Быхаў замак

У Быхаве фрагменты замка адрэстаўруюць, а ў Княжыцах касцёл закансервуюць

Бег па замкнёным коле: улады Магілёўшчыны рухаюцца ад рэстаўрацыі да кансервацыі помнікаў нацыянальнай архітэктуры. Вынік – нуль.

Чыноўнікі Магілёўскай вобласці зноў загаварылі пра свае прыярытэты ў праграме аднаўлення абласных помнікаў архітэктуры ў новай пяцігодцы і чарговы раз агучылі свой спіс «жаданняў»:

  • працяг рэстаўрацыі аб’екта палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна; 
  • рэканструкцыя з кансервацыяй даху будынка «Былая казарма», які ўваходзіць у склад Бабруйскай крэпасці; 
  • кансервацыя касцёла Святога Мікалая ў Княжыцах; 
  • рэканструкцыя з рэстаўрацыяй дзвюх вежаў і кансервацыя фрагментаў замка Сапегі ў Быхаве.

Гэтыя абяцанні жыхары вобласці чуюць пастаянна: і пры «дыктатуры» Уладзіміра Даманеўскага, і ў гады «адлігі» Пятра Рудніка, і ў «эпоху адраджэння» Леаніда Зайца. Вынік заўсёды быў адзін і той жа: помнікі архітэктуры вобласці ператвараліся ў фрагменты, затым – у руіны, а «рэстаўратары-кансерватары» змянялі адзін аднаго. Падаецца, што разлічваць на «срэбны век» Анатоля Ісачанкі асабліва няма чаму, бо, напрыклад, у Быхаве ўжо самі руіны патрабуюць рэканструкцыі.

Фота з адкрытых крыніц.