У асіповіцкай артбрыгадзе праводзяць праверку, мабілізавалі людзей з запасу

Дзеля праверкі 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады ў яе мабілізавалі ваеннаабавязаных з запасу.

Праверка ў адной з артылерыйскіх брыгад была абвешчана днём 24 жніўня 2026 года. Яна была прыведзена ў вышэйшую ступень гатоўнасці. Пазней Міністэрства абароны паведаміла, што гаворка ідзе пра 51-ую гвардзейскую, якая знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне. Для таго, каб брыгада прайшла праверку, у яе мабілізавалі людзей з запасу.

“Праца ідзе планава, без зрываў, людзі зараджаныя, мы гатовыя выканаць гэтую задачу. З атрыманнем мабілізацыйных рэсурсаў плануецца выхад на палігон, дзе асабісты склад, прызваны з запасу, адновіць свае навыкі. Ва ўстаноўленыя тэрміны брыгада будзе гатовая выканаць пастаўленую задачу ў любым пункце нашай краіны”, – заявіў камандзір падраздзялення Сяргей Чайко.

Адметна, што ў той жа час ў Асіповіцкім гарнізоне пачаўся вучэбна-метадычны збор з афіцэрамі-выпускнікамі, якія прыбылі ў злучэнні і воінскія часці, падпарадкаваныя Генштабу.

Раптоўная маштабная праверка Узброеных Сіл Беларусі па даручэнні Лукашэнкі пачалася ў студзені. Па трывозе па асабістым загадзе беларускага дыктатара падымаліся розныя воінскія часці – у абыход Генштаба і Мінабароны. 

Цяпер пачаўся “першы элемент праверкі другога паўгоддзя”. Падчас яго «асаблівая ўвага будзе нададзеная пытанням выкарыстання сучасных спосабаў агнявога паражэння і кіравання ім з улікам досведу вайсковых канфліктаў ва Украіне і Іране», распавядаў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Фотаздымак: ТГ Мінабароны РБ

У Асіповічах карупцыянера пакаралі штрафам і працай у вольны час

Жыхар Бабруйска амаль два з паловай года краў будматэрыялы з будоўляў, карыстаючыся службовым становішчам. Суд паставіўся да карупцыянера суперлагодна.

Бабруйчанін, займаючы пасаду вытворцы работ прамысловага прадпрыемства, у сілу сваіх службовых абавязкаў арганізоўваў пастаўку будаўнічым аб’ектам матэрыялаў, забяспечваў іх захаванасць і эфектыўнае выкарыстанне, вёў ўлік матэрыяльных каштоўнасцяў.

Адначасова, са снежня 2023 года па красавік 2026 года, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, у працоўны час выкрадаў з тэрыторыі будаўнічых аб’ектаў у Асіповічах і раёне электраабсталяванне, кабельную прадукцыю, мантажныя вырабы, будаўнічыя матэрыялы, інструменты і іншую маёмасць, што належыць прадпрыемству. Агульная сума скрадзенага склала звыш 12 тыс. рублёў, а гэта ўжо буйны памер.

Калі злачынцу злавілі і аддалі пад суд, то там ён ўсё прызнаў, раскаяўся і цалкам кампенсаваў урон.

Фармальна, прызначанае пакаранне нібыта адэкватнае злачынству – чатыры гады зняволення, штраф у 4,5 тыс.рублёў і забарона на пяць гадоў займаць адказныя і кіруючыя пасады. Аднак у рэчаіснасці асноўнае пакаранне – гады зняволення – замянілі на тры гады адтэрміноўкі з абавязкам у вольны ад працы час выканаць грамадска карысныя працы ў аб’ёме 100 гадзін. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Ялізаве праблема з дактарамі, а ў школе кожны другі настаўнік – пенсіянер

Асіповіцкія раённыя ўлады прыехалі пагутарыць у Ялізава. Прыхаваць праблемы не ўдалося нават суправаджаючай гэты выезд мясцовай раёнцы.

У Ялізава награнуў цэлы дэсант чыноўнікаў прычым з самымі галоўнымі з іх у раёне – старшыні райвыканкама Геворга Мелканяна і старшыні райсавета, былога намесніка начальніка Магілёўскага абласнога УУС, Уладзіміра Рыжанкова. Тэмай прыезда была работа Ялізаўскага сельскага выканаўчага камітэта па забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Нават беручы пад увагу толькі расповед аб чыноўніцкім дэсанце ў раённай газеце “Асіповіцкі край”, бачна, што работа гэтая пакідае жадаць лепшага.

Урачэбная таямніца

Напрыклад, сфера медыцыны. Участковая бальніца ў Ялізаве аб’ядноўвае стацыянар, амбулаторыю агульнай практыкі, а таксама Свіслацкі і Красненскі ФАПы. У штаце на ўвесь участак два лекары, 16 работнікаў сярэдняга медперсаналу і 12 – малодшага. Бальніца абслугоўвае 15 населеных пунктаў, 3 403 чалавекі, у тым ліку 2 366 жыхароў рабочага пасёлка.

Цяпер зазірнем у Дзяржаўныя сацыяльныя стандарты. Дзеючы нарматыў прадугледжвае сумарна аднаго урача агульнай практыкі, які абслугоўвае адначасова дарослае і дзіцячае насельніцтва (а сэнсу трымаць у ялізаўскай бальніцы ўрачоў-спецыялістаў няма) з разліку 1 лекар на 1 300 чалавек. Фармальна, для выканання нарматыву гэтага дастаткова, а вось якімі сіламі абслугоўваць яшчэ 800 чалавек – ужо незразумела. Пры гэтым наяўнасць стацыянара і тэрытарыяльна раз’яднаных населеных пунктаў можа абгрунтоўваць патрэбнасць і ў дадатковым медыцынскім рэсурсе – гэта ўжо варта разлічваць па штатных нарматывах канкрэтных падраздзяленняў, а не толькі па нарматыве «1 лекар на 1 300 жыхароў». А 16 работнікаў сярэдняга медперсаналу і 12 малодшага персаналу не могуць замяніць кваліфікаванага ўрача.

Аднак, згодна мясцовай уладзе, “у цэлым медабслугоўванне насельніцтва арганізавана з улікам аддаленасці пасёлка ад райцэнтра і забяспечвае даступнасць асноўных відаў першаснай медыцынскай дапамогі, дыягностыкі, прафілактычных мерапрыемстваў і стацыянарнага лячэння”. І уся праблема, якую заўважылі чыноўнікі – пытанне асфальтавання пляцоўкі каля ўваходу ў амбулаторыю і пад’езда да яе.

Школьныя “плюсы”

“У Ялізаўскай СШ вучыцца амаль 230 дзяцей, сад наведвае 65 выхаванцаў. На жаль, колькасць навучэнцаў, як і ўсюды, памяншаецца. Але ў гэтым можна ўгледзець таксама некаторыя плюсы: кожнаму дзіцяці надаецца больш увагі”, – такія цікавыя высновы робіць праўладная газета. Пра абагульненне, што ўсюды колькасць навучэнцаў памяншаецца, хочацца запытацца: дзе – “усюды”? Калі браць Беларусь, то гэта амаль праўда, але ёсць і іншыя месцы на зямлі, дзе такой тэндэнцыі няма. А калі браць такі сумнеўны “плюс” як тое, што “кожнаму дзіцяці надаецца больш увагі”, то паўстае пытанне, навошта ўвогуле трэба было ліквідоўваць малакамплектныя школы, бо там было ледзьве не індывідуальнае навучанне?

Акрамя таго, цяпер каля паловы настаўнікаў у ялізаўскай школе – людзі пенсійнага ўзросту. Элементарна школе не хапае педагогаў. Мелканян заклікаў “гадаваць свае кадры”. Хочацца пажадаць поспехаў у гэтай кадрагадоўлі.

Вада і гандаль

Ялізава вядома сваім шклозаводам. У яго нібыта ўсё ідзе вельмі добра – расце вытворчасць, рэалізуюцца інвестпраекты. Аднак гэта слаба адбіваецца на камунальнай сферы раёна. Так, з-за высокага зносу вадаправоных труб нярэдка здараюцца прарывы, што стварае людзям значныя нязручнасці. Толькі ў 2027 годзе плануецца рэканструкцыя вадаправоднай сеткі на вул. Зялёнай – вул. Паркавай працягласцю 770 пагонных метраў.

Пакрысе закрываюцца магазіны ў Ялізаве. У лістападзе 2025 года мы пісалі пра закрыццё крамы райспажыўтаварыства ў мікрараёне Прыгарадны. Цяпер стала вядома пра тое, што закрыліся аб’екты Клічаўскага райспажыўтаварыства – магазін “Прамтавары” і кафэ-бар “Бос”. Аднак чыноўнікі, паводле раёнкі, не пакінулі гэтую праблему без увагі – пытанне прапрацоўваецца. Гэта значыць, варта чакаць новых закрыццяў крам у Ялізаве.

Фотаздымак: “Асіповіцкі край”

Другая аварыя за тры тыдні на адным закругленні. Дарога – «Асіповічы-Баранавічы»

На 32-м кіламетры дарогі Р-91 «Асіповічы-Баранавічы» 63-гадовы кіроўца Lada на закругленні ўправа выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з МАЗам. Кіроўца легкавога аўтамабіля загінуў на месцы, дзве яго пасажыркі ў бальніцы. Прычыны высвятляюцца.

Дзевятнаццаццю днямі раней, 24 ліпеня, на 12-м кіламетры гэтай жа дарогі перакуліўся вайсковы грузавік: 20-гадовы кіроўца МАЗа не справіўся з кіраваннем на закругленні. Двое пасажыраў, якія знаходзіліся ў кузаве, 21 і 26 гадоў, загінулі на месцы, яшчэ пятнаццаць чалавек адвезлі ў бальніцу.

Тры тыдні, трое загінулых. У абедзвюх зводках паўтараецца адно і тое ж слова – закругленне. Усё гэта на адной дарозе .

Фота “Міліцыя Магілёўшчыны”.

У Асіповіцкім раёне магчыма сустрэча з мядзведзем

У наваколлях аграгарадка Ліпень Асіповіцкага раёна быў заўважаны мядзведзь. 

Пра тое, што паблізу Ліпеня быў заўважаны крывалапы лясны жыхар, паведаміў Асіповіцкі вопытны лясгас. Навіна імгненна завірусілася ў інтэрнэце. Грамадзян заклікалі праяўляць максімальную асцярожнасць. 

Спецыялісты лясной галіны папярэджваюць, што пры сустрэчы з мядзведзем у лесе галоўнае правіла – нельга ўцякаць, а трэба паспрабаваць павялічыць свой “аб’ём” – напрыклад, падняць куртку або заплечнік уверх на выцягнутых руках.

Таксама раяць не выходзіць у адзіночку на ўскраіны палёў і ў лясныя масівы, пазбягаць участкаў з высокай травой, таксама пры выпадковай сустрэчы не спрабаваць наблізіцца да звера або сфатаграфаваць яго – трэба павольна сыходзіць, не паварочваючыся спіной да мядзведзя.

Фотаздымак: Асіповіцкі вопытны лясгас

Спалохаўся ветлівай адмовы. У Асіповічах п’яны мужчына ўдарыў хлопца бутэлькай па галаве

Пакуль пра Асіповічы разважаюць у сувязі з размешчанымі там расійскімі ракетнымі комплексамі, звычайнае жыццё ў горадзе ідзе сваёй чарадой.

Трыццацішасцігадовы мужчына ўвесь вечар піў дома з прыяцелем. Калі бутэлька апусцела, пара паехала па дабаўку – на электрасамакаце, каб хутчэй. У краме ўзялі спіртное і закуску, на зваротным шляху мужчына заўважыў хлопцаў на лаўцы і паспрабаваў завязаць размову. У размове яму ветліва адмовілі.

