Кніга пра вёску Заполле прэзентавана на Глушчыне

Кніга прадпрымальніцы Святланы Зерэ, якая сабрала гісторыі жыхароў вёскі Заполле, прэзентавалі проста на вуліцы гэтага населенага пункта.

Нагадаем, што кніга была выдадзена ў верасні. У першыя ж выходныя пасля сёлетняга свята Пакрова, яе прэзентавалі жыхарам вёскі. Дарэчы, калісьці ў старыя часы ў Заполлі праходзіў даволі вялікі кірмаш. Даволі аб’ёмнае выданне пабачыла свет дзякуючы ўраджэнцу Заполля Анатолю Глазу і ўласна прадпрымальніцы. І кожны, хто прыйшоў на прэзентацыю, атрымаў свой экзэмпляр кнігі.

“Калі я ўбачыла, як мала пра нашу вёску вядома, то вырашыла, што тут жывуць людзі, якія яшчэ нешта памятаюць і нешта ведаюць і могуць паспець расказаць. Таму мы збіралі гісторыі. Дзякуй вялікі тым, хто адгукнуўся, хто даў інтэрв’ю”, – сказала на прэзентацыі аўтар кнігі.

Як ужо паведамлялася, кніга стала працягам праекта, які пачаўся ў траўні 2024 года сайтам аб вёсцы zapolle.by. Яго ініцыятарам і стваральнікам таксама была Святлана Зерэ. 

“Вось так, дзякуючы неабыякавым людзям, удалося захаваць память пра маленькую беларускую вёсачку”, – распавядае тэлеграм-канал “Мястэчка Глуск”. Праўда, кніга выдадзена на рускай мове, беларуская, як можна зразумець, у аўтара не ў пашане.

Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”

Мінская блогерка выдала кнігу аб роднай вёсцы Заполле Глускага раёна

Прадпрымальніца і блогерка Святлана Зерэ рыхтуе ў кастрычніку 2026 года прэзентацыю сваёй кнігі аб вёсцы Заполле, што на Глушчыне.

Вяртанне ў сваю прастору

Кніга мусіць стаць працягам праекта, які пачаўся ў траўні 2024 года сайтам аб вёсцы zapolle.by. Яго ініцыятарам і стваральнікам была Святлана Зерэ. Яна нарадзілася ў Бабруйску, а зараз жыве ў Мінску. Ёй 42 гады. Як блогер мае аўдыторыю ў 123 тыс. падпісчыкаў.

У вёсцы Заполле прайшло яе дзяцінства, там быў бабулін дом, які яна спачатку хацела проста аднавіць, каб захаваць месца, з якім звязаныя дзіцячыя гады, яе род, яе ўспаміны. Аднак потым было вырашана будаваць дом з нуля. “Мы пачалі будаўніцтва ў верасні 2023 года, а ў чэрвені 2025-га адсвяткавалі наваселле”, – кажа яна выданню Мagilev.by. Потым Заполле стала займаць у жыцці жанчыны і яе сям’і больш месца, чым напачатку планавалася.

“Раней Мінск быў маім асноўным жыццём, а Заполле – месцам, куды я прыязджала. Цяпер гэта ўжо два паўнавартасныя прасторы майго жыцця. І я ўсё часцей кажу: “На выходныя еду дадому”, маючы на ўвазе вёску”, – адзначае Святлана.

Ад сайта да кнігі

 

Гістарычны сайт вёскі стаў першым этапам па захаванні памяці, але з часам узнікла жаданне захаваць гісторыю ў больш адчувальнай форме. Так з’явілася рашэнне надрукаваць кнігу.

“Пасля Новага года да мяне прыехаў чалавек, якога я раней ніколі не бачыла, – Анатоль Глаз. Ён нарадзіўся ў Заполлі, а цяпер жыве ў Мар’інай Горцы. Мы разгаварыліся, і ён спытаў, чаму я не выдаю кнігу. Я адказала шчыра: таму што гэта вельмі дорага”, – ўзгадвае Святлана Зерэ. На гэта госць адказаў, што гатовы прафінансаваць выданне кнігі на 50%. 

І вось цяпер на 17 кастрычніка 2026 года ў Глускім краязнаўчым музеі запланавана прэзентацыя кнігі.

“Ёсць і яшчэ адна прычына, чаму кніга стала важнай. За гэтыя гады сайт вёскі некалькі разоў станавіўся недаступны. Людзі з іншых краін не заўсёды маглі адкрыць яго. Пакуль я жывая, я гэта заўважаю. А што будзе потым? Кніга значна надзейней лічбавага архіва”, – упэўнена аўтар.

Унёсак у гісторыю

 

Аўтар ужо мае свой экзжмпляр кнігі. Наклад жа друкуецца ў друкарні яе сябра Эльвіна Умраева, які з’яўляецца дырэктарам сеткі друкарняў і паліграфічнай кампаніі “Ківі груп”. “Ён робіць гэты праект для мяне практычна па сабекошце. Менавіта таму яго імя таксама ёсць у кнізе – як знак маёй падзякі”, – адзачае Святлана Зерэ.

Усяго ў кнізе на 504 старонках інтерв’ю з 32 людзьмі, звязанымі з Заполлем. “Гэта не прыдуманыя персанажы – гэта рэальныя людзі і рэальныя лёсы. Мне вельмі хочацца, каб аднойчы іх дзеці і ўнукі адкрылі кнігу і ўбачылі ў ёй сваіх родных”, – кажа аўтар. А галоўны чытач – любы чалавек, які мае дачыненне да Заполля. 

“Зусім не абавязкова жыць у вёсцы сёння. Хтосьці нарадзіўся тут. У кагосьці жылі бацькі, бабулі, дзядулі. Людзі раз’ехаліся па Беларусі і па ўсім свеце. Для іх кніга становіцца магчымасцю літаральна ўзяць у рукі частку сваёй сямейнай гісторыі”, – ўпэўнена жанчына. Паводле яе, з 32 герояў інтэрв’ю толькі трое адмовіліся ад падарункавага асобніка, але многія папрасілі яшчэ кнігі і для сваіх дзяцей. 

“Гэтая кніга – мой унёсак у гісторыю Беларусі, якую Я люблю ўсім сэрцам і лічу лепшай краінай для жыцця. Мне хочацца, каб мае дзеці і дзеці іншых сем’яў таксама любілі, бераглі і шанавалі сваю Радзіму”, – кажа Святлана Зерэ.

Фотаздымак: Мagilev.by

Жыхарка Глуска ўпрыгожыла малюнкамі праблемныя сцены свайго пад’езда

У адным з пад’ездаў шматпаверховага дома ў Глуску па вуліцы Кірава на сценах першага паверха з’явіліся малюнкі.

Прыгажосць у пад’ездзе па ўласнай ініцыятыве зрабіла адна з яго жыхарак, якая не захацела апублічвання свайго імя. Таму пры жанчыну распавялі суседзі.

Пад малюнкамі – залатаная тынкоўка, якая адслаіся з часам. Таксама схаваныя сляды таго, што часам пакідаюць на сценах людзі, якія не вельмі задумваюцца, як выглядае агульная прастора. 

Жанчына прывяла ў парадак і свой тамбур, упрыгожыла яго, а каля ўваходу ў пад’езд нават павесіла дошку аб’яў, каб суседзям было зручней знаёміцца з рознымі паведамленнямі. 

Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”

Глуск наведаў спявак, які ідзе пешшу з Мінска ў Гомель

Будаўнік з Мінска, лідар сола рок-гурта “22 пытанні” Аляксей Ратнікаў завітаў у Глуск падчас свайго пешага падарожжа ў Гомель.

У пешую вандроўку мінскі музыка выправіўся, каб інфармацыйна падтрымаць сваю новую песню. Абраны ім шлях пралягае праз Глуск, дзе, паводле Ратнікава, частка яго сэрца – там жыла жанчына, якая была музай яго праекта і многіх песень.

“Чаму ж я прыйшоў сюды пешшу? Вырашыў я гэта зрабіць, бо гэта самы непапулярны спосаб. Лягчэй сесці ў машыну, за лічаныя гадзіны дабрацца, і ўсё, ты герой. Гэта не для мяне. Таксама яшчэ паслужыў прычынай майго наведвання Глуска нядаўні рэліз песні “Раззадор мяне”. Герой адчувае шматлікія цяжкасці, падарожнічае, і я вырашыў падтрымаць свайго лірычнага героя і прыйсці пешшу, выпрабаваўшы ўсе складанасці, і зрабіць пэўныя высновы”, – распавёў музыка “Мястэчку Глуск”.

Вандроўка Аляксея пачалася ў панядзелак 21 верасня 2026 года. У Глуск ён завітаў на пяты дзень свайго шляху. “Прайшоў я шмат населеных пунктаў, хутары, ішоў лясамі, палямі ў цемры, дождж ішоў, прайшоў праз Старыя Дарогі, і вось ужо на пяты дзень з’явіўся ў вашым мілым горадзе Глуску”, – кажа вандроўнік.

Аляксей не думаў, што шлях ад Мінска да Гомеля будзе вельмі складаным. “Цяжкімі былі другі і трэці дзень, атрымаў траўмы абедзвюх ног. І на другі дзень падарожнічаў 14 гадзін пад дажджом. Гэта не лівень, але ён увесь час цярушыў, ледзь дайшоў да хутара, уначы з тэлефонам у руцэ падсвятляў сабе дарогу, ішоў па лесе ў цемры. Гэта асноўныя выпрабаванні. Усё астатняе было нашмат прасцей”, – узгадвае Ратнікаў.

Ён распавёў, што яго сола рок-гурт “22 пытанні” існуе ўжо не першую пяцігодку. “Гэта больш студыйны праект, яго можна слухаць на стрымінгах у інтэрнэце. Матэрыял на рускай, на беларускай мове прысвечаны рэальным падзеям, рэальным людзям. Гэта значыць – некаторыя мае сябры могуць сябе пазнаць ў песнях гурта “22 пытанні”. Слухайце, любіце рок-н-рол, ну а я рухаюся далей”, – сказаў на развітанне госць Глуска.

Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”

Жыхар Глуска фіктыўна паступіў у расійскае ВНУ і трапіў пад крыміналку

Жыхар Глуска Аркадзь Акуліч стаў студэнтам ВНУ ў расійскім Смаленску, дзякуючы злачыннай схеме, і як яе ўдзельнік асуджаны на вялізны штраф.

Стыпендыяльная схема

Ініцыятарам схемы, паводле матэрыялаў справы, стаў даўні знаёмы Акуліча – на той момант прарэктар Смаленскай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён прапанаваў беларусу, які не меў вышэйшай адукацыі, паступіць на спецыяльнасць «Тэхналогія вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі».

Умовы былі простымі: хадзіць на заняткі, здаваць экзамены і плаціць за навучанне не патрабавалася. Ад Акуліча чакалі толькі дакументаў і банкаўскай карткі, на якую павінны былі паступаць стыпендыя і іншыя выплаты.

У жніўні 2021 года беларуса афіцыйна залічылі на першы курс дзённага бюджэтнага аддзялення. Ён атрымаў картку «Сбербанка» і перадаў яе супрацоўніцы акадэміі разам з PIN-кодам. Калі картку пазней згубілі, Акуліч без праблем аформіў новую і зноў аддаў яе той жа жанчыне.

Акадэмічная ўзаемадапамога

За паўтара года на імя Акуліча акадэмія налічыла ў пераліку каля 1060 долараў у выглядзе стыпендыі і матэрыяльнай дапамогі. Усе гэтыя грошы суд палічыў хабарным узнагароджаннем. Сам «студэнт» у акадэміі фактычна не з’яўляўся. А станоўчыя адзнакі ў яго ведамасці з’яўляліся без яго ўдзелу.

Схема, як высветлілася, была патрэбная не толькі Акулічу. Акадэміі патрабавалася запаўняць бюджэтныя месцы, якія заставаліся незапатрабаванымі. Такім чынам закрывалі кантрольныя лічбы прыёму на асобныя спецыяльнасці.

Паводле паказанняў супрацоўніцы ўстановы, фіктыўных студэнтаў такім чынам набіралі з 2018 года. Ад іх патрабавалася фактычна толькі адно – з’явіцца на дзяржаўным экзамене і абароне дыплома.

З матэрыялаў праслухоўвання тэлефонных размоў вынікае, што Акуліч спрабаваў арганізаваць такім жа чынам паступленне і для свайго сына. У чэрвені 2021 года ён высвятляў у супрацоўніцы акадэміі, як гэта можна зрабіць. Але з сынам схема, відаць, не спрацавала.

Аркадзь Акуліч да дыплома так і не дайшоў. У Расіі яго судзілі і прызналі вінаватым у дачы хабару і прысудзілі штраф у 200 тыс. расійскіх рублёў (прыкладна 2600 долараў).

Фотаздымак: Наша ніва

Суды на Магілёўшчыне – лідары ў транснацыянальных рэпрэсіях

Суды Глускага і Горацкага раёнаў Магілёўскай вобласці шчыруюць на прызнанні “экстрэмісцкімі” замежных арганізацый беларусаў і медыя-рэсурсаў.

Паводле даных Праваабарнчага цэнтру “Вясна”, за прайшоўшы перыяд 2026 года абсалютным лідарам па вынясенні рашэнняў супраць замежных рэсурсаў і надання ім статуса «экстрэмісцкіх матэрыялаў» стаў суд Глускага раёна. На яго рахунку 14 такіх рэпрэсіўных рашэнняў, пераважна ў лютым па дыяспарах і «Народных амбасадах». 

Суд Горацкага раёна на другім месцы. У яго 11 рашэнняў, датычных абвяшчэння “экстрэмісцкімі” вялікіх СМІ і пераследу праваабаронцаў.

Трэцяе месца – за Нясвіжскім райсудом Мінскай вобласці. У красавіку там паставілі на паток забарону суполак дыяспар, вынесшы 10 рашэнняў.

Нагадаем, 4 жніўня 2026 года Горацкі суд прызнаў сайт euronews.com еўрапейскай тэлекампаніі Euronews “экстрэмісцкім”.

Напрыканцы ліпеня 2026 года той жа Горацкі райсуд прызнаў “экстрэмісцкім” сайт найбуйнейшага польскага інфармагенцтва – Польскага агенцтва друку (РАР).

Фотаздымак: тэлеграм-канал ПЦ “Вясна”

На “Сям’ю года” – у міліцэйскай форме. Глускі ўчастковы прывёз сям’ю на конкурс

Участковы міліцыі Глускага РАУС Сяргей Каранец палічыў, што для перамогі ў конкурсе “Сям’я года” дзяцей варта апрануць у міліцэйскую форму, а жонку ў сукенку ў выглядзе чырвона-зялёнага сцяга.

На раённых этапах конкурсу ў вобласці ўдзельнічалі 96 сем’яў. Да абласнога фіналу дапусцілі толькі шэсць – з Дрыбінскага, Магілёўскага, Глускага і Бялыніцкага раёнаў, а таксама Магілёва і Бабруйска. Сярод шасці фіналістаў абласнога этапу асабліва вылучалася сям’я старэйшага ўчастковага інспектара міліцыі Сяргея Каранца. Праўда, не столькі сямейнымі традыцыямі, колькі візуальным увасабленнем таго, як сёння ўлады ў Беларусі разумеюць слова «патрыятызм».

Жонка Сяргея Аляксандра працуе намесніцай дырэктара школы па выхаваўчай працы. Разам яны выхоўваюць траіх дзяцей – сямі, пяці і трох гадоў. Да конкурсу сям’я падрыхтавалася грунтоўна. Жанчына выйшла на сцэну ў спецыяльна пашытай сукенцы ў чырвона-зялёных колерах дзяржаўнага сцяга з арнаментам. Завяршаў вобраз какошнік у той жа каляровай гаме.

А вось траіх малалетніх дзяцей бацькі апранулі ў парадную міліцэйскую форму, таксама пашытую спецыяльна для выступу. Так прафесія бацькі стала часткай сцэнічнага вобраза ўсёй сям’і, уключна з трохгадовым дзіцем. Але і гэтага ім, відаць, падалося недастаткова. Для большай пераканаўчасці на сцэне з’явіліся школьнікі глускай сярэдняй школы №1 – ужо ў вайсковай форме.

Аляксандра Каранец дадала да міліцэйска-вайсковай карцінкі выступ, прысвечаны «Году беларускай жанчыны», пасля чаго разам з мужам выканала песню «Любите Родину».

Так сямейны конкурс, удзельнікі якога мусілі паказаць свой побыт, захапленні, звычаі і традыцыі, у выкананні Каранцоў ператварыўся ў дэманстрацыю дзяржаўнай ідэалогіі – з міліцэйскай формай на дашкольніках, вайскоўцамі-школьнікамі і дзяржаўным сцягам у выглядзе сукенкі.

Без узнагароды такое старанне не засталося. Журы выдала Каранцам асобны дыплом «Патрыёты роднага краю». Праўда, у тройку пераможцаў сям’я міліцыянера ўсё ж не трапіла.

Трэцяе месца аддалі сям’і Гарачавых з Бабруйска, другое – Руцкіх з Бялынічаў. А пераможцамі сталі Баранавы з аграгарадка Буйнічы Магілёўскага раёна. Менавіта яны 12 кастрычніка паедуць у Мінск прадстаўляць Магілёўшчыну ў рэспубліканскім фінале «Сям’і года».

Фотаздымак: ТГ Mayday

Жыхары вёскі на Глушчыне стварылі “Запольскі рай”

Месца адпачынку ў вёсцы Заполле Глускага раёна на беразе ракі Пціч цяпер завецца “Запольскі рай”.

“Тут і сапраўды райскія мясціны з прыгожымі краявідамі. А цяпер паглядзець на іх можна не проста з берага ракі, а седзячы на вось такіх незвычайных арэлях. Іх пабудавалі тут мясцовыя жыхары”, – распавядае журналістка тэлеграм-канала “Мястэчка Глуск”, якая наведала ўпрыгожаны бераг.

Добраўпарадкаванне, сапраўды, выглядае годна. Вялікія драўляныя арэлі, яшчэ упрыгожаныя кветкамі і такая ж драўляная альтанка, дзе можна размясціцца невялікай кампаніяй. Ну а самае галоўнае – радуючыя вока беларуса летнія краявіды – невялікая рачулка і буяючая зеляніна навокал.

“Выдатнае месца для фотасесій, для назірання за прыродай, а таксама для закаханых – памер арэляў дазваляе сядзець удвох”, – падагульняе жанчына. 

Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”

У TikTok з’явіўся відэарасповяд пра колішні Глускі замак

У акаўнце @spadarbelarus у TikTok можна азнаёміцца з гісторыяй – змадэляванай штучным інтэлектам – пабудовы і знікнення Глускага замку.

“Глускі замак – гэта прыклад таго, як мянялася ваеннае мастацтва на беларускіх землях”, – распавядаецца за кадрам, пакуль змяняюцца выявы, згенераваныя штучным інтэлектам, пра тое, як трансфармавалася мясцовасць на месцы цяперашняга Глуску.

Паводле аповеду, першапачаткова ў пачатку 16-га стагодзя там існавала традыційнае драўлянае умацаванне з вежамі і гарадскімі сценамі, але з часам старая сістэма абароны перастала адпавядаць новай рэчаіснасці эпохі гармат і пораху.

