Незалежныя сродкі масавай інфармацыі патрэбныя любой краіне. Яны не даюць ёй канчаткова аскацініцца. Нагадваем пра тры гучныя карупцыйныя справы на Магілёўшчыне, пра якія ў дзяржСМІ – поўная цішыня.
Былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ Генадзь Дзенгалеў сядзіць у мінскім СІЗА КДБ – той самай «амерыканцы». Справа звязана з фінансамі, але артыкул, сутнасць прэтэнзій, працэсуальны статус і дата затрымання невядомыя. Вядома іншае – калі чыноўнік знік.
На пачатку жніўня 2025 года Дзенгалеў яшчэ віншаваў будаўнікоў з прафесійным святам, на 9 жніўня ў яго была запланаваная прамая тэлефонная лінія, пасля чаго на публіцы ён больш не з’яўляўся. Толькі 15 студзеня 2026 года на яго месца ўзгаднілі Ігара Клішо – былога падначаленага, які з 2019 года ўзначальваў абласны камітэт па архітэктуры і будаўніцтве. Пяць месяцаў крэсла намесніка старшыні пуставала, а калі і чаму сышоў Дзенгалеў, публічна не паведамілі. Аблвыканкам абышоўся без тлумачэнняў і на ўласным сайце.
Адрас афіцыйнай біяграфіі Дзенгалева цяпер адкрывае біяграфію Клішо – з ранейшай датай публікацыі, 12 ліпеня 2022 года. Намесніка старшыні не звольнілі са старонкі, а запісалі паверх.
Чалавек пры гэтым не выпадковы. Дзенгалеў усё жыццё будаваў: кіраваў УКБ Магілёўскага гарвыканкама, Галоўным упраўленнем капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, «Мінскаблсельбудам». Лукашэнка ўзгадняў яго двойчы – у 2017 годзе старшынёй Барысаўскага райвыканкама і ў маі 2022-га намеснікам старшыні ў Магілёў.
Другая гісторыя пра чыноўнікаў-хабарнікаў ярчэйшая. У лютым 2025 года старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка ўручыў званне «Чалавек года Магілёўшчыны» Аляксандру Лаўрыновічу – «дэпутату» Магілёўскага гарадскога «савета дэпутатаў» і дырэктару ТАА «Фестывалі Бай». Дзяржаўная «Трыбуна працы» пералічвала заслугі лаўрэата: суарганізатар патрыятычнай акцыі «Беларусь, вперед!» і рэаліці-шоу «Фабрика блогеров», якому, паводле слоў газеты, няма аналагаў у рэспубліцы. З 2022 года прадзюсар яшчэ і працаваў настаўнікам у песенным тэлешоу «Звездный путь».
Праз год «Чалавек года» з’ехаў з краіны. У сакавіку 2026 года Следчы камітэт забараніў яму прадаваць долі ў кампаніі, а з 10 красавіка магілёўскі «дэпутат» лічыцца ў вышуку – падазраваным па карупцыйнай справе, у якой фігуруе больш за 200 тысяч рублёў, а падставай стала арганізацыя гарадскіх мерапрыемстваў у Брэсце. Прозвішча з’явілася ў базе ў красавіку, даведаліся пра гэта толькі ў жніўні.
Дзяржаўныя газеты і тэлеканалы, якія яшчэ нядаўна ставілі Лаўрыновіча ўсім у прыклад, журботна маўчаць.
Трэцяя гісторыя – прыступкай ніжэй. Дырэктар УКП «Быховский жилкомхоз» Дзмітрый Ліпскі знік пасля таго, як 21 сакавіка 2025 года каля гарадской лазні яго машыну абшукалі магілёўскія сілавікі і запрасілі дырэктара прайсці ў службовы кабінет. Улетку таго ж года затрыманы па падазрэнні ў хабарніцтве Ліпскі яшчэ значыўся дырэктарам на сайце райвыканкама. Яго прозвішча прыбралі, але графа «Дырэктар» пустуе ўжо паўтара года.
Куды падзенецца Ліпскі, было зразумела загадзя. Да жылкамгаса ён служыў у быхаўскай міліцыі і сышоў адтуль не па-добраму, потым без прыкметных поспехаў кіраваў ЖКГ у Крупках. Разбіраючы абяцанні дырэктара ператварыць Быхаў у падабенства Рыа-дэ-Жанэйра, мы яшчэ да ператрусу каля лазні папярэджвалі, што працоўных подзвігаў ад яго чакаць не варта. Кадравае сіта райвыканкама былы міліцыянер пры гэтым прайшоў двойчы – спачатку намеснікам дырэктара, потым дырэктарам.
Для тых, хто піша пра такія гісторыі, словы ў сілавікоў знаходзяцца заўсёды. У лістападзе 2023 года КДБ унёс праект 6TV Belarus і mogilev.media ў пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў», пайменна назваў датычных і пералічыў усе сайты, каналы і старонкі ў сацсетках.
Пра тое, у якіх камерах сядзяць топ-чыноўнікі Лукашэнкі і дзе хаваюцца ад пакарання «людзі года», жыхары Магілёўшчыны даведваюцца з выданняў, падтрымка якіх у Беларусі – крымінальны артыкул. ДзяржСМІ – маўчаць у анучку.
Тут усё проста. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі патрэбныя любой краіне. Яны не даюць ёй канчаткова аскацініцца. Прыбіраеш іх з інфармацыйнай прасторы і атрымліваеш тое, што мы маем цяпер у Беларусі, – поўнае скоцтва.
Фота з адкрытых крыніц.