Любовь Санкевич

Апазіцыйная грамадская дзеячка Любоў Санкевіч памерла ў Бабруйску

Не стала бабруйчанкі Любові Санкевіч, якая сваёй грамадскай дзейнасцю на карысць праўды і справядлівасці запомнілася жыхарам горада.

Пра смерць жанчыны стала вядома са старонкі ў сацыяльнай сетцы Facebook, дзе родныя паведамілі, што пахаванне адбылося 27 траўня 2026 года.

Любоў Санкевіч была адной з самых вядомых грамадзкіх актывістак Бабруйска. Яе імя неаднаразова з’яўлялася ў незалежных медыя ў сувязі з барацьбой за свае працоўныя правы, удзелам у акцыях пратэсту і крытыкай дзеянняў беларускіх уладаў.

Шырокую вядомасць яна атрымала яшчэ ў 2003 годзе пасля галадоўкі пратэсту супраць звальнення з працы. Бухгалтарка паводле адукацыі, Санкевіч працавала на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Яна сцвярджала, што была звольненая пасля спробаў выкрыць злоўжыванні і раскраданне маёмасці на прадпрыемстве. Не пагадзіўшыся з рашэннем кіраўніцтва, жанчына распачала судовую барацьбу, а пасля заявіла пра фальсіфікацыю матэрыялаў сваёй справы і абвясціла галадоўку.

Актывістка неаднаразова крытыкавала дзяржаўныя органы за нежаданне разглядаць яе скаргі па сутнасці. Паводле яе, нават Міністэрства юстыцыі не запатрабавала ўсіх неабходных дакументаў для поўнага вывучэння абставінаў канфлікту.

Для ўсёй Беларусі Любоў Санкевіч стала вядомай 22 чэрвеня 2017 года. Падчас пікету салідарнасці ў Мінску яна публічна папрасіла прабачэння за тое, што на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе аддала свой голас за Аляксандра Лукашэнку.

Пасля вяртання ў Бабруйск пенсіянерку сустрэлі супрацоўнікі міліцыі. На чыгуначным вакзале яе затрымалі і даставілі ва ўпраўленне для складання адміністрацыйных матэрыялаў. Падчас знаходжання ў аддзяленні жанчыне стала дрэнна, яна выклікала хуткую дапамогу і была шпіталізаваная.

Сваё расчараванне ў Лукашэнцы Любоў Санкевіч тлумачыла разыходжаннем паміж яго абяцаннямі і рэальнымі дзеяннямі. Як прафесійны бухгалтар, яна звяртала ўвагу на супярэчнасці ў дзяржаўнай статыстыцы і эканамічных паказчыках.

Актывістка адкрыта заяўляла пра існаванне карупцыі ў дзяржаўным апараце, крытыкавала эканамічную палітыку ўладаў і гаварыла пра пагаршэнне сацыяльнага становішча грамадзян.

Асобнае месца ў яе грамадскай дзейнасці займала барацьба за сумленныя выбары. Любоў Санкевіч працавала незалежнай назіральніцай падчас выбарчых кампаній, паведамляла пра магчымыя фальсіфікацыі і парушэнні выбарчага заканадаўства. Яна ўваходзіла ў склад «Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры», удзельнічала ў пікетах і акцыях у Бабруйску і Мінску.

За сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю жанчына неаднаразова трапляла пад адміністрацыйны пераслед і атрымлівала штрафы. Аднак гэта не прымусіла яе адмовіцца ад сваіх перакананняў.

Любоў Санкевіч таксама ўздымала тэмы хабарніцтва ў родным горадзе і адкрыта казала пра праблемы, якія, на яе думку, замоўчваліся мясцовымі ўладамі. Менавіта гэтай прынцыповасцю, настойлівасцю і гатоўнасцю адстойваць праўду яна запомнілася многім бабруйчанам.

Фотаздымак: www.facebook.com/liubou.sankevich

← Усе навіны Магілёва