Фанаты магілёўскага “Дняпра” аб’явілі байкот камандзе з-за трэнера

З-за выказванняў цяпер ужо былога трэнера “Дняпра” Станіслава Суворава, фанаты не прыходзяць на матчы магілёўскіх футбалістаў.

Жнівеньскія матчы «Дняпра» прайшлі без звыклай падтрымкі актыўных фанатаў. Заўзятары абвясцілі байкот пасля выказванняў галоўнага трэнера Станіслава Суворава, які неўзабаве і сам пакінуў каманду.

Канфлікт пачаўся 8 жніўня пасля матчу ў Мазыры, дзе «Днепр» саступіў «Славіі». Пасля гульні Сувораў падзякаваў толькі «шчырым заўзятарам», супрацьпаставіўшы ім тых, хто, паводле яго, падтрымлівае каманду толькі час ад часу. У якасці прыкладу ён прывёў фанатаў «Баранавічаў», якіх назваў найлепшымі.

Магілёўскія ультрас адказалі па-свойму – проста перасталі прыходзіць на наступныя матчы і вывесілі расцяжку, адрасаваную трэнеру.

Сёння незалежны футбольны фан-рух у Беларусі існуе пад моцным ціскам сілавікоў. У Магілёве наведнікаў фан-сектараў здымаюць на відэа і ідэнтыфікуюць, іх сацыяльныя сеткі трапляюць пад увагу міліцыі, а перад уваходам на трыбуны заўзятары праходзяць пільны дагляд.

Таму папрок трэнера ў недастаткова рэгулярнай падтрымцы прагучаў у даволі спецыфічных умовах: каб сёння быць актыўным футбольным фанатам, аднаго жадання прыйсці на стадыён можа быць недастаткова.

Па выніках жнівеньскіх гульняў Станіслаў Сувораў падаў у адстаўку. Ці скончыцца разам з яго сыходам магілёўскі байкот, пакуль незразумела.

Фотаздымак: Tribuna.com

Стадыён асіповіцкай вясковай школы быў прыведзены ў парадак толькі пасля ўмяшання КДК

Камітэт дзяржкантроля стаў вырашальнай інстацыяй у справе стадыёна Дараганаўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна.

Вучням Дараганаўскай школы ёсць за што дзякаваць дзяржкантролю. Стадыён, які шмат гадоў уяўляў сабой жаласнае відовішча, стаў цалкам прыдатны да выкарыстання

Раней гумовыя насцілы бегавой дарожкі і спартыўнай пляцоўкі былі моцна зношаныя, а месцамі наогул адсутнічалі, на асфальтавым пакрыцці некаторых пляцовак утварыліся выбоіны. Усё гэта магло прывесці да траўмаў навучэнцаў падчас заняткаў спортам, адзначалі правяраючыя з КДК.

А потым адбыўся цуд – цягам некалькіх дзён заўвагі былі ліквідаваныя. То бок на стадыёне з’явіліся новыя бегавыя дарожкі, адрамантавана пакрыццё баскетбольнай пляцоўкі, а поле для гульні ў міні-футбол засеяна газоннай травой. 

Фотаздымак: тэлеграм-канал КДК

У раёнах Магілёўшчыны катастрафічна не хапае ўрачоў

У ЦРБ Глуска, Мсціслава і Горак найменей палова маладых урачоў звальняецца пасля завяршэння адпрацоўкі. Дапамагчы пацыентам звязацца з урачамі ў раёнах закліканы праект “Раёнка”.

Бальніцы без урачоў

“Глуская, Мсціслаўская, Горацкая цэнтральныя раённыя бальніцы – толькі ад 20% да 50% маладых урачоў застаюцца там пасля завяршэння размеркавання” – такія даныя прывёў у сваёй прэзентацыі на канферэнцыі “Новая Беларусь” 8 жніўня 2026 года ў Варшаве медык Станіслаў Салавей. Пры гэтым ён адзначыў, што якасць тых, хто застаецца, часта выклікае пытанні.

Паводле Салаўя, сітуацыя ў медыцыне ў Беларусі сёння выглядае яшчэ горш, чым у эканоміцы. Пры гэтым самая галоўная праблема – недахоп добра падрыхтаваных лекараў. Напрыклад, у Польшчы, каб працаваць самастойна, выпускнік медычнай ВНУ рыхтуецца пяць гадоў, у Беларусі – толькі год. Акрамя таго, у Беларусі ўсяго за месяц можна змяніць медычную спецыялізацыю і зрабіцца з тэрапеўта кардыёлагам ці эндакрынолагам і т.п. Наступствы гэтага адчуваюць на сабе пацыенты.

«То бок, спецыялісты як бы ёсць, і адначасова іх нібы няма» – кажа Станіслаў Салавей, указваючы, што толькі 60% у беларускіх рэгіёнах атрымліваюць сучасную медычную дапамогу. У Польшчы для параўнання гэты паказнік дасягае 90%.

Электронная паліклініка

Каб задаволіць патрэбу беларусаў у сельскіх раёнах і малых гарадах у кваліфікаваных урачах, беларускія медыкі ў выгнанні прыдумалі анлайн-платформу «Раёнка» для таго, каб лекары-эмігранты маглі дапамагаць суайчыннікам унутры Беларусі.

Праект арыентуецца на тых, каму складаней атрымаць неабходную медычную дапамогу. Гэта, у прыватнасці, шматдзетныя сем’і, людзі з інваліднасцю, прадстаўнікі ЛГБТК+, былыя палітзняволеныя і іншыя ўразлівыя групы. Асобны акцэнт зробяць на жыхарах рэгіёнаў: асноўнай аўдыторыяй бачаць людзей па-за Менскам і абласнымі цэнтрамі, дзе доступ да вузкіх спецыялістаў можа быць больш абмежаваным.

Тэхнічна «Раёнка» будзе дзейнічаць на базе платформы «Тры сланы». Карыстальнікі перад зваротам павінны будуць прайсці праверку, пасля чаго змогуць кантактаваць з медыкамі ў чаце або праз відэазванок без неабходнасці ўключаць камеру. Сэрвіс таксама дазволіць перадаваць вынікі аналізаў і атрымліваць каментар спецыяліста. Станіслаў Салавей апісвае задуму як своеасаблівую электронную паліклініку, дзе асноўныя магчымасці для кансультацыі будуць сабраныя анлайн.

Арганізацыя адной кансультацыі абыдзецца праекту прыкладна ў 30 еўра. Фінансаваць працу сэрвісу збіраюцца праз фандрайзінг. Такім чынам, «Раёнка» павінна злучыць дзве групы беларусаў, якія цяпер знаходзяцца па розныя бакі мяжы: медыкаў, што працуюць за межамі краіны, і людзей у Беларусі, якім патрэбныя дадатковая прафесійная парада, другое меркаванне або доступ да вузкага спецыяліста.

Запуск “Раёнкі” плануецца на верасень 2026 года. 

Скрыншот YouTube @svetlana_tsikhanouskaya

Выхаванец магілёўскай спортшколы плануе выступаць за харватскую каманду

Выхаванец магілёўскай СДЮШАР-7 17-гадовы футбаліст Ягор Малчан чакае рашэння па трансферу яго з мінскага ў заграбскае “Дынама”.

Набраны па абвестцы

Футбольная кар’ера Ягора Малчана пачалася яшчэ з дзіцячага садка і дзякуючы яго першаму трэнеру – Юрыю Варламаву, піша выданне Betting Insider. Менавіта ён разглядзеў у пяцігадовым хлопчыку футбольны талент і нават пайшоў насуперак тагачасным правілам. Справа ў тым, што калі Варламаў у 2004 годзе прыйшоў працаваць у магілёўскую СДЮШАР-7, набіраць дзяцей маладзейшых за шэсць гадоў афіцыйна не дазвалялася.

Аднак трэнер вырашыў не чакаць. Ён сам абышоў дзіцячыя садкі, расклеіў аб’явы і па выхадных бясплатна праводзіў трэніроўкі для самых маленькіх. За два гады яму ўдалося сабраць чатыры групы, агулам каля шасцідзесяці дзяцей.

З гэтай кампаніі пазней выйшлі некалькі футбалістаў юнацкіх зборных Беларусі. Але, паводле Варламава, Ягор Малчан адрозніваўся ад іншых літаральна з першых заняткаў. Ён прызнаецца, што хлопчык быў мацнейшы за аднагодкаў ужо тады, хаця пазней моцна дадалі і іншыя выхаванцы.

Галоўным талентам Малчана трэнер лічыць не прыродныя здольнасці, а выключную працавітасць. Паводле яго слоў, хлопец практычна не развітваўся з мячом. Трэніраваўся не толькі на занятках, але і дома, пастаянна працаваў над тэхнікай і фізічнай падрыхтоўкай. Менавіта гэта, на думку Варламава, і стала галоўнай прычынай сённяшніх поспехаў футбаліста.

Не менш важным ён лічыць і тое, што Ягор ніколі не захварэў на «зорную хваробу», якая, паводле трэнера, часта перашкаджае таленавітым юнакам раскрыць свой патэнцыял.

Чаму Ягор апынуўся ў мінскім “Дынама”, трэнер распавядаць не хоча. “Лепш у бацькоў спытаць. Усё з маёй падачы пайшло, яны адвезлі Ягора. Развал у нас тут пайшоў, а “Дынама” – гэта ўсё ж такі твар рэспублікі” – кажа ён.

Наперадзе – Харватыя?

Цяпер Ягор Малчан можа зрабіць наступны крок у сваёй кар’еры. Паводле інфармацыі спецыялізаваных футбольных выданняў, калі малады паўабаронца дачакаецца станоўчага рашэння па магчымым пераходзе ў заграбскае «Дынама», то будзе гуляць у адным з наймацнейшых клубаў Харватыі, які рэгулярна ўдзельнічае ў еўракубках.

Варламаў ацэньвае перспектывы свайго выхаванца асцярожна. Ён мяркуе, што канчатковае рашэнне могуць прыняць ужо пасля таго, як футбалісту споўніцца 18 гадоў, а гэта адбудзецца 13 жніўня 2026 года.

Нягледзячы на тое, што многія яго былыя вучні сёння гуляюць у прафесійных клубах, трэнер кажа, што падтрымлівае сувязь практычна з кожным з іх. Не стаў выключэннем і Ягор Малчан, які і цяпер дзеліцца са сваім першым настаўнікам навінамі пра важныя этапы сваёй футбольнай кар’еры.

Для самога ж Варламава галоўным застаецца не магчымы трансфер у Еўропу, а тое, што яшчэ адзін хлопчык, якога ён калісьці прывёў у футбол насуперак бюракратычным правілам, здолеў даказаць: вялікая кар’ера можа пачынацца на звычайнай дзіцячай трэніроўцы ў Магілёве.

Дзіцячы футбол у Магілёве аплочваюць бацькі

Што ж да дзіцячага футбола ў Магілёве, то тут трэнер выбітнага футбаліста не хавае расчаравання. Юрый Варламаў сцвярджае, што значную частку выдаткаў на паездкі і турніры даводзіцца пакрываць бацькам. А дзіцячыя трэнеры, якія выхавалі гульцоў для прафесійных клубаў і нацыянальных зборных, фактычна не атрымліваюць за гэта належнага прызнання і ўзнагароджання. Пра сваю трэнерскую зарплату Варламаў кажа, што жыць толькі на яе складана.

Асобна трэнер згадвае і новы футбольны манеж у Магілёве, які, паводле яго, будаваўся найперш для дзяцей, але дзіцячыя каманды ўсё роўна часта вымушаныя трэніравацца зімой на адкрытым паветры.

Фотаздымак: Betting Insider

Магілёўшчына і алкагалізм: трэцяе месца ў 2025 годзе, першае – у 2022-м. Пра што сведчаць даныя Белстата?

На мінулым тыдні Белстат апублікаваў свежыя даныя пра першасную захворвальнасць на алкагалізм у Беларусі. Прэса паведаміла пра іх як пра добрую навіну: за 20 гадоў колькасць новых выпадкаў скарацілася больш чым удвая, а самым пітушчым рэгіёнам застаецца Віцебская вобласць (188 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва). Магілёўская вобласць – на ганаровым трэцім месцы са 162,7 выпадка. Гомельская, Гродзенская і Мінская вобласці – ззаду.
Праблема ў тым, што калі паглядзець не толькі на 2025 год, а на пяць гадоў запар, карціна па Магілёўшчыне выглядае зусім інакш.
Пяць гадоў у першай тройцы
Даныя Белстата па колькасці зарэгістраваных пацыентаў з упершыню ў жыцці ўстаноўленым дыягназам «алкагалізм» і «алкагольны псіхоз» на 100 000 насельніцтва:

Год Магілёўская вобласць Месца па краіне
2021 165,5 2-е
2022 193,0 1-е
2023 190,4 2-е
2024 180,0 3-е
2025 162,7 3-е

Ні ў адзін з апошніх пяці гадоў Магілёўшчына не выпадала з першай тройкі самых пітушчых рэгіёнаў Беларусі. У 2022 годзе – была першай. Абсалютнае першае месца па алкагалізме ў краіне. Праўда, Белстат асобна гэтыя даныя не падсвечваў, а ў дзяржаўныя СМІ яны не траплялі.
Цяпер, калі Магілёўшчына фармальна на трэцім месцы, сітуацыя выглядае як «у нас усё лепш, самы пітушчы – Віцебск». Але за пяць гадоў мы былі ў тройцы заўсёды, а ў 2022 годзе – на першым месцы.
Розніца са сталіцай
Магілёўская вобласць у 2025 годзе – 162,7 выпадка на 100 тысяч. Мінск – 79,8. Розніца больш чым у два разы.
У 2021 годзе яна была ў 2,8 раза (165,5 супраць 58,6). За чатыры гады разрыў скараціўся, але не таму, што рэзка палепшылася сітуацыя ў вобласці, – а таму, што ў Мінску рэгістрацыя алкагалізму вырасла (з 58,6 да 79,8, плюс 36 працэнтаў за чатыры гады). У Магілёўскай вобласці за той жа перыяд паказчык знізіўся ўсяго на два працэнты (са 165,5 да 162,7).
Гэта, калі задумацца, дзіўная дынаміка. Паводле афіцыйнай версіі, у сталіцы п’юць усё больш, а ў вобласці – усё менш.
Больш рэалістычнай выглядае іншая інтэрпрэтацыя: у Мінску сталі больш актыўна ставіць на ўлік, таму што там больш дыягнастычных магчымасцяў і больш падстаў для звароту. А ў вобласці – або ставяць на ўлік менш, або людзі радзей звяртаюцца, або частка рэгістрацый перанесена ў статыстыку суседніх абласцей і Мінска, куды частка жыхароў ездзіць лячыцца.
Што ж адбылося ў 2022 годзе?
Рэзкі скачок са 165,5 у 2021 годзе да 193,0 у 2022 годзе – гэта плюс 17 працэнтаў за год. Для адной вобласці гэта вельмі шмат. Па краіне ў цэлым за той жа перыяд рост быў больш сціплым (са 136,9 да 154,9, плюс 13 працэнтаў). Гэта значыць, Магілёўшчына ў 2022 годзе «ўпёрлася рагамі ў зямлю» мацней, чым уся краіна.
Што магло стаць прычынай? Гіпотэз некалькі, і ўсе яны сур’ёзныя:

2022 год – гэта першы поўны год пасля маштабных санкцый супраць Беларусі і першага вялікага адтоку працаздольнага насельніцтва пасля пратэстаў 2020 года. Эканамічны стрэс, беспрацоўе і агульная трывога традыцыйна павышаюць узровень спажывання алкаголю. Магілёўшчына, як памежная і залежная ад расійскага гандлю вобласць, магла пацярпець мацней;
змена практыкі рэгістрацыі. Менавіта ў 2021-2022 гадах у Беларусі ішло рэфармаванне наркалагічнай службы, са змяненнем умоў пастаноўкі на ўлік і зняцця з яго. Частка тых, хто раней не трапляў у статыстыку, магла трапіць у яе ў 2022 годзе ў выніку новай методыкі;
у 2022 годзе ў Беларусі прайшла серыя адміністрацыйных кампаній супраць «сацыяльна небяспечных паводзін», у тым ліку з прыярытэтам на выяўленне алкагалізму сярод супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Магілёў з яго вялікай колькасцю КСУПаў і прамысловых вытворчасцяў мог даць больш высокі водгук на гэтую кампанію, чым больш урбанізаваная Мінская вобласць.
Што дэманструе паказчык насамрэч
Ёсць адзін важны момант, які ў публікацыях пра рэгіянальную статыстыку ніколі не разбіраецца. «Колькасць упершыню ў жыцці ўстаноўленых дыягназаў» – гэта не ўзровень рэальнага спажывання алкаголю. Гэта ўзровень працы медыцынскіх устаноў па пастаноўцы дыягназу.
Калі ў вобласці працуе наркалагічны дыспансер з добрым фінансаваннем і актыўнымі выязнымі брыгадамі – лічба будзе вышэйшая. Калі праз адток медыцынскіх кадраў скарочаны стаўкі, а ўрачам паставілі іншыя прыярытэты, – лічба будзе ніжэйшая пры тым жа рэальным спажыванні.
Рэальны ўзровень п’янства ў вобласці вызначаецца зусім іншымі паказчыкамі:
продажы легальнага алкаголю па абласцях (Белстат публікуе, але нерэгулярна і са спазненнем);
ацэнка ценявога абароту самагону (ў адкрытых крыніцах адсутнічае);
смяротнасць ад прычын, звязаных з алкаголем, па абласцях (даныя Міністэрства аховы здароўя, публікуюцца з вялікім спазненнем);
выпадкі алкагольнага ап’янення пры ДТЗ і на вытворчасці.
З гэтага набору ў адкрытым доступе па Магілёўшчыне за 2025 год – няма нічога зусім. Гэта значыць, казаць пра «трэцяе месца» як пра паляпшэнне – значыць падмяняць адно пытанне другім. Палепшылася не сітуацыя з п’янствам. Палепшылася месца ў рэйтынгу рэгістрацыі.
Пяцігадовы ж шэраг сведчыць пра іншае. Магілёўская вобласць – адна з самых пітушчых у краіне. Стабільна, увесь гэты час, з першым месцам у 2022 годзе.
Фота ілюстрацыйнага характару.

Па Рудэі плавае “Бухлаход”

Незвычайны двухпавярховы плыт можна заўважыць на водасховішчы Рудэя ў Чавускім раёне.

Плыт «Бухлаход» ужо некалькі гадоў прыцягвае ўвагу адпачываючых на водасховішчы. Аўтары незвычайнай канструкцыі расказалі, што пабудавалі яе ўласнымі сіламі для адпачынку на вадзе.

Ідэя ўзнікла ў кампаніі аматараў гідрацыклаў. Паводле аднаго з іх, Максіма, падчас катанняў яны нярэдка чулі нараканні ад людзей, якія адпачывалі на пляжах.

Каб не перашкаджаць іншым, сябры вырашылі стварыць сабе ўласнае месца для адпачынку – плывучую пляцоўку.

На будаўніцтва сабраліся 17 чалавек. Яны разам набылі матэрыялы і спачатку зрабілі адзін паверх. Пазней надбудавалі другі, а пасля сябры падарылі яшчэ і шыльду з назвай «Бухлаход».

