Краснополье

Агароджы ў Краснаполлі не вытрымліваюць і тыдня, але дрэнна ўсё ў палякаў

Краснапольская газета выбрала для абмеркавання тэму платоў. У Польшчы іх будуюць, у Краснаполлі – ламаюць.

Першы апублікаваны матэрыял – трывожны рэпартаж пра тое, як Польшча будуе на мяжы новы чатырохметровы паркан з калючым дротам. Сур’ёзная геапалітыка, аналітыка, развагі пра лёсы радзімы.

Другі – слязлівы плач пра тое, што ў самім Краснаполлі платы ўздоўж вуліц Калініна, Курака і Ленінскай не вытрымліваюць і тыдня. Адрамантавалі – зламалі. Зноў адрамантавалі – зноў зламалі.

Вядучы інжынер УПКП «Жылкамунгас» разводзіць рукамі: толькі паспелі аднавіць адно, як ламаюць другое.

Адчулі дыстанцыю? Журналісты сурова хмураць бровы на польскі калючы дрот за сотні кіламетраў ад дома. Іншыя краснапольцы проста пад вокнамі рэдакцыі метадычна выломваюць дошкі з уласнага плота. 

Нагадваем, што Краснапольскі раён – адзін з самых правальных у Магілёўскай вобласці, якая сама па сабе стабільна ў аўтсайдарах амаль па ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыках.

Самая нізкая зарплата ў краіне – менавіта ў Магілёўшчыны, а ўнутры вобласці Краснапольскі раён у тройцы горшых з паказчыкам 1898 рублёў. На ўвесь раён – адно сельгаспрадпрыемства, ААТ «Краснапольскі», якое значыцца ў спісе неплацёжаздольных. Адзін калгас на раён – і той банкрут. Насельніцтва скарачаецца, жывёла гіне.

Усё гэта абмяркоўвалася ў Краснаполлі на знакамітай нарадзе ў Лукашэнкі – і скончылася звыклымі крыкамі «разабрацца і пасадзіць».

Пры чым тут польскі плот? Логіка простая: у нас уласная гаспадарка гадамі ў банкрутах, платы ў пасёлку не трымаюцца і тыдня, зарплата – адна з самых нізкіх у краіне. Затое ў палякаў таксама дрэнна. У нас дзірка ў штакетніку на вуліцы Ленінскай, але духоўна мы вышэй. А з платамі разбяромся. Як і з усім астатнім – да 2030 года.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва