Раённыя газеты Магілёўшчыны спаборнічаюць у падачы карыснай інфармацыі для сваіх чытачоў.
Вельмі карысную інфармацыю размясціла хоцімская раённая газета. На думку аднаго з механізатараў, галоўная ўмова якаснага падняцця зябі – наладжванне плугоў.
Наладжванне плугоў – фірмовая фішка аднаго з мясцовых журналістаў, перакананага камуніста.
Акрамя пасвячэння чытачоў у таямніцы апрацоўкі глебы, ён яшчэ выдатна разбіраецца ў нюансах загнівання Захаду і характэрных рысах імперыялістычных акул.
Чаму з такімі ведамі ён дагэтуль не на пенсіі – адна з загадак архаічнай беларускай прапаганды.
Слаўгарадская газета «Прысожскі край» працуе наперад і з дапушчэннямі. Журналісты раптам задаліся пытаннем: што рабіць, калі падчас канфлікту з-за шумнай гульні ў мяч дарослы сусед некалькі разоў ударыў майго дзіця па галаве? Як пакараць мужчыну?
Адказ даў мясцовы ўчастковы: трэба патэлефанаваць у 102.
Адкуль у «Прысожскага краю» такая цікавасць да ўдараў па галаве – яшчэ адна загадка.
А вось у газеце «Асіповіцкі край» далі рэцэнзію на фільм «Переломный момент» і прыйшлі да высновы, што беларускае кіно нарэшце дасягнула ўзроўню «Netflix».
Вось так і жывём. Хтосьці яшчэ не наладзіў свой плуг, каго-небудзь ударылі па галаве пыльным мяшком, а ў кагосьці, ад частых праглядаў «Netflix», пачалася манія велічы.
Фота хоцімскай раённай газеты “Шлях Кастрычніка”.