Куды падзеўся клімавіцкі старшыня Пугач?

На фоне карупцыйнага скандалу ў АПК трох абласцей Беларусі, людзі задаюцца пытаннем, чаму быў зняты былы старшыня Клімавіцкага райвыканкама Віктар Пугач.

Нагадаем, што на мінулым тыдні Клімавічы другі раз за два гады сустракалі новага старшыню райвыканкама. На месца галоўнага раённага вертыкальшчыка беларускі дыктатар нечакана прызначыў Аляксандра Анжэнку з Хоцімска. Яго папярэднік Віктар Пугач, патомны чыноўнік, прыйшоў у Клімавічы з суседняга Быхаўскага раёна, і цяпер падзеўся невядома куды.

Такая частая змена старшыняў райвыканкама не засталася незаўважнай для насельніцтва. Чытач тэлеграм-канала “Вячэрні Магілёў” Ніканор Віскоўскі задаецца пытаннем, чаму так адбылося. “За што вызвалілі 49-гадовага перспектыўнага кіраўніка, які мае за плячыма эканамічны факультэт БДСГА і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, вялікі вопыт паспяховай працы – ніхто толкам не ведае. А калі так, то з’яўляецца глеба для нядобрых чутак. І такое адбываецца з году ў год”, – заўважае чытач тэлеграм-канала.

Спадар Віскоўскі лічыць, што няправільна, калі аб прызначэнні новых службовых асоб насельніцтву паведамляюць, а куды сыходзяць іх папярэднікі, не кажуць нічога. “Гаворка ж ідзе не пра дробных чыноўнікаў, хоць і яны людзі, а пра эліту грамадства, на прадстаўнікоў якіх павінны раўняцца астатнія, браць з яе прыклад”, – разважае жыхар Магілёўскай вобласці.

Пры гэтым змену ў клімавіцкай вертыкалі ён звязвае з нядаўна агучанай МУС інфармацыяй аб раскрыцці карупцыйнай схемы ў Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. Сутнасць яе ў тым, што дырэктар прыватнай кампаніі пастаянна даваў хабары службовым асобам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Узамен яны павінны былі заказваць рамонт тэхнікі менавіта ў яго фірмы.

“Выяўленне і спыненне карупцыі ў ключавых галінах эканомікі, у тым ліку ў аграрным сектары, працягнецца. Значыць, з’явяцца новыя фігуранты крымінальных спраў. А як інакш, калі небяспечнай сацыяльнай хваробай пакутуюць лепшыя ў рэспубліцы вобласці! Што ўжо тады казаць пра Віцебскую, Гомельскую, ды і нашу Магілёўскую таксама. Ды і казалі ўжо, прычым шмат разоў, пра што паведамлялася ў друкаваных і электронных СМІ, у ТГ-канале «Вячэрні Магілёў» таксама. Так што наш рэгіён чакае свайго часу.  Ён блізкі, паколькі чуткі ходзяць розныя. І яны не беспадстаўныя”, – упэўнены мужчына.

Фотаздымак: www.rodniva.by

Клімавічы другі раз за два гады знаёмяцца з новым старшынёй райвыканкама. Пугач і Анжэнка

Клімавічанам зноў прадставілі новага кіраўніка раёна. Аляксандра Анжэнку з Хоцімска прызначылі старшынёй райвыканкама, і 29 верасня старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка прывёз яго на пазачарговую сесію раённага «савета дэпутатаў».
Мінулае знаёмства адбылося роўна два гады таму: 30 верасня 2024 года той жа Ісачанка на такой жа пазачарговай сесіі прадставіў Пугача.
Віктар Пугач, патомны чыноўнік, прыйшоў з суседняга Быхаўскага раёна, дзе быў намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы, а да гэтага працаваў у быхаўскіх калгасе, бальніцы, райвыканкаме і ТАА «Быхаўлес».
Тады Ісачанка дзякаваў за працу яго папярэдніку Дзмітрыю Хайноўскаму, цяпер – самому Пугачу.
Схема паўтарылася амаль даслоўна. Анжэнка таксама прыйшоў намеснікам старшыні з суседняга раёна – Хоцімскага, дзе адказваў за будаўніцтва, жыллёва-камунальную гаспадарку і надзвычайныя сітуацыі, і таксама правёў усю кар’еру ў адным раёне.
А ў ліпені ганаровую грамату Хоцімскага райвыканкама там атрымала кіраўніца спраў Велікаліпаўскага сельвыканкама Галіна Анжэнка – магчыма, аднафамілец.
Розніца ў профілі: Пугач – эканаміст з аграрнай адукацыяй, які працаваў у райвыканкаме з 2003 года, Анжэнка – трыццацісямігадовы інжынер па будаўнічых і дарожных машынах.
Аднак абяцанні на сесіях прагучалі падобныя. Пугач у 2024 годзе казаў пра завяршэнне палявых работ, падрыхтоўку да «Дажынак» і прагнозныя паказчыкі. Анжэнка ў першым выступленні паабяцаў увагу ўсім галінам, асабліва сельскай гаспадарцы.
Падобна на тое, мяняючы кіраўнікоў раёнаў, састарэлы Лукашэнка ўжо звяраецца не з вынікамі іх працы, а са становішчам Марса і Юпітэра.
Новае галоўнае імя клімаўчанам давядзецца вывучыць да зімы, а наступнае, калі захаваецца тэмп і дакладнасць сонцавароту, спатрэбіцца восенню 2028 года.

Фота «Родная нива» розных гадоў.

Галоўным вертыкальшчыкам у Клімавічах стаў чыноўнік з Хоцімска

Кіраваць Клімавіцкім райвыканкамам прызначаны Аляксандр Анжэнка, які да гэтага быў намеснікам старшыні райвыканкама ў Хоцімску.

Пра тое, што Анжэнка цяпер будзе жыць і працаваць у Клімавічах, стала вядома сёння, пасля кадравых змен, якія правёў беларускі дыктатар.

Анжэнка на чыноўніцкіх пасадах ўжо даўно. У 2019 годзе ён быў начальнікам аддзела архітэктуры, будаўніцтва і землеўпарадкавання райвыканкама. Потым стаў намеснікам кіраўніка хоцімскай вертыкалі. Як звычайны лукашэнкаўскі чыноўнік, прадстаўляе не толькі выканаўчую, але і прадстаўнічую ўладу. Ён – дэпутат Хотімскага райсавета дэпутатаў. Ці будзе ён цяпер неяк прадстаўляць інтарэсы тых, ад каго нібыта абіраўся, і весці іх асабісты прыём – пытанне адкрытае. Магчыма, Анжэнка будзе бачыць сэнс хаця б раз на месяц вяртацца з Клімавічаў у Хоцімск, каб пачуць выбарцаў сваёй Набярэжнай выбарчай акругі №16.

На пасадзе намесніка старшыні курыраваў пытанні будаўніцтва, паліўна-энергетычнага комплекса, надзвычайных сітуацый, кантроля за інвестыцыйнай дзейнасцю і інш.

Фотаздымак: khotimsk.gov.by

Усё для шчасця ёсць: хто ў Клімавічах гаворыць ад імя народнага адзінства

Да 17 верасня клімавіцкая раённая газета сабрала меркаванні гараджан пра Дзень народнага адзінства, і першай слова атрымала Ала Анціпава. Намесніца старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» заявіла: Беларусь – краіна, «дзе ёсць усё для жыцця і шчасця», а ад кожнага залежыць, каб яна квітнела. Паглядзім, у каго менавіта ўсё ёсць.
Анціпавай у кастрычніку споўніцца шэсцьдзесят шэсць. У 2010 годзе яна, намесніца дырэктара прафесійнага ліцэя № 14, стала «дэпутатам» раённага «савета» – тады яшчэ беспартыйнай.
У 2018 годзе ўзначальвала ўчастковую выбарчую камісію № 8 на мясцовых выбарах і адначасова раённую «Белую Русь».
Цяпер на сайце райвыканкама Анціпава значыцца вядучым спецыялістам і намесніцай старшыні арганізацыі, то бок на штатнай стаўцы.
У красавіку абласная канферэнцыя ўручыла Але Георгіеўне сярэбраны знак «За общественную деятельность».
У маі яна ж расказвала раёнцы пра сумесны праект з камунальнікамі – тры актывісткі пафарбавалі дзіцячую пляцоўку у двары дома № 123 на Леніна. Гэта быў унёсак арганізацыі ў агульнарэспубліканскі рух па добраўпарадкаванні. Па сутнасці справы – фікцыя.
Да шасцідзесяці шасці гадоў у Анціпавай сапраўды ёсць усё, што належыць чалавеку яе становішча і размаху:

  • пенсія па ўзросце;
  • стаўка вядучага спецыяліста ў грамадскім аб’яднанні;
  • месца ў першым радзе на раённых урачыстасцях – ад злёту перадавікоў да ўзнагароджання камбайнераў;
  • першая рэпліка ў раёнцы на кожнае дзяржаўнае свята.

