медыцына

У Магілёве крытыкуюць беларускую медыцыну

Незадаволенасць аснашчэннем устаноў аховы здароўя на Магілёўшчыне вылілася ў тэлеграм-канал “Вячэрняга Магілёва”.

“Наша медыцына патрабуе значнай перабудовы, асабліва ў сельскай мясцовасці, раённых цэнтрах. Па ўсіх пытаннях: памяшканні, абсталяванне, лекі, спецыялісты. На жаль, пакуль усё зводзіцца да скарачэння і знішчэння” – напісаў магілёвец Аляксей Таранаў.

Паводле яго, усё пачалося з “аптымізацыі” яшчэ савецкай медыцыны. “Прыйшлі тады да кіраўніцтва новыя начальнікі і вырашылі, што яны самыя пісьменныя, самыя разумныя, самыя дасведчаныя спецыялісты. І панеслі ерась або па-навуковаму “аптымізацыю”. І давяла яна да таго, што маем” – са скрухай кажа чытач тэлеграм-канала.

Ён распавёў, што ў нейкай магілёўскай паліклініцы ў хірурга не знайшлося нашатырнага спірту і “бегалі шукалі па ўсім паверсе”. Што ж тады казаць аб аддаленых паліклініках?

“Машыны хуткай дапамогі – дапатопныя “буханкі”, у якой здароваму чалавеку ад трасяніны складана ехаць, што ўжо казаць пра хворага. Але хаця б такія працавалі! А без медыцынскіх работнікаў на перыферыі вельмі цяжка. Пусцеюць вёскі і пасёлкі, усе імкнуцца ў гарады, дзе цывілізацыя і надзея – у выпадку нядужання акажуць дапамогу” – спадзяецца чытач.

Адзначым, што газета “Вячэрні Магілёў” ад кастрычніка 2025 года перастала выходзіць ў друкаванай версіі. У гэты момант не працуе яе сайт, але ад леташняга кастрычніка даволі рэгулярна абнаўляецца тэлеграм-канал. На момант напісання артыкула ў ім было 186 падпісчыкаў.

Фотаздымак: euroradio.fm

← Усе навіны Магілёва