у беларускіх раёнах зацвярджаюць раённыя «саветы дэпутатаў». 

Крычаўскі «савет» узначальвае сама новая ганаровая грамадзянка. Падобна на тое, што новае званне Пруднікава прысвоіла сама сабе.
Чым абарочваецца яе актыўнасць, у Крычаве добра ведаюць.
У 2024 годзе, пасля ўзлому базы даных КДБ, усплыў ліст са скаргай на былога старшыню райвыканкама Андрэя Седукова. Там згадвалася і Пруднікава: паводле слоў аўтара, яна, карыстаючыся службовым становішчам, лабіруе інтарэсы сына, які ўзначальвае раённую пазаведамасную ахову.
Седукова змянілі, Пруднікава засталася на месцы. На праблемы горада, ад нявывезенага смецця да бадзяжных сабак, яна звычайна адказвае пагрозай напісаць ліст у вышэйшую інстанцыю.
Раённая газета напісала пра беззапаветную любоў да роднай зямлі. Пра любоў да званняў і радні ў пераліку заслуг не сказана.

Фота раённай газеты «Крычаўскае жыццё».

У Крычаўскім раёне знайшлі 0,11% земляў занядбанымі

Дрэннае абыходжанне з зямлёй, парушэнні пры выкарыстанні дзяржмаёмасці і дзяржаўных грошай выявіў Камітэт дзяржкантроля ў Крычаўскім раёне.

Комплексная праверка знайшла 90 га сельскагаспадарчых земляў, якія ўвогуле не выкарыстоўваліся. Пры агульнай плошчы Крычаўскага раёна ў 77 тысяч гектар, гэта складае 0,11%.
Акрамя таго, землі агульнага карыстання, тэрыторыі прадпрыемстваў і ўчасткі грамадзян у шэрагу выпадкаў былі захламленыя і зарасталі пустазеллем. Больш як да 40 аварыйных і патэнцыйна небяспечных аб’ектаў не абмежавалі доступ.

Знайшліся праблемныя пустуючыя дамы. Частку такой нерухомасці мясцовыя чыноўнікі своечасова не выявілі і не паставілі на ўлік, а значыць, не распачалі працэдуру яе продажу ці зносу.

Таксама дзяржкантроль выявіў парушэнні пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі раёна. Недахопы знайшлі таксама ў абыходжанні з дзяржаўнай маёмасцю, жыллёвым фондам і сельскагаспадарчымі аб’ектамі, якія не выкарыстоўваюцца.

Прэтэнзіі ў кантралёраў ўзніклі і да правядзення адміністрацыйных працэдур і разгляду зваротаў грамадзян.

Фотаздымак: kgk.gov.by

У Крычаве абяцалі еўрашыфер для Еўрасаюза – праз пяць гадоў кітайская лінія вырабляе той жа азбеставы ліст

Крычаўскі шыфер стаў героем вялікага матэрыялу БелТА  пра ініцыятыву «Адзін раён – адзін праект». Дзяржаўнае агенцтва паведамляе, што ў раёне «з’явілася новае прадпрыемства», а аўтаматычная кітайская лінія падняла якасць ліста на іншы ўзровень. Супастаўленне з тым, што тая ж кампанія абяцала пяць гадоў таму, дае іншую карціну. «Новаму прадпрыемству» дзевяць гадоў. ТАА «КМБ-Усход» з 2017 года арандуе ў дзяржаўнага «Кричевцементношифера» 15 тысяч квадратных метраў – шыферны цэх разам з абсталяваннем. Менавіта гэтую, арандаваную лінію цяпер закансервавалі, назваўшы яе тэхналагічна і маральна састарэлай. Замест яе ў маі 2025 года запрацавала кітайская, мадэрнізацыя абышлася больш як у 12 мільёнаў рублёў. 

Па сутнасці, у адным і тым жа цэху адну лінію замянілі другой, а заводскае абсталяванне прастойвае. Праект пры гэтым задумваўся зусім іншым. У красавіку 2021 года  дырэктар «КМБ-Усхода» Станіслаў Сівакоў апісваў яго памочніку Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці Леаніду Мартынюку так:

  • інвестыцыі – 22 мільёны рублёў, з іх 80 працэнтаў – крэдыт Банка развіцця;
  • новая прадукцыя – рымская і сланцавая чарапіца, еўрашыфер і еўрасайдынг у шырокай каляровай гаме;
  • збыт – не толькі СНД, але і Еўрасаюз;
  • каля 20 новых працоўных месцаў, тэрмін рэалізацыі – 2021-2023 гады.

Да восені 2026 года ў заяўленым выглядзе не выкананы ніводзін пункт гэтага пераліку. Лінію запусцілі на два гады пазней за тэрмін, і каштуе яна амаль удвая танней за заяўленае. Вырабляе яна звыклы азбестацэментны васьміхвалевы ліст, а таксама плоскія і тэкстураваныя пад дрэва хрызатылацэментныя. 

Прадаецца ўсё гэта пераважна ўнутры краіны – будаўнічым арганізацыям Гомельскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей для фермаў і капрамонтаў. Пра каляровы шыфер старшыня Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай гаворыць ужо ў будучым часе. 

У штаце 130 чалавек – роўна столькі ж, колькі БелТА называла ў 2021 годзе, хоць Шарай паведамляе пра 15 створаных працоўных месцаў. 

У Еўрасаюз такі ліст не трапіць пры любой лініі. Хрызатыл – гэта азбест, а ў ЕС усе яго віды забароненыя  з 1 студзеня 2005 года. Сусветная арганізацыя аховы здароўя  адносіць хрызатыл да канцэрагенаў нароўні з астатнімі формамі азбесту. Шарай у тым жа матэрыяле называе крычаўскую прадукцыю фібрацэментнай – слова «азбест» з рэплікі чыноўніка знікла, хоць начальнік вытворчасці вымаўляе яго наўпрост. 

Вынік раённага праекта выглядае так: арандаваная ў дзяржавы лінія закансерваваная, на яе месцы кітайская, ліст той жа, штат той жа. Што тут новага – незразумела.

Фота БелТА .