Пры такім наборы жаданне, каб нічога не мянялася, натуральнае: любая перамена – рызыка для стаўкі, знака і першага рада.
Тая ж інтанацыя гучала 14 верасня ў Палацы Незалежнасці, дзе Лукашэнка ўручаў узнагароды да свята. Яму 72, з іх 32 гады ва ўладзе.
Дзед запэўніў залу, што зробіць усё, каб людзі «не былі, як мінімум, расчараваныя», а калі на Беларусь і будуць паказваць пальцам, то «з зайздрасцю».
Ні слова пра тое, што трэба змяніць – толькі пра тое, што трэба захаваць. Анціпава і Лукашэнка гавораць адно і тое ж з розных паверхаў адной вертыкалі: у нас усё ёсць, не чапайце.
Што да «ўз’яднання» 1939 года, дзеля якога заснавана свята, то Чырвоная армія 17 верасня перайшла польскую мяжу па дамоўленасці з Германіяй.
У каляндар гэтая дата трапіла ў 2021 годзе – праз год разгромнага паражэння Лукашэнкі на выбарах, калі адзінства спатрэбілася неадкладна.
«Ад кожнага з нас залежыць», – сцвярджае Анціпава. Ад яе залежыць, каб раённая «Белая Русь» своечасова здала справаздачу аб мерапрыемствах. Ад Лукашэнкі – каб нічога не мянялася яшчэ адзін тэрмін. Абодва спраўляюцца.

Фота раённай газеты.

У Клімавічах цалкам вынішчылі беларускую мову ў грамадскім транспарце

Беларускую мову цяпер немагчыма сустрэць ні ў клімавіцкім грамадскім транспарце, ні ў яго інфраструктуры.

Шыльды з назвамі прыпынкаў, расклад руху, інфармаванне пасажыраў ў аўтобусах і тэкставая інфармацыя для іх – выключна на рускай мове. Пра гэта паведамілі грамадскаму “моўнаму інспектару” Ігару Случаку ў Клімавіцкім філіяле аўтапарка №9 ААТ “Магілёўаблаўтатранс”.

Напярэдадні святкавання новага свята “Дзень народнага адзінства” праўладныя СМІ распавядаюць, як знішчалася беларуская мова ў Заходняй Беларусі, якая ў міжваенны перыяд знаходзілася ў складзе Польшчы. Клімавіцкія транспартнікі, па ўсім відаць, працягваюць справу вынішчэння беларушчыны і пэўна ўжо дасягнулі ў гэтым большых поспехаў, чым тыя, каго цяпер бэсціць прапаганда ў Беларусі.

Фотаздымак: fotobus.msk.ru

Сыранкоў прапагандаваў КПБ на клімавцкім лікёра-гарэлачным

У Клімавічы Сыранкоў прыехаў, каб распавядаць работнікам ААТ “Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод” аб экалогіі. Як піша раённая “Родная ніва”, ён “абмеркаваў розныя аспекты экалагічнай культуры, сфарміраванай у грамадзян нашай краіны”. 

“Клопат аб чысціні і прыгажосці прыроды, населеных пунктаў пачынаецца з малога: разумнага спажывання наяўных рэсурсаў і іх папаўненне. Прыемна, што падрастаючае пакаленне вучаць рупліваму стаўленню да наяўных у нас багаццяў, расліннаму і жывёльнаму свету з ранняга дзяцінства”, – перадае агульны змест сыранкоўскай сустрэчы газета. Пэўна, такая па вялікаму рахунку бессэнсоўная трывіяльшчына, была не самым галоўным чыннікам прыезда Сырканкова на ЛГЗ. Галоўным было прапагандаванне сярод работнікаў прадпрыемства партыі, якую ўзначальвае новаспечаны сенатар – Камуністычную партыю Беларусі.

Наглядная агітацыя ў выглядзе партыйных банэраў стаяла побач з Сыранковым падчас сустрэчы. Нават калі пагадзіцца з тым, што падчас сваёй лекцыі партыйны бос ніяк не ўзгадаў пра КПБ, наглядная агітацыя добра рабіла гэта за яго цягам усёй сустрэчы. У сваю чаргу агітацыя якраз з’яўляецца адным з відаў дзейнасці палітычнай партыі. 

Паводле акона “Аб палітычных партыях”, такія палітфармаванні будуюцца па тэрытарыяльным прынцыпе. Іх дзейнасць на прадпрыемствах забароненая. Але сенатару Сыранкову дазволена парушаць гэты закон.

