Начальнік бялыніцкага філіяла «Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства» Мікалай Буры (на здымку) ў інтэрв’ю раённай газеце назваў жывёлагадоўлю адной з самых прыбытковых галін і добрай крыніцай даходу – і для буйной гаспадаркі, і для звычайнага вясковага двара. І тут жа прызнаў, што карову на прыватным падворку сёння трымаюць толькі рэдкія жыхары.
Раней у гаспадарках раёна, паводле яго слоў, былі коні, авечкі, свінні і птушка. Цяпер засталася толькі буйная рагатая жывёла, малыя фермы зніклі, усё пагалоўе сабрана на вялікіх малочна-таварных комплексах.
Сама па сабе тэндэнцыя не ўнікальная. Дробныя гаспадаркі скарачаюцца па ўсёй Еўропе: за паўтара дзясятка гадоў Еўрасаюз страціў больш за траціну ферм, і амаль усе яны былі маленькімі, але…
Там карова пераходзіць ад аднаго прыватнага гаспадара да другога – двор з парай кароў закрываецца, а суседняя сямейная ферма расце. Жывёла і зямля застаюцца ў фермераў, проста фермераў становіцца менш.
У Беларусі гэтага сярэдняга звяна няма. Карова сыходзіць з прыватнага двара не да суседа, а ў калгас.
На сельгасарганізацыі сёння прыпадае больш за 98 працэнтаў пагалоўя буйной рагатай жывёлы ў краіне, а падворкі і фермеры разам дзеляць тое, што засталося.
Пры гэтым самі калгасы грошай не прыносяць. У першым паўгоддзі 2024 года без уліку дзяржпадтрымкі стратнымі былі больш за палову сельгасарганізацый краіны.
Атрымліваецца, прыбытковай галіной жывёлагадоўля выглядае толькі ў раённай газеце. Вясковы жыхар ад каровы адмаўляецца, а жывёла пераязджае ў гаспадаркі, якія без бюджэтных грошай не зводзяць канцы з канцамі.
У Еўропе ўзбуйненне робіць фермера мацнейшым, у Беларусі яно вынішчае прыватніка дашчэнту, а страты перакладае на грамадзян-падаткаплацельшчыкаў.
Category: Навіны Бялыніч
У Бялыніцкім раёне на трасе М4 сутыкнуліся тры аўтамабілі – пацярпела шасцігадовае дзіця
Тры легкавыя аўтамабілі сутыкнуліся на 161-м кіламетры трасы М4 Мінск – Магілёў у Бялыніцкім раёне, падрабязнасці прывёў тэлеграм-канал УУС «Міліцыя Магілёўшчыны» .
У бальніцу з траўмамі трапілі двое пасажыраў – шасцігадовае дзіця і 65-гадовы мужчына. Ланцужок пачаўся з пешахода на аўтамагістралі. Убачыўшы яго, кіроўца Peugeot знізіў хуткасць. 29-гадовая жанчына за рулём KIA, якая ехала следам, паводле папярэдніх звестак ДАІ, не вытрымала дыстанцыю і ўдарыла ззаду аўтамабіль, які прытармазіў.
Ад удару Peugeot адкінула ў левую паласу – пад Volkswagen, якім кіраваў 39-гадовы мінчанін. Пацярпелыя ехалі ў розных машынах: адзін быў пасажырам KIA, другі – Peugeot.
Абставіны здарэння высвятляюцца.
Жыхара Бялыніцкага раёна аштрафавалі за агнястрэльную асадку
Суд Бялыніцкага раёна аштрафаваў мясцовага жыхара на 3150 руб. за захоўванне старой агнястрэльнай асадкі з патронамі.
Нагадаем, што 55-гадовы мужчына ў красавіку 2026 года падчас уборкі ў доме памерлых бацькоў знайшоў падобны на зброю прадмет – страляючую аўтаасадку, а таксама малакаліберныя патроны. Паколькі ён быў паляўнічым, то нядзіўна, што такія прадметы выклікалі ў яго жывое зацікаўленне і ён забраў іх у свой дом.