Далей, калі верыць міліцэйскай зводцы, п’янаму мужчыну здалося, што хлопцы збіраюцца напасці і адабраць самакат. Ён размахнуўся і ўдарыў аднаго з іх па галаве бутэлькай – той самай, якую толькі што купіў. Затрымалі гаваркога задзіру проста на месцы, цяпер мужчыне пагражае крымінальная адказнасць за хуліганства.

Фота «МагілёўАнлайн».

У Асіповічах да Дня горада спякуць пірог вагой больш за 40 кілаграмаў

Асіповіцкі хлебазавод рыхтуе да Дня горада пачастунак амаль прамысловага маштабу — пірог вагой больш за 40 кілаграмаў.

Як паведамляе выданне «Асіповіцкі край», гіганцкую выпечку падзеляць на сегменты з розным начыннем. Сярод заяўленых варыянтаў — мак і разынкі, але арганізатары абяцаюць і іншыя смакі.

Пакаштаваць пірог змогуць наведнікі святочных мерапрыемстваў у гарадскім парку. Правядзенне Дня горада запланавана на 1 жніўня.

Так што ў гэтым годзе ў Асіповічах можна будзе не толькі паглядзець канцэртную праграму, але і літаральна адрэзаць сабе кавалак гарадскога свята.

Фота ілюстрацыйнае

У Асіповічах 5-гадовая дзяўчынка выпала з вакна трэцяга паверха

У Асіповічах дзяўчынка гуляла на балконе кватэры на трэцім паверсе пад наглядам бацькі. Той ненадоўга адышоў, а дачка тым часам узлезла на дзіцячую ванначку і выпала з вакна.

Пасля падзення дзяўчынка самастойна дайшла да пад’езда, адкуль яе да кватэры данесла суседка. Малую тэрмінова шпіталізавалі. Цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі ў стабільным стане.

Фота БелТА.

Жыхар Асіповіцкага раёна абрабаваў дом, у якім працаваў

Два жыхары Асіповіцкага раёна дапамагалі разбіраць згарэўшую дачу, адзін з іх аказаўся нячыстым на руку.

Пенсіянерка з Мінска, якая мае дачны ўчастак у адной з вёсак Асіповіцкага раёна, пасля пажару наняла мясцовага жыхара, каб разабраць завалы і адшукаць рэчы, якія яшчэ можна было выкарыстаць. Той узяў сабе ў дапамогу знаёмага.

Пакуль адзін працаваў, другі, як высветлілася пазней, прыглядаўся не столькі да наступнага аб’ёму работы, колькі да маёмасці гаспадыні.

Ведаючы, што найбольш каштоўныя рэчы захоўваюцца ў незамкнёнай летняй кухні, 48-гадовы мужчына праз некалькі дзён вярнуўся туды ўжо без запрашэння. Скарыстаўшыся тым, што на ўчастку нікога не было, ён забраў індукцыйную настольную пліту, электрачайнік і набор кухонных нажоў.

Калі праз некалькі дзён на дачу прыехала гаспадыня, адсутнасць рэчаў яна заўважыла адразу. Пасля гэтага жанчына звярнулася ў міліцыю.

Праваахоўнікі хутка выйшлі на падазраванага. Скрадзеныя рэчы знайшліся ў яго дома. У дачыненні да жыхара Асіповіцкага раёна распачалі крымінальную справу за крадзеж.

Фотаздымак з адкрытых крыніц.

Ураджэнку Асіповічаў асудзілі па палітычным артыкуле

Мінскі абласны суд асудзіў да “хатняй хіміі” медыка родам з Асіповічаў Аляксандру Чаховіч.

Аляксандры Чаховіч 24 гады. Апошнія гады дзяўчына жыла ў Мінску: з яе сацсетак вядома, што яна працавала медыкам і ўвосень 2025 года шукала пакой у арэнду.

У ліпені 2026 года Мінскі абласны суд вынес Аляксандры прысуд паводле часткі 1 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Ураджэнцы Асіповічаў прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу.

Фотаздымак: “Наша ніва”