Чым жывуць раёны Магілёўшчыны, якім перасоўваюць межы

У Дрыбінскім раёне 66-гадовы мясцовы жыхар і яго 50-гадовая сужыцелька збіралі шчаўе і натрапілі на адзінока стаячы паўзакінуты дом. Разбілі акно, залезлі ўнутр, прыгледзелі ложак. За некалькі дзён разабралі яго і перанеслі да сябе разам з матрацам і пакрывалам, схавалі ў хляве – збіраліся потым паставіць у сябе.
Гаспадыні патэлефанавала суседка, якая выявіла разбітае акно. Тая прыехала, убачыла прапажу і звярнулася ў міліцыю. Пару знайшлі і затрымалі, узбуджана крымінальная справа аб крадзяжы.
У той жа дзень у зводкі трапіла другая вясковая гісторыя, ужо з Магілёўскага раёна. 52-гадовы вясковец пазычыў 55-гадовай суседцы пяць рублёў. На наступны дзень яна прыйшла аддаць доўг і заспела суседа п’яным – ён амаль не рэагаваў на госцю. Жанчына заўважыла на стале грошы і бутэльку віна.
Дома яна разважыла, што сусед усё роўна хутка засне і на раніцу нічога не ўспомніць. Вярнулася, пералезла цераз плот, пракралася ў дом і забрала гаспадаровы 15 рублёў разам са сваім доўгам і бутэлькай.
Праспаўшыся, гаспадар выявіў прапажу і пайшоў у міліцыю, шукаць выкрадальніцу доўга не давялося.
Дрыбінскі і Магілёўскі раёны звязаны не толькі суседствам. Менавіта яны ўдзельнікі адной перакройкі межаў: Дрыбінскаму неўзабаве дададуць чвэрць тэрыторыі за кошт Магілёўскага, Чавускага і Горацкага.
Рашэнне ўдыхнуць у Дрыбіншчыну новае жыццё прынята ў пачатку ліпеня, але, падобна, у гэтым няма вялікай неабходнасці. Жыццё ў магілёўскай глыбінцы і так віруе.

Фота ОС Exclusive.

Чыноўнікі з Магілёва расхвальвалі жыхарам Зарэсця Дрыбінскі раён

Далёка не усім жыхарам вёсак Магілёўскага раёна радуе перадача іх у склад Дрыбінскага. Супокойваць людзей прыехалі чыноўнікі розных рангаў.

Будучае ўзбуйненне Дрыінскага раёна за кошт, у тым ліку, далучэння часткі тэрыторыі Магілёўскага выклікала ў мясцовых жыхароў больш пытанняў, чым аптымізму. Каб патлумачыць вяскоўцам, што пасля змены раённай «прапіскі» яны не застануцца без лекараў, аўтобусаў, крам і сацыяльных работнікаў, у Зарэсце, якое пакуль яшчэ знаходзіцца ў Магілёўскім раёне, высадзіўся прадстаўнічы чыноўніцкі дэсант з абласнога цэнтра, калі не лічыць старшыню Дрыбінскага райсавета дэпутатаў Цімафея Марціновіча.

Сярод гасцей таксама былі старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін, першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі, старшыня Магілёўскага райвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў і іншыя. Фактычна чыноўнікам давялося пераконваць людзей, што пераход з аднаго раёна ў другі не зробіць іх жыццё горшым.

Аўтобусы і лекары важнейшыя за “перспектывы”

Пытанні ў жыхароў аказаліся значна больш прыземленымі за чыноўніцкія развагі пра адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне. Людзі хацелі ведаць, дзе пасля далучэння да Дрыбінскага раёна ім давядзецца лячыцца, ці застануцца аўтобусы да Магілёва, хто будзе даглядаць старых, што будзе з аўтакрамамі, дарогамі і школамі.

Адкрывала сустрэчу начальніца ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Наталля Дашкова. Яна адразу паспрабавала супакоіць прысутных, заявіўшы, што рашэнне не спантаннае, а прымаецца з разлікам на будучыню. “Кіраўнік дзяржавы ніколі не дапусціць пагаршэння ўмоў жыцця людзей. Так, новае заўсёды крыху насцярожвае, але для таго мы тут і сабраліся, каб растлумачыць кожную дэталь”, – заявіла чыноўніца. Пасаж з кіраўніком дзяржавы выглядае як спроба не толькі пераадрасаваць усю незадаволенасць сітуацыяй у Мінск, але і ўкласці ў свядомасць наступнае – мы тут, маўляў, не для таго, каб нешта вырашаць, а патлумачыць вам, небаракам, ад якіх нічога не залежыць, што цяпер будзеце жыць у новых абставінах, і гэты факт проста прыміце як дадзенасць.

Але яшчэ напачатку ліпеня сцвярджалася, што нібыта беларускі дыктатар раптам захацеў даведацца меркаванні людзей з тых тэрыторый, якія будуць перададзены Дрыбінскаму раёну. Сход у Зарэсці паказаў як яно ёсць на самой справе.

Эканамічная “адмазка”

Адзін з галоўных аргументаў уладаў – эканоміка, дакладней, зямля сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Цяпер угоддзі рэспубліканскага «Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства» і агракамбіната «Зара» аказаліся раскіданыя па розных адміністрацыйных тэрыторыях. Перакройванне межаў павінна спрасціць кіраванне гэтай маёмасцю. Але жыхарам Зарэсця прапанавалі паглядзець на сітуацыю яшчэ больш аптымістычна.

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі патлумачыў, што пасля пераходу ў Дрыбінскі раён вёска можа атрымаць перавагі, прадугледжаныя для паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўшчыны. Праўда, на якія дакументы спасылаўся чыноўнік не зразумела, да паўднёва-ўсходніх раёнаў Дрыбін не адносіцца, адпаведна і тыя прэферэнцыі на яго не распаўсюджваюцца. Але чаго не скажаш, каб задурыць людзям галаву. “Гэта робіць Зарэсце прывабным для інвестараў”, – прыгожа хлусіў Савіцкі, фантазуючы, што “тут могуць з’явіцца новыя вытворчасці, дзе будуць працаваць вашы дзеці”. Пра канкрэтных інвестараў ці ўжо запланаваныя вытворчасці не паведамлялася.

Ці застанецца магілёўскі лекар для Зарэсця?

Асобна чыноўнікам давялося запэўніваць людзей, што далучэнне да Дрыбінскага раёна не азначае аўтаматычнай пераарыентацыі ўсёй сацыяльнай інфраструктуры на Дрыбін.

Прадстаўніца абласнога ўпраўлення аховы здароўя Наталля Вежнавец паабяцала, што жыхары пяці вёсак, якія цяпер абслугоўваюцца Зарэсцянскім ФАПам, і дзвюх, прывязаных да Сухараўскай участковай бальніцы, працягнуць карыстацца тымі ж медыцынскімі ўстановамі. Нават шпіталізаваць іх абяцаюць, як і раней, у Магілёве. Але, як кажуць, абяцаць не значыць жаніцца. Для таго і існуюць цэнтральныя раённыя бальніцы, каб абслугоўваць жыхароў раёнаў, а ў абласных лекараў лечаць тых, каго скіравалі з раёна. У даным выпадку Дрыбінскага раёна.

Не павінны змяніцца і школы для дзяцей. Ігар Лашкевіч з абласнога ўпраўлення адукацыі заявіў, што вучні працягнуць ездзіць у тыя ж навучальныя ўстановы. Падвоз дзяцей Магілёўскі і Дрыбінскі раёны мусяць арганізоўваць сумесна. Не зусім зразумела, праўда, чаму і куды мусіць арганізаваць падвоз дзяцей з Дрыбінскага раёна магілёўскі перавозчык. Ды і навошта – калі верыць таму, хто “недапусціць пагаршэння ўмоў жыцця людзей”, то Дрыбін у бліэйшым будучым чакае эканамічны росквіт.

Пенсіі застануцца, сацыяльныя работнікі таксама

Асобна супакойвалі пажылых вяскоўцаў. Ім паабяцалі, што разам са зменай назвы раёна не зменяцца тэрміны выплаты пенсій і дапамог. Больш за тое, да старых людзей нібыта працягнуць хадзіць тыя ж сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць іх цяпер.

“Змена межаў ніяк не адаб’ецца на сацыяльным абслугоўванні”, – запэўніў першы намеснік старшыні абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзяніс Касталомаў. Гэтым словам чыноўніка таксама боязна верыць, бо ў кожным раёне свае сацыяльныя службы і выконваюць яны сваю працу толькі на сваёй тэрыторыі.

Застануцца і аўтакрамы, сцвярджалі выканкамаўскія госці. Цяпер яны прыязджаюць у населеныя пункты двойчы на тыдзень, і гэты графік чыноўнікі абяцаюць захаваць. Заадно загаварылі нават пра магчымае пашырэнне асартыменту за кошт гандлёвых сетак.

Два аўтобусы ў райцэнтр і тыя ж дакументы

Адным з найбольш балючых пытанняў для жыхароў прадказальна аказаўся транспарт. Зарэсце знаходзіцца недалёка ад Магілёва, і менавіта з абласным цэнтрам у людзей гадамі выбудоўваліся ўсе асноўныя сувязі.

Тут чыноўнікі паабяцалі нічога не ламаць. Усе 28 рэйсаў, якімі можна даехаць з Магілёва ў Зарэсце павінны застацца. А каб новая адміністрацыйная прыналежнасць выглядала больш лагічна, да іх плануюць дадаць яшчэ два рэйсы на тыдзень паміж Зарэсцем і Дрыбінам.

Камунальнае абслугоўванне пры гэтым сапраўды зменіць гаспадара. Ім будзе займацца дрыбінскі «Жылкамгас». Якасць паслуг, паводле запэўненняў прадстаўнікоў улады, ад гэтага пагоршыцца не павінна.

Не давядзецца жыхарам пасля пераносу адміністрацыйнай мяжы бегаць і па кабінетах дзеля пераафармлення зямлі і нерухомасці. Начальніца абласнога ўпраўлення землеўпарадкавання Ірына Пятручэня патлумачыла, што існуючыя дакументы на зямельныя ўчасткі і нерухомасць застануцца сапраўднымі. Мяняць іх толькі таму, што вёска пераехала з аднаго раёна ў другі на паперы, не спатрэбіцца.

Туманная дрыбінская будучыня

Сустрэча ў выніку працягнулася даўжэй, чым планавалася. Пасля агульнай размовы людзі яшчэ падыходзілі да прыезджых спецыялістаў са сваімі пытаннямі. А чыноўнікі раз за разам пераконвалі вяскоўцаў, што баяцца Дрыбінскага раёна не трэба: лекары застануцца, школы таксама, пенсіі не знікнуць, аўтакрамы прыедуць, аўтобусы ў Магілёў працягнуць хадзіць, а недзе ў перспектыве могуць з’явіцца нават інвестары і новыя працоўныя месцы.

Сам факт, што дзеля гэтага ў адну вёску давялося везці прадстаўнікоў ледзь не ўсіх сацыяльных службаў вобласці разам з кіраўніцтвам двух раёнаў, добра паказвае: для саміх жыхароў пераход пад кіраванне Дрыбіна выглядае не настолькі бясспрэчным дабром, як яго спрабуюць прадставіць у чыноўніцкіх кабінетах.

Фотаздымак: pniva.by

Ад Чавусаў да Дрыбіна: Сласцёнам салодкага жыцця не абяцаюць

У Доме культуры аграгарадка Сласцёны рабочая група Магілёўскага аблвыканкама тлумачыла жыхарам Чавускага раёна, што зменіцца, калі частка іх тэрыторыі адыдзе Дрыбінскаму. Пытанні людзі даслалі загадзя: школа, медыцынскае абслугоўванне, аўтобусы, дарогі, крама.

Адказваць прыехалі старшыня абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандр Гарошкін, першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі і Кацярына Музычэнка, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі.

Яна і адкрыла прадметную частку сустрэчы ў Сласцёнах. Паабяцала не дапусціць пагаршэння ўмоў жыцця, а наадварот палепшыць іх.

Вось толькі ведамства Музычэнка не будуе дарогу, не адкрывае стаўку ўрача і не дадае аўтобусны рэйс. Адзіны інструмент, якім яно валодае – аповед. Так што абяцанне зрабіць лепш у гэтым выкананні азначае: пра паляпшэнне раскажуць, нават калі яго не будзе.

Асобнай увагі заслугоўвае адказ пра неадкладную дапамогу. Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Наталля Вежнавец адкрыла Амерыку, паведаміўшы, што дапамога будзе працаваць праз цэнтралізаваную службу і на выклік накіруюць найбліжэйшую свабодную брыгаду.

Увесь сыр-бор разгарэўся з-за таго, што Дрыбінскі раён збіраюцца пашыраць за кошт Чавускага і на Дрыбіншчыну пераязджае перш за ўсё зямля – дваццаць тысяч гектараў пад новыя гаспадаркі. 960 чалавек, якія жывуць на ёй, ідуць дадаткам.

Магілёўскае начальства прыбыло ў Сласцёны для таго, каб гарантаваць ім школу, фельчара, аўталаўку і аўтобус, гэта значыць тое, што ў іх ёсць і цяпер.

Салодкага жыцця Сласцёнам не абяцаюць, а прыезд вялікага начальства не супакойвае, а насцярожвае.

У Беларусі яно ж так: калі чыноўнікі загаварылі, што горш ужо не будзе – чакай бяды.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Дрыбінская СПМК №1: шэсць патэнтаў і чатыры кароўнікі

ТАА «Дрыбінская СПМК №1» трэці год запар забірае ўзнагароды рэспубліканскіх будаўнічых конкурсаў. У канцы ліпеня ў Мінску гэтая арганізацыя стала пераможцам «Строительного олимпа – 2026» адразу ў дзвюх намінацыях: сама фірма атрымала ганаровы дыплом як лепшая арганізацыя галіны, яе дырэктар Сяргей Кокіц – як лепшы кіраўнік. У раённай газеце гэта пададзена як заканамерны вынік шматгадовага досведу. З досведам складаней, чым здаецца.
Абрэвіятура СПМК азначае сельскую перасоўную механізаваную калону – савецкую будаўнічую структуру, якая працавала на вёску праз раённыя звёны «Сельбуда». Нумар адзін мае на ўвазе, што была і другая, і што за фірмай стаіць сістэма.
На справе таварыства зарэгістравана 27 лістапада 2007 года, і зарэгістраваў яго не Дрыбінскі, а Слаўгарадскі райвыканкам. Першыя восем гадоў прадпрыемства займалася арэндай грузавога аўтатранспарту, лесанарыхтоўкамі, распілоўкай і габляваннем драўніны. Будаўніцтва стала асноўным відам дзейнасці толькі з 2016 года. У рэестры за тым жа ўліковым нумарам значыцца і ранейшая назва – ЧПУП «ВасЛес».
Гэта значыць, лесавозная фірма са Слаўгарада змяніла профіль, а затым узяла сабе назву, якая гучыць як радавод. Яе за паўстагоддзя напрацавалі калоны «Сельбуда» па ўсёй краіне, і парадкавы нумар давяршае карціну.
Заказчыку з дзяржаўнай гаспадаркі больш звыкла падпісваць акты з СПМК, чым з таварыствам, якое ўчора гандлявала дошкай.
Далей пачынаецца ўласна гісторыя, і яна не толькі дрыбінская. Яшчэ пад ранейшай назвай фірма ўзялася за кароўнікі па ўсёй краіне, і сумы па гэтых аб’ектах унушальныя: чатыры кароўнікі амаль на шэсць мільёнаў рублёў у трох абласцях. Плюс асобная работа ў вёсцы Стадолішча Гарадоцкага раёна, дзе былы кароўнік перарабілі ў памяшканне для авечак. Потым вобласць пачала будаваць малочна-таварныя комплексы, і ўсё змянілася:

  • субпадрад на рэканструкцыі фермы пад МТК у ААТ «Трылесіна-агра» каля аграгарадка Кароўчына – аб’ект, які ў сакавіку гэтага года глядзеў Лукашэнка;
  • рэканструкцыя сыраробнага цэха ў ААТ «Малочныя горкі»;
  • цэх пад лініі катанізацыі і фасад на Дубровенскім ільнозаводзе;
  • капітальны рамонт жыллёвага фонду і свежы сертыфікат на меліярацыйныя работы.

Выручка за 2024 год склала 15 мільёнаў 430 тысяч рублёў, за 2025-ы – звыш 28 мільёнаў 246 тысяч. Колькасць работнікаў вырасла з 72 чалавек да 250.

Крыніцу росту дырэктар называе сам. Штуршком для бізнесу ён лічыць праграму «Адзін раён – адзін праект». Праграма гэтая пра гаспадаркі: кароўнікі будуюцца на льготныя крэдыты, якія потым аддаюць калгасы. Жывыя грошы на выхадзе атрымлівае не гаспадарка, якая застаецца з комплексам і доўгам, а той, хто комплекс пабудаваў.
Сяргей Кокіц пры гэтым не прызначэнец і не нечая падстаўная фігура. Сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках ён скончыў у 2005 годзе па спецыяльнасці «механізацыя сельскай гаспадаркі», атрымаўшы кваліфікацыі інжынера-механіка і эканаміста, затым вучыўся там жа ў аспірантуры і працаваў асістэнтам кафедры механізацыі жывёлагадоўлі і электрыфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.
Сяргей Пятровіч – аўтар адзінаццаці навуковых артыкулаў і ўладальнік шасці патэнтаў, сярод іх – дыскавы рабочы орган для раскідвання сыпкіх матэрыялаў і цэнтрабежны рабочы орган для размеркавання сумесяў мінеральных угнаенняў.
Першы бізнес, вытворчасць вокнаў з ПВХ, адкрыў з напарнікам у арандаваным гаражы, яшчэ будучы студэнтам, а першы будаўнічы досвед атрымаў, курыруючы будаўніцтва кааператыўнага дома для выкладчыкаў акадэміі.
Так і складваецца ўся гісторыя. Таленавіты інжынер, які прыдумляў, як раўней унесці ўгнаенні ў поле, палічыў і зразумеў, што значна выгадней будаваць кароўнікі, чым вынаходзіць раскідвальнікі.
Ёсць і дэталь, па якой відаць, што грошы ў фірме з’явіліся не толькі абаротныя: у лістападзе 2023 года таварыства купіла базу адпачынку «Чачэлі» на возеры ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці – за пяцьсот кіламетраў ад уласнай будпляцоўкі.
У раёне, дзе ўся праграма развіцця зводзіцца да малочных комплексаў, адзіны, хто атрымаў за іх жывыя грошы – падрадчык. Узнагарод за гэта даюць па дзве на год, і ўручаюць іх арганізацыі, якая ніколі не была ні сельскай, ні перасоўнай, ні механізаванай ні калонай.

Фота дрыбінскай раённай газеты.

Вынік “масштабных рэйдаў” дрыбінскіх праваахоўнікаў – максімум тры штрафы

У Дрыбінскім раёне імітацыя бурлівай дзейнасці пракуратуры і міліцыі падчас сёлетняй “бітвы за ўраджай” уражвае сваёй бессэнсоўнасцю.

Дрыбінская пракуратура вуснамі раённага пракурора Аляксандра Сідоркіна паведамляе, што на працягу ўсёй уборачнай кампаніі праводзіць пастаянныя рэйды па сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Мэта, як заўсёды, маштабная: прадухіліць крадзяжы паліва, запчастак, ядахімікатаў і новага ўраджаю.

Але калі паглядзець на вынікі гэтай бурнай дзейнасці, узнікае пытанне, ці сапраўды яна вартая ўсіх затрачаных рэсурсаў. За ўвесь ліпень праваахоўнікі выявілі тры правапарушэнні. Менавіта правапарушэнні, а ніякім чынам не злачынствы, што магло б хоць неяк апраўдаць тыя “масштабныя рэйды” замест звыклай працы мясцовых участковых.

У адным выпадку механізатар вынес з гаспадаркі 40 літраў афарбаванай дызельнай саляркі. Яшчэ ў двух работнікаў сельгаспрадпрыемстваў дома знайшлі пафарбаванае паліва агульным аб’ёмам каля 100 літраў. На гэтым гучныя вынікі маштабных рэйдаў у ліпені заканчваюцца.

Усіх трох парушальнікаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Пра нейкія арганізаваныя схемы крадзяжоў, масавыя злоўжыванні або буйныя страты дзяржаўнай маёмасці гаворка не ідзе.

Тым не менш пракуратура абяцае і надалей працягваць рэйды да самага заканчэння ўборачнай кампаніі.

Скрыншот: Dribin.by

У Дрыбінскім раёне Audi сутыкнуўся з мотаблокам, загінуў шасцідзесяцігадовы мужчына

Увечары 4 жніўня на дваццаць дзявятым кіламетры аўтадарогі Масток – Дрыбін – Горкі легкавы аўтамабіль Audi сутыкнуўся з мотаблокам, які рухаўся ў спадарожным напрамку. Шасцідзесяцігадовы ўладальнік мотаблока загінуў на месцы ад атрыманых траўмаў.

Паводле папярэдняй інфармацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама, пяцідзесяцідвухгадовы кіроўца Audi не справіўся з кіраваннем.

Па факце здарэння праводзіцца праверка, абставіны і прычыны ўстанаўліваюцца.

Падобнае сутыкненне адбылося тыднем раней у суседняй вобласці: 28 ліпеня на пяцьдзесят другім кіламетры дарогі Ветка – Добруш – Церахаўка – мяжа Расіі грузавік МАЗ з няспраўнымі тармазамі ўрэзаўся ў мотаблок МТЗ, які таксама рухаўся ў спадарожным напрамку. Там абышлося без загінулых – дваццацітрохгадовы кіроўца мотаблока і яго саракасямігадовы пасажыр трапілі ў бальніцу.

Фота БелТА.

У грамадскім транспарце Чэрыкава і Дрыбіна цалкам выкаранілі беларускую мову

Ні назваў прыпынкаў па-беларуску, ні раскладу руху на ёй – у Чэрыкаўскім і Дрыбінскім раёнах да нуля вынішчылі беларускую мову з грамадскага транспарта і яго інфраструктуры.

“Шыльды з назвамі прыпынкаў грамадскага транспарту на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёну, расклад руху грамадскага транспарту, тэкставая інфармацыя для пасажыраў у грамадскім транспарце выкананы на рускай мове. Інфармаванне пасажыраў у грамадскім транспарце ажыццяўляецца на рускай мове” – такі адказ на запыт “моўнага інспектара” Ігара Случака даў старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Аляксей Жэрнасекаў.

Пры гэтым чыноўнік спасылаецца на закон аб мовах, які дае права ўжываць або беларускую, або рускую мову на транспарце. Таму, як указвае раённы начальнік, ўсё вышэй пералічанае не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

На адсутнасць парушэння заканадаўства пры вынішчэнні беларускай мовы на транспарце спасылаецца і старшыня Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Чыгір. Акрамя таго, чыноўнік указвае яшчэ і на нейкую “моўную практыку ў рэгіёне”. Адпаведна з усім гэтым, “на тэрыторыі Дрыбінскага раёна інфармаванне пасажыраў, уключаючы шыльды з найменнямі прыпынкаў, расклад руху грамадскага транспарту, тэкставую інфармацыю для пасажыраў у салонах ажыццяўляецца на рускай мове”.

Пры гэтым вуснае інфармаванне пасажыраў, напрыклад, аб прыпынках хоць на якой мове таксама, відаць, не ўкладаецца ў тую ж самую “моўную практыку ў рэгіёне”. 

“Што датычыць вуснага інфармавання пасажыраў, у тым ліку аб’явы прыпынкаў і іншай неабходнай інфармацыі ў грамадскім транспарце, то паведамляем, што ў сувязі з асаблівасцямі арганізацыі перавозак на тэрыторыі раёна падобная форма інфармавання не прадугледжана тэхналагічнымі працэсамі перавозчыка, таму ў салонах транспартных сродкаў яна не ажыццяўляецца” – напісаў дрыбінскі вертыкальшчык.

Фотаздымак: cherikovnews.by

Дрыбінскі раён скідвае іржавыя кайданы мінулага

На пачатку ліпеня Лукашэнка падтрымаў ідэю ўзбуйнення Дрыбінскага раёна і падпісаў указ аб развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці. Праз тры тыдні на пляцоўцы, дзе судовыя выканаўцы прадаюць арыштаваную маёмасць, з’явіліся новыя дрыбінскія лоты. Сярод выстаўленай маёмасці:

  • кароўнік у адной з вёсак раёна;
  • зернесклад і будынак зернесушыльнага комплексу ў другой;
  • будынак спецыялізаванага прызначэння ў трэцяй.

Фатаграфіі ў аб’явах зроблены прадаўцом і гавораць самі за сябе: праёмы без вокнаў і дзвярэй, абвалены дах, сцены, зарослыя мохам і кустоўем. Гэта не закінутыя пабудовы невядомага паходжання. Гэта маёмасць дзеючых сельскагаспадарчых арганізацый раёна, арыштаваная за даўгі.

Такім чынам, маем дзве навіны.

Першая: дзед паабяцаў раёну праграму развіцця да 2030 года, бюджэтныя трансферты і новыя межы. Другая: Дрыбіншчына скідвае іржавыя і замшэлыя кайданы мінулага.

Фота «БелЮрЗабеспячэнне».

Надыходзяць перамены: двухпавярховікі ў Кароўчыне Дрыбінскага раёна адрамантуюць

Ідзе рамонт трох двухпавярховых дамоў у аграгарадку Кароўчына Дрыбінскага раёна – у завулку Прыдарожным, № 1, 2 і 3. Мяняюць дах, уцяпляюць фасады, ставяць шклопакеты ў пад’ездах, абнаўляюць каналізацыю. Жыхары ўдзячныя, чыноўнікі гавораць пра «дзяржаўную задачу».

Работы вядуць УКП «Дрыбінскі Жылкамунгас» і ТАА «Парус». Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама абяцае, што «работа працягнецца» – добраўпарадкаваных адрасоў на карце раёна павінна станавіцца больш. А што ж гэта за двухпавярховікі?

Дамы ў завулку Прыдарожным Кароўчына з’явіліся дзякуючы чарнобыльскаму перасяленню: у 1989-1990 гадах сюды пераехаў саўгас «Завадоцкі» з Краснапольскага раёна разам са сваімі будаўнічымі брыгадамі. Тыя самыя двухпавярховікі, якія цяпер уцяпляюць, былі ўзведзены менавіта тады – для сем’яў, вывезеных з забруджаных тэрыторый.

Прайшло трыццаць пяць гадоў – тэрмін, за які любы панэльны дом належыць капітальна прывесці ў парадак. Гаворка не пра клопат, а пра планавы рамонт. Які, дарэчы, у нас выконваецца з-пад палкі.

За некалькі кіламетраў ад Кароўчына, у суседнім аграгарадку Трылесіна, годам раней ішоў падобны капітальны рамонт. У чэрвені 2024 года жыхары трылесінскіх двухпавярховікаў прыйшлі на выязны прыём да старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Прэтэнзіі: дрэнная адмостка, адсутныя брылі над балконамі, вада ў падвале пасля дажджоў, дэфармаваныя дзверы ў пад’ездзе, разбітая лесавозамі пад’язная дарога. Годам раней людзі ўжо звярталіся з гэтымі ж пытаннямі пісьмова – адказу не атрымалі.

Толькі асабісты прыём у кіраўніка вобласці прымусіў разабрацца ў сітуацыі: правесці экспертызу за тыдзень, ліквідаваць недахопы за паўтара месяца.

То бок, капітальны рамонт двухпавярховікаў у дрыбінскіх аграгарадках прадугледжвае гадавое маўчанне ў адказ на скаргі жыхароў.

Тут, дарэчы, па вёсках поўна пустых «арэндных» дамоў – у адной толькі вёсцы Белая з 74 арэндных будынкаў дзевяць пустуюць больш за год, а частка жыллёвага фонду стаіць без гаспадароў па пятнаццаць гадоў.

Ахвотных засяліцца няма, хоць Ісачанка лічыць гэтае месца прывабным – вёска недалёка ад Магілёва. Аднак людзі думаюць інакш. Тое, што здаецца прывабным «губернатару», жыхары вобласці цалкам слушна лічаць агідным.

Фота раённай газеты.

Раёны з «залатой» калекцыі Лукашэнкі славяцца бадзяжнымі сабакамі

Праблемы, якія давядзецца вырашаць у Дрыбіне перад яго ўзбуйненнем – празаічныя.

Мясцовая газета піша: часта жыхары Дрыбіна і сельскіх населеных пунктаў раёна сутыкаюцца з адной і той жа карцінай: каля смеццевых кантэйнераў збіраюцца бадзяжныя сабакі, а ў падвалах шматпавярховікаў шукаюць сховішча здзічэлыя каты.

Праблема не новая – у Краснаполлі і Крычаве карціна тая ж.

Улады спрабуюць перакласці на грамадзян задачу, якую не ў стане вырашыць самі. З бадзяжнымі жывёламі ў Беларусі сістэмна ніхто не працуе.

Можна таксама заўважыць, што сабакі і каты бадзяюцца па раёнах з “залатой” калекцыі Лукашэнкі. 

Усё заканамерна – туды, дзе ўсё разрабавана і прапіта, рана ці позна прыходзяць бадзяжныя сабакі. 

Дрыбінскі раён можна ўзбуйняць або памяншаць, можна пафарбаваць будынак райвыканкама ў фіялетавы колер. Змен не будзе, як у старым анекдоце пра публічны дом. Цветамузыка не дапаможа – пара мяняць прастытутак.

Фота раённай газеты.