Шклоўская калонія ўдакладніла: яны супраць замежных вітамінаў не з беларускіх аптэк

Адміністрацыя калоніі №17 Шклова ўдакладніла патрабаванні да лекаў замежнай вытворчасці, якая не прымуць у якасці перадачы для вязняў.

Раней паведамлялася, што у гэтай калоніі для вязняў цяпер дазволены толькі вітаміны і вітамінныя комплексы беларускай вытворчасці.

Паводле тлумачэння адміністрацыі, перадаваць дазволена вітаміны любых вытворцаў, але толькі тыя, што ўваходзяць у асартыментны пералік беларускіх аптэк. У якасці прыкладу прыводзіцца папулярны вітамінны комплекс «Супрадзін» нямецкага канцэрна Bayer.

Калі сваякі набудуць яго ў беларускай аптэцы, калонія павінна прыняць перадачу. А вось такі самы «Супрадзін», прывезены з Германіі, можа не прайсці турэмны кантроль. Асабліва калі на ўпакоўцы няма дублявання надпісаў па-руску.

Такім чынам, адзін і той жа вітамінны комплекс у залежнасці ад месца пакупкі можа аказацца для адміністрацыі калоніі прымальным або непрымальным. Таму сваякам зняволеных раяць захоўваць аптэчныя чэкі. Яны могуць спатрэбіцца, каб даказаць, што вітаміны былі набытыя менавіта ў Беларусі.

Мяркуецца, што такое патрабаванне можа дзейнічаць не толькі ў шклоўскай калоніі, але і ў іншых папраўчых установах. Аднак пацверджанняў з іншых калоній пакуль няма.

У выніку атрымліваецца своеасаблівая турэмная фармакалогія: нямецкія вітаміны з беларускай аптэкі падыходзяць, а тыя ж нямецкія вітаміны непасрэдна з Германіі могуць выклікаць пытанні. І галоўным доказам прыдатнасці прэпарата для перадачы становіцца не толькі яго склад, але і рускамоўны надпіс на ўпакоўцы ды беларускі касавы чэк.

Фотаздымак: belapan.com

Ад журналіста-палітвязня магілёўскай калоніі сталі радзей прыходзіць лісты

З палітвязнем калоніі №15 Магілёва, гродзенскім журналістам Дзянісам Івашыным пагоршылася ліставанне.

«Лістоў даўно няма, і ідуць яны доўга. Папярэднія паштоўкі з лістамі больш чым 2 тыдні таму напісаныя. Падчас тэлефанаванняў, якія адбываюцца нават часцей за атрыманне новай карэспандэнцыі ад Дзяніса, ён кажа, што ўсё ў парадку, ніякіх навінаў ці зменаў з ім не адбываецца», – распавяла жонка палітзняволенага Вольга Івашына Радыё “Свабодзе”.

У сваім нядаўнім лісце, змест якога Вольга выклала ў Фэйсбуку, Дзяніс вырашыў апісаць свае бачанне сітуацыі ў свеце і рэгіёне.

“Час імчыць наперад, яго немажліва спыніць, пакінуць у статысе. Шмат каму хацелася б менавіта гэта. Аднак паступовае развіццё гісторыі немажліва спыніць. Яна насычаная падзеямі, якія сведчаць пра ўвесьчаснае змяненне, трансфармацыю грамадска-палітычнага жыцця, сацыяльна-эканамічных рэалій etc. Камусьці хацелася будаваць тысячагадовыя імпэрыі, ствараць “светлую будучыню”, аднак, у выніку дзеяння часу яны апынуліся на сметніку гісторыі. На нашых вачох адбываюцца фундамэнтальныя змены ў калісці ідэаляґічных бастыёнах, у розных рэгіёнах свету. З развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, з улікам татальнае глабалізацыі (у тым ліку і эканомікі), падвышэння дабрабыту, якасці жыцця, павялічэння патэнцыялу чалавечага жыцця гэтыя змены маюць экспанентны рост. І важліва заўжды памятаць: мінулае заўжды прайграе будучыні. Тутака – без варыянтаў”, – напісаў магілёўскі палітвязень.

Даведка: 

Дзяніс Івашын – журналіст, пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы Час». У 2021 годзе затрыманы КДБ РБ, яму прад’яўленыя абвінавачванні ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Калегі мяркуюць, што прычынай затрымання сталі яго расследавання аб прыёме былых супрацоўнікаў украінскага «Беркута» ў беларускія сілавыя структуры і іх наступны ўдзел у падаўленні масавых пратэстаў. У верасні 2022 года быў асуджаны да 13 гадоў калоніі.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Праграміста з Бабруйска асудзілі па палітычнай справе

Суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў крымінальную справу 49-гадовага праграміста з Бабруйска Сяргея Сініцкага. 

Мужчына ў свой час закончыў БДУІР, факультэт радыётэхнікі і электронікі. Доўгі час працаваў праграмістам на ААТ “Беларусьгуматэхніка”. Пасля – на той жа пасадзе ў буйным перапрацоўшчыку шын “Экавер”.

Праграміста абвінавацілі ў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Яму прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу.

Фотаздымак: “Наша ніва”

Палітвязня з ампутаванай нагой перавялі з магілёўскай турмы ў бабруйскую калонію

Асуджанага на 20 гадоў зняволення палітвязня Уладзіміра Гундара, у якога ампутавана нага, вярнулі з магілёўскай турмы №4 ў калонію №2 Бабруйска.

Аб пераводзе, які адбыўся напачатку кастрычніка 2026 года, “Радыё Свабода” даведалася ад сваёй інфармаванай крынцы. 

У гэтай калоніі 66-гадовы Уладзімір Гундар ужо адбываў пакаранне раней, але ў кастрычніку 2023 году суд прызначыў палітвязню больш строгі, турэмны рэжым і яго адправілі ў магілёўскую турму. Цяпер трохгадовы тэрмін скончыўся. Але, паводле прысуду, за кратамі Гундару заставацца яшчэ 13 гадоў.

Актывіста і краязнаўцу з Баранавічаў Уладзіміра Гундара затрымалі 30 снежня 2020 году па так званай «справе Аўтуховіча» – нібыта за падрыхтоўку тэракту. У 2023 годзе ў выніку двух судоў паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу палітвязня асудзілі агулам на 20 гадоў зняволення.

Мужчына мае інваліднасьць другой групы – у яго ампутаваная нага вышэй калена. У зняволенні Гундару забараняюць карыстацца пратэзам, ён перасоўваецца на мыліцах. Падчас знаходжання ў гарадзенскай турме №1 Уладзімер Гундар меў праблемы са слыхам, цяпер у яго трывала падвышаны ціск.

Акрамя таго, палітвязень паскардзіўся на пагаршэнне зроку і яму спатрэбіліся новыя, больш моцныя акуляры.

Праваабаронцы ўключылі Гундара ў спіс 170 палітвязняў, якія паводле здароўя знаходзяцца ў асабліва ўразлівым стане, і дамагаюцца яго найхутчэйшага вызвалення.

Фотаздымак: Радыё Свабода

Магілёўскі КДБ завербаваў палітвязня для працы ў Польшчы – той выехаў і ўсё расказаў

23-гадовы Вадзім Пашкоўскі, які раней адбываў пакаранне ў калоніі №17 у Шклове, заявіў, што пасля вызвалення яго пад пагрозай новага вялікага тэрміну прымусілі пагадзіцца на супрацоўніцтва з КДБ. Паводле яго слоў, магілёўскія супрацоўнікі спецслужбы планавалі адправіць яго ў Польшчу, дзе ён мусіў заводзіць знаёмствы і паведамляць пра свае кантакты. Гісторыю Пашкоўскага апублікавала «Гомельская вясна».

Пашкоўскі – жыхар Жлобіна. Яго асудзілі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у пратэснай акцыі пасля выбараў 2020 года. Спачатку ён адбываў пакаранне ва ўстанове адкрытага тыпу ў Гродне, пазней яго перавялі ў шклоўскую калонію №17. Вызваліўся ён у снежні 2025 года.

Пасля вызвалення Пашкоўскі ўладкаваўся інжынерам на прадпрыемства канцэрна Kronospan у Магілёве. Паводле яго аповеду, летам 2026 года, калі ён збіраўся звальняцца, на прадпрыемстве яго сустрэлі двое мужчын у цывільным і адвезлі ва ўпраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці. Там яго распытвалі, правялі паліграф, а пазней, як сцвярджае мужчына, без панятых ператрусілі арандаваную кватэру і забралі тэлефон ды ноўтбук.

Пашкоўскі заяўляе, што пасля гэтага яму паставілі выбар: пагадзіцца на «камандзіроўку» альбо рызыкаваць атрымаць да 15 гадоў зняволення паводле падазрэння ў прамысловым шпіянажы. Ён кажа, што згадзіўся, бо баяўся зноў трапіць у турму.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі КДБ патрабавалі, каб ён выехаў у Польшчу, легалізаваўся там, заводзіў знаёмствы і паведамляў пра людзей, з якімі кантактуе. Яму таксама нібыта давалі інструкцыі, як звязвацца з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі і атрымліваць гуманітарную візу. Для далейшай сувязі прапаноўвалася выкарыстоўваць Telegram і VPN, а кантакт з супрацоўнікам спецслужбы мусіў выглядаць як звычайная перапіска са старым сябрам.

У Польшчу Пашкоўскі ўехаў уначы 3 кастрычніка. Ён сцвярджае, што загадзя не збіраўся выконваць заданні КДБ і пасля выезду вырашыў публічна расказаць пра вярбоўку. Такім чынам, паводле яго, ён хоча спыніць любое супрацоўніцтва з беларускай спецслужбай.

Незалежнага пацвярджэння апісаных ім эпізодаў пакуль няма. Заявы Пашкоўскага перадаюцца як яго асабістае сведчанне.

Раней mogilev.media неаднаразова пісаў пра ўмовы ў шклоўскай калоніі №17. У верасні былы палітвязень расказваў пра беззаконне і ціск у гэтай установе.

Крыніца ілюстрацыі: «Гомельская вясна», фота Вадзіма Пашкоўскага.

Сведка па першым палітычным прысудзе Магілёва вучыць студэнтаў «формуле патрыёта»

Былыя кіраўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Магілёва, які ў 2020 годзе затрымліваў і афармляў пратэстоўцаў, знайшлі сабе новыя месцы.
Дзе яны цяпер, высветліла каманда MAYDAY. Самы прыкметны лёс у падпалкоўніка Паўла Башарымава: у маі 2024 года ён атрымаў прэмію «Дасягненне», у кастрычніку таго ж года выйшаў на пенсію ў 48 гадоў і ўладкаваўся кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні ў агралесатэхнічны каледж імя Арлоўскага ў Буйнічах.
На новым месцы Башарымаў таксама ўжо адзначаны. У конкурсе «PRO-воспитание» Міністэрства адукацыі ўзнагародзіла яго дыпломам III ступені ў намінацыі «ProМужество: Формула патриота».
Сваю формулу былы міліцыянер правяраў у 2020 годзе на актывісце Станіславе Паўлінковічы, якога ў маі судзілі за ўдзел у акцыі «кармленне галубоў». Пачуўшы чарговае рашэнне, ён сарваўся на суддзю Ленінскага раёна Аксану Ратнікаву.
Адзіным сведкам, які сам чуў гэтыя словы, на судзе аказаўся Башарымаў. Справа стала першым палітычным крымінальным прысудам у Магілёве: у кастрычніку 2020 года Паўлінковіч атрымаў тры гады «хіміі».
Калегі Башарымава па цэху таксама нядрэнна ўладкаваліся. Уладзімір Паўлаў, які ў 2022 годзе часова ўзначальваў аддзел, перайшоў у Кастрычніцкі РАУС, а цяпер кіруе спецыялізаваным ізалятарам УУС аблвыканкама – былым выцвярэзнікам.
Падпалкоўніка Аляксандра Пушына, першага намесніка начальніка РАУС, які камандаваў міліцыяй у аблсудзе падчас працэсу над Сяргеем Ціханоўскім, у штатным раскладзе аддзела больш няма. Яго месца заняў Аляксей Шакун, які да гэтага адказваў у РАУС за ідэалагічную работу і кадры.
Паўлінковіч за нястрыманыя словы ў судзе адбыў два гады «хіміі». Башарымаў за падаўленне пратэстаў атрымаў прэмію «Дасягненне», пенсію ў 48 гадоў і дыплом Міністэрства адукацыі за «формулу патрыёта».

Фота «Вясна».

22-гадовая бабруйчанка трапіла пад палітычны пераслед

У Магілёве асудзілі 22-гадовую бабруйчанку Юліяну Малачкову па абвінавачванні ў экстрэмізме.

Дзяўчына нядаўна скончыла Мінскі каледж прадпрымальніцтва. Цяпер у біяграфіі яе з’явіўся яшчэ і палітычны прысуд Магілёўскага абласнога суда, піша “Наша ніва”. Малачкову судзілі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

У чым канкрэтна заключалася гэтае «садзейнічанне», з прадстаўленай інфармацыі невядома. Не паведамляецца ні пра дзеянні дзяўчыны, якія сталі падставай для крымінальнай справы, ні пра тое, каму ці якой структуры яна нібыта дапамагала.

