Дрибинский район потерял 2 000 голов скота

Дрыбінскі раён згубіў 2 000 галоў ската за паўтары гады

Дрыбінскі раён губляе статак: мінус 2 034 галоў буйной рагатай жывёлы і ў тым ліку мінус 645 кароў за паўтары гады, а чыноўнікі сцвярджаюць: усё ідзе па плане.

Пакуль Лукашэнка абяцае «адрадзіць Дрыбіншчыну» з дапамогай кароў, афіцыйныя лічбы малююць іншую карціну: за паўтары гады раён страціў амаль дзве тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Супаставіць дадзеныя ўдалося выпадкова – дзякуючы таму, што старонка райвыканкама па сельскай гаспадарцы не абнаўлялася з 2024 года. Гэтае разгільдзяйства чыноўнікаў абярнулася рэдкай магчымасцю для параўнання.

Дзве крыніцы – адна карціна

Параўнанне стала магчымым дзякуючы двум афіцыйна апублікаваным наборам даных. На старонцы Дрыбінскага райвыканкама ў раздзеле «Сельская гаспадарка» ёсць паказчыкі за студзень – снежань 2024 года і пагалоўе на 1 студзеня 2025-га. Даныя не абнаўляліся – у гэтым увесь Дрыбін.

Ну, а раённая газета «Савецкая вёска» ў асобе галоўнага спецыяліста вытворчага аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ганны Гуськовай (на фота) апублікавала свежыя даныя на 1 красавіка 2026 года.

каровы

Менавіта таму, што чыноўнікі забыліся абнавіць сайт, гэтыя крыніцы можна параўноўваць напрамую. Параўнанне забойнае.

Што было ў 2024 годзе

Паводле даных райвыканкама:

  • на 1 кастрычніка 2024 года – 12 300 галоў БРЖ у сельгасарганізацыях раёна;
  • з іх 5 000 кароў;
  • на 1 студзеня 2025 года – 11 172 галавы БРЖ;
  • за 2024 год выраблена 13 967,3 тоны малака;
  • рэалізавана 12 203 тоны;
  • таварнасць малака – 87,6%.

Што засталося да красавіка 2026-га

Паводле даных раённай газеты на 1 красавіка 2026 года:

  • 10 266 галоў буйной рагатай жывёлы – увесь статак;
  • 4 355 галоў дойнага статка.

За першы квартал 2026 года:

  • выраблена 4 132,6 тоны малака – на 274,3 тоны больш, чым годам раней;
  • рэалізавана 3 716,5 тоны;
  • таварнасць – 89,9 працэнта;
  • ААТ «Трылесіна-агра» нарошчыла вытворчасць на 232 тоны, агульны аб’ём – 2 670,5 тоны;
  • ААТ «Дрыбінрайаграпрамтэхзабеспячэнне» – 117,5% да мінулага года;
  • толькі «Трылесіна-агра» рэалізуе малако на 100% гатункам «Экстра».

Катастрофа ў лічбах

Калі параўноўваць напрамую, то атрымліваецца што:

  • кароў было 5 000 (кастрычнік 2024) – стала 4 355 (красавік 2026): мінус 645 галоў;
  • усяго БРЖ было 12 300 – стала 10 266: мінус амаль 2 034 галавы;
  • нават ад студзеньскай кропкі 2025 года (11 172) да красавіка 2026-га: мінус 906 галоў.

Гэта не проста «скарачэнне». Гэта планамернае знішчэнне жывёлагадоўчай базы дэпрэсіўнага раёна, у якога няма іншай эканомікі.

Адкуль бярэцца малако?

Звярніце ўвагу на дзіўныя лічбы – пагалоўя дойнага статка стала менш, а вытворчасць малака толькі вырасла. Што гэта, як не прыпіскі? Улічваючы хранічныя праблемы з забеспячэннем кароў самым неабходным па ўсёй Магілёўшчыне, наўрадці дрыбінская скаціна атрымала нейкія спецыфічныя, элітарныя ўмовы пражывання з палепшаным харчаваннем. 

Рост таварнасці з 87,6 да 89,9 працэнта – таксама не дасягненне, а знак бяды: гаспадаркі вымушаны прадаваць усё да апошняй тоны, не пакідаючы рэзерваў.

Гаварыць пра «развіццё» жывёлагадоўлі ў раёне, дзе статак скараціўся амаль на 2 000 галоў – значыць хлусіць.

Лукашэнка абяцаў падвоіць і атрымаў у падарунак карову

13 сакавіка 2026 года Лукашэнка асабіста прыехаў у Дрыбінскі раён. Ён пабываў на племзаводзе па развядзенні БРЖ герэфордскай пароды і абвясціў пра планы: павялічыць пагалоўе племянной жывёлы з цяперашніх каля 5 тысяч галоў да 10 тысяч да 2030 года, гэта значыць падвоіць за пяцігодку.

Супаставім з рэальнасцю:

  • у раёне 9 190 жыхароў – і іх становіцца менш. Атрымліваецца, што ў перспектыве на Дрыбіншчыне кароў будзе больш за людзей;
  • раённы цэнтр – гарадскі пасёлак на тры тысячы чалавек, самы маленькі райцэнтр у краіне;

На развітанне Лукашэнку падарылі жывую карову, але нават з улікам такога кранальнага падарунка называць дрыбінскія справы «развіццём» нельга. Гэта катастрофа.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва