Ідэалагічную апрацоўку дзяцей пад сумніўнае “свята” – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі правялі ў хоцімскім дзетсадку №3.
Паводле афіцыйных паведамленняў, мэта мерапрыемства – “фарміраванне ўяўлення пра дзяржаўнае свята”. Для гэтага з дзецьмі ад чатырох гадоў праводзіліся размовы пра “адзінства” Беларусі і Расіі, гульні кшталту “Знайдзі сцягі Беларусі і Расіі”, “Падарожжа па Саюзнай дзяржаве”, а таксама заняткі, дзе малеча размалёўвала дзяржаўную сімволіку дзвюх краін і вывучала “агульную гісторыю”.
На самой справе гаворка ідзе пра раннюю палітычную сацыялізацыю, дзе дзецям у простай форме навязваецца патрэбная цяперашняй уладзе інтэрпрэтацыя адносін з Расіяй. Пры гэтым цалкам ігнаруецца сучасны кантэкст: Расія сёння вядзе вайну супраць Украіны і прызнаецца міжнароднай супольнасцю як краіна-агрэсар. А Беларусь стала краінай-суагрэсарам у гэтай вайне, бо яе ўлады падтрымліваюць расійскую захопніцкую палітыку.
Асабліва цынічна выглядае падача ідэі “братэрства” без уліку гістарычнага досведу. На працягу стагоддзяў беларускія землі неаднаразова станавіліся аб’ектам экспансіі з боку Маскоўскай дзяржавы і Расійскай імперыі. Ад войнаў Вялікага Княства Літоўскага з Масквой у XV–XVII стагоддзях да пазнейшай палітыкі русіфікацыі – беларусы неаднаразова вымушаныя былі абараняць сваю культуру, мову і дзяржаўнасць.
Замест асэнсавання гэтай складанай гісторыі дзецям прапануюць спрошчаную ідэалагізаваную карціну “дзвюх сясцёр”, паміж якімі нібыта не было ні канфліктам, ні асіметрыі ў адносінах, ні сучасных палітычных рэалій.
Для кожнага незаідэалагізаванага чалавека ясна, што дзіцячы садок не можа месцам дзяржаўнай прапаганды, асабліва калі яна закранае пытанні геапалітыкі і вайны.
У выніку замест нейтральнага выхавання і развіцця малечаў, адукацыйная ўстанова становіцца інструментам ідэалагічнага ўплыву, дзе нават самыя маленькія беларусы павінны засвоіць “правільнае” стаўленне да краіны, якая сёння вядзе агрэсіўную палітыку і мае складаную, часта канфліктную гісторыю ў адносінах з Беларуссю.
Фотаздымак: www.hotimsk.by
