Матывацыя ад санкцыйнага фонду: ва ўпраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама выступіў Аляксей Талай

У галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама правялі матывацыйную сустрэчу з паралімпійцам Аляксеем Талаем. Яго прадставілі як спартсмена, бізнесмена і заснавальніка дабрачыннага фонду дапамогі дзецям з інваліднасцю і дзецям-сіротам.

Гэты фонд з лютага 2024 года знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза.

23 лютага 2024 года Савет ЕС увёў санкцыі супраць самога Талая і «Дабрачыннага фонду Аляксея Талая».

Падстава – удзел у перамяшчэнні дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Паводле фармулёўкі ЕС, вывезеных дзяцей у фондзе прымушалі наведваць адукацыйныя праграмы, якія падтрымліваюць расійскую прапаганду і адмаўляюць права Украіны на дзяржаўнасць.

Саму схему апісалі журналісты БРЦ. Вясной 2023 года Талай папрасіў пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы дапамагчы арганізаваць прыезд дзяцей з так званых ДНР і ЛНР.

Гэтыя ваяжы аплачваюцца з бюджэтаў Расіі і Беларусі, а ў публікацыі самога фонду сказана, што дзяцей прывезлі пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і асабіста яго старшыні Дзмітрыя Лукашэнкі.

Незаконнае перамяшчэнне дзяцей з акупаванай тэрыторыі – не жартачкі, а ваеннае злачынства.

Менавіта за яго ў сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Пуціна і Марыі Львовай-Бяловай.

Санкцыі супраць фонду Талая – рашэнне Савета ЕС і пакуль не прысуд суда, але ўведзеныя яны менавіта за ўдзел у такой схеме.

Органы юстыцыі ў Беларусі рэгіструюць фонды і грамадскія аб’яднанні і пільна сочаць за законнасцю іх працы.

У Магілёве калектыў такога органа выслухаў заснавальніка санкцыйнага фонду, які заклікаў «цаніць жыццё», і праводзіў яго апладысментамі.

Сын адной з супрацоўніц падарыў Талаю дзве карціны, адна з іх – напісаны алеем партрэт Мікалая II.

Спіс дасягненняў Талая, паводле слоў арганізатараў сустрэчы, можна працягваць бясконца.

Санкцыйны спіс таксама працягвае расці: акрамя Еўрасаюза, фонд унесены ў рэестр Украіны.

Фота: mogilevnews.by.

Расійскі найміт з Бабруйска ліквідаваны ва Украіне

Былы ўдзельнік пратэстаў 2020 года ў Бабруйску, стаўшы затым расійскім наймітам, Артур Іткін знайшоў сваю смерць на расійска-ўкраінскай вайне.

Ураджэнец Бабруйска Артур Іткін, які апошнія гады жыў і працаваў у Расіі, загінуў 12 кастрычніка 2026 года. Яму быў 41 год. Пра смерць мужчыны стала вядома з паведамлення ягонай жонкі ў адным з тэматычных інтэрнэт-чатаў.

Як высветлілі журналісты, бацька Артура Іткіна яшчэ за савецкім часам працаваў на шынным камбінаце. Сам Артур выправіўся на заробкі ў Расію не пазней за 2016 год. Працаваў на поўначы краіны, у тым ліку ў Надыме і Новым Урэнгоі, а пазней пасяліўся ў падмаскоўным Даўгапрудным.

Па прафесіі быў зваршчыкам і сантэхнікам. Працаваў у будаўнічай кампаніі, выконваў прыватныя замовы, займаўся рамонтам аўтамабіляў і захапляўся рыбалкай. Пры гэтым захоўваў беларускае грамадзянства і наведваў родны Бабруйск.

Цікава, што ў 2020 годзе Іткін удзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах у Беларусі. Аднак пазней яго палітычныя сімпатыі, мяркуючы па паведамленнях у сацыяльных сетках, істотна змяніліся.

У аўтамабільных тэлеграм-чатах ён адкрыта падтрымліваў Расію, насміхаўся з беларусаў, якія з’ехалі з краіны і абражаў суразмоўцаў за крытыку расійскіх парадкаў. Вайну супраць Украіны называў прынятым у расійскай афіцыйнай прапагандзе скарачэннем «СВО». У першай палове 2026 года бабруйчанін, імаверна, паступіў на службу ў расійскае войска.

