трактарны біятлон

На палігоне БДСГА пройдзе трактарны біятлон

У Горках арганізуюць трактарны біятлон. Хуткасць, трапнасць і бездарожжа – усё, як любяць «моцныя гаспадарнікі».

Спаборніцтвы па трактарным біятлоне пройдуць 21 лютага на вучэбным палігоне Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Яны прымеркаваныя да Дня абаронцы Айчыны, а «ў барацьбу за прызавыя месцы ўвяжуцца не толькі будучыя аграрыі, студэнты профільных ВНУ, але і вопытныя механізатары».

У праграме – хуткасныя заезды на трактарах і проста катанне, салдацкая каша, юшка і нават фірмовы плоў ад дэкана факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі акадэміі.

Самі ж спаборніцтвы выглядаюць як гонкі на трактарах па перасечанай мясцовасці з праходжаннем устаноўленых этапаў і стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі.

Спаборніцтвы, паводле задумы арганізатараў, павінны прадэманстраваць магутнасць і манеўранасць айчыннай сельгастэхнікі.

Даўно пара. «TikTok» забіты ролікамі, у якіх паказана, як звышмагутныя і суперманеўраныя «Беларусы» яшчэ і ламаюцца з неверагоднай хуткасцю.

Калі з чым праблем не ўзнікае, дык толькі з бездарожжам. 

Карацей кажучы, ударым біяятлонам па бездарожжы і разгільдзяйстве!

Фота “Беларусь Сегодня”.