Вядома толькі, што суд прызнаў бабруйчанку вінаватай і прызначыў ёй абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Бабруйску пройдуць здымкі прапагандысцкага серыяла пра міліцыю

У Бабруйску прапануюць зняцца ў масоўцы серыяла пра міліцыю “Слова афіцэра”.

Здымкі пачнуцца 2 кастрычніка. Пра гэта паведамляе кастынг-агенцтва Vita Аrt і запрашае прайсці кастынг на ўдзел у масоўцы фільма. У асноўным патрабуюцца мужчыны ад 20-25 да 60-65 гадоў. Жанчыны такога ж ўзросту спатрэбяцца пры здымках рабочых завода. Будзе і чатыры мужчынскія гульнявыя ролі з рэплікамі.

Серыял ад “Беларусьфільма” плануецца з трыма сезонамі па восем серый у кожным. Першы сезон ахоплівае 1941-1986 гады. “Праект раскажа пра жыццё міліцыянераў і іх сем’яў, прафесійны абавязак і гонар”, – сцвярджае праўладная прэса. 

Улічваючы, што гонару ў цяперашніх міліцыянераў няма, а іх слова афіцэра нічога не вартае, можна меркаваць, што серыял будзе насіць выключна прапагандысцкі характар, каб абяліць злачынствы лукашэнкаўскіх міліцыянераў перад беларускім народам, якія асабліва былі заўважны падчас і пасля падаўлення пратэстаў 2020-2021 гадоў.

У фільме здымаюцца як беларускія, так і расійскія акцёры. У прыватнасці, Уладзімір Гасцюхін, які ў сакавіку 2022 года падпісаў зварот у падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну. У СМІ заўсёды выступаў у падтрымку беларускага дыктатара.

Галоўная роля ў расійскага акцёра Кірыла Кузняцова 1991 года нараджэння. Ён прытрымліваецца адкрытай праўладнай пазіцыі, патрымлівае расійска-ўкраінскую вайну.

Фотаздымак: sb.by

Інстаграм-акаўнт бабруйскага блогера Мікіты Бялевіча прызнаны экстрэмісцкім

Суд Кіраўскага раёна абвесціў экстрэмісцкім Інстаграм-акаўнт блогера з Бабруйска Мікіты Бялевіча “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Паводле інфармацыі з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, у яго ад 23 верасня 2026 года ўваходзіць акаўнт у Інстаграме пад назвай mikita_suzuki, які мае  ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/mikita_suzuki.

Мікіта Бялевіч лічыцца зоркай беларускага TikTok, з’яўляецца аўтарам і вядучым канала «Годная музыка». Ён нарадзіўся і вырас у Бабруйску, жыў у Мінску, вёў трэвел-блог на YouTube «Бусь Беларусь» і вучыў беларусаў ганарыцца сабой.

“Мая задача – паказаць, колькі крутога ёсць у Беларусі, колькі ўсяго класнага робяць беларусы і беларускі. Давайце ганарыцца тым, што мы самі ствараем”, – гаварыў блогер. Пасля арышту вясной 2022 года Мікіта пакінуў радзіму. Зараз жыве ў Літве.

Фотаздымак: backstage.place

Бацька лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай пад хатнім арыштам

Бацька лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай, ураджэнкі Клімавічаў, знаходзіцца пад хатнім арыштам. 

Пра рэпрэсіі, якія закранулі яе сям’ю, спартсменка, якая цяпер выступае за Польшчу, распавяла польскаму выданню Sport.pl. Паводле Крысціны, часам яна размаўляе з бацькамі па відэасувязі, але бываюць перыяды, калі нават гэта немагчыма. «Да бацькоў прыходзілі розныя людзі, і гэта было б для іх небяспечна», – сказала Ціманоўская.

«Сітуацыя такая: мой бацька знаходзіцца пад хатнім арыштам. А мама побач з ім», – распавяла спартменка. Прычыны хатняга арышту бацькі спартоўка не ўдакладніла.

Святлана Ціманоўская таксама заклікала спартоўцаў падтрымліваць палітвязняў. Яна хацела б дапамагчы лёгкаатлетцы Ганне Шпак, асуджанай на тры з паловай гады зняволення. Пры гэтым прызналася, што не ведае, як рэальна паўплываць на яе сітуацыю.

Фотаздымак: Agencja Wyborcza.pl