Фотаздымак: “Родная ніва”

Найменей 15 жыхароў Клімавіцкага раёна загінулі на вайне як расійскія найміты

У Клімавічах ужо 15 магіл беларусаў, якія загінулі на расійска-ўкраінскай вайне, ваюючы на баку Расіі, заяўлена на пятай канферэнцыі “Новая Беларусь” у Варшаве.

“Усё больш і больш беларусаў уцягваецца ў вір вайны на баку Расійскай Федэрацыі. Асабліва гэта тычыцца нашых хлопцаў і мужыкоў з усходніх рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, у маленькім мястэчку Клімавічы ўжо ёсць 15 магіл беларусаў, якія загінулі на так званай СВА. Як правіла, гэта зарабітчане, якія клююць на расійскія заманухі” – распавёў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Вадзім Кабанчук на канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая праходзіць у Варшаве 8-9 жніўня 2026 года.

Паводле яго, прыязджаюць рэкруцёры са Смаленскай і Бранскай абласцей Расіі, абяцаюць за разавае падпісанне кантракта 30-40 тыс. долараў і прыцягваюць людзей часцяком з дэпрэсіўных беларускіх рэгіёнаў на вайну. Пры гэтым, згодна ўкраінскай статыстыкі, для 80% такіх наймітаў першы бой становіцца апошнім, а сярэдняя працягласць жыцця расійскага штурмавіка пры ўдзеле ў актыўных дзеяннях на фронце каля 15 хвілін.

Як адзначае Кабанчук, больш за 500 беларусаў, якія ваююць на баку Расіі, ужо загінулі, а некалькі дзясяткаў знаходзяцца ва ўкраінскім палоне. Усяго ж супраць украінцаў ваюе некалькі тысяч беларусаў. Яны расцярушаны па розных частках, бо ў расійскіх войсках няма нацыянальных падраздзяленняў, кшталту Палка Каліноўскага ва ўкраінскай арміі.

Скрыншот YouTube @svetlana_tsikhanouskaya

Жыхара Клімавіцкага раёна будуць судзіць за кантрабанду патронаў з Расіі

Патроны для агнястрэльнай зброі нелегальна прывёз з Расіі жыхар Клімавіцкага раёна, які займаўся браканьерствам.

Справа пра незаконную рыбалку ў Клімавіцкім раёне нечакана перарасла ў абвінавачанне адразу па трох крымінальных артыкулах. Падчас ператрусу ў аднаго з падазраваных знайшлі больш за паўсотні патронаў, якія, як высветлілася, ён прывёз з Расіі.

Паводле матэрыялаў следства, 47-гадовы жыхар аднаго з аграгарадкоў разам са знаёмым паставіў у вадаёме сеткі. Іх здабычай сталі амаль чатыры дзясяткі рыб – сярод іх срэбныя і залатыя карасі, а таксама ліні. Аднак мужчыны трапілі ў поле зроку супрацоўнікаў інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, пасля чаго супраць іх распачалі крымінальную справу.

Падчас агляду дома аднаго з фігурантаў супрацоўнікі міліцыі і інспекцыі знайшлі больш за пяцьдзясят патронаў. Боепрыпасы накіравалі на балістычную экспертызу ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці. Эксперты прыйшлі да высновы, што гэта прыдатныя для стральбы малакаліберныя патроны калібру 5,6×16R прызначаны для наразной спартыўнай і паляўнічай агнястрэльнай зброі.

Сам мужчына не стаў адмаўляць, што патроны належалі яму. Ён прызнаўся, што знайшоў іх у доме свайго знаёмага ў Смаленскай вобласці. Замест таго каб паведаміць пра знаходку або пакінуць яе на месцы, забраў патроны з сабой і перавёз праз беларускую мяжу.

Менавіта гэтая акалічнасць дадала да справы яшчэ два крымінальныя артыкулы – за незаконнае захоўванне боепрыпасаў і іх незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі.

Цяпер матэрыялы следства перададзены ў суд Клімавіцкага раёна.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

Гатовы стаць гаспадаром: магчыма, віцебскі АМАП затрымаў былога кіраўніка Клімавіцкага раёна

Дваццаць сёмага ліпеня МУС і Генеральная пракуратура абвясцілі пра выкрыццё карупцыйнай схемы, якая ахапіла аграпрамысловы і паліўна-энергетычны комплексы, ЖКГ, будаўніцтва, транспарт і адукацыю: 44 фігуранты ва ўзросце ад 31 да 65 гадоў, 45 крымінальных спраў, хабар ад удзельнікаў тэндараў на агульную суму больш за 750 тысяч рублёў. Арганізатарам сілавікі называюць заснавальніка шэрагу камерцыйных фірмаў, які распрацаваў формулу разліку ўзнагароджанняў; падчас ператрусаў у яго канфіскавалі дакументы «чорнай бухгалтэрыі».