З ягонай перапіскі ў закрытым вайсковым чаце вынікае, што Іткін займаўся беспілотнікамі, у тым ліку FPV-дронамі на аптавалаконным кіраванні. У чэрвені ён цікавіўся праграмным забеспячэннем для іх і пытаннямі пераробкі боепрыпасаў. Прычым яшчэ ў жніўні мужчына прыязджаў у Падмаскоўе, дзе замаўляў дастаўку ежы. А праз два месяцы яго ўжо не было ў жывых.

Пахавалі Іткіна 4 лістапада. Паводле паведамлення яго жонкі Вольгі, труну з целам мужа даставілі самалётам. Акрамя жонкі, у ліквідаванага расійскага найміта было двое дзяцей – сын і дачка.

Цяпер удава спрабуе высветліць, як атрымаць прадугледжаныя расійскім заканадаўствам выплаты за смерць мужа. Паводле яе, з дакументаў у яе застаўся толькі ягоны вайсковы кантракт. Жанчына шукае юрыста і высвятляе, у якія ўстановы ў Расіі трэба звяртацца.

Фотаздымак: “Наша ніва”

У Бабруйск перададзены фрагмент Торы з партрэтам жанчыны, вывезены падчас вайны

У бабруйскай сінагозе плануюць выставіць фрагмент Торы, які ад пачатку 40-х гадоў ХХ стагоддзя быў адваротным бокам партрэту нямецкай жанчыны.

Гісторыя пачалася з ліста нямецкага лекара ў яўрэйскі цэнтр «Хабад» у Мюнхене. Мужчына распавёў, што пасля смерці бацькоў атрымаў у спадчыну партрэт сваёй маці, на адваротным баку якога заўважыў незразумелыя надпісы.

Яго бацька з жніўня 1941-га па жнівень 1943 года служыў пісарам у нямецкай палявой камендатуры № 581 у Бабруйску. Паводле сямейных успамінаў, партрэт жонкі яму намаляваў палонны рускі мастак. Толькі нядаўна спадчыннік высветліў, што надпісы на адваротным баку карціны зроблены на іўрыце.

Рабін Ёханан Гордан, які агледзеў партрэт, адразу пазнаў фрагмент Торы. Высветлілася, што мастак выкарыстаў замест палатна кавалак пергаменту, выразаны са свяшчэннага скрутка.

Пры якіх абставінах пергамент трапіў да мастака, невядома. Магчыма, яго спецыяльна выразалі з Торы, а магчыма, скарысталіся ўжо пашкоджаным фрагментам.

Падчас акупацыі нацысты знішчалі не толькі яўрэйскае насельніцтва, але і рэлігійныя святыні. Скруткі Торы нярэдка рэзалі на кавалкі, а пергамент выкарыстоўвалі для вырабу розных рэчаў. Даведаўшыся пра паходжанне партрэта, нямецкі лекар вырашыў вярнуць фрагмент Торы яўрэйскай супольнасці Бабруйска.

Праз мюнхенскі «Хабад» ён звязаўся з рабінам Ёхананам Горданам, які, у сваю чаргу, знайшоў рабіна бабруйскай супольнасці Шаўла Хабаба. Перадача адбылася ў Нью-Ёрку падчас міжнароднай канферэнцыі пасланнікаў руху «Хабад-Любавіч», куды прыехалі абодва рабіны.

фрагмент Торы

Перш чым вызначыць далейшы лёс знаходкі, яны параіліся з рэлігійнымі аўтарытэтамі. Паводле яўрэйскага закону, нават пашкоджаныя фрагменты Торы захоўваюць святасць і звычайна павінны быць пахаваныя адпаведным чынам. Аднак існуе выключэнне для прадметаў, знявечаных нацыстамі: іх можна выстаўляць у музеях як сведчанні злачынстваў супраць яўрэйскай культуры і рэлігіі.

Таму фрагмент Торы вырашылі размясціць у Музеі яўрэйскай духоўнай спадчыны Беларусі, які дзейнічае ў гістарычнай бабруйскай сінагозе. Там ён будзе знаходзіцца побач з цэлым скруткам Торы, таксама выратаваным ад нацыстаў.

Фотаздымак: chabad.org

Дабраахвотнік з Бабруйска ва УСУ займеў шанец на легалізацыю

Дабраахвотнік з Бабруйска Эмілій Лабейка, які ваюе ва Украіне, атрымаў магчымасць вырашыць пытанне з легалізацыяй, дзякуючы новаму закону, які збіраюцца прыняць украінскія ўлады.