У далейшым зброю знайшлі ў яго праваахоўнікі. Якім чынам яны гэта зрабілі – сайт Магілёўскага абласнога суда не паведамляе. Потым балістычная экспертыза выявіла, што аўтаасадка зроблена саматужна і прыдатна для стральбы малакалібернымі патронамі. Пяць вынятых патронаў экспертыза палічыла боепрыпасамі.
Падчас суда мужчына цалкам прызнаў сваю віну ў незаконным захоўванні зброі і боепрыпасаў. Паколькі падсудны характарызаваўся з усіх бакоў толькі станоўча, то вырак быў даволі мягкі – штраф 70 базавых веліынь (3150 руб.). Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.
Фотаздымак: Генеральная пракуратура
У Бялынічах і Бабруйску праігнаравалі беларускую мову – справа за пракуратурай
Адказ грамадзяніну не на мове звароту стаў прычынай увагі пракуратуры да дырэктара Бялыніцкага філіяла Аўтапарка №7 “Магілёўаблаўтатранса”. У Бабруйску паўтараецца падобнае.
“Довады звароту аб тым, што адказ на накіраваны вамі ў філіял зварот не быў падрыхтаваны на мове звароту, а таксама не растлумачаны парадак абскарджання адказу на зварот, знайшлі сваё пацвярджэнне”, – піша бялыніцкая пракуратура ў адказ на скаргу “моўнага інспектара” Ігара Случака.
За гэта дырэктару аўтамабільнага прадпрыемства ў Бялынічах вынесена прадпісанне аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства. У выніку Случаку быў накіраваны адказ на беларускай мове, як таго патрабуе заканадаўства аб зваротах грамадзян і закон аб мовах.
Ігар Случак таксама паведамляе, што падобнае парушэнне адбылося і ў Бабруйскім філіяле Тралейбусны парк №2 “Магілёўаблаўтатранса”. Цяпер яго скарга ў пракуратуру знаходзіцца ў працэсе разгляду.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
Старая агнястрэльная асадка давяла бялынічаніна да суда
Паляўнічы ў Бялыніцкім раёне пойдзе пад суд за тое, што захоўваў у сваім доме асадку, якая магла страляць малакалібернымі патронамі.
55-гадовы мужчына ў красавіку 2026 года падчас уборкі ў доме памерлых бацькоў знайшоў падобны на зброю прадмет – страляючую аўтаасадку, а таксама малакаліберныя патроны. Паколькі ён быў паляўнічым, то недзіўна, што такія прадметы выклікалі ў яго жывое зацікаўленне і ён забраў іх у свой дом.
Якім чынам страляючую асадку і патроны да яе знайшлі праваахоўнікі – інфармацыі ў пракурорскім паведамленні няма. У далейшым пяць вынятых патронаў былі прызнаныя боепрыпасамі да стралковай наразной агнястрэльнай і паляўнічай зброі. У выніку мужчына стаў фігурантам справы аб незаконным набыцці, захоўванні і нашэнні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў да яе.
Цяпер справа накіравана ў суд, а ўладальнік агнястрэльнай асадкі знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Фотаздымак: Генеральная пракуратура
У Бялынічах начальнік аддзела прадпрыемства асуджаны за 20 тысяч хабару
Чатыры з паловай года калоніі атрымаў начальнік аддзела магілёўскага дзяржпрадпрыемства за хабар, які атрымліваў цягам двух гадоў.
Паводле матэрыялаў справы, з пачатку 2024 года да лютага 2026-га начальніка аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння неаднаразова атрымліваў грошы ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый, якія пастаўлялі прадукцыю яго дзяржаўнаму прадпрыемству.
Следства сцвярджае, што за адкаты, якія дасягалі 10% ад кошту пастаўкі, ён садзейнічаў перамозе загадзя вызначаных кампаній у працэдурах закупак, а таксама забяспечваў своечасовую аплату іх прадукцыі.
Каб стварыць бачнасць канкурэнцыі, разам з рэальнымі камерцыйнымі прапановамі падаваліся рахункі іншых прадпрыемстваў з больш высокімі коштамі на аналагічны тавар.
За два гады, паводле абвінавачання, агульная сума атрыманага хабару перавысіла 20 тыс. рублёў.
Справу разбіраў Бялыніцкі райсуд. На працэсе абвінавачаны прызнаў віну часткова. У выніку яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры. Былому начальніку аддзела прызначылі чатыры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у 22,5 тыс. рублёў і забаранілі пяць гадоў займаць кіруючыя пасады.
Акрамя пазбаўлення волі і штрафу, суд пастанавіў спагнаць у даход дзяржавы суму, якая адпавядае прыбытку, атрыманаму злачынным шляхам.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
На раённых вучэннях МНС у Бялынічах адбыўся няшчасны выпадак
Малады супрацоўнік Бялыніцкага райаддзела МНС атрымаў моцныя траўмы пасля няшчаснага выпадку на вучэннях ратавальнікаў.
Згодна інфармацыі з крыніц mogilev.media, вучэнніі ў бялыніцкім падраздзяленні праходзілі на гэтым тыдні. Падчас іх цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымаў адзін з ратавальнікаў.
Паводле сведак здарэння, 23-гадовы малады чалавек, які хутка збіраўся ажаніцца, упаў з вучэбнай вышкі. У выніку падзення ў яго аказаліся зламаны таз, хрыбетнік і два рэбры. Ён быў адразу шпіталізаваны, урачы правялі аперацыю.
Па меркаванні нашых крыніц, гэты няшчасны выпадак стаў вынікам халатнасці і наплявацельскага стаўлення да сваіх супрацоўнікаў з боку кіраўнікоў бялыніцкага падраздзялення МНС.
На гэты момант афіцыйнага заключэння камісіі з нагоды надзвычайнага здарэння ў Бялынічах пакуль няма.
Фотаздымак: foto-planeta.com
Жыхар Бялынічаў знайшоў разгромленым сваё аўто, якое рыхтаваў да рамонта
У Бялынічах кампанія маладых людзей дзеля забавы разграміла няспраўны аўтамабіль, які рыхтавалі да рамонту.
Уладальнік машыны звярнуўся ў праваахоўныя органы пасля таго, як знайшоў яе ў разгромленым стане.
Як аказалася, кампанія маладых людзей гуляла каля гаражнага кааператыва. Там хлопцы заўважылі незачынены аўтамабіль Mazda, які знаходзіўся ў няспраўным стане і чакаў рамонту.
Спачатку маладыя людзі проста залезлі ў салон і аглядалі машыну. Пазней 18-гадовы мясцовы жыхар вырашыў прадэманстраваць сваю сілу перад сябрамі: разбіў задняе шкло і пашкодзіў бампер. Пасля гэтага кампанія пакінула гаражны кааператыў.
Падазраванага хутка ўстанавілі. У дачыненні да 18-гадовага жыхара Бялынічаў распачатая крымінальная справа па факце хуліганства.
Фотаздымак: ОС Exclusive
Ксёндз з Бялынічаў раздаў сваю маёмасць парафіянам
Пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка, з’язджаючы з арэндаванай кватэры, раздаў свае рэчы людзям.
Прычына пераезду аказалася даволі простай. У Бялынічах у каталіцкай парафіі няма ўласнай плябаніі, таму святару даводзіцца жыць у здымным жыллі. Нядаўна гаспадыня кватэры паведаміла, што знайшла пакупнікоў на жыллё, і ксяндзу прыйшлося шукаць новае месца.
Замест таго каб перавозіць мэблю і бытавую тэхніку, святар вырашыў развітацца амаль з усім, што меў. «Усё раздаў. Пакінуў толькі тое, што неабходна святару і што дазволена мець, а таксама кнігі. Усё астатняе пайшло людзям», – расказаў ксёндз Юзаф.
Паводле яго, новыя гаспадары знайшліся практычна для кожнай рэчы. Парафіяне атрымалі вопратку, посуд, шкло, халадзільнік, шафы, ложкі, сталы, крэслы, пральную і посудамыйную машыны, дробную бытавую тэхніку, а таксама гаспадарчыя сродкі. «Хто чаго меў патрэбу, тое і атрымаў», – кажа святар.
Сам ксёндз ставіцца да гэтай сітуацыі як да важнага жыццёвага досведу. Ён прызнаецца, што пераезд стаў значна прасцейшым, калі высветлілася, што большасць рэчаў больш не трэба перавозіць. «Добра не мець нічога, апрача дзвюх вопратак. Вельмі зручна пры пераездзе», – жартуе святар.
Пасля выезду з Бялынічаў ён адправіўся ў суседняе Беразіно, дзе таксама служыць пробашчам. З-за недахопу каталіцкіх святароў на Магілёўшчыне ксёндз Юзаф ужо даўно апякуецца адразу дзвюма парафіямі.
Там яго чакала яшчэ адна сустрэча, якая прымусіла задумацца. Святар наведаў найстарэйшую парафіянку, каб павіншаваць яе з 95-годдзем, і расказаў пра сваю гісторыю з пераездам. Адказ жанчыны ён запомніў надоўга.
«Добра, што рана зразумелі, што памрэце. Па жыцці мучацца не прыйдзецца, цягаючы ўсё за сабою», – сказала юбілярка. Гэтыя словы, прызнаецца святар, сталі для яго своеасаблівым працягам урока, які ён атрымаў праз вымушаны пераезд.
Фотаздымак: Інстаграм berezinskaya_panorama
У Бялынічах суд абмежаваў дзеяздольнасць двух п’яніц. Ці будзе карысць?
Магілёўская вобласць п’е больш за ўсіх. Улады з гэтым змагаюцца і пры гэтым сарамліва хаваюць статыстыку алкагалізацыі насельніцтва.
У Бялыніцкім раёне суд абмежаваў у дзеяздольнасці двух мужчын, якія гадамі прапівалі пенсію і зарплату, пакідаючы сем’і ў беднасці.
Фармальна гэта клопат пра блізкіх. Але за асобнымі судовымі гісторыямі відаць вялікая праблема: па апошняй адкрытай рэгіянальнай статыстыцы Белстата, менавіта Магілёўская вобласць была самым пітушчым рэгіёнам краіны. А свежую рэгіянальную статыстыку за 2024 год улады грамадству ўжо не паказалі.
Суд як фінансавы тормаз для п’янства
Пракуратура Бялыніцкага раёна праз суд абмежавала ў дзеяздольнасці двух жыхароў раёна з-за злоўжывання алкаголем. Адзін з іх – 71-гадовы жыхар Бялынічаў, на працягу 20 гадоў траціў на спіртное ўсе даходы, уключаючы пенсію. Другі, 43-гадовы мужчына, жыў з маці і ўвесь заробак таксама траціў на алкаголь. На гэтай глебе ў сем’ях узнікалі канфлікты, а блізкія фактычна аказваліся закладнікамі чужой залежнасці.
Цяпер гэтыя мужчыны могуць самастойна здзяйсняць толькі дробныя бытавыя здзелкі. Атрымаць зарплату, пенсію і іншыя даходы, а таксама распараджацца імі яны змогуць толькі са згоды папячыцеля.
Гэта не турма, не лячэнне і не пазбаўленне грамадзянскіх правоў. Гэта фінансавы абмежавальнік: чалавек можа жыць, працаваць, купляць хлеб і аплачваць праезд, але не можа свабодна распараджацца грашыма, якія раней ішлі на бутэльку.
Такая мера прадугледжана артыкулам 30 Грамадзянскага кодэкса Беларусі: грамадзяніна, які з-за злоўжывання спіртнымі напоямі, наркотыкамі або псіхатропнымі рэчывамі ставіць сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, суд можа абмежаваць у дзеяздольнасці. Над ім устанаўліваецца папячыцельства.
Магілёўская вобласць – не выпадковы фон
Гісторыя з Бялынічаў – частка абласной статыстыкі. Спачатку дзяржаўныя медыя са спасылкай на Белстат назвалі Магілёўскую вобласць самым пітушчым рэгіёнам краіны – 12,5 літра алкаголю на чалавека старэй за 15 гадоў. Потым свежая афіцыйная статыстыка алкагалізацыі насельніцтва па рэгіёнах знікла зусім. У 2024 годзе грамадству паказалі толькі сярэднюю «тэмпературу» па краіне – 11,1 літра, але не далі самага цікавага: што стала з Магілёўскай вобласцю.
Калі рэгіён перастаў быць лідарам, то чаму б не паказаць лічбы? Калі не перастаў, тым больш зразумела, чаму іх схавалі.
Па сутнасці – грамадства пазбавілі магчымасці праверыць, ці змянілася сітуацыя ў самым праблемным рэгіёне, які даў Беларусі Лукашэнку.
Абмежаванне дзеяздольнасці: дапамога сям’і або фінансавая латка?
Сама мера можа быць карыснай. Калі чалавек гадамі прапівае пенсію або зарплату, пакутуе не толькі ён сам. Абмежаванне дзеяздольнасці ў такіх выпадках дае сям’і хаця б адзін рэальны інструмент абароны. Грошы перастаюць аўтаматычна ператварацца ў алкаголь. Папячыцель атрымлівае магчымасць кантраляваць бюджэт. У чалавека становіцца менш шанцаў за адзін дзень спусціць пенсію або зарплату.
Але важна не падманвацца: гэта не лячэнне алкагалізму.
Суд можа абмежаваць доступ да грошай, але не можа адмяніць залежнасць. Чалавек можа пазычаць, прасіць, працаваць неафіцыйна, знаходзіць спіртное праз знаёмых. Калі побач няма лячэння, сацыяльнай работы, кантролю і рэабілітацыі, абмежаванне дзеяздольнасці ператвараецца ў фінансавую латка на велізарнай сацыяльнай дзірцы.
Так, сям’я можа перастаць жыць у поўнай галечы. Але сам чалавек ад гэтага не перастае быць залежным.
Польшча: можна абмежаваць, але гэта павінна быць дапамогай, а не пакараннем
Падобныя механізмы існуюць і ў іншых краінах. Але важна глядзець не толькі на сам факт абмежавання, а на філасофію закона.
У Польшчы ёсць інстытут частковай недзеяздольнасці – ubezwłasnowolnienie częściowe. Па артыкуле 16 польскага Грамадзянскага кодэкса, паўналетняга чалавека можна часткова абмежаваць у дзеяздольнасці з-за псіхічнага захворвання, разумовага парушэння або іншых псіхічных расстройстваў, у прыватнасці п’янства або наркаманіі, калі яго стан не патрабуе поўнага абмежавання, але яму патрэбна дапамога ў вядзенні спраў. Для такога чалавека ўстанаўліваецца куратарства.
Гэта значыць польская логіка блізкая да беларускай, але акцэнт іншы: гаворка не проста пра тое, што чалавек п’е і шкодзіць сям’і. Суд павінен усталяваць, што з-за стану чалавеку сапраўды патрэбна дапамога ў кіраванні справамі.
Часткова недзеяздольны чалавек у Польшчы захоўвае частку самастойнасці. Ён можа вырашаць бытавыя пытанні, але больш сур’ёзныя маёмасныя і юрыдычныя дзеянні патрабуюць згоды куратара. Польскія юрысты прама тлумачаць: частковае абмежаванне азначае абмежаваную дзеяздольнасць, а значныя рашэнні, асабліва маёмасныя і прававыя, патрабуюць згоды прызначанага куратара.
І гэта прынцыпова: мера павінна абараняць чалавека і яго маёмасць, а не станавіцца зручным спосабам прыбраць нязручнага сваяка з сямейных рашэнняў.
Германія: не адабраць правы, а ўмяшацца мінімальна
Германія пайшла яшчэ далей. Там сучасная мадэль будуецца не вакол ідэі «пазбавіць чалавека дзеяздольнасці», а вакол прававой падтрымкі – Betreuung. Чалавеку могуць прызначыць памочніка для канкрэтных сфер: фінансы, жыллё, медыцына, дакументы. Але сама па сабе такая падтрымка не пазбаўляе чалавека дзеяздольнасці. Нямецкі суд прама тлумачыць: Betreuung у прынцыпе не ўплывае на дзеяздольнасць падапечнага.
Калі патрэбна больш жорсткая мера, суд можа ўвесці так званы Einwilligungsvorbehalt – рэзерв згоды. Гэта азначае, што па пэўных пытаннях чалавек не можа здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні без згоды прызначанага памочніка. Але і тут ёсць абмежаванні: нямецкі Грамадзянскі кодэкс прадугледжвае, што нават пры рэзерве згоды чалавек не мае патрэбы ў згодзе памочніка для дзеянняў, якія даюць яму толькі прававую выгаду, а таксама, калі суд не ўстанавіў іншае, для нязначных паўсядзённых спраў.
Нямецкая мадэль задае правільнае пытанне: не «як пакараць п’ючага чалавека», а «у якой менавіта сферы ён не спраўляецца і якое мінімальнае ўмяшанне трэба, каб прадухіліць шкоду».
Гэта важны момант. У нармальнай сістэме абмежаванне дзеяздольнасці не павінна быць кляймом. Яно павінна быць кропкавай абаронай – для сям’і, для маёмасці і для самога чалавека.
Асноўны інструмент у краінах ЕС – дарагі алкаголь.
Але ёсць і яшчэ адзін інструмент, якім на ўсю моц карыстаюцца краіны Еўрапейскага Саюза. Усё тое, што наносіць значную шкоду здароўю чалавека, павінна каштаваць так дорага, каб чалавек задумваўся кожны раз, калі купляе бутэльку алкаголю або пачак цыгарэт.
Вядома, у гэтых краінах сярэдняя зарплата ў разы большая, чым па Магілёўскай вобласці, але ўсё роўна пакупнік кожны раз задумваецца, калі бачыць бутэльку ў магазіне па цане зімовай курткі.
Ці прыносіць гэта станоўчы эфект? Цяжка сказаць. Магчыма, зусім не з-за цаны на спіртное, а ў выніку нейкіх паводніцкіх зрухаў, але ў краінах Еўропы ў апошнія гады прыкметна зменшылася колькасць тых, хто ўжывае алкаголь сярод моладзі. Гэта прывяло да таго, што вытворцы спіртнога забілі трывогу – цэлая галіна апынулася пад ударам з-за незапатрабаванасці.
Можа быць, і беларусам трэба вырашаць праблему неяк так – сістэмна, пачынаючы з адукацыі і цэннікаў, і заканчваючы альтэрнатывай хатняму п’янству ў выглядзе добрага адпачынку. А лепш за ўсё было б – стварыць у краіне такую атмасферу, калі рука не цягнецца сама сабой за чаркай з-за дэпрэсіі.
У чым праблема беларускага падыходу
У беларускай гісторыі ёсць рацыянальнае зерне: калі чалавек прапіў усе грошы, сям’я павінна мець інструмент абароны. Абмежаванне дзеяздольнасці можа выратаваць жонку, маці або дзяцей ад галечы.
Але ёсць і небяспечная падмена. Дзяржава паказвае асобныя судовыя рашэнні як клопат пра грамадзян, але пры гэтым не паказвае грамадству свежую карціну самой праблемы:
- Колькі такіх сем’яў у Магілёўскай вобласці?
- Колькі людзей абмяжоўваюць у дзеяздольнасці з-за алкаголю?
- Колькі з іх потым праходзяць лячэнне?
- Колькі абмежаванняў адмяняецца, бо чалавек сапраўды перастаў злоўжываць?
І нарэшце, што ж усё-такі адбываецца з абласной статыстыкай пасля таго, як Магілёўшчына стала лідарам па спажыванні алкаголю?
Фармальна ўсё прыгожа
Пракуратура звярнулася, суд задаволіў, папячыцель прызначаны. Сям’ю абаранілі.
Але калі рэгіён п’е больш за ўсіх, а свежыя рэгіянальныя лічбы знікаюць з публічнай прасторы, гэта ўжо не клопат. Гэта кіраванне грамадскай думкай праз асобныя паказальныя выпадкі замест адкрытай размовы пра маштаб бяды.
Таму пытанне трэба ставіць жорстка: калі ўлады сапраўды змагаюцца з п’янствам, чаму грамадства не бачыць зводак пра поспехі на гэтым фронце?
Суд можа абмежаваць аднаго алкаголіка ў распараджэнні пенсіяй. Але хто абмяжуе беларускія ўлады ў звычцы хаваць нязручную статыстыку?
Фота з адкрытых крыніц.









