Пыл

Уборка па-слаўгарадскі – увесь горад у радыёактыўным пыле

У Слаўгарадскім раёне, які пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС больш за іншыя рэгіёны, груба парушаюць тэхналогію ўборкі вуліц.

Над вуліцамі Слаўгарада падымаюцца клубы густога пылу. Мясцовыя камунальшчыкі выкарыстоўваюць падмятальна-ўборачную машыну без арашэння, а слаўгарадскія журналісты выкладваюць гэты сорам на ўсеагульны агляд у інтэрнэт.

Навошта, пытаецца, траціць рэсурс на сістэму ўвільгатнення, калі можна проста вярнуць людзям зімовую пясчана-саляную сумесь у выглядзе аэразолю, бясплатна, проста на дом?

Асаблівую пікантнасць таму, што адбываецца, надае геаграфія. Слаўгарадскі раён – лідар Магілёўшчыны па забруджванні цэзіем-137 пасля трагедыі 1986 года. Узровень гама-выпраменьвання там ніколькі не меншы за ўзровень безгаспадарчасці.

Асобнага захаплення заслугоўвае фінал афіцыйнай нататкі: зварот да жыхароў выйсці ў двор, абнавіць клумбу і даказаць любоў да роднага краю справай. 

Жыхары ўжо даказваюць – тым, што пры такіх адосінах да іх, яшчэ працягваюць жыць у Слаўгарадзе.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва