На інструктыўна-метадычным семінары, які прайшоў у Магілёўскім аблвыканкаме, можна было ўбачыць ідэалагічную вярхушку вобласці. Раённыя байцы нябачнага фронту далучыліся да мерапрыемства па Zoom.
Народу выпаў шанец убачыць ідэолагаў вобласці, якія ледзь змясціліся за вялікімі сталамі ў адной з залаў аблвыканкама. І гэта яшчэ не ўсе з шматлікай кампаніі тых, хто клапоціцца, каб думкі жыхароў Магілёўшчыны плылі ў правільным кірунку – раённыя «плеяды» ідэолагаў прысутнічалі на семінары анлайн.
Гэтыя людзі атрымліваюць прыстойную зарплату, пастаянна на нарадах і раз’ездах, як пілігрымы, вандруюць па прадпрыемствах і арганізацыях, каб несці ўсім заблукалым святло ісціны.
Кіраўніца абласной ідэалогіі Кацярына Музычэнка, як заўжды, трапіла у яблычак, прадэманстраваўшы найвышэйшы ўзровень інфармацыйнай пісьменнасці.
Яна данесла свае ідэі да прысутных вельмі ёмкімі, а галоўнае – свежымі метадычнымі фразамі, зрабіўшы асаблівы акцэнт на дзяцей і старых, якія «не знаёмыя з інфармацыйнай пісьменнасцю».
Аднак найбольшае захапленне выклікае не словаблуддзе Музычэнкі, а віртуознае ўменне слухачоў семінара ўладкавацца ў жыцці так, каб увогуле нічога не рабіць.
Фота “Магілёўскія ведамасці”.