Бадзяжныя сабакі ўжо не першы месяц гаспадараць на вуліцах Краснаполля. Камунальныя службы не вырашаюць праблему.
Пра тое, што бяздомныя сабакі пужаюць сваім выглядам жыхароў райцэнтра, раённая газета “Чырвоны сцяг” пісала яшчэ ў снежні 2025 года. Але проста выгляд здзічэлага пса – гэта паўбяды. Фіксаваліся выпадкі, калі такія сабакі кідаліся на мінакоў.
Журналісты раёнкі тады сцвярджалі, што яны самі неаднаразова звярталіся з гэтай просьбай у УВКП «Жылкамунгас». “Нам адказвалі, што спецыялізаваную службу яны выклікаюць за свае сродкі, а для гэтага трэба толькі звярнуцца з пісьмовай заявай да іх. Таксама на нашай памяці былі выпадкі, калі падобная служба проста не знаходзіла ў раёне бадзяжных сабак і з’язджала, так і не выканаўшы сваю місію” – гаварылася ў газетным артыкуле.
І вось мінула некалькі месяцаў, наступіў сакавік 2026 года, але праблема па-ранейшаму не вырашана. “Групоўкі, інакш не скажаш, чатырохногіх сяброў чалавека акупавалі вуліцы і двары. Прычым паводзяць яны сябе не як госці, а як паўнапраўныя ўладальнікі нерухомасці: важна адпачываюць ля ўваходаў у крамы, ладзяць шумныя «разборкі» і з непадробнай цікавасцю даглядаюць змесціва смеццевых бакаў” – зноў піша раёнка.
Пры гэтым нават праўладныя журналісты бачаць, што схема “заява – грошы – адлоў” дае нейкі дзіўны збой. Спецслужбы прыязджаюць, аглядаюць славутасці Краснаполля і з’язджаюць. Грошы ж такім чынам асвойваюцца без якога-небудзь станоўчага выніку для жыхароў райцэнтра.
“Ці то сабакі ў нас занадта хітрыя і валодаюць навыкамі маскіроўкі, ці то прафесіяналы глядзяць не ў тыя двары. У выніку: грошы УВКП “Жылкамунгас”, вельмі немалыя, асвоеныя, справаздачы напісаныя, а зграі як сядзелі ў цэнтры, так і сядзяць” – канстатуе “Чырвоны сцяг”.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