“Паваротны момант наступіў у другой палове XVII стагоддзя. Пасля разбурэнняў падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай Глуск адбудоўваецца ўжо інакш. На месцы старога замка з’яўляецца бастыённая крэпасць, сучасная па тагасчасных мерках абарончая сістэма, разлічанная на артэлерыйскую вайну”, – гаворыць голас за кадрам. Пры гэтым на відэа ўзнікае партрэт вялікалітоўскага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Аляксандра Палубінскага.

Паводле расповеду, з таго часу замак атрымаў нізкія, але масіўныя земляныя валы, насыпаныя ў форме шматкутніка з выразна акрэсленнымі бастыёнамі па кутах. 

“Такія бастыёны дазвалялі весті флангавы агонь, абстрэльваючы прасторы перад сценамі і не пакідаючы мёртвых зон. Замест высокіх вежаў – шырокія артэлерыйскія пляцоўкі, замест каменных сцен – зямля, яка лепш утрымлівала ўдары гарматных ядраў. Перад валамі пралягаў глыбокі роў, а ўязныя брамы кантраляваліся з бастыёнаў”, – адзначаецца ў відэа.

Таксама паведамляецца, што ўнутры крэпасці  знаходзіліся жылыя пабудовы, склады, а таксама каменная царква і манастыр бернардынаў у знак таго, што замак быў не толькі ваенным, але адміністрацыйным центрам. 

“Глускі бастыённы замак ахоўваў важны шлях уздоўж Пцічы і заставаўся значным апорным пунктам до канца XVII стагоддзя. Сёння ад яго засталіся толькі рэльефы валоў, але нават яны варазна паказываюць – гэта была не звычайная фартэцыя, а добра прадуманная бастыённая крэпасць новай эпохі” – падагульняецца ў відэа, якое нават размясціў у сваім тэлеграм-канале Глускі райвыканкам.

Скрыншот: TikTok @spadarbelarus

Бесгаспадарчасць у Глуску лечаць бетонам

Будаваць у Глускім раёне сталі ўдвая больш актыўна. За першае паўгоддзе будаўніча-мантажных работ тут выканалі амаль удвая больш, чым за той жа час летась, а агульны аб’ём інвестыцый вырас усяго на восем працэнтаў. Новыя грошы ў раён, выходзіць, не прыйшлі, іх проста пераклалі ў будаўніцтва. Засталося зразумець, у што менавіта. Можа, у дамы для людзей?

У маі ў Глускі раён прыехаў Дзмітрый Круты, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, і глядзеў, як тут узводзяць прафілакторыі для цялят. Іх будуюць адразу пяць:

  • прафілакторый на 236 цялят каля аграгарадка Калатзічы;
  • рэканструяваны малочна-таварны комплекс каля вёскі Дуброва;
  • яшчэ тры прафілакторыі ў гаспадарках раёна.

Навошта раёну столькі новых цялятнікаў, растлумачыў у лютым старшыня Магілёўскага аблвыканкама. Анатоль Ісачанка назваў тры раёны вобласці, дзе буйная рагатая жывёла гіне часцей за ўсё, і Глускі быў сярод іх.

Прычыну ён сфармуляваў без дыпламатыі: «элементарнае невыкананне тэхналогій і бесгаспадарчасць». І асобна агаварыўся, што маразы тут ні пры чым.

Значыць, бесгаспадарчасць лечаць у Глуску бетонам. Бетон, праўда, бывае розны. Той, якім у кіно заліваюць ногі ў тазіку, закрывае пытанне канчаткова, а гэты закрывае толькі паказчык.

Ні тэхналогія, ні ўменне гаспадарыць у камплекце з прафілакторыем не пастаўляюцца, але ў справаздачы ўсё будзе лічыцца перамогай над бесгаспадарчасцю.

Фота БелТА.