Асобна ў тым паведамленні адзначана: сярод фігурантаў – прадстаўнікі дванаццаці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія атрымалі 320 тысяч рублёў за пастаўкі энергетычнага абсталявання.

Што адбылося ў «Рудакове»

Дваццаць дзявятага ліпеня прэс-служба МУС распаўсюдзіла відэа: байцы АМАПа кладуць на падлогу службовага кабінета мужчыну ў блакітнай кашулі, а потым выводзяць яго па калідоры са скаванымі за спіной рукамі. Ні прозвішча, ні назвы прадпрыемства ў паведамленні няма – толькі тое, што затрыманы 45-гадовы дырэктар сельскагаспадарчай арганізацыі ў Віцебскай вобласці.

Паводле версіі сілавікоў, ён неаднаразова атрымліваў грошы ад прадстаўнікоў прыватных фірмаў за заключэнне дамоваў на арэнду будаўнічай тэхнікі, а таксама на пастаўку халадзільнага абсталявання, кандыцыянераў і сістэм відэаназірання.

Прозвішча затрыманага не названа, аднак віцябляне сцвярджаюць, што месца дзеяння – кабінет дырэктара камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Рудакова» Міхаіла Уладзіміравіча Дзямідава (на фота злева). Узрост і пасада таксама супадаюць.

Бліскучая кар’ера

Хто ж такі Міхаіл Дзямідаў, які займаў шэраг кіруючых пасад у Магілёўскай і Віцебскай абласцях?

Ён нарадзіўся 24 чэрвеня 1981 года ў вёсцы Крапіўна Аршанскага раёна. У 1999-м скончыў Аршанскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча перапрацоўчай прамысловасці № 39, адслужыў у войску і «некаторы час працаваў на розных пасадах у арганізацыях Аршанскага раёна».

Зразумела, што пасля ПТВ пасады Дзямідава былі не міністэрскімі.

Аднак у 2011 годзе, у трыццаць гадоў, Міхаіл Уладзіміравіч заканчвае БДСГА па спецыяльнасці «заатэхнік» і адразу ж робіць кар’еру, магчымую толькі ў наскрозь карумпаванай кадравай блытаніне, створанай Лукашэнкам.

З гэтага моманту ў біяграфіі Дзямідава не сустракаецца ніводнага радка не пра кіруючыя пасады.

Пяць гадоў – у адміністрацыях прадпрыемстваў Магілёўскай і Віцебскай абласцей.

У 2017-м ён узначаліў філіял «Сухараўскі» ААТ «Агракамбінат «Прыдняпроўскі».

Апублікаваў свой маналог у абласной сельскагаспадарчай газеце, сутнасць якога зводзілася да таго, што ён «гатовы стаць паўнапраўнымі гаспадарамі на сваёй зямлі».

Праз некалькі месяцаў Міхаіл Дзямідаў перайшоў на пасаду першага намесніка старшыні – начальніка райсельгасхарчу Дрыбінскага, а затым Бялыніцкага райвыканкамаў.

Лукашэнка зблытаў ветэрынара з заатэхнікам

26 студзеня 2021 года кандыдатуру Дзямідава на пасаду старшыні Клімавіцкага райвыканкама ўзгадніў Лукашэнка з наказам: «калі я вывучаў вашы асабістыя матэрыялы, я падумаў пра тое, што вы як спецыяліст, заатэхнік, урач, усё жыццё прапрацаваўшы з жывёламі, перанясеце гэты вопыт на Клімавіцкі раён. Вельмі хацелася б. І ў гэтым дачыненні мы вас будзем падтрымліваць. Клімавіцкі раён прыстойны, гэта асноўны раён на Магілёўшчыне. Вельмі хацелася б, каб у вас атрымалася. Перспектывы ў вас добрыя».

Пасля 2020-га ў Лукашэнкі пачаліся відавочныя праблемы з адэкватнай ацэнкай рэчаіснасці. Толькі гэтым і можна растлумачыць тое, што ён назваў Дзямідава ўрачом.

Праз два дні пазачарговая сесія раённага Савета дэпутатаў зацвердзіла прызначэнне, а старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц прадставіў клімавічанам Дзямідава як «руплівага гаспадарніка».

Ён прапрацаваў у Клімавічах тры з паловай гады. Трыццатага верасня 2024 года на пазачарговай сесіі райсавета новага старшыню райвыканкама прадстаўляў ужо Анатоль Ісачанка.

Сам Дзямідаў выявіўся праз месяц у іншай вобласці. Шостага лістапада 2024 года «Сельская газета» выйшла з разваротам пра прыгарадную гаспадарку пад Віцебскам, дзе наш «урач» быў прадстаўлены дырэктарам КСУП «Рудакова».

Тады Міхаіл Уладзіміравіч падзяліўся формулай свайго поспеху – «пралічваць эканоміку на два крокі наперад».

Мяркуючы па візіце АМАПа ў госці да Дзямідава, нечага ён усё ж такі не пралічыў.

Сорак чатыры іншыя ўдзельнікі карупцыйнай схемы – таксама.

Праблема толькі ў тым, што масавыя затрыманні «моцных гаспадарнікаў» – не заслуга праваахоўнікаў, а вынік бессэнсоўных кіданняў Лукашэнкі, які паспрабаваў стварыць у Беларусі аграрную эліту, а замест гэтага атрымаў шайку хабарнікаў.

Фота з адкрытых крыніц.

На адкрыцці свінарніка ў Клімавічах Дзмітрый Круты крытыкаваў кітайскія тэхналогіі

Адкрываючы свінаранік каля вёскі Барысавічы ў Клімавіцкім раёне, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты растлумачыў, чым беларускі падыход лепшы за кітайскі.

У сусветнай практыцы, сказаў ён, працуюць комплексы на мільён галоў: сабекошт мінімальны, але прапарцыйна растуць біяэкалагічныя рызыкі. Таму ў нас пагалоўе размяркоўваюць па розных пляцоўках, і такое рашэнне ён лічыць больш рацыянальным.

Комплекс на мільён галоў, пра які ідзе гаворка, знаходзіцца ў кітайскім Эчжоу – гэта 26-павярховы будынак прыкладна на 1,2 мільёна свіней за год, коштам чатыры мільярды юаняў. Праблему, пра якую ў Клімавічах яшчэ толькі разважаюць, там вырашылі першай:

  • гной паступае ў рэзервуары высокатэмпературнай анаэробнай ферментацыі, выпарэнне лятучых газаў зніжана больш як на дзевяноста працэнтаў;
  • з яго атрымліваюць да 120 тысяч кубічных метраў біягазу за суткі;
  • біягаз пасля ачысткі ад серы выкарыстоўваюць для вытворчасці электраэнергіі, ацяплення будынка і гарачага водазабеспячэння.

Цяпер наш варыянт. Галоўны заатэхнік філіяла «Клімагра» Мікалай Хомчанка апісаў аўтаматыку свінараніка так: выдаленне гною, паенне, кармленне, мікраклімат – усё адным націскам кнопкі. 

Выдаленне гною ёсць. Куды яго выдаляюць, колькі сцёкаў даюць 51 тысяча галоў за год, на якія палі вывозяць гной і што пры гэтым адбываецца з грунтовымі водамі – невядома.

А тут яшчэ і месца такое, што пра экалогію варта было б гаварыць у першую чаргу – адно экалагічнае бедства гэтая зямля ўжо нясе сорак гадоў.

Кітайцы пабудавалі комплекс на мільён галоў і разам з ім завод, які перапрацоўвае гной у энергію для самога комплексу. У Клімавічах пабудавалі свінранік на 51 тысячу галоў і ўсталявалі кнопку, якая кудысьці выдаляе гной.

Хто ў гэтай пары разумнейшы, відавочна. Лукашэнка, які ўжо трэцім указам «падымае» паўднёвы ўсход Магілёўшчыны, відавочна не Сі Цзіньпін, а дробны эканамічны няўдачнік. Кандыдат эканамічных навук Надзея Каткавец, якая нібыта прысутнічала на адкрыцці свінараніка, чамусьці ні разу не трапіла на фота – не Альберт Эйнштэйн, а проста пенсіянерка з амбіцыямі.

Ды і сам Дзмітрый Круты ніяк не цягне на ролю крытыка кітайскіх тэхналогій – з асабістых дасягненняў хіба што ўменне ківаць галавой у адказ на трызненне дзеда.

Фота «Магілёўскія ведамасці».