З таго часу кампанія выкарыстоўвае плыт для сумеснага адпачынку на вадасховішчы, не займаючы месца на беразе і не перашкаджаючы іншым адпачываючым.

Фотаздымак: Інстаграм vidosy_mogilev

На Магілёўшчыне зніжалася колькасць самазабойстваў

Магілёўшчына ў 2022 годзе знаходзілася сярод рэгіёнаў Беларусі, дзе колькасць суіцыдаў найменшая.

Згодна даных, прыведзеных у аналізе суіцыдальных паводзін беларусаў, які зрабіў прафесар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Бараноўскі, на Магілёўшчыне ў 2022 годзе было зафіксавана 120 выпадкаў самазабойстваў. У той час як у Гродзенскай – 170, у Брэсцкай і Мінску – па 207, у Гомельскай – 228, у Мінскай – 242, Віцебскай – 259.

Карціна з колькасцю суіцыдаў на 100 тыс. насельніцтва адносна Магілёўскай вобласці не надта адрозніваецца ад статыстыкі ў абсалютных лічбах. На Магілёўшчыне адбылося ў той год 12 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва. Менш толькі ў Мінску – 10,4 выпадкі. У той жа час на Брэсчыне і Міншчыне – па 16,5, на Гомельшчыне – 16,8, Гродзеншчыне – 16,9, Віцебшчыне – 23,5.

Таксама У Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе адбылося значнае зніжэнне, як абсалютных паказчыкаў, так і ўзроўню суіцыдаў у параўнанні з 2021 годам – са 194 агульных і 19 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва да 120 агульных і 12 выпадку ў 2022 годзе. Пры гэтым у цэлым па Беларусі ў 2022 годзе ў параўнанні з 2021 годзе назіралася толькі нязначнае зніжэнне агульных і адносных паказчыкаў суіцыдаў (з 1482 агульных і 15,9 выпадку на 100 тыс. насельніцтва ў 2021 годзе да 1433 агульных і 15,5 выпадку ў 2022 годзе).

Фотаздымак: pixabay.com

Цяжкахворая Ксюша Маісеенка атрымала выратавальны ўкол

Трохгадовай Ксюшы Маісеенка з Магілёва сёння ўвялі прэпарат Zolgensma.

Дзяўчынцы ўвялі самы дарагі ў свеце прэпарат, які каштаваў каля 1,8 млн долараў, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця». Пра гэта піша Оnliner. 

Нагадаем, што медыкі далі дабро на выкарыстанне Zolgensma, бо заўважылі пазітыўныя змены ў стане Ксюшы.

У 2024 годзе дзячынцы паставілі дыягназ спінальная мышачная атрафія (СМА) другога тыпу – рэдкае генетычнае захворванне, якое паступова пазбаўляе чалавека здольнасці рухацца, дыхаць і ў выніку прыводзіць да смерці.

У свеце існуе эфектыўнае лячэнне – генная тэрапія Zolgensma, якая ўводзіцца аднаразова. Аднак яе кошт складае каля 1,8 мільёна долараў, а ў Беларусі гэтае лячэнне не ўваходзіць у праграмы бясплатнай медыцынскай дапамогі.

Асаблівасць гісторыі Ксюшы ў тым, што дзяўчынка жыве ў магілёўскім Доме дзіцяці. Яе маці засталася адна, не справілася з цяжарам сітуацыі і здала дзяўчынку. Толькі пасля таго як пра яе даведаліся валанцёры, быў арганізаваны збор сродкаў, і неабходную суму ўдалося сабраць усяго за месяц.

Сабраныя грошы былі пераведзены на рахунак РНПЦ «Маці і дзіця», які замовіў і аплаціў самыя дарагія ў свеце лекі. Зараз Ксюша знаходзіцца ў гэтай мінскай медустанове.

Фотаздымак: Оnliner.by

Жыхароў Магілёўшчыны запрашаюць праверыць ныркавыя камяні

Дзяржкамітэт судэкспертыз па Магілёўскай вобласці гатовы за 140 рублёў праверыць хімічны склад вашых ныркавых камянёў.

Інфармацыя пра такую магчымасць у судовых экспертаў з’явілася на сайце дзяржкамітэту ў Магілёве. “Дзяржаўныя медыцынскія судовыя эксперты-хімікі, заключыўшы дамову з грамадзянінам, правядуць даследаванне камянёў на прадмет іх хімічнага складу і выдадуць заключэнне экспертызы. Хімічны склад камянёў (фрагментаў), якія адышлі самастойна альбо атрыманых з дапамогай хірургічнага ўмяшання, правяраецца па найбольш часта сустракаемым дзесяці паказчыках”, – рэкламуе сваю платную паслугу структура, якая жыве за кошт бюджэта, то бок за кошт грамадзян, якіх і запрашае з камянямі на платнае даследаванне.

Паводле яе, нядаўна двое магілёўцаў прыносілі на праверку свае камяні. У адным выпадку грамадзянін падаў тры ныркавых каменя масай 0,177 грама. У іх складзе эксперты выявілі аксалат-іёны, фасфат-іёны і іёны кальцыя. Шэраг іншых правяраемых іёнаў (рэчываў) не выяўлена.

У другім выпадку даследавалася два ныркавых каменя масай 0,110 грама. У іх складзе эксперты выявілі таксама фасфат-іёны і іёны кальцыя.

Як адзначаюць эксперты, высвятленне хімічнага складу камянёў дазваляе вызначыць тактыку далейшага лячэння.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

У Магілёве адкрыўся самы высокі вулічны скаладром Беларусі

На вуліцы Індустрыяльнай запрацаваў новы спартыўны аб’ект, якога трэнеры і спартсмены чакалі некалькі гадоў: адкрыты скаладром вышынёй 17 метраў – рэкордны паказчык для падобных збудаванняў у краіне. Па вышыні канструкцыя супастаўная са звычайнай пяціпавярхоўкай.

Пляцоўка пабудавана на базе дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву «Вікторыя».

Скаладром мае дзве вертыкальныя дарожкі: адна прызначаная для адпрацоўкі хуткаснага пад’ёму, другая – для праходжання трас павышанай складанасці. Арганізатары падкрэсліваюць, што збудаванне адпавядае алімпійскім стандартам.

Паводле даных гарадскога аддзела спорту, скалалажаннем у Магілёве сёння займаюцца каля 300 дзяцей. Трэніроўкі ідуць як у профільным аддзяленні клуба «Вікторыя», адкрытым год таму, так і ў цэнтрах дадатковай адукацыі. Да гэтага часу ў горада не было ўласнай адкрытай пляцоўкі – заняткі праходзілі ў невялікіх залах.

У дзень адкрыцця на новай пляцоўцы прайшлі спаборніцтвы, прысвечаныя 759-годдзю Магілёва. За ўзнагароды змагаліся спартсмены Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей.

Права паказальнага адкрыцця трасы атрымаў Ігнацій Максімаўцоў – самы хуткі скалалаз Беларусі.

Чэмпіён высока ацаніў узровень зачэпак, параўнаўшы іх з якаснымі расійскімі спаборніцтвамі, і адзначыў, што аб’ект падыдзе не толькі пачаткоўцам, але і дасведчаным атлетам. Паводле яго слоў, з’яўленне высокіх скаладромаў па-за межамі сталіцы непасрэдна ўплывае на канкурэнцыю: спартсмены з рэгіёнаў атрымліваюць магчымасць адпрацоўваць хуткасць, якая раней была даступная пераважна мінчукам.

Зараз скаладром працуе ў асноўным для прафесійных спартсменаў, але хутка яго змогуць выпрабаваць і аматары.

Падрыхтаваныя атлеты прыйдуць са сваім рыштункам, для пачаткоўцаў на месцы будуць працаваць інструктары. Прэйскурант на паслугі ў горадзе яшчэ прапрацоўваюць.

Фота «Беларусь Сегодня».