Вярхоўная Рада Украіны падоўжыла на паўгода тэрмін, калі іншаземцы, якія служаць ва Узброеных сілах Украіны, могуць атрымаць пасведчанне на часовае жыхарства. Да 10 траўня 2027 года добраахвотнікі павінны падаць пакет дакументаў, каб легалізавацца ў краіне. Законапраект «Аб унясенні змен у некаторыя законы Украіны адносна падстаў знаходжання ва Украіне вайскоўцаў з ліку іншаземцаў і асоб без грамадзянства» апублікавалі 27 кастрычніка. Яго перадалі на подпіс прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму.

Папярэдні тэрмін заканчваўся 10 лістапада 2026 году. У тэксце новага законапраекту гаворыцца, што ня ўсе вайскоўцы паспелі падаць дакументы своечасова – «з шэрагу аб’ектыўных прычын – пераважна звязаных з праходжаннем вайсковай службы і выкананнем задач па абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

«Працяг устаноўленага тэрміну – неабходны і неадкладны крок. Гэтая мера накіраваная на перадухіленне праўнай нявызначанасці знаходжання такіх асоб на тэрыторыі Украіны, страты імі законных падстаў для такога знаходжання, а таксама звязаных з гэтым негатыўных прававых наступстваў», – адзначаюць аўтары законапраекту.

Законапраект прадугледжвае права іншаземцаў і асоб без грамадзянства пацвердзіць, што яны законна знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, вайсковым білетам або даведкай вайскоўца да 10 траўня 2027 году.

«Атрымліваецца так, што вырашэння пакуль няма. І я працягваю вісець у паветры. Фактычна законапраект увёў новую дату, але праблема не вырашаная» – камэнтуе сітуацыю Эмілій Лабейка. У яго ёсць вайсковы білет. Але калі ва ўкраінскіх законах ня будзе іншых змен, ён не зможа легалізавацца ва Украіне і праз паўгода.

Эмілій Лабейка ўжо чацвёрты год ваюе на баку Украіны супраць расійскага ўварвання. За гэты час ён паспеў стаць фігурантам шасці крымінальных спраў на радзіме, атрымаць завочны прысуд ад акупацыйных улад Данбаса.

Сёлета ў лістападзе яго маглі прымусіць выехаць з краіны. Усё таму, што добраахвотнік не можа легалізавацца ва Украіне. Прычынай стаў закон, які павінен быў палегчыць легалізацыю іншаземных вайскоўцаў, каб яны не аказваліся ў прававой яме і ня трацілі легальнага статусу нават праз паўгода пасля заканчэння кантракта.

Гэты закон пачаў дзейнічаць 10 траўня 2026 году. Паводле яго, усе вайскоўцы, якія пачалі служыць ва Украіне раней за гэтую дату і яшчэ не атрымалі дазволу на жыхарства, былі абавязаныя падаць дакумэнты ў міграцыйную службу да 10 лістапада. У выніку яны маглі атрымаць дазвол на жыхарства.

Аднак для Эмілія Лабейкі гэты закон адыграў адваротную ролю. Ён ня можа падаць патрэбны пакет дакумэнтаў, бо ня мае пашпарта. Беларускі пашпарт Лабейкі згарэў пры абстрэле Краматорску ў траўні 2023 года. Зрабіць новы пашпарт ён ня можа, бо ў тым жа годзе беларускі дыктатар забараніў афармляць новыя пашпарты праз амбасады за мяжой.

Фотаздымак: Радыё Свабода

У Магілёве каля дзіцячага садка на Чалюскінцаў упаў дрон – відавочцы

У ноч на 29 кастрычніка жыхары вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве паведамілі пра гучны выбух, які, паводле іх слоў, мог быць звязаны з падзеннем дрона.

Пра здарэнне карыстальнікі пішуць у Threads. Паводле паведамленняў відавочцаў, каля першай гадзіны ночы невядомы лятальны апарат нібыта ўпаў паблізу дзіцячага садка № 51 – у раёне дома № 150а па вуліцы Чалюскінцаў.

Некаторыя мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што пасля выбуху да дзіцячага садка прыехалі дзве пажарныя машыны, міліцыя і хуткая дапамога. Таксама, паводле іх слоў, тэрыторыю ўстановы аглядалі людзі з ліхтарыкамі.

На момант публікацыі афіцыйныя службы не паведамлялі пра падзенне дрона ў гэтым раёне. Таму незалежна пацвердзіць версію, якую распаўсюджваюць жыхары, пакуль немагчыма.

Фота: Yandex Maps

Расійскі найміт з Бялынічаў знік, адправіўшыся забіваць украінцаў

Ураджэнец Бялынічаў Ігар Плюшко пайшоў ваяваць ва Украіну на баку Расіі, і цяпер яго не могуць знайсці.

Бялынічанін 1970 года нараджэння доўгі час жыў і працаваў у розных гарадах Сібіры. Потым падаўся на вайну, і цяпер ад 12 снежня 2025 года яго шукаюць, згадваючы, што ён меў пазыўны “Беларус”.

Паводле тэлеграм-канала “Віцебск, я гуляю!”, да сваёй формы мужчына нярэдка чапляў шаўрон альбо з ЧЗ-сцягам, альбо з камбінаваным сцягам РБ-РФ. Знік ён пасля таго, як нягледзячы на раненне, зноў падаўся на вайну. 

Журналісты высветлілі, што Плюшко ў свой час скончыў Бялыніцкае ПТВ-217. У Бялынічах жывуць і яго сваякі. 

Фотаздымак: ТГ “Віцебск, я гуляю!”

Магілёўскія “казакі” ўступілі ў расійскую парамілітарную арганізацыю

Так званы “Магілёўскі казачы аддзел” уступіў у “Саюз казакоў-воінаў Расіі і замежжа”.

Уступленне магілёўскіх “казакоў” у шэрагі Беларускай казачай абшчыны Саюза казакоў-воінаў Расіі і замежжа адбылося 17 кастрычніка 2026 года пад Мінскам, на тэрыторыі мужчынскага падворка Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Там адбыўся Круг (сход) гэтай абшчыны.

“На Крузе быў заслуханы зварот казакоў Магілёўскага казачага аддзела аб уступленні іх у склад БКА СКВРіЗ. Агульным рашэннем Круга просьба была задаволена. Прызначаны наказны атаман Магілёўскага аддзела БКА СКВРіЗ”, – паведамляе расійская казачая парамілітарная арганізацыя. 

Варта адзначыць, што Саюз казакоў-воінаў Расіі і замежжа і словам, і справай падтрымлівае расійскую агрэсію на Украіну. Напрыклад, не толькі збірае гуманітарную дапамогу для расійскіх акупантаў ці будаўнічыя матэрыялы для пунктаў дыслакацыі, але і набірае наймітаў для адпраўкі ў зону баявых дзеянняў на баку краіны-агрэсара.

Актыўнае спрыянне развіццю так званага казацкага руху на Магілёўшчыне аказваюць прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва Смаленскай вобласці пры ўдзеле аддзялення амбасады Расіі ў Магілёве. 

Так, 1 кастрычніка 2026 года ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы ім. К. Маркса ў Магілёве адбыўся тэлемост “Казачае адзінства”. Ён аб’яднаў прадстаўнікоў казацтва, даследчыкаў і спецыялістаў з Беларусі і Расіі. У мерапрыемстве прыняў удзел кіраўнік аддзялення амбасады Расіі ў Магілёве Уладзіслаў Дэйнэга. У мінулым ён быў у кіраўніцтве так званай “ЛНР”. У 2017 годзе Дэйнэга прызначылі “міністрам замежных спраў ЛНР”.

Фотаздымак: “Саюз казакоў-воінаў Расіі і замежжа”

Расійскі найміт з Магілёва ліквідаваны ва Украіне

Беларускія дабраахвотнікі прынялі ўдзел у контрнаступалтнай аперацыі УСУ, падчас якой быў ліквідаваны расійскі найміт з Магілёва, 36-гадовы Раман Кандраценка.

Магілёвец пайшоў забіваць украінцаў, верагодна, напачатку красавіка 2026 года, мяркуе у сваім тэлеграм-канале былы палітвязень Кім Самусенка. Перад гэтым, у верасні 2025 года яго сталі шукаць як зніклага. У картачцы пошукава-ратаўнічага атрада “Фенікс” было пазначана, што ў студзені мінулага года Кандраценка знаходзіўся ў Цвярской вобласці Расіі. Аказалася, што ён наняўся ў расійскае акупацыйнае войска. Магчыма, гэта адбылося пасля затрымання, мяркуе былы палітвязень.

“На жаль, гэта класычная гісторыя для маргіналаў з сінім пашпартам: шабашка на маскалёў – арышт – кантракт з войскам ворага – чорны пакет”, – падагульняе Кім Самусенка.

У контрнаступальнай аперацыі “Вівальдзі”, якую на тэрыторыі Данецкай вобласці праводзілі ўкраінскія войскі, удзельнічалі беларускія дабраахвотнікі, найперш байцы Беларускага добраахвотніцкага корпуса (БДК). БДК дзейнічаў у складзе разведвальнага батальёна HATRED (3‑я штурмавая брыгада) у якасці разведвальнай пяхотнай роты. Частка добраахвотнікаў таксама выконвала іншыя спецыяльныя задачы.

Падраздзяленне беларусаў ўзяло 20 палонных і знішчыла больш за сто расійскіх акупантаў. Беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў аперацыях у раёне населеных пунктаў Рэдкадуб, Новае, Ліпавае, Кацярынаўка і Зялёная Даліна, а таксама ў лесапалосах каля Калодзезяў, Іванаўкі і Новалюбаўкі.

Фотаздымак: ТГ KIM SAMUSENKA

Лукашэнка абяцае апалчэнцам кулямёты, а тэрытарыяльныя войскі ў Крычаве страляюць з ТТ 1930 года

У Крычаўскім раёне працягваецца вучэбны збор тэрытарыяльных войскаў: дваццаць ваеннаабавязаных вывезлі на стрэльбішча. Перад стрэльбамі ваенны камісар нагадаў ім пра меры бяспекі і дысцыпліну на агнявым рубяжы. 

Стралялі з аўтамата Калашнікава і пісталета ТТ. Пісталет Токарава прынялі на ўзбраенне Чырвонай арміі ў 1930 годзе, а ў 1950-х у савецкай арміі яго замяніў пісталет Макарава. Амаль праз сто гадоў пасля распрацоўкі ТТ па-ранейшаму выдаюць на вучэбных зборах крычаўскім тэрытарыяльным войскам. 

У той жа дзень, калі крычаўскіх ваеннаабавязаных вывезлі на стрэльбішча, Лукашэнка паабяцаў апалчэнцам аўтаматы, гранаты і кулямёты і запатрабаваў стварыць атрад народнага апалчэння ў кожным сельсавеце. Пры гэтым ён удакладніў, што зброя для іх нарыхтавана і гэта «справа ваенных», а на пытанне пра прыватнае апалчэнне адказаў, што ўсё, што датычыцца зброі, у краіне строга дзяржаўнае. 

Уступіць у апалчэнне можна толькі па заяве у мясцовую адміністрацыю і без судзімасці, а набіраць туды людзей даручана былому міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу.

Фота krichevlive.by.

Дабраахвотнік з Бабруйска ва УСУ рызыкуе быць затрыманым за адсутнасць дакументаў

Дабраахвотніку з Бабруйска Эмілію “Бабру” Лабейцы, які ваюе ва Украіне, пагражае штраф і затрыманне з-за адсутнасці дакументаў.

Беларус Эмілій Лабейка ўжо чацвёрты год ваюе на баку Украіны супраць расійскага ўварвання. За гэты час ён паспеў стаць фігурантам шасці крымінальных спраў на радзіме, атрымаць завочны прысуд ад акупацыйных уладаў Данбаса і згубіць пашпарт падчас баявых дзеянняў.

Цяпер апошняя акалічнасць можа стварыць яму праблемы ўжо з украінскімі дзяржаўнымі органамі. Нават некалькі гадоў службы ва ўкраінскім войску не гарантуюць, што замежны добраахвотнік зможа без перашкод пацвердзіць сваё права знаходзіцца ў краіне, якую абараняе.

Ваяваць – калі ласка, аформіць дакументы – цяжка 

Эмілій Лабейка з пазыўным «Бобр» далучыўся да Сіл абароны Украіны ў 2022 годзе. Спачатку служыў у палку імя Кастуся Каліноўскага, цяпер у палку беспілотных сістэм Kraken. Падчас баявых дзеянняў на Данеччыне ён страціў беларускі пашпарт.

Раней пацвярджэннем яго статусу ва Украіне служыў ваенны білет. Аднак пасля прынятых у траўні заканадаўчых зменаў замежныя добраахвотнікі павінны на працягу шасці месяцаў аформіць дазвол на часовае пражыванне. Для гэтага патрабуецца арыгінал пашпарта альбо іншы дакумент, які пацвярджае асобу і адпаведны спецыяльны статус.

Вось тут і ўзнікла бюракратычная пастка: ваенны білет і кантракт у добраахвотніка ёсць, а дакументаў, неабходных для праходжання міграцыйнай працэдуры, – няма.

Фактычна чалавек можа пацвердзіць, што служыць ва ўкраінскім войску, але гэтага аказваецца недастаткова, каб аформіць права на пражыванне ва Украіне.

У Беларусі чакаюць крымінальныя справы, на акупаванай тэрыторыі – прысуд

Вяртанне на радзіму для Эміля Лабейкі таксама не выглядае бяспечным варыянтам. Паводле выдання “Грунт”, у Беларусі супраць яго распачалі шэсць крымінальных спраў, звязаных са службай ва ўкраінскім войску і ўдзелам у пратэстах супраць рэжыму Лукашэнкі. На радзіме яму можа пагражаць да 20 гадоў пазбаўлення волі

Акрамя таго, так званы суд «ДНР» завочна прысудзіў беларускаму добраахвотніку 14 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў «найміцтве». Такім чынам, чалавек, які страціў пашпарт на вайне, не можа проста вярнуцца ў Беларусь па новы дакумент, не рызыкуючы ўласнай свабодай.

Праблема не аднаго беларуса

Беларускі ветэран Анастасія Махамет з пазыўным «Север», якая цяпер дапамагае добраахвотнікам у Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне, расказала, што асабіста ведае як мінімум восем чалавек у падобным становішчы. У гэтых вайскоўцаў ёсць ваенныя білеты і кантракты, але няма пашпартоў ці іншых дакументаў, неабходных для афармлення дазволу на пражыванне.

Больш за тое, у некалькіх вайсковых частках неафіцыйна ўжо далі зразумець, што пры адсутнасці рашэння праблемы могуць быць вымушаныя звольніць такіх замежнікаў са службы. У гэтым выпадку яны рызыкуюць страціць належныя вайскоўцам льготы, а таксама сутыкнуцца з патрабаваннем пакінуць Украіну на працягу трох сутак.

Праблемы ўзнікаюць нават у тых, хто мае ўсе неабходныя дакументы: праз складанасці з афармленнем яны могуць не паспець атрымаць дазвол на пражыванне да 10 лістапада.

Міграцыйная служба: аўтаматычнай дэпартацыі не будзе

Пасля публікацыі інфармацыі аб Эміліі Лабейцы Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны адказала на інфармацыйны запыт журналістаў, накіраваны яшчэ 15 верасня. Адказ удакладніў сітуацыю, якая першапачаткова выглядала як пагроза хуткай дэпартацыі.

У ведамстве патлумачылі, што адсутнасць дазволу на пражыванне або страта пашпарта самі па сабе не з’яўляюцца падставай для прымусовага вяртання ці выдварэння замежніка з Украіны. Аднак гэта не азначае, што праблемы няма.

Замежным вайскоўцам, якія не паспеюць аформіць дазвол да 10 лістапада, можа пагражаць штраф. Рашэнне аб адміністрацыйнай адказнасці будуць прымаць індывідуальна, улічваючы абставіны кожнага выпадку.

Акрамя таго, замежнікаў без дакументаў, якія пацвярджаюць асобу і даюць права выезду з краіны, паводле заканадаўства могуць затрымаць і змясціць у пункт часовага знаходжання замежнікаў.

Сама міграцыйная служба прызнала, што пытанне дакументавання вайскоўцаў без нацыянальных пашпартоў патрабуе заканадаўчых зменаў і ўзгаднення з іншымі дзяржаўнымі органамі.

Пашпарт мацней за ваенны білет

У выніку атрымліваецца даволі дзіўная сітуацыя. Беларус можа некалькі гадоў служыць ва ўкраінскім войску, удзельнічаць у баявых дзеяннях, мець вайсковы кантракт і быць вядомым свайму камандаванню. Але калі ён страціў пашпарт, у дзяржаўнай міграцыйнай сістэме ўзнікае пытанне, як аформіць яго далейшае законнае знаходжанне ў краіне.

Для Эмілія Лабейкі гэта не проста нязручнасць з дакументамі. У Беларусі яго чакаюць крымінальныя справы, на акупаванай тэрыторыі Украіны ўжо вынесены завочны прысуд, а ў самой Украіне ён рызыкуе атрымаць штраф ці сутыкнуцца з затрыманнем праз адсутнасць пашпарта.

Пры гэтым украінскія ўлады прызнаюць, што існуючая працэдура не ўлічвае становішча такіх людзей і патрабуе зменаў. Парадокс у тым, што вайсковы кантракт дазваляе беларускаму добраахвотніку абараняць Украіну са зброяй у руках, але не вырашае пытання звычайнага дакумента, які дазваляе яму законна ў гэтай краіне жыць.

Фотаздымак